Знайсці
09.03.2019 / 17:126РусŁacБел

Каштэлі, ранэты, пепінкі: усё пра старыя беларускія сады і сарты. І дзе іх купіць

Калі ў Мінскай і Магілёўскай губернях радзілі яблыкі — цэны на іх зніжаліся ва ўсёй Еўропе. Піша доктар гісторыі Алесь Белы і расказвае чалавек, які ведае пра яблыкі больш за ўсіх, — доктар сельскагаспадарчых навук Зоя Казлоўская.

Раней садоўніцтва для Беларусі мела большае значэнне, чым сёння. Нямецкі садавод А. Янсан, які наведаў Расійскую імперыю ў канцы ХІХ стагоддзя, сцвярджаў, што, калі ў Мінскай і Магілёўскай губернях здымалі яблыкі — цэны на іх зніжаліся па ўсёй Еўропе. Добрае геаграфічнае становішча дазваляла краю быць адным з галоўных пастаўшчыкоў яблык у расійскія сталіцы, асабліва ў Пецярбург. А калі пачынаўся сезон беларускіх паставак — рэзка падала патрэба ў заходніх.

Садовы бум здарыўся ў нас на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. У канцы ХІХ-га на Беларусі налічвалася 11,5 тысячы гектараў саду, а ў пачатку ХХ стагоддзя — ужо 20 тысяч (цяпер у 5 разоў больш). Пераважалі ў іх антонаўка, цітаўка, баравінка, штрыфель, белы наліў, валошка, пепінка літоўская (англійскі пепін), цукровы літоўскі, святаянскі (на Случчыне). У шляхецкіх сядзібах вырошчвалі і паўднёвыя сарты: бельфлёр жоўты, бойкен, штэцінка чырвоная, данцыгскі рабрысты, крансельскі празрысты, ранэт ландсбергскі.

Адносная блізкасць да паўночнай сталіцы стымулявала прамысловае садоўніцтва нават у не вельмі, здавалася б, цёплых Полацкім, Лепельскім, Аршанскім паветах. Што датычыць паўднёвых Слуцкага, Мазырскага, Рэчыцкага, Магілёўскага, Гомельскага паветаў, дык іх лідарства ў вытворчасці таварных яблыкаў на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў выглядае цалкам лагічным.

Сорт Памяць Сікоры названы ў гонар селекцыянера з Полаччыны Івана Сікоры, які вывеў 500 сартоў яблынь і 100 — ігруш. Сікора быў таксама актывістам нацыянальнага руху, а ягоны сын Віктар — арганізатарам незалежніцкага партызанскага атрада.

Развіццю ў Беларусі садоўніцтва, як і жывёлагадоўлі, даў моцны штуршок сусветны аграрны крызіс 1880­-х, які зрабіў вытворчасць збожжа ў многіх рэгіёнах нерэнтабельнай. У выніку за чвэрць стагоддзя (1888—1913) плошча садоў у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі павялічылася амаль удвая — з 11,5 тыс. га да 20 тыс. га. Пераважна гэта былі вялікія «панскія» сады. Сяляне таксама часта мелі некалькі пладовых дрэваў, але больш для ўласных патрэб. Уражвае і сталы рост паставак: у 1900—1902 гадах з беларускіх губерняў вывезлі 653 тысяч пудоў яблыкаў, а ў 1911—1913 — удвая болей. Апроч расійскіх сталіц, як ні дзіўна, беларускія яблыкі актыўна вывозілі ў Варшаву і Лодзь, а таксама ва ўкраінскія Нікалаеў, Адэсу, Екацярынаслаў (сёння Дняпро) — хоць, здавалася б, куды нашым яблыкам да ўкраінскіх. Найбольш славілася прыдняпроўская антонаўка — з-­пад Магілёва і Гомеля.

На пачатку ХХ стагоддзя памолаг Васіль Пашкевіч даследаваў распаўсюджанне сартоў яблыняў у Беларусі. Самымі папулярнымі на той момант былі антонаўка, цітаўка, баравінка, «штрыфель» (штрэйфлінг), белы наліў, валошка, суйслепскі, віргінскі ружовы, апорт, медунічка, серынка, арабка, пепін літоўскі — ён жа «глогераўка», — цукроўка літоўская, святаянскі, бабушкін. На поўдні Беларусі раслі таксама данцыгскі рабрысты, штэцінка чырвоная, бойкен, бельфлёр жоўты, крансельскі празрысты, ранэт ландсбергскі.

Большасць вядомых гатункаў — прадукт шматвяковай народнай селекцыі. Калі цяжка назваць раён узнікнення сорту, яго вызначаюць па ўскосных прыкметах: раёне і ступені распаўсюджання, даўнасці вырошчвання, назве. Так вызначылі, што антонаўка паходзіць з Цэнтральна-чарназёмнай паласы Расіі. Беларусь і Літва, землі былога Вялікага Княства, — радзіма гатункаў баравінка, гарэцкая, каробаўка буйнаплодная, глогераўка, белы салодкі, серынка, белы наліў, цукровы літоўскі.

Каштэля

Дробныя, але вельмі салодкія і сакавітыя каштэлі — незабыўны з дзяцінства смак. Фота zGarden.

Адзін з самых старых сартоў яблыкаў, здаўна папулярны і ў Беларусі. Гэта чыста дэсертныя яблыкі, якія не надта надаюцца на перапрацоўку. Вялікімі аматарамі каштэлі былі кароль Рэчы Паспалітай Ян Сабескі і ягоная жонка Марысенька, якія, паводле папулярнай у сучаснай Польшчы легенды, і далі новую назву сорту, які раней называўся вярбоўкай. Нібыта ў адзін год ураджай яблыкаў аказаўся настолькі малы, што ўражаны кароль выгукнуў: «Кosz tylko?» («Толькі адзін кош?») Прысутныя прыдворныя гэтае выказванне падхапілі і панеслі далей у народ. Так, маўляў, сорт і «перахрысцілі» — зразу ў kosztylki, а потым у kosztеlki. Натуральна, сур’ёзна да падобнай легенды ставіцца наўрад ці выпадае.

Сорту ўласцівая пераменная ўраджайнасць, два гады запар ён ніколі не родзіць. З сучаснага пункту гледжання вялікім недахопам з’яўляецца і доўгі перыяд росту дрэў. Чакаць першага ўраджаю трэба 8—12 гадоў. У Беларусі сёння гэты сорт распаўсюджаны перадусім у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, хоць нярэдка расце і ў іншых рэгіёнах. Каштэля дае салодкія, зялёныя, цвердаватыя яблыкі, якія адносна добра захоўваюцца і могуць даляжаць амаль да вясны, хоць часам пачынаюць гніць з сярэдзіны. Некалі яны былі ці не самым салодкім з масавых сартоў на нашым рынку, часам іх называлі яшчэ «польскі цукровы». Мая жонка, якая родам з Баранавічаў, памятае іх з дзяцінства як самыя смачныя яблыкі з тых, што раслі на падворку.

Цікава, што ў Расіі каштэля зусім невядомая, і ў інтэрнэце лёгка знайсці гісторыі, як беларусы здзівілі яе смакам сваякоў або сяброў з­-за ўсходняй мяжы.

Пепін літоўскі, або Глогераўка

Гэты сорт сёння ў нас не такі папулярны, а вось ягоны нашчадак, беларускі сінап, выведзены ў 1929 годзе гібрыд глогераўкі і антонаўкі, афіцыйна лічыцца першым сортам уласна беларускай селекцыі. Вывелі яго муж і жонка Аляксей і Эма Сюбаравы, заснавальнікі селекцыйнай працы ў Беларускім НДІ бульбаводства, пладаводства і агародніцтва ў Самахвалавічах. Сорт атрымаўся ўдалы, устойлівы да пладовых хваробаў. Плады яго буйныя і смачныя, з вялікім утрыманнем пекціну. Гэта цвёрдыя кісла-­салодкія яблыкі акругла-­канічнай формы, зялёныя, з чырванню толькі з сонечнага боку.

Глогераўка. У Германіі яна была вядома пад назвамі Kleiner Steinpepping, Litauischer Pepping.

«Хросным бацькам» глогераўкі быў Ян Глогер, бацька славутага польскага этнографа і гісторыка, аўтара «Старапольскай энцыклапедыі» Зыгмунта Глогера. У сваім маёнтку Ежава на Падляшшы ён вёў узорную гаспадарку, у тым ліку меў невялікі, але славуты далёка за межамі рэгіёна піўны бровар і выдатны сад. Праўда, у 1890­-х Зыгмунт Глогер адмаўляў, што менавіта ягоны бацька сам вывеў новы сорт. Нібыта ён адкрыў яго выпадкова, пакаштаваўшы ў адной з падляшскіх вёсак. У кожным разе, неаспрэчная заслуга Яна Глогера ў распазнанні патэнцыялу сорту і шырокім распаўсюджанні саджанцаў (гаспадар рассылаў іх сябрам і знаёмым). Сорт ад пачатку атрымаў шырокую вядомасць у Германіі, але ў першую чаргу — на Падляшшы і на Віленшчыне.

Беларускі сінап лічыцца першым сортам навуковай беларускай селекцыі. Муж і жонка Аляксей і Эма Сюбаравы стварылі гэты гібрыд пепіна літоўскага і антонаўкі.

Белы наліў

Белы наліў — раннія яблыкі.

Адзін з самых вядомых сартоў шырокае распаўсюджанне атрымаў у канцы ХІХ стагоддзя. Яго размнажэннем і распаўсюдам займаўся садоўнік М. Вагнер, уладальнік саду пад Рыгай. У 1850—1860-­я гады ён масава адпраўляў саджанцы ў Германію, Францыю і Англію. Хутчэй за ўсё, менавіта Вагнер быў аўтарам нямецкай назвы яблыка Weisser Klarapfel. Сёння гэта — адзін з найбольш распаўсюджаных у Паўночным паўшар’і яблычных сартоў.

Сучасная расійская назва, паводле якой ведаюць гэты яблык у нас, — не першая. Да рэвалюцыі яго называлі папяроўкай (бо спелы яблык белы, бы папера), а таксама аліўкай інфлянцкай. Інфлянты — гэта тэрыторыя сучасных Латвіі і Эстоніі, некалі землі Лівонскага ордэна, а пасля — супольнае валоданне Польшчы і ВКЛ. У часы Расійскай імперыі частка рэгіёна ўваходзіла ў Віцебскую губерню. Мясцовая шляхта нямецкага паходжання мела высокі ўзровень гаспадарчай культуры і аказвала прыкметны ўплыў на Літву і Беларусь.

Цукроўка літоўская

Была шырока распаўсюджана на Віленшчыне, Ковеншчыне і Віцебшчыне на пачатку ХХ стагоддзя. Селекцыянер Уладзіслаў Смарджэўскі ў 1917-­м пісаў пра вельмі старыя дрэвы гэтага сорту, узростам каля 80­ці гадоў. Славуты памолаг, прафесар Адам Грабніцкі­-Дактаровіч, ураджэнец Ушаччыны, успамінаў, як малым хлопцам (у 1860­х) бачыў гэтыя яблыкі ў садзе свайго дзядзькі Антонія ў маёнтку Туросы (сучасны Ушацкі раён) — ледзь не адзінага таварнага саду на тэрыторыі Белай Русі на тыя часы. Магчыма, гэты сорт і выведзены на тэрыторыі Беларусі? І ці не гэтыя яблыні намаляваў Фердынанд Рушчыц на вядомай карціне «Старыя яблыні»?

Фердынанд Рушчыц. «Старыя яблыні».

Старыя сарты: каштэлі, штрыфель, літоўская ранэта, шарая ранэта, малінаўка, глогераўка, пепінка — усё можна купіць у Інстытуце садаводства ў Самахвалавічах. «Мы размнажаем усё, у калекцыях больш за 1000 сартоў!» — з гонарам кажа доктар сельскагаспадарчых навук Зоя Казлоўская.

Шарая ранэта — стары сорт з характэрнай шарай, нібы парэпанай скуркай.

Зоя Аркадзеўна загадвае лабараторыяй генетычных рэсурсаў пладовых, арэхаплодных культур і вінаграду Інстытута пладаводства ў Самахвалавічах. Яна была апошняй аспіранткай легендарнай Эмы Сюбаравай (1897—1983), якая разам з мужам вывела 124 сарты пладовых культур, у тым ліку 24 яблыні, сярод іх страшна папулярныя ў нашай краіне Антэй, Бананавы, Беларускі малінавы.

Патрабаванні да сучасных сартоў высокія: яны маюць быць ураджайныя — не менш за 30 тон з гектара, рана пачынаць радзіць — ужо ў 3—4 гады, яблыкі маюць быць не дробныя — важыць не менш за 150 г і добра ляжаць.

The last but not the least, цяпер усе хочуць яблыкі з дэгустацыйнай адзнакай, не меншай за 4,5. Што такое дэгустацыйная адзнака, як яе вызначаюць? Гэта адзнака смаку. Збіраюцца 10 чалавек, спецыялісты памалагічнай камісіі з розных аддзелаў нашага інстытута, рэжуць адзін плод, другі — і ацэньваюць, расказвае спадарыня Зоя. Але і смак — яшчэ не ўсё. Рынак, фермеры цяпер хочуць сарты, устойлівыя да хвароб, шкоднікаў і замаразкаў.

Найбольш запатрабаваныя беларускія сарты апошняга часу: Алеся, Антэй, Беларускі салодкі, Весяліна, Вербны, Дарунак, Імант, Надзейны, Лучазарны, Заслаўскі, Поспех, Сябрына, Памяць Каваленкі, Памяць Сюбаравай, Чараўніца.

Хто дае новаму сорту імя? Чалавек, які кіруе яго стварэннем і знае пра яблыні Беларусі найбольш, — Зоя Казлоўская. «Іх усе назвала я!» — трохі разгублена кажа спадарыня Зоя ў адказ на наш пералік. Як нараджаюцца назвы? «Як у паэта вершы», — кажа даследчыца.

Зоя Казлоўская. 

Дарунак — гасцінец для ўсіх тых, хто любіць яблыкі, Зорка — бо чырвоная афарбоўка і ў значэнні ўсяго добрага. Сорт Надзейны хацелі назваць Надзея, але аказалася, што ўжо ёсць такая капуста, прыйшлося мяняць.

Трэба сказаць, што большасць сартоў названыя па-беларуску.

У самой Зоі Аркадзеўны цудоўная беларуская мова, яна родам з самага сэрца Беларусі, яе вёска Крапачы знаходзіцца паміж Баранавічамі і Наваградкам. Сваёй вёсцы Зоя Казлоўская прысвяціла новы сорт. «У нас у вёсачцы землі былі камяністыя, людзі вынослівыя, крэпкія, таму і называецца старажытным словам Крапачы. І сорт я назвала ў гонар вёсачкі — Крапач».

Купіць Крапач пакуль няможна, яго адправілі на дзяржаўныя выпрабаванні, трэба пачакаць яшчэ гадоў 5 — пакуль здымуць тры ўраджаі. Раней і па 10 гадоў чакалі, кажа спадарыня Зоя. 

Сарты, якія маюць гены імунітэту да паршы, лічацца самымі надзейнымі. З сучасных сартоў гэта Беларускі салодкі, Белана, Дарунак, Дыямент, Поспех, Надзейны, Нававіта, Сакавіта, Сябрына, Імант. Са старых — гэта антонаўка і штрыфель. Моцна шкодзіць парша ў садах, што ствараліся ў 80-я гады, дзе пераважаюць папулярныя тады гатункі Спартан, Аўксіс, Беларускі малінавы, Айдарэд, Лоба. Цяпер у Інстытуце пладаводства выводзяць сарты, якія здолеюць процістаяць ракавым захворванням кары і драўніны.

Як набыць саджанец, можна даведацца на сайце інстытута belsad.by.

Алесь Белы, Зоя Казлоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера