Знайсці
06.01.2019 / 14:154РусŁacБел

БССР-100: 10 з 20 яе кіраўнікоў былі расстраляныя або забілі сябе, яшчэ двое загінулі ў аварыях

За 70 з лішкам гадоў існавання БССР у рэспубліцы памянялася два дзясяткі партыйных кіраўнікоў. Кім былі ўсе гэтыя людзі, як час вызначаў іх лёс і як яны самі ўплывалі на час, піша кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч.

Савецкая дзяржава, нягледзячы на назву, на самай справе такой не была. Хоць быў папулярны лозунг «Уся ўлада саветам!» і фармальныя запісы ў канстытуцыях, выбарныя саветы рэй у ёй ніколі не вялі. На практыцы асноўная ўлада як у цэнтры, так і на месцах належала не савецкім органам, а партыйным. Таму і рэальнымі кіраўнікамі СССР былі генеральныя сакратары ЦК КПСС, а рэальнымі кіраўнікамі саюзных рэспублік — першыя сакратары мясцовых партыйных арганізацый. У беларускім выпадку — першы сакратар ЦК КПБ.

Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў прыехаў у Мінск уручаць Зорку Героя Сацыялістычнай Працы першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву (на фота справа). Чэрвень 1978 года. Як успамінае аўтар фота Юрый Іваноў, Брэжнеў ужо не мог самастойна спусціцца з вагона, і яго знялі пад рукі чатыры ахоўнікі.

Ад часоў першага абвяшчэння БССР 1 студзеня 1919 года і да жніўня 1991 года, калі камуністычная партыя ў СССР была пастаўлена па-за законам (як аказалася, толькі часова), на пасадзе кіраўніка беларускай кампартыі пабываў 21 чалавек (без уліку Вінцаса Міцкявічуса-Капсукаса, які ў 1919 годзе кіраваў аб’яднанай кампартыяй Беларуска-Літоўскай савецкай рэспублікі). Выпадак амаль кожнага з іх варты, бадай, асобнага артыкула.

Але ўсе кіраўнікі КПБ натуральна і выразна падзяляюцца на дзве групы: тых, хто кіраваў да вайны, і тых, хто быў пасля яе. Сімвалічна злучае гэтыя групы асоба Панцеляймона Панамарэнкі, які пачаў кіраваць перад вайной, а скончыў ужо пасля. Часы, у якія давялося працаваць адным і другім, значна адрозніваліся, і ў асабістых ды прафесійных лёсах кіраўнікоў БССР адбілася гісторыя ўсёй краіны.

Сакратары-смяротнікі

Хоць даваенны перыяд займае ўсяго дваццаць два гады, а пасляваенны — сорак сем, перадваенных кіраўнікоў Кампартыі было больш — 12 супраць 8. Гэта без уліку Панцеляймона Панамарэнкі. Такая колькасная розніца — цалкам вытлумачальная. Надта імклівы перад вайной быў тэмп жыцця, надта хутка ўсё кардынальна мянялася, у тым ліку і лінія партыі. Адпаведна з усё новымі задачамі і выклікамі бесперапынна тасаваліся і кадры. Так было не толькі ў БССР, але і па ўсім Саюзе.

Перадваенныя кіраўнікі беларускай кампартыі, пра якіх ідзе гаворка, — гэта Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян) (1919), Яфім Генкін (1920—1921), Вільгельм Кнорын (1921—1922 і 1927—1928), Вацлаў Багуцкі (1922—1924), Аляксандр Асаткін (май — снежань 1924), Аляксандр Крыніцкі (1924—1927), Ян Гамарнік (1928—1930), Канстанцін Гей (1930—1932), Мікалай Гікала (1932—1937), Васіль Шаранговіч (сакавік — ліпень 1937), Якаў Якаўлеў (Эпштэйн) (27 ліпеня — 8 жніўня 1937, выконваў абавязкі), Аляксей Волкаў (1937—1938, выконваў абавязкі).

Варта адразу адзначыць: за ўсе даваенныя гады КПБ толькі пяць месяцаў кіраваў этнічны беларус, ураджэнец Мядзельшчыны Васіль Шаранговіч — і тое было ў чорным 1937-м годзе.

Што да паходжання астатніх, то гэта сапраўднае вавілонскае змяшэнне народаў: рускія (Аляксандр Асаткін, Аляксандр Крыніцкі, Аляксей Волкаў), яўрэі (Яфім Генкін, Ян Гамарнік і Якаў Якаўлеў), украінцы (Мікалай Гікала і Панцеляймон Панамарэнка), армянін (Аляксандр Мяснікоў), латыш (Вільгельм Кнорын), паляк (Вацлаў Багуцкі), немец (Канстанцін Гей). Збольшага — зусім залётныя людзі, з Беларуссю паходжаннем не звязаныя. На тэрыторыі Беларусі нарадзіліся толькі Генкін (у мястэчку Ляды на Аршаншчыне, цяперашні Дубровенскі раён) і Якаўлеў (у Гродне) — абодва ў кіраўніцтве КПБ людзі выпадковыя і прабежныя

Латыш Вільгельм Кнорын быў адзіным «варагам» на пасадзе 1-га сакратара КПБ(б), каму Масква даверыла займацца беларускімі справамі двойчы, прытым першы раз — аж з 1917 года. Вацлаў Сольскі згадваў пра яго: «Латышы-камуністы вылучаліся фанатызмам і нейкай асаблівай палітычнай упартасцю. Я звычайна асцерагаюся абагульненняў, але амаль усе латышы-камуністы, якіх я ведаў, былі ў гэтых адносінах падобныя адзін да аднаго. Кнорын не быў выключэннем. Спрачацца на палітычныя тэмы з ім было цяжка, нават немагчыма, бо ён не адказваў на пярэчанні, а толькі паўтараў адныя і тыя ж фразы, не мяняючы ў іх нават парадку словаў». У 1917 годзе Кнорын заявіў, што «беларусы не з’яўляюцца нацыяй, тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжытыя». Пазней, аднак, ён стаў у гэтым пытанні менш катэгарычным. Фота: БДАМЛІМ.

Таму тое, што Беларусь у тыя часы кіравалася чужынцамі, — сцверджанне, не зусім пазбаўленае рацыі. Праўда, гэта тычыцца толькі партыйнай сферы, у іншых галінах усё было не так адназначна. У 1920-я, нэпаўскія, гады ўплыў на сітуацыю ў рэспубліцы мелі і старшыня Цэнтральнага выканаўчага камітэта, і старшыня ўрада (Савета народных камісараў) БССР. А гэтыя пасады займалі якраз беларусы, прытым беларусы свядомыя і патрыятычныя — Аляксандр Чарвякоў, Язэп Адамовіч, Мікалай Галадзед. Яны пры дапамозе шматлікіх аднадумцаў на ніжэйшых пасадах акурат і рухалі тую славутую беларусізацыю 1920-х, якую не маглі ігнараваць залётныя партфункцыянеры. Прынамсі, выхадцу з расійскай Цвяры Аляксандру Крыніцкаму за тыя тры гады, што ён кіраваў беларускай кампартыяй, такі давялося вывучыць беларускую мову і рабіць на ёй даклады. Іншая справа — што часы такія хутка скончыліся, і ўжо ў 1930-я нацыянал-камуністам даводзілася думаць не пра беларусізацыю, а пра тое, каб хоць неяк уратаваць уласную галаву. Удалося гэта, трэба сказаць, толькі адзінкам.

Аляксандр Крыніцкі паходзіў з расійскай Цвяры. Узначальваў беларускую кампартыю падчас найбольшага ўздыму беларусізацыі, у сувязі з чым ці не адзіны з усіх кіраўнікоў-«варагаў» вывучыў беларускую мову і часам на ёй выступаў. Праўда, паводле словаў былога партыйнага функцыянера-беларуса Сымона Кандыбовіча, «рабіў гэта дзеля эфекту перад Крамлём і з мэтай партыйнай кар’еры» — у тыя часы каранізацыя кадраў была ў трэндзе. Пасля ж адклікання ў Маскву ён «хутка забыўся на працу ў Беларусі» і нават «на адным з пасяджэнняў рэзка спыніў прадстаўніка Беларусі, які выступаў на беларускай мове (бо добра не валодаў расійскай), зрабіў яму заўвагу і прапанаваў гаварыць па-расійску». Фота:kp.by.

Вяртаючыся да партыйных лідараў, трэба адзначыць, што яны не толькі не былі звязаныя з Беларуссю паходжаннем — як правіла, іх прысылалі без усялякай папярэдняй падрыхтоўкі. Акрамя Васіля Шаранговіча, бадай, толькі Вацлаў Багуцкі перад прызначэннем на пасаду меў нейкае, хай сабе і спецыфічнае, уяўленне, што тут за краіна і ў чым яе спецыфіка. Бо перад рэвалюцыяй праводзіў падрыўную дзейнасць у тым ліку і ў Беларусі, у 1918—1919 гадах каардынаваў камуністычную працу ў Гродне, а з 1919 года кіраваў мінскімі чэкістамі. Ды яшчэ Мяснікоў з Кнорыным мелі досвед кіравання рознымі часовымі органамі бальшавіцкай улады ў Заходняй вобласці ў 1917—1918 гадах. Астатніх проста раптоўна вырывалі з папярэдняга месца працы, якое магло знаходзіцца недзе ў далёкай расійскай правінцыі, і прызначалі на пасаду першага сакратара ЦК КПБ(б). Яны адпрацоўвалі тут большы ці меншы тэрмін, а пасля іх зноў пераводзілі на іншую працу па-за межамі Беларусі.

Армянін Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян) стаў у канцы 1918-га першым фармальным кіраўніком КПБ(б), і невыпадкова: бальшавікамі Беларусі ён фактычна кіраваў з 1917 года. Польскі сацыяліст Вацлаў Сольскі, які в даў Мяснікова ў той час, згадваў пра яго так: «Мяснікоў быў чалавекам надзвычай здольным, разумным, хапаў усё з лёту. Акрамя таго, ён аказаўся таксама цудоўным аратарам, які гаварыў па-руску без усялякага армянскага акцэнту, што вельмі рэдка сустракаецца сярод армян. Мяснікоў быў прыгожы і трохі падобны да Напалеона. Ён ведаў гэта і вельмі ганарыўся». Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Большасць даваенных кіраўнікоў, такім чынам, былі сапраўдныя «перакаці-поле», для якіх кіраванне Беларуссю стала толькі шараговым і не абавязкова найбольш яскравым этапам кар’еры.

Часта яны проста мянялі адну тэрытарыяльную адзінку на іншую. Так, Канстанцін Гей, што ўзначальваў ЦК КПБ(б) у 1930—1932 гадах, прыйшоў сюды з пасады сакратара Уральскага абкама партыі, сышоў — на пасаду сакратара Маскоўскага гаркама партыі. Мікалай Гікала перад тым, як прыехаць кіраваць Беларуссю, доўга працаваў на Каўказе, пабыў кіраўніком кампартый Азербайджана і Узбекістана, быў сакратаром Маскоўскіх абкама і гаркама. А з’ехаў з Беларусі ўзначальваць Харкаўскі абкам ва Украіне.

Ураджэнец Адэсы Мікалай Гікала значную частку сваёй партыйнай кар’еры правёў на Паўночным Каўказе, асабліва адзначыўся ў барацьбе за савецкую ўладу. Ён настолькі моцна асацыяваўся з гэтым рэгіёнам, што Сымон Кандыбовіч нават лічыў яго інгушом. На самай справе, аднак, Гікала быў украінцам, а на помніку ў чачэнскай сталіцы Грозным ён (у цэнтры) мае сімвалізаваць непарыўнае адзінства рускага і чачэнскага ды інгушскага народаў (ягоныя «асістэнты» — чачэнец і інгуш). Помнік быў зруйнаваны падчас чачэнскіх войнаў 1990-х, але пасля адноўлены. Фота: Wikimedia Commons.

Скончылі сваё жыццё і кар’еру амаль усе гэтыя людзі трагічна. Канец іхні быў прапісаны амаль пад капірку. З 12-ці даваенных першых сакратароў ЦК КПБ у 10-ці дата смерці — 1937—1939-я гады. І смерць ва ўсіх была гвалтоўная: ці расстрэл падчас так званага Вялікага тэрору, ці самагубства перад немінучым арыштам (Ян Гамарнік). Аляксандр Мяснікоў кулі ў патыліцу пазбег, бо да крывавых 30-х проста не дажыў: яшчэ ў 1925 годзе ён загінуў у авіякатастрофе пад Тыфлісам (Тбілісі). Сваёй жа смерцю ўдалося памерці ў 1942 годзе толькі Аляксею Волкаву.

Зрэшты, «насіў воўк — панеслі і ваўка».

Перад тым, як самім упасці мёртвымі ў агульную магілу на маскоўскіх расстрэльных палігонах, яны арганізоўвалі пераслед і тэрор на давераных ім на той момант участках працы, сваімі подпісамі адпраўляючы сотні і тысячы бязвінных людзей на той свет.

Некаторыя, як Гей, Якаўлеў ці Волкаў, адмыслова і накіроўваліся ў БССР з адзіным заданнем — выяўляць і нішчыць «ворагаў». І адно толькі як каты яны і ўвайшлі ў нашу гісторыю. Пасля ж сістэма, створаная пры актыўным удзеле і энтузіязме гэтых людзей, ахвотна перамалола ў сваіх жорнах і іх саміх. Так яно ў гісторыі бывае, і нярэдка.

Сталінскія вылучэнцы

Прызначаны 18 чэрвеня 1938 года на пасаду першага сакратара ЦК КПБ(б) кубанскі ўкраінец Панцеляймон Панамарэнка (кіраваў да 1947 года) належаў ужо да новай генерацыі партыйнага кіраўніцтва. Маюцца на ўвазе так званыя «сталінскія вылучэнцы» — людзі, якія імкліва, скачучы адразу праз некалькі прыступак, прабіваліся наверх дзякуючы таму, што ў выніку Вялікага тэрору рэжыму тэрмінова патрабаваліся новыя кадры для замены перабітых старых. Прыклад Панамарэнкі тут проста хрэстаматыйны.

Яшчэ ў 1937 годзе ён працаваў выкладчыкам у адным з маскоўскіх інстытутаў, а пасля літаральна за год узляцеў праз прамежкавую пасаду інструктара ЦК ВКП(б) да кіраўніка партарганізацыі цэлай рэспублікі, раней яму зусім невядомай. І затрымаўся тут амаль на дзесяцігоддзе, стаўшы, бадай, самым вядомым кіраўніком рэспублікі сталінскіх часоў. На часы ягонага сакратарства прыпала і значнае пашырэнне тэрыторыі рэспублікі, і нямецкая акупацыя. Натуральна, падчас акупацыі Панамарэнка рэспублікай не кіраваў — затое быў галоўным куратарам усяго прасавецкага партызанскага руху, цэнтрам якога стала акурат Беларусь.

Да той жа генерацыі сталінскіх вылучэнцаў другой паловы 1930-х належалі і два наступныя першыя сакратары ЦК КПБ, Мікалай Гусараў (1947—1950) і Мікалай Патолічаў (1950—1956). Яны дакіравалі Беларуссю да самай смерці Сталіна, і нават крыху даўжэй. Як і Панамарэнка, абодва перад прызначэннем не мелі да Беларусі аніякага дачынення ні паводле паходжання, ні паводле папярэдняй працоўнай біяграфіі. Першы быў прызначаны кіраваць Беларуссю з пасады інспектара ЦК ВКП(б), а другі — з пасады 1-га сакратара Растоўскага абкама партыі. І пасля заканчэння сваёй місіі ў Беларусь яны больш не вярталіся, працягнуўшы кар’еру ў Маскве.

Панамарэнка, пакінуўшы ў 1948 годзе Беларусь, перамясціўся на пасаду сакратара ЦК ВКП(б), а адначасова са снежня 1952-га па сакавік 1953-га быў намеснікам старшыні Савета Міністраў СССР. Старшынёй Савета Міністраў быў тады не хто іншы, як сам Сталін, які сумяшчаў гэту пасаду з пасадай генеральнага сакратара ЦК партыі. Таму Панамарэнка апынуўся тут максімальна блізка «да цела», што прарочыла яму нечуваны кар’ерны рост. Ёсць нават версія, што састарэлы дыктатар збіраўся перафарматаваць сістэму сваёй улады, зрабіўшы ў кіраўніцтве новую грунтоўную чыстку, каб абапірацца далей на новых людзей, і Панамарэнку пры планаваным новым раскладзе нібыта была прыгатаваная роля галоўнага фаварыта, а пасля і пераемніка. Цяжка сказаць, колькі ў гэтым праўды, а колькі фантазій — дакументальных пацвярджэнняў гэтай версіі пакуль няма. Але калі Сталін нешта такое і планаваў, то зрабіць нічога не паспеў. Панамарэнкаву перспектыўную кар’еру ягоная смерць проста паламала. У новую канфігурацыю ўлады Панамарэнка зусім не ўпісаўся: спачатку яго перавялі на пасаду міністра культуры, пасля на год адправілі кіраваць кампартыяй Казахстана, а потым былі некалькі гадоў дыпламатычнай службы ў розных не самых важных краінах.

Сталінскі вылучэнец Панцеляймон Панамарэнка, нягледзячы на тыя байкі, якія сам жа пра сябе ў больш познія часы распаўсюджваў, быў верным правадніком палітыкі Сталіна, за што ў канцы жыцця апошняга быў набліжаны «да цела». На здымку ён разам з народным паэтам Якубам Коласам (на фота — справа), якога савецкія ўлады палічылі (як і Янку Купалу) больш карысным пакінуць у жывых і не кранулі падчас Вялікага тэрору 1930-х. Панамарэнка, аднак, меў на Коласа кампраметацыйнае дасье і, несумненна, выкарыстаў бы яго паводле прызначэння, каб атрымаў адпаведны загад зверху. Фота: archives.gov.by.

Мікалай Патолічаў, пакінуўшы пасаду 1-га сакратара ЦК КПБ, кіраваць правінцыйнымі абкамамі таксама не вярнуўся. Для яго знайшліся хоць і не самыя ключавыя, але ўсё ж такі высокія пасады ва ўрадзе СССР. Два гады ён пабыў намеснікам міністра замежных спраў, а пасля аж 27 гадоў (з 1958-га па 1985-ы) займаў пасаду міністра знешняга гандлю СССР. І каб не Гарбачоў з ягонай перабудовай і амаладжэннем кадраў — то мог бы сядзець на высокай пасадзе, як у тыя часы вялося, і да самай смерці.

Папярэдніку Патолічава Гусараву пашанцавала не так. Пакінуўшы Беларусь, ён спачатку папрацаваў пару гадоў на пасадзе інспектара ЦК партыі (адкуль прыйшоў, туды і вярнуўся), пасля смерці Сталіна пабыў трохі першым сакратаром Тульскай вобласці, а потым амаль трыццаць гадоў, да 1984 года, працаваў на розных другасных пасадах у Савеце Міністраў РСФСР. Магчыма, асабліва падняцца наверх яму не давала ў тым ліку актыўная дысідэнцкая дзейнасць уласнага сына Уладзіміра, які нават напісаў і распаўсюджваў самвыдатам кнігу «Мой тата забіў Міхоэлса».

Сакратары-беларусы

Ліпень 1956 года адкрыў новы этап беларускай савецкай гісторыі — першым сакратаром ЦК КПБ быў прызначаны беларус Кірыла Мазураў. З таго часу аж да самага канца Саюза ўзначальвалі рэспубліку толькі прадстаўнікі тытульнай нацыі, хоць і не скажаш, што гэта надта стрымала яе русіфікацыю. За гэты час кампартыяй Беларусі кіравалі шэсць чалавек: Кірыла Мазураў (1956—1965), Пятро Машэраў (1965—1980), Ціхан Кісялёў (1980—1983), Мікалай Слюнькоў (1983—1987), Яфрэм Сакалоў (1987—1990), Анатоль Малафееў (1990—1991).

Нават калі кіраўнікамі Беларусі пачалі ставіць беларусаў, выбіралі выхадцаў з самых усходніх раёнаў рэспублікі.

Усе шасцёра кіраўнікоў-беларусаў паходзілі з усходніх абласцей рэспублікі. Кірыла Мазураў нарадзіўся і выгадаваўся ў Гомельскім раёне, Пятро Машэраў — у Сенненскім, Ціхан Кісялёў — у Добрушскім, Мікалай Слюнькоў — у Рагачоўскім, Яфрэм Сакалоў — у Горацкім, Анатоль Малафееў — у Гомелі. І стапрацэнтнае дамінаванне беларусаў-усходнікаў не было выпадковасцю. Такая была агульнасаюзная пасляваенная практыка, і яе паслядоўна трымаліся аж да канца 1980-х гадоў. Першай асобай у саюзнай рэспубліцы складана было стаць чалавеку, які да Другой сусветнай вайны не быў грамадзянінам СССР. Нават прыбалтыйскімі рэспублікамі да канца 1980-х кіравалі людзі, якія, хоць і належалі да адпаведных тытульных нацыянальнасцяў, ці засталіся ў СССР пасля рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, ці нарадзіліся ў сем’ях перасяленцаў. Савецкай Малдовай таксама да 1989 года кіравалі ці ўвогуле чужынцы-«варагі», ці этнічныя малдаване, якія нарадзіліся і выгадаваліся на поўдні Украіны. Таму няма чаго дзівіцца, што і заходнікам-беларусам ходу на самую вяршыню ўлады не было.

Кірыла Мазураў — чалавек, пасля прызначэння якога беларускай партарганізацыяй пачалі кіраваць беларусы. Захоўваў поўную лаяльнасць Маскве і асабліва не пярэчыў узятаму пры Мікіту Хрушчове курсу на русіфікацыю, які працягнулі і ягоныя пераемнікі. Мог, аднак, спрачацца з Масквой па гаспадарчых пытаннях, у прыватнасці не ўхваляў валюнтарызму і кідання з крайнасці ў крайнасць, якімі адзначаўся Хрушчоў. У той жа час знайшоў поўнае паразуменне з ягонымі пераемнікамі, у выніку чаго быў павышаны і апошнія гады кар’еры (з 1965 па 1978 год) правёў у Маскве на пасадзе першага намесніка старшыні Савета Міністраў СССР, з’яўляючыся паўнапраўным членам Палітбюро ЦК КПСС. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Усе шасцёра лідараў належалі па ўзросце ўжо да той плеяды савецкіх партыйных дзеячаў, якія будавалі сваю высокую кар’еру не з лёту, схапіўшы за хвост нейкую выпадковую «жар-птушку», а паступова ды паслядоўна, пераадольваючы ўсе стадыі прыступка за прыступкай. Гэтыя людзі былі занадта маладыя для таго, каб у 30-я гады патрапіць у лік «сталінскіх вылучэнцаў», і перад самай вайной толькі пачалі падымацца ад самых нізоў. Для Мазурава і Машэрава моцным штуршком для пачатку хуткай партыйнай кар’еры акурат вайна і стала. Абодва прайшлі яе ў партызанах, а пасля перамогі менавіта ўдзельнікі партызанскага руху сталі кузняй кадраў для партыі.

Ціхан Кісялёў (на здымку другі злева) — чалавек, які ўваходзіў у найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі з сярэдзіны 1950-х, займаючы пасады 2-га сакратара ЦК КПБ і старшыні Савета Міністраў БССР. Мог узначаліць рэспубліку яшчэ ў 1965 годзе, пасля пераезду на працу ў Маскву Кірылы Мазурава, але тады прайграў канкурэнцыю Пятру Машэраву. Заняў пасаду 1-га сакратара пасля трагічнай смерці Машэрава, але нічым праявіць сябе ўжо не здолеў, бо цяжка захварэў, анкалагічная хвароба неўзабаве і звяла яго ў магілу. Выдатна ведаў беларускую мову, бо паводле адукацыі быў яе выкладчыкам. Прычым Кісялёў не баяўся гаварыць па-беларуску з нацыянальнай інтэлігенцыяй. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Усе здолелі атрымаць незадоўга перад вайной ці адразу пасля яе вышэйшую адукацыю. У Машэрава і Кісялёва яна была педагагічная, у Слюнькова, Сакалова і Малафеева — эканамічная, у Мазурава — Вышэйшая партыйная школа пры ЦК КПСС. Незалежна, аднак, ад адукацыі ўсе яны праславіліся перадусім як «моцныя гаспадарнікі». Менавіта ў гэтай якасці яны былі запатрабаваныя ў тым ліку і ў Маскве. Мазураў, Кісялёў і Слюнькоў мелі ў сваім жыцці перыяды працы на саюзным узроўні. Першыя два працавалі намеснікамі старшыні Савета Міністраў СССР, а Мікалай Слюнькоў — спачатку намеснікам кіраўніка саюзнага Дзяржплана, а пасля — сакратаром ЦК КПСС, які зноў-такі курыраваў менавіта эканоміку. Ды і адносна Машэрава аж да сёння ходзяць чуткі, што яго нібыта збіраліся забраць у Маскву на пасаду старшыні Савета Міністраў СССР замест састарэлага Аляксея Касыгіна, ды трагічная смерць, маўляў, не дала яму выйсці на цэнтральную арбіту. Праўда, нейкіх сур’ёзных пацвярджэнняў гэтаму пакуль няма.

Мікалай Слюнькоў — тыповы тэхнакрат на пасадзе кіраўніка рэспублікі. Быў нядрэнным па савецкіх мерках гаспадарнікам, эфектыўна кіраваў буйнымі прадпрыемствамі, у тым ліку Мінскім трактарным заводам. І на пасадзе 1-га сакратара ЦК КПБ яго цікавіла перадусім эканоміка. Што тычыцца пытанняў культуры, то, паводле ўспамінаў тагачаснага галоўнага рэдактара газеты «Звязда» Аркадзя Тоўсціка, ён не мог зразумець, «навошта ўсё гэта «расце» на грэшнай зямлі. Бо не ўтварае ж нічога, што магло ездзіць, вазіць, лятаць, капацца. Карацей кажучы, што можна назваць матэрыяльнымі каштоўнасцямі». На Слюнькове як кіраўніку БССР ляжыць цяжкі грэх — менавіта пры ім у 1986 годзе адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, і ён на загад Масквы да апошняга хаваў ад грамадства інфармацыю пра яе. На гэтым здымку Слюнькоў выглядае не зусім тыпова. Звычайна ён строгі і нават суровы, што адпавядае, кажуць знаёмыя з ім, агульнаму жорсткаму стылю ягонага кіравання. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

Найбольшай народнай павагай і любоўю з гэтай плеяды кіраўнікоў карыстаўся Пятро Машэраў. Часткова гэта было звязана, канечне, з тым, што акурат на час ягонага кіравання прыпалі найбольш «сытыя» і аптымістычныя бээсэсэраўскія гады. Але вялікае значэнне мела і сама харызматычная асоба першага сакратара — прыгожага, падцягнутага, абаяльнага, камунікабельнага, даступнага і блізкага да народа. Ні ягоны папярэднік, ні тым больш наступнікі пахваліцца ўсім гэтым не маглі. Таму і запомніліся больш як шэрыя чыноўнікі, чым асобы з яркай індывідуальнасцю.

Увогуле ж лёс пасляваенных кіраўнікоў БССР кардынальна розніцца ад лёсу іх перадваенных калег, якія амаль пагалоўна, незалежна ад уласнага маральнага аблічча і прафесійных якасцей, пагінулі ў гады Вялікага тэрору.

Паваенныя кіраўнікі Беларусі, нягледзячы на зігзагі ў кар’ерах, амаль усе пражылі доўгае жыццё і паўміралі ў 80-я гады натуральнай смерцю (выключэнне — толькі Машэраў, які, як вядома, загінуў у аўтамабільнай катастрофе на піку сваёй кар’еры). Панамарэнку і Патолічаву на час смерці было па 81 году, Гусараву — 79, Мазураву — 75, Кісялёву — 65, Машэраву — 62. І пахаваныя яны на найпрэстыжнейшых маскоўскіх ці мінскіх могілках, а не ў безыменных агульных магілах. Трое ж апошніх жывуць дагэтуль як ганаровыя пенсіянеры, дасягнуўшы вельмі сталага веку (Сакалоў — 92, Слюнькоў — 89, Малафееў — 85 гадоў): медыцына ў незалежнай Беларусі нашмат мацнейшая, чым была ў БССР.

Яфрэм Сакалоў — яшчэ адзін «гаспадарнік» на чале рэспублікі, толькі, у адрозненне ад Слюнькова, ягонай асноўнай спецыялізацыяй была не прамысловасць, а сельская гаспадарка. Займаючы ў 1977—1987 гадах пасаду 1-га сакратара Брэсцкага абкама, разгарнуў у сваёй вобласці будаўніцтва гіганцкіх свінагадоўчых комплексаў, за што Масква ўзнагародзіла яго зоркай Героя Сацыялістычнай Працы і прызначыла кіраўніком БССР пасля сыходу Слюнькова на павышэнне ў Маскву. Па палітычных поглядах Сакалоў быў закаранелым кансерватарам, а паколькі кіраванне яго прыйшлося на бурапенныя перабудовачныя часы, то менавіта пры ім Беларусь набыла рэпутацыю «камуністычнай Вандэі». Фота: brest-region.gov.by.

Улада кіраўнікоў рэспублік у савецкі час была, праўда, несамастойнай, губернатарскай. Над імі пастаянна стаяла Масква, пажаданні і тым больш загады якой трэба было выконваць. Але ці імкнуліся і самі тыя кіраўнікі да больш адказнай ролі, ці гатовыя былі, прынамсі маральна, выправіцца на чале свайго народа ў самастойнае палітычнае плаванне? Мяркуючы па тым, што ў пераломныя часы распаду СССР беларускае камуністычнае кіраўніцтва да апошняга захоўвала вернасць Маскве і супраціўлялася незалежніцкім тэндэнцыям у рэспубліцы — хутчэй не. А ці паводзіў бы сябе інакш у тых умовах сапраўды харызматычны і аўтарытэтны сярод насельніцтва Пятро Машэраў, каб яму лёсам быў адпушчаны больш доўгі век, — можна толькі здагадвацца.

На сённяшні дзень толькі двое з памерлых 18-ці кіраўнікоў ЦК КПБ савецкіх часоў пахаваныя ў Беларусі. Гэта Пятро Машэраў і Ціхан Кісялёў, якія знайшлі вечны спачын на Усходніх могілках у Мінску. Панцеляймон Панамарэнка, Кірыла Мазураў і Мікалай Патолічаў пахаваныя на найпрэстыжнейшых у Савецкім Саюзе пасля Крамлёўскай сцяны Новадзявочых могілках у Маскве, Мікалай Гусараў — на маскоўскіх Данскіх могілках. Аляксандр Мяснікоў ляжыць на могілках у Тбілісі. Большасць жа былых кіраўнікоў беларускай кампартыі пахаваныя ў агульных магілах на маскоўскіх расстрэльных палігонах, перадусім на тым, які носіць назву «Камунарка».

Аляксандр Пашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930