Знайсці
19.12.2018 / 16:1837РусŁacБел

Дэпутат Марзалюк: Усялякі, хто адмаўляе існаванне беларускай нацыі, павінен у іншых месцах тлумачыць свае погляды

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк расказаў пра работу над першым томам Гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Гэта кніга, якая стане ідэалагічным базісам для вывучэння гісторыі ў школах і ўніверсітэтах.

Свае заявы ён зрабіў падчас адкрытага дыялогу на тэму «Станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці», арганізаваным БРСМ у Нацыянальнай бібліятэцы. Марзалюк на пытанні студэнтаў адказваў то па-руску, то па-беларуску, дадаўшы, што валодае яшчэ і нямецкай.

«Тое, што мы выводзім сваю гісторыю з Полацка, некаторым здаецца недарэчным, але [выводзіць] ад Ноўгарада — не здаецца», — рытарычна канстатаваў Марзалюк.

«Нацыя — гэта прадукт эпохі асветніцтва. Першая фаза ранненацыянальнага будаўніцтва пачынаецца ў эпоху рэнесансу, але росквіт — гэта канец 18-га, 19-е стагоддзе, у гэтым плане мы не недаспелыя, не пераспелыя — мы нармальныя, — працягнуў ён. —

Многія не разумеюць, што беларускі нацыянальны праект — фантастычна паспяховы. Мы доўга запрагаем, але хутка едзем.

Вацлаў Ластоўскі ў 1917 годзе ўпершыню агучыў думку, што Беларусь можа стаць незалежнай. Ні ў адной папярэдняй праграме нацыянальна-вызваленчага руху не ўздымалася пытанне аб незалежнасці краіны. І за сто гадоў прайсці шлях ад этнаграфічнай супольнасці, у якой не было ніякай формы дзяржаўнасці, да мадэрновай нацыі, незалежнай дзяржавы, з усімі атрыбутамі…

Беларусы — не менш нармальныя, чым ірландцы, але не ўсе ірландцы маюць дзяржаўнасць.

Як бы там ні было, як казаў Алег Латышонак, калі нарадзілася ягоная бабуля, быў Паўночна-Заходні край і усімі кіраваў Мікалай ІІ, калі памірала — мы другі раз абіралі прэзідэнта.

Гэта было каласальна важнае стагоддзе з усімі стратамі і здабыткамі. Мне надакучыла гэтая канфрантацыя і акопная страляніна — у адных толькі БНР, у другіх…

Гэта няправільна, ва ўсяго адныя вытокі — беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, часопіс «Гоман», нашаніўскі перыяд, Беларуская сацыялістычная грамада, кульмінацыя і вяршыня — Усебеларускі з’езд у 1917 годзе, які адбыўся тут, у Мінску. Хутка гэтую пазіцыю пачнуць крытыкаваць з усіх бакоў, некаторыя будуць называць гэта нацыяналістычным шабашам…

Паўтару метафару майго любімага Міхася Стральцова, што мы як трава — нас косяць, а мы ёсць. Гэта нашая неўміручасць, беларуская нацыя ёсць. Калі датэгуль не з’елі, то ўжо не з’ядуць».

«Вы, бачу, надзелі вышыванкі, але вы мусіце надзець мову сэрца яшчэ і на свае вусны, —

звярнуўся ён да актывістаў БРСМ. — Я хачу нагадаць прыклад габрэяў. Іўрыт, на якім гавораць у Ізраілі, — на ім ніхто не гаварыў, гэта была мова багаслужэнняў. Хто яго ведаў, хто разумеў? У нас сітуацыя лепшая за тую. Так, не кожны можа сказаць хораша і прыгожа, але ўсе разумеюць. І не трэба тут халоднай вайны, Беларусь адна — яна можа быць рознай па палітычных поглядах. Калі параўнаць з сімваламі веры, то сімвалы нашай нацыі — гэта гісторыя, павага да нацыі, павага сваёй дзяржавы.

Усялякі, хто адмаўляе факт існавання беларускай нацыі і культуры, — ён па-за канстытуцыйным перыметрам, ён павінен тлумачыць у іншых месцах, чаму [такія погляды]».

Чытайце таксама. Марзалюк: Неабходна стварыць Інстытут нацыянальнай памяці, каб адсочваць гістарычную палітыку суседзяў і апанентаў

Чытайце таксама. «Некаторымі нашымі гісторыкамі павінен займацца КДБ». Краўцэвіч адказвае Марзалюку

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930