Знайсці
29.12.2018 / 11:33РусŁacБел

«Валянцін Вінаградаў, альбо Беларускае кіно, якога няма». Пра што новы фільм Андрэя Кудзіненкі?

Парадаксальна, але беларускае кіно дало штуршок французскай рэвалюцыі 1968 года. Менавіта з гэтага факта пачынае Андрэй Кудзіненка свой дакументальны фільм «Валянцін Вінаградаў, альбо Беларускае кіно, якога няма». Пра яго піша кінакрытык Максім Карпіцкі.

Што распавядае фільм

Кіраўнік парыжскай «Сінематэкі» — нечага сярэдняга між музеем кіно і кінаклубам — Анры Лянглюа паказваў забароненыя ў СССР, вывезеныя за межы Саюза кантрабандай стужкі савецкіх рэжысёраў, і калі Юрый Андропаў, на той час новы кіраўнік савецкага КГБ, даведаўся пра распаўсюд «гнюснага, антысавецкага «Усходняга калідору», то перадаў тыя звесткі кіраўніку БССР Машэраву, які таксама не любіў фільм. У Францыю паляцеў пратэст, разгарэўся дыпламатычны скандал. Тое, маўляў, стала адной з прычынаў незадаволенасці міністра культуры Андрэ Мальро кіраўніком «Сінематэкі».

Пакуль гучыць закадравы голас, мы бачым кадры пратэстаў, газетныя артыкулы.

Лянглюа звольніўся, дакладней, быў звольнены, рэжысёры і гледачы выступілі ў яго абарону, і іх пратэсты сталі адным з каталізатараў далейшых пратэстаў і забастовак.

Фота Steve Murez. 

Што распавядае гісторыя

Лянглюа быў, безумоўна, святым ахоўнікам кінематографу. Ён выратаваў безліч стужак ад знішчэння, ладзіў мноства кінапаказаў і мерапрыемстваў, прысвечаных кіно, а таксама падтрымліваў маладых рэжысёраў. Імаверна, менавіта яму мы абавязаныя наступным росквітам французскага кіно. Прытым сапраўды цікавіўся савецкім кіно, настолькі, што ў акупаваным немцамі Парыжы ладзіў нелегальныя сеансы фільмаў Эйзенштэйна. Але і Мальро не быў самадурам: выбітны пісьменнік, актыўны ўдзельнік змагання супраць Франка (спецыяльна навучыўся кіраваць самалётам і сабраў цэлую эскадрыллю) і партызан у часы Другой сусветнай. Праўда, пасля вайны былы бунтар увайшоў ва ўрад дэ Голя, стаў кансерватарам, палюбіў бюракратыю і ў яго было дастаткова прычынаў не любіць рамантыка Лянглюа, які захоўваў пажаранебяспечныя нітратныя стужкі проста ў калідорах музея ці нават у сябе дома, дазваляў усялякай сінефільскай галечы праходзіць на кінасеансы бясплатна і пры гэтым прэтэндаваў на дзяржаўныя гранты.

Ці паказваў Лянглюа Вінаградава? Магчыма, але даволі цяжка ўявіць, што гэта колькі-небудзь сур'ёзна пагоршыла б і без таго канфліктную сітуацыю.

Ходзіць яшчэ і іншая байка: кажуць, у Парыж прыязджалі савецкія чыноўнікі, і Мальро захацеў парадаваць іх, паказаўшы ў «Сінематэцы» «Кастрычнік» таго самага Эйзенштэйна, а Лянглюа адмовіўся, сказаўшы, што не можа пераробліваць расклад пад нейкіх там палітыкаў. Але і гэта не больш за кур'ёз, бо хапала і рацыянальных прычынаў звольніць скандальнага аматара кіно.

Роля абароны «Сінематэкі» як штуршка для наступных падзей — таксама міф, няхай сабе і прыемны. Як бы ні здавалася па фільмах кшталту «Летуценнікаў» Берталучы, пратэсты пачаліся нават не ў 1968 годзе, яны агромністай хваляй прайшліся па Еўропе, Амерыцы ды Азіі, і менавіта ў 1968-м у Францыі пачаліся не з кіно, а з сутычак студэнтаў і паліцыі ў Нантэрскім універсітэце. І галоўным дасягненнем французскіх рабочых і студэнтаў стала не абарона права глядзець беларускае кіно, а найбуйнейшая за ўсю гісторыю Францыі забастоўка і наступнае паляпшэнне ўмоваў працы.

