Знайсці
19.12.2018 / 11:2910РусŁacБел

Пра турму, дзяўчат і сяброўства з беларускім дыпламатам. Вялікае інтэрв’ю новага старшыні «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча

Фота Волі Афіцэравай

Ягоны прадзед быў вядомым краязнаўцам, пасля вайны эміграваў у Нью-Ёрк. Ён сам з дзяцінства працаваў на вёсцы, а потым зацікавіўся палітыкаю, зладзіў дзёрзкую акцыю і быў асуджаны на два гады «хіміі». Цяпер 29-гадовы Дзяніс Урбановіч узначаліў «Малады фронт». У інтэрв’ю belsat.eu ён распавёў пра сваю сям’ю і настаўніка, патлумачыў, якою бачыць будучыню моладзевай арганізацыі.

«Кнігу прадзеда ў мяне канфіскаваў КДБ»

— Распавядзі, адкуль ты родам і як праходзіла твае дзяцінства?

— Я нарадзіўся ў вёсцы Міхалкавічы Лагойскага раёну. Маці зусім не памятаю. Нас было чацвёра — трое хлопцаў і сястра. Бацька выгадаваў усіх адзін. Гэта было звычайнае вясковае дзяцінства: яшчэ падлеткам я ўладкаваўся працаваць на камбайне. Усе равеснікі тады намагаліся неяк зарабіць летам. Потым скончыў курсы будаўнікоў, вучыўся ўсяму запар. У войска мяне не забралі, бо бацька сталага веку, а ў сям’і яшчэ былі няпоўналетнія дзеці, таму без ягонага дазволу мяне забраць не маглі.

Фота Волі Афіцэравай

Апошнім разам мне кінулі ваеннік на стол са словамі «Ідзі служы Пазняку ў Амерыку». Смешна. Але цешыць, што яны ў Лагойскім ваенкамаце хаця б ведаюць Пазняка.

— А ты сам адкуль даведаўся пра яго? Як вясковаму хлопцу стала гэта ўсё цікава?

— Чытаў шмат пра культуру, гісторыю… Мая сям’я, продкі, зусім не звычайныя людзі. Прадзед, краязнаўца Язэп Адамавіч Гладкі, разам з братам Казімірам у 20-я гады заснавалі беларускамоўную школу ў вёсцы Корань, непадалёк ад родных Міхалкавічаў.

У 1937 Казіміра расстралялі чэкісты ў Курапатах, а ягоных сыноў выслалі ў Сібір. Прадзед Язэп застаўся. Пры немцах ён працаваў настаўнікам, таму пасля вайны сышоў з імі ў Заходнюю Нямеччыну, іначай быў бы, канешне, рэпрэсаваны.

Дзеці, сярод якіх быў і мой будучы дзед, засталіся. Пасля Язэп пераехаў у Нью-Ёрк. Там ён выдаў вядомыя кнігі «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» і «Прыказкі Лагойшчыны». Апошнюю ў мяне ў 2015 годзе сканфіскаваў КДБ падчас вобшуку.

Як беглы дыпламат стаў жыццёвым настаўнікам

— Аднаўляць спадчыну прадзеда мне дапамагаў былы другі сакратар амбасады Беларусі ў Францыі Уладзімір Палупанаў. Напрыканцы 90-х ён папрасіў палітычнага прытулку ў французскіх уладаў, бо ягоныя погляды разыходзіліся з дзяржаўнай беларускай палітыкай. Толькі праз 15 гадоў, у 2009-м, ён вярнуўся на радзіму.

Акрамя дыпламатычнай службы, вялікай часткай жыцця Палупанава была культура. Сярод іншага, ён даследаваў творы Язэпа Гладкага. Мы пазнаёміліся ў Міхалкавічах у 2013-м і моцна пасябравалі. Можна сказаць, Палупанаў — мой жыццёвы настаўнік.

— А дзе ён цяпер?

— Мне дакладна вядома, што ў 2011-12 гадах ён знаходзіўся ў беларускай турме, памятаю, паказваў даведку аб вызваленні, але па якім артыкуле — не магу прыгадаць. На вялікі жаль, ягоныя сляды згубіліся. Я спрабаваў шукаць спадара Уладзіміра праз сваякоў, але ягоная сястра працуе абласным пракурорам і паабяцала «усіх нас перасаджаць», а з сынам, рэжысёрам Андрэем Палупанавым, адносіны ў яго былі вельмі нацягнутыя.

— То бок, ты ў той перыяд больш займаўся культурніцкай дзейнасцю, не далучаўся да палітычных акцыяў?

— Так, мы з Палупанавым хацелі заснаваць патрыятычны клуб, займацца менавіта тэмай Лагойшчыны, аднаўляць мясцовыя традыцыі. Некалькі разоў здолелі сабраць людзей, выехалі на летнік, дзе вучыліся тутэйшым беларускім спевам. Нас ганяла міліцыя і актывісты БРСМ з Лагойску. Потым усё неяк сцішылася і наш клуб распаўся, бо не атрымалася прыцягнуць шмат ахвотных.

Дзяніс Урбановіч робіць надпіс на плоце рэстарацыі ў Курапатах. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu

«Мяне паўгадзіны малацілі бутэлькай з вадой»

— Ты патрапіў пад крымінальную справу ў 2015 годзе. Якім чынам гэта адбылося?

— Падчас выбараў у нас на Лагойшчыне шмат на якіх участках не было міліцыі. У слова «выбары» я не верыў ужо тады, выступаў за байкот. Аднойчы мы з братам і сябрамі вырашылі на знак пратэсту зняць з будынку выбарчага ўчастку дзяржаўны сцяг і павесіць замест яго бел-чырвона-белы.

Ну, я палез, спусціў гэты чырвона-зялёны, але выпадкова яго парваў, роўненька па лініі арнаменту. Самае дзіўнае, што падчас следства гэты сцяг кудысьці знік.

— Праз колькі вас затрымалі?

— Усіх пачалі хапаць на наступны ж дзень. Не маглі знайсці толькі майго брата — ён хаваўся некалькі дзён у лесе, смажыў там сала з хлебам на вогнішчы… У выніку прыйшоў да бацькі, а той кажа «Ідзі, лепей здавайся».

Мне ў пастарунку адразу апранулі кайданкі і на рукі, і на ногі. Міліцыянты малацілі пластмасавай бутэлькай з вадой, каб сазнаўся. Удараць, прыдушаць за шыю, я пачынаю губляць прытомнасць — тады абліваюць сцюдзёнай вадой. І гэтак з паўгадзіны!

Урэшце прыехаў кіраўнік мясцовага крымінальнага вышуку, потым падцягнулі з Менску следчыя і КДБшнікі. У нашай хаце знайшлі кнігу пра жаўнераў часоў БНР. Пачаўся лямант, маўляў, экстрэмісцкая літаратура. Двое з КДБ неслі бязглуздзіцу, што я нібыта рыхтаваў тэракты. Да такой высновы яны прыйшлі, бо ўбачылі сшытак з намаляванымі аўтаматамі.

— У чым канкрэтна вас вінавацілі?

— Адразу пасля затрымання казалі пра «незаконнае атрыманне грашовай дапамогі з-за мяжы», правяралі на паліграфе. У выніку інкрымінавалі арт. 370 КК «Абраза дзяржаўнай сімволікі» і ч. 1 і 2 арт. 339 «Хуліганства». Мне далі 2 гады «хіміі» з улікам адседжанага падчас следства ў Жодзіна. Брату — паўтары. Адбывалі на «хіміях» у Шклове і Менску.

«Начальнік прымушаў мяне гаварыць «свядомы асуджаны Урбановіч»

— Ці ты прызнаў віну?

— Спачатку я нічога не казаў, але потым, у жодзінскай калоніі, да мяне прыехалі людзі ў цывільным. Не назваліся, але замест пакою для допытаў, павялі ў турэмную лазню. Там прапанавалі наўпрост падпісаць, што я прызнаю сябе вінаватым, а калі не — атрымаем з братамі максімальныя тэрміны, сядзем гадоў на пяць. У СМІ звяртацца катэгарычна забаранілі. Я падумаў, ну бессэнсоўна бадацца, няма адкуль чакаць дапамогі. Не пакідаць жа старога бацьку без сыноў. І падпісаў…

— Як да цябе ставіліся на «хіміі»? Адчуваўся палітычны падтэкст тваёй справы?

— Мне адразу прышылі кляймо «асоба, схільная да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці». А ўсе асуджаныя толькі хадзілі і дзіву даваліся — што за дзіўны артыкул у мяне? Як можна абразіць сімволіку? Канвой часта чапляўся. Казалі, што я збіраўся вывесіць «фашысцкі сцяг». А начальнік, былы чэкіст, прымушаў прадстаўляцца «свядомы асуджаны Урбановіч». Ён на ўсіх крычаў па-вар’яцку, на сваіх падначаленых таксама, мог руку падняць.

На Новы год нас выстраілі на пляцоўцы і павіншавалі. У мяне адміністрацыя запыталася, як справы. Кажу: «Добра, зараз сцягі вывесім!» Дык яны пазабіралі ўсе прасціны з камеры.

Затрыманне Дзяніса Урбановіча ў Курапатах. Фота — Ірына Арахоўская, belsat.eu

«У мяне не было канкурэнтаў на пасаду старшыні»

— Вызваліўшыся з «хіміі» у жніўні 2017, я далучыўся да БСДП («Грамады»), бо ў свой час Палупанаў мне раіў падтрымліваць Статкевіча як найбольш годную асобу. Але потым у шэрагах партыі я сутыкнуўся з людзьмі, якія маюць нейкія камуністычныя погляды, выступаюць за расейскую мову. Мне такое не пасуе. Таму я сышоў ад Статкевіча. Праз канфлікт з ягоным атачэннем, а не з ім.

— А як ты патрапіў у Малады Фронт?

— Мне блізкія хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці, я добра стаўлюся і да Змітра Дашкевіча, і да Паўла Севярынца. Але я праглядаў інфармацыю пра актыўнасць МФ і, шчыра кажучы, не знайшоў нічога адметнага за гэты год, што кіруе арганізацыяй Яўген Васьковіч. Ну, найбольш яскравая падзея была ў пачатку 2017-га, папярэдняя абарона Курапатаў.

— Дарэчы, сёлета ты бярэш удзел у варце супраць рэстарацыі ў Курапатах ад самага пачатку.

— І нядаўна атрымаў за гэта свой 71-ы пратакол! Варта — мой прыярытэт з асабістых прычынаў, там расстраляны брат прадзеда.

Па Курапацкай варце былі невялікія разыходжанні з Дашкевічам, але мы іх вырашылі. Дамовіліся з паплечнікамі, што машыны спыняць не будзем, толькі распаўсюджваць буклеты пра рэпрэсіі.

— Як ты ставішся да таго, што некаторыя былыя абаронцы Курапатаў сёння прапануюць ісці на кампраміс з уласнікамі рэстарацыі?

— Усё проста: летась ім ніхто не прапаноўваў грошы за «канструктыўную» пазіцыю, а гэтым разам паабяцалі нешта. Хаця, глядзіце, час прайшоў і яны больш не кажуць пра дамоўленасці з Зайдэсам. Думаю, насамрэч ім і не збіраліся даваць грошай, было зразумела — яны іх не ўбачаць.

— У сацсетках разгарэлася спрэчка з нагоды твайго абрання старшынём МФ. Людзі сумняюцца ў празрыстасці працэдуры.

— Так, я чытаю каментары ў фэйсбуку. Маўляў, мяне прызначыў Севярынец. Але, выбачайце, адбыўся Сойм, дзе прысутнічаў былы кіраўнік Васьковіч і яшчэ дзевяць асобаў. Было галасаванне. Дзве асобы не галасавалі, астатнія адзінагалосна падтрымалі маю кандыдатуру. На гэтую пасаду ў мяне сапраўды не было канкурэнтаў. Калі ласка, калі б з’явіўся зацікаўлены чалавек, гатовы працаваць — чаму не? Проста прэтэндэнтаў больш не знайшлося.

«Я гатовы змагацца супраць Расеі да апошняй кроплі крыві»

— Які план на найбліжэйшы год ты запрапанаваў Маладому Фронту?

— У першую чаргу, культурна-асветніцкая дзейнасць, мы будзем імкнуцца пашыраць сярод моладзі інфармацыю пра ахвяраў рэпрэсіяў ушаноўваць памяць расстраляных не толькі ў Курапатах, але і па ўсёй Беларусі.

Я запланаваў акцыю пад назваю «Што павінен ведаць кожны беларус». У яе межах мы паспрабуем данесці да моладзі, што Расея — гэта велізарная пагроза бяспецы, і рана ці позна давядзецца бараніць нашу краіну. Трэба патлумачыць маладзёнам: калі прыйдзе сюды маскаль — мы будзем рабамі.

У выпадку расейскай агрэсіі асабіста я гатовы капаць зямлянкі і змагацца са зброяй у руках да апошняй кроплі крыві, без перабольшвання.

— А што наконт будучых выбараў? Калі Севярынец распачне кампанію — Малады Фронт пад тваім кіраўніцтвам яго падтрымае?

— Канешне, мы падтрымаем Паўла як заснавальніка МФ, але для яго лепей, каб яго не зарэгістравалі. Выбары тут не маюць сэнсу апрыёры. Асабіста я выступаю за байкот.

— Дзе ты цяпер працуеш, чым зарабляеш грошы?

— Не хачу казаць у інтэрв’ю, бо адну працу праз сваю дзейнасць ужо згубіў. Але праца ёсць. Я ніколі яе не баяўся, бо я ж вясковы хлопец і ўсё магу рабіць.

— Як складваецца прыватнае жыццё? Ці ёсць дзяўчына? Можа, збіраешся ажаніцца?

— Была дзяўчына, але гісторыя настолькі сумная, нават не хочацца прыгадваць. Цяпер столькі справаў — не паспяваю пазнаёміцца, не тое, каб пачаць сустракацца.

Шмат дзеўчын мне калупалі галаву маёй палітычнай дзейнасцю. «Навошта гэта патрэбна, ды вас усіх пераб’юць, з табой такі ні адна дзеўка не пойдзе» і гэтак далей. А мне проста смешна. І чаму яны ўсе так баяцца?

Кацярына Андрэеева, belsat.eu

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера