Знайсці
28.02.2019 / 11:473РусŁacБел

«Праклён Ягелона»: ад чаго памерлі маладыя даследчыкі, што адкрылі пахаванне Казіміра IV?

Тлумачыць гісторык Васіль Герасімчык.

Вялікі князь літоўскі, кароль польскі Казімір Ягелончык загадаў змясціць у сваёй крыпце наступны надпіс: «Разбуральнік гэтай працы будзе пракляты». Праз паўтысячы гадоў 15 навукоўцаў, якія адкрылі пахаванне, сапраўды памерлі. Так паўстала легенда пра «праклён Ягелона», якая стала ў адзін шэраг з «праклёнам Тутанхамона». Няўжо Казімір сапраўды перасцярог нашчадкаў ад ускрыцця ўласнага саркафага, на якім выбіты надпіс: «Ці ведаеш ты, што рукі каралёў сягаюць далёка?».

Партрэт Казіміра Ягайлавіча і ягонай жонкі Эльжбеты Габсбург. XVII стагоддзе. Нацыянальны музей у Стакгольме. Фота: Wikimedia Commons.

Пятніца 13-га

У пятніцу 13 красавіка 1973 года польскія навукоўцы прасвідравалі сцяну пахавальнай камеры вялікага князя і караля Казіміра Ягелончыка (1427—1492), размешчаную ў капліцы Святога Крыжа на Вавелі ў Кракаве. Рашэнне аб даследаванні пахавання было прынята яшчэ пры канцы 1972 года, калі ў адным з найважнейшых храмаў сталіцы Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай пачаліся будаўнічыя работы.

Ускрыццё каралеўскіх пахаванняў на Вавелі даўно стала справай звычайнай. Напрыклад, шматразова, пачынаючы яшчэ з ХVІІ стагоддзя, адчынялі труну кананізаванай каралевы Ядвігі: у 1887 годзе для мастака Яна Матэйкі, у 1949 і 1976 гадах з мэтаю вызначэння выгляду каралевы. У 1902 годзе праводзілі эксгумацыю чацвёртай жонкі Ягайлы — Соф’і Гальшанскай, маткі Казіміра. Аднак толькі пасля адкрыцця пахавання самога Казіміра Ягелончыка амаль усе, хто ўдзельнічаў у эксгумацыі, хутка памерлі. Гэта выглядала па-містычнаму дзіўна, бо ахвярамі сталі здаровыя мужчыны сярэдняга ўзросту.

Па запрашэнні Польскай каталіцкай царквы навукоўцы павінны былі ўскрыць пахаванне, каб праверыць, ці не пацярпела яно падчас Другой сусветнай вайны. За работамі пад кіраўніцтвам прафесараў Ежы Шыблоўскага і Альфрэда Маеўскага сачыў ксёндз Францішак Валанцік.

І вось 13 красавіка 1973 года навукоўцы прасвідравалі наскрозь сцяну таўшчынёю 90 см, за якой размяшчалася пахавальная камера. Але малы дыяметр адтуліны (2 см) не дазволіў убачыць змесціва. Дапамогу прапанаваў інжынер Ян Мырляк, кіраўнік будаўнічага аддзела на Вавелі і вялікі энтузіяст археалогіі.

«Хто першы туды ўвойдзе, той першы і сыдзе»

На другі дзень навукоўцам перадалі прыстасаванне, названае «каціным вокам». Яно складалася з доўгага дроту і прымацаваных да яго батарэйкі ды невялікай лямпачкі. Аднак жаданага выніку гэтая прылада не прынесла. Невялікая адтуліна дазваляла ўбачыць хіба толькі некалькі незразумелых драўляных кавалкаў, а гульня ценяў адно будзіла фантазію.

Пасля шматлікіх безвыніковых спробаў удасканаліць тэхніку назірання 7 мая археолагі вырашылі прыбраць адзін з каменных блокаў, з якіх складалася сцяна. Уваход у пахавальную камеру Казіміра Ягелончыка быў адчынены. Заставалася атрымаць афіцыйны дазвол ад царкоўных уладаў.

Але даследчыцкая цікавасць перамагла — прысутныя вырашылі, што могуць наведаць пахаванне яшчэ да атрымання дазволу. Адзіным, хто выступіў супраць, быў Стэфан Вальчы. Ён спрабаваў адгаварыць калег, зачытваючы фрагменты з кнігі пра раскопкі пахавання фараона Тутанхамона. Якраз споўнілася паўстагоддзя з 1923 года, калі «праклён Тутанхамона» пачаў забіраць сваіх ахвяр (іх колькасць у выніку пераўзышла два дзясяткі чалавек). Але словы Вальчага ўспрымаліся не больш чым жарт.

Затое паўстала новая праблема: хто з членаў каманды стане першым наведвальнікам пахавальнай камеры? «Хто першы туды ўвойдзе, той першы і сыдзе», — сказаў Стэфан Вальчы інжынеру Чэславу Добашу і накіраваўся да праёма ў сцяне. Наступным стаў археолаг Станіслаў Козел.

З дазволу будучага папы

У пахавальнай камеры панаваў хаос: драўляная труна развалілася на дзве часткі, адна з якіх вісела ў паветры амаль на метровай вышыні, другая абвалілася на падлогу.

Былі знойдзеныя косткі дарослай асобы, якія ляжалі россыпам, прычым чэрап быў перавернуты і знаходзіўся побач з плечавой косткай, тазам і некалькімі пазванкамі. З каралеўскіх рэгалій на вочы адразу трапляўся фрагмент мяча. Усё гэта сведчыла: даследчыкі сталі першымі наведнікамі крыпты.

Афіцыйны дазвол на даследаванне змесціва пахавальнай камеры быў атрыманы 19 мая. А даваў яго кракаўскі кардынал Караль Вайтыла, будучы папа рымскі Ян Павел ІІ.

Пахавальная камера Казіміра Ягелончыка мела памеры 300 на 120 см. На сценах знаходзіліся абстрактныя малюнкі, зробленыя вугалем або графітам. Сярод іх толькі адзін рэалістычны — у выглядзе пчалы.

Труна з цэльнага дрэва мела даўжыню 220 см, вышыню каля 55 см, а найбольшую шырыню — 60 см. Спачатку яна стаяла на ўзвышэнні ў 80 см і ўтрымлівалася жалезнымі прутамі. Аднак з часам цэнтральны прут прагнуўся, і труна разламалася папалам. Шкілет выпаў на падлогу, ператварыўшыся ў бязладны россып костак, пасярэдзіне якога тырчала рукаятка з перакрыжаваннем знішчанага карозіяй мяча. Да каралеўскіх рэгалій адносіўся і скіпетр, частку якога, з тонкім драўляным тронкам, знайшлі сярод парэштак. Таксама быў знойдзены залаты пярсцёнак.

Фрагмент надгробка Казіміра Ягелончыка. Кракаў.

Відавочна, пахаванне было даволі сціплым нават па сярэднявечных мерках. А яшчэ больш здзіўляла адсутнасць багатай каралеўскай вопраткі. Чаму ж так сталася?

Смерць Казіміра

У 1492 годзе 65-гадовы — па тых часах гэта быў ужо ўзрост глыбокай старасці — Казімір Ягелончык падарожнічаў па землях Вялікага Княства Літоўскага. У дарозе ў яго пачалася дыярэя. У якасці лячэння манахі-бернардзінцы параілі ўжываць печаныя грушы і чорны хлеб. Але гэты сродак дапамагаў нядоўга. У чэрвені вялікі князь вымушаны быў спыніцца ў Гродне. Яму балела сэрца, распухлі ногі. Лекар Якуб з Залесся пераспрабаваў усё, але аказаўся бяссільны: «Гаспадар, шчыра кажучы, я не ведаю для Вашай Вяльможнасці выратавання». 7 чэрвеня 1492 года Казімір памёр у сне.

Жалобная працэсія з целам вялікага князя і караля рушыла ў 700-кіламетровае падарожжа з Гродна ў Кракаў. Цэлы месяц у невыноснай спёцы.

Напярэдадні падарожжа цела караля абкруцілі малінавай парчой і абклалі нягашанай вапнаю. Зверху вечка труны пакрылі тканінай, складзенай у восем слаёў, абмазалі глінай і заклеілі смалою. У труну адразу паклалі ўсе атрыбуты, якія Казімір меў з сабой. Адкрываць труну па прыбыцці ў Кракаў, відаць, ужо не рызыкнулі.

Смерць археолагаў

Пасля чатырохмесячнага вывучэння, 18 кастрычніка 1973 года, у прысутнасці кардыналаў Стэфана Вышынскага і Караля Вайтылы парэшткі Казіміра Ягелончыка і яго жонкі Лізаветы, вядомай як «маці каралёў» (яна падаравала мужу 13 дзяцей, і чацвёра яе сыноў сталі каралямі), былі перапахаваныя.

А на працягу наступнага года памерлі тры ўдзельнікі даследавання: 12 чэрвеня 1974 года ад крывацёку ў мозг — Фелікс Даньчак, 28 чэрвеня — інжынер Стэфан Вальчы, 6 жніўня — інжынер Казімір Гурляк. Яшчэ праз год, 17 мая 1975 года, ад разрыву анеўрызмы памёр інжынер Ян Мырляк. Усяго да 1983 года памерлі 15 экспертаў. Так паўставала гісторыя пра «праклён Ягелона».

Таямніца праклёну

Сярод даследчыкаў пахавання Казіміра Ягелончыка быў мікрабіёлаг Баляслаў Смык. Напярэдадні ён быў упэўнены, што камера, якая амаль паўтысячы гадоў была закрытая, нічым не пагражае. Але змены ў стане здароўя пасля першага ж наведвання сведчылі пра іншае.

Пасля некалькіх гадзін побач з парэшткамі Казіміра даследчыкам пачалі балець галава і сэрца, парушылася каардынацыя. Мікрабіёлаг ледзь не страціў прытомнасць. Знік сон, і наступныя два тыдні ён не мог канцэнтраваць увагу. Працаваць было проста немагчыма. Як навуковец, Смык нават не задаваўся пытаннем пра існаванне нейкага містычнага праклёну. Магчыма, каманда атруцілася? Але чым?

30 ліпеня Баляслаў Смык узяў пробы з каленнай косткі Казіміра Ягелончыка. Спачатку даследаванне не дало вынікаў. Аднак матэрыялы вырашылі пакінуць у тэрмастаце.

І якім было здзіўленне, калі высветлілася, што калоніі бактэрый і цвілі выраслі! Гэта была сапраўдная сенсацыя, пра якую 26 лістапада 1973 года на ўвесь свет паведаміла агенцтва Франс Прэс: «Невядомыя бактэрыі адкрытыя ў пахаванні. Эксперты, якія займаліся адкрыццём пахавання Казіміра Ягелончыка, выявілі бактэрыі, што знаходзіліся ў стане анабіёзу амаль 500 гадоў».

Як высветлілася, менавіта тут хавалася разгадка кепскага самаадчування і наступнай серыі смяротных выпадкаў сярод даследчыкаў. Ва ўзятых пробах мелася цвіль жоўтая. Яна ўтрымлівае афлатаксіны, якія спрыяюць узнікненню розных хвароб, у тым ліку выклікаюць развіццё ракавых пухлін.

Таямніца праклёну Ягелона была адкрытая. Але пахаванне Казіміра ўжо спрацавала як своеасаблівая «біялагічная бомба», і ахвярамі яе сталі 15 чалавек.

Васіль Герасімчык.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930