Выходзіць, фільм Андрэя Кудзіненкі не зусім дакументальны, але ведаеце, можна было б пакінуць яго ў спакоі (няхай больш людзей паглядзіць цудоўную стужку Валянціна Вінаградава), каб няхай сабе і не вельмі праўдзівы, ён не заслугоўваў асобнай увагі.

Насуперак чаканням ад біяграфічнай працы Кудзіненка пачынае расповед пра Вінаградава з эпізода ўласнай стужкі, дзе героі распавядаюць пра тое, што беларускага кіно няма і ніколі не будзе.

Хто такі Кудзіненка, каб замест біяграфіі здымаць пра ўсю гісторыю беларускага кіно? Паводле аднаго з найстарэйшых кіназнаўчых часопісаў, ён ні многа ні мала — піянер беларускага незалежнага кіно. Аўтары, праўда, не ўзгадваюць, што здымаў незалежна і настаўнік Кудзіненкі Міхаіл Пташук («Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне», 1992), быў створаны культавы фільм Аляксандра Карпава «Мона Ліза» (1991), дзейнічала арт-групоўка «Навінкі» («Выпадак з пацаном», 2001) ды іншыя. І ўсё ж калі і не самы першы, Кудзіненка стаяў ля вытокаў той кінасупольнасці, што мы сёння маем і толькі натуральна, што ён рэфлексуе гісторыю кіно праз сябе, — зусім як Жан-Люк-Гадар у сваіх «Гісторыях кіно» ды іншых фільмах, і цытуецца ён у фільме зусім не толькі таму, што французскі бунтар быў сярод збітых паліцыяй падчас узгаданых пратэстаў.

Калі прыгледзецца, два рэжысёры амаль два браты-блізнюкі, і абодва аднолькава палымяна і перадузята бачаць гісторыю, дзе і самі займаюць істотнае месца. Нават пачынаў свой шлях у кіно Кудзіненка не проста яшчэ адной працай пра Вінаградава, а відэа-эсэ, і гэта ў той час, калі яны яшчэ не сталі ўлюбёнай цацкай кінакрытыкаў, але рабіліся авангардыстамі накшталт таго ж Гадара.

Так павялося і далей: «Акупацыя. Містэрыі» — беларускі «Маленькі салдат», так жа нацэлены на пераасэнсаванне клішэ пра вайну і таксама забаронены, «Масакра» — спроба перастварэння жанру, няхай сабе Гадар ні разу не браўся менавіта за хорар. Такія ж хлёсткія і афарыстычныя выказванні суправаджалі кожны праект, і як ягоны «брат» з суполкай «Дзіга Вертаў», Кудзіненка прыходзіць да калектыўнай творчасці ў праекце «Хранатопь».

Я хаця б паспрабаваў

Але куды ўвесь запал ідзе ў фільме «Валянцін Вінаградаў…»? На танную сенсацыю, якая да таго ж замоўчвае сапраўднае значэнне падзей мая 1968-га года ў Францыі? На камічны эпізод з Мікітам Лаўрэцкім, маладым рэжысёрам і свежаспечаным магістрам кіназнаўства, які прызнаецца, што не ведае фільмаў Валянціна Вінаградава? Не суцяшае і ўтульная размова ўсюдыісных інтэлектуалаў (Максім Жбанкоў, Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч), дзе Акудовіч чарговы раз распавядае пра тое, што «нічога няма», і, можа, так і трэба. Гэты фільм, імаверна, задумваўся смелым асэнсаваннем стану беларускага кіно, ды выйшла, на жаль, традыцыйная тэледакументалка з папраўкай на неахайнасць фактаў.

Напрыканцы Кудзіненка цытуе «Палёт над гняздом зязюлі» і кажа: «Я хаця б паспрабаваў». Так, гэта лепш за бяздзеянне, але гэтым разам Акела прамахнуўся. 

Максім Карпіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера