Знайсці
19.12.2018 / 15:483РусŁacБел

Што расійскія СМІ пішуць пра абвастрэнне беларуска-расійскіх адносін

Расійскія СМІ адрэагавалі на абвастрэнне беларуска-расійскіх адносін і на чуткі пра магчымую інкарпарацыю Беларусі цэлай серыяй публікацый. «Наша Ніва» зрабіла падборку асноўных артыкулаў на гэтую тэму за апошнія дні ў расійскай прэсе.

Политаналитика: Гэта не атака на суверэнітэт, гэта ён і ёсць

Выданне лічыць, што Масква больш не мае намеру проста так спансіраваць Мінск, які дзякуючы двум з паловай дзесяцігоддзям расійскіх шматмільярдных уліванняў, субсідый і льгот усю гісторыю незалежнасці вырашае адразу некалькі задач.

Па-першае, расійскае спонсарства забяспечвае стабільнасць беларускай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сістэм.

Па-другое, гэта дазваляе Аляксандру Лукашэнку пазіцыянаваць сябе як кіраўніка суверэннай дзяржавы, якая самастойна вызначае сваю палітыку і ніякія знешнія сілы ёй не ўказ.

Аднак апошні год Масква стала недвухсэнсоўна нагадваць, што менавіта яна аплачвае гэты «банкет».

Расія гатова захаваць падтрымку Мінска, але ў абмен хоча атрымаць патрэбны Маскве ўзровень інтэграцыі і іерархіі, у прыватнасці ў сферы агульнага рынку, адзіных тарыфаў і парадку цэнаўтварэння.

Выданне ўпэўнена, што ўпартае стаянне на сваім і адмова ад расійскіх прапаноў нясе пагрозу хутка абваліць эканоміку і сацыяльную сферу Беларусі, што паўплывае на палітычны ландшафт краіны.

«Але гэта і ёсць рэальнасць сапраўднага суверэнітэту — калі прыходзіцца рабіць суровы выбар з аднолькава непрымальных для цябе рашэнняў, а не той цяплічны інкубатар, у якім знаходзілася беларуская дзяржаўнасць дзякуючы Расіі чвэрць стагоддзя»,

піша «Политаналитика».

Репортёр: Інфармацыя пра закрытую сакрэтную нараду — дэманстратыўны дэмарш у бок Масквы

Выданне пракаментавала інфармацыю ад крыніц «Нашай Нівы» аб праведзеным закрытым сакрэтным сходзе з удзелам Лукашэнкі, на якім нібыта абдывалася выпрацоўка стратэгіі па супрацьстаянні ціску Расіі.

«Репортёр» лічыць, што «сакрэтная нарада ў вярхах» — дэманстратыўны дэмарш у адрас Масквы з наступнай добра спланаванай «уцечкай інфармацыі».

Выданне лічыць, што гэта не самы дрэнны варыянт для Расіі.

«Калі Мінск і сапраўды прыняў рашэнне аб «супрацьстаянні» Расіі, гэта будзе азначаць толькі адно: улада Беларусі выбрала для сябе крывую дарожку, па якой у свой час пайшоў Віктар Януковіч. Жадаючых дапамагчы ў такога роду «барацьбе» знойдзецца дастаткова. Можна не сумнявацца, што пячэнькі для мінскага «майдана» даўно падрыхтаваны і толькі чакаюць сваёй пары»,

— піша «Репортёр».

Сноб: Мінску вяртаецца назад бумеранг, які запусцілі 20 гадоў таму

Ілья Мільштэйн у сваёй калонцы піша, што Лукашэнка 20 гадоў таму марыў пра тое, каб стаць прэзідэнтам Саюзнай дзяржавы. Сёння ён марыць аб тым, каб у Маскве раз і назаўсёды забыліся пра гэтую няўдалую дзяржаву.

Ён лічыць, што на Лукашэнку зрабіла асабліва вялікае ўражанне расійская агрэсія ў Грузіі і Украіне. Ён адразу зразумеў, што Беларусь можа стаць наступнай сакральнай ахвярай «рускага свету».

Хто супраць? Калумніст «Сноба» піша, што Лукашэнка і тыя беларусы, якія адчуваюць сябе грамадзянамі незалежнай дзяржавы:

«Беларусы, якіх ён гнабіць дзесяцігоддзямі. Да іх, братоў і сясцёр, ён і звяртаўся цяпер, калі праводзіў закрытую нараду з кіраўніцтвам, якая была прысвечана захаванню незалежнасці «ва ўмовах ціску з расійскага боку». Арганізуючы зліў і дзелячыся сакрэтам з цэлым светам, ён ужо асобна паведаміў аб тым, што яго радзіму суседзі збіраюцца «ўпіхнуць у Расію» і падзяліць на вобласці»,

— піша «Сноб».

Мільштэйн упэўнены, што гаворка ідзе пра бумеранг, які праз два з лішнім дзесяцігоддзі прылятае з Масквы.

Вести.FM: Нямеччына мае намер умяшацца ў спрэчку Беларусі і Расіі

У рамках радыёпраграмы «Формула сэнсу» на «Вести ФМ» намеснік кіраўніка «Рады па знешняй і абароннай палітыцы» (НДА, блізкая да расійскага МЗС) Дзмітрый Суслаў звярнуў увагу на тое, што зараз нібыта Мінск трапіў у поле зроку нямецкай палітычнай эліты.

Пасля наведвання шэрагу канферэнцый у Еўропе палітолаг прыйшоў да высновы, што Расія можа атрымаць новую арэну расійска-заходняга сутыкнення на постсавецкай прасторы.

Так, па выніках наведвання Берліна эксперт прыйшоў да высновы, што падобная гатоўнасць палітыкаў Германіі шле трывожны сігнал Расіі адносна Беларусі.

«Яны маюць намер неяк умяшацца ў тую спрэчку, якая склалася ў расійска-беларускіх адносінах», — растлумачыў Суслаў, а затым дадаў, што Захад «бачыць шанец у нейкай пераарыентацыі палітыкі Беларусі ў заходнім кірунку, і гатовы на гэтым згуляць».

Росбалт: Расія хоча стварыць адзіную дзяржаву, у якой беларусаў асіміляваць неабавязкова. Мэта важнейшая за каштоўнасці

Калумніст «Росбалта» Дзмітрый Травін лічыць, што варыянт аб'яднання Беларусі і Расіі не з'яўляецца фантастычным, паколькі галоўная мэта расійскіх уладаў — рашэнне праблемы-2024 для Пуціна, што можна зрабіць, стварыўшы новую дзяржаву.

Прычым Травін лічыць, што пры стварэнні такой дзяржавы асіміляваць беларусаў і пазбаўляць іх усіх атрыбутаў незалежнасці неабавязкова — можна стварыць нейкую канфедэрацыю, у якой Лукашэнка захавае сваю пасаду. Мэта ў гэтым пытанні важнейшая за каштоўнасці.

«Гаворка ж ідзе не аб фарміраванні імперыі эпохі мадэрну, дзе дамінуючая нацыя магла імкнуцца да асіміляцыі малых народаў, а аб канструкцыі эпохі постмадэрну, у якой зусім розныя каштоўнасці могуць суіснаваць дзеля выканання галоўнай задачы — стварэння пасады, на якой Пуцін пры захаванні літары (але не духу) закона і пры ўсеагульнай падтрымцы можа знаходзіцца, колькі пажадае »,

— піша Травін.

Коммерсант: Мінск вырашыў выжываць самастойна і Маскве не саступаць

Палітычны аглядальнік «Коммерсанта» Дзмітрый Дрызе лічыць, што Мінск вырашыў выжываць самастойна і Маскве не саступаць.

Мяркуючы па ўсім, шанцаў дамовіцца з Пуціным 25 снежня ў час апошняй у 2018 годзе асабістай сустрэчы ў Лукашэнкі вельмі мала, піша Дрызе. У Беларусі спрабуюць нешта прыдумаць, як пражыць без таннай расійскай нафты і газу. Ходзяць чуткі пра зварот па дапамогу да Захаду, якая, праўда, малаімаверная.

Так што пакуль адзінае, што праглядаецца, гэта тужэй зацягнуць паясы, упэўнены калумніст «Коммерсанта».

«Для Лукашэнкі незалежнасць — гэта ўжо зусім крайні выпадак — апошні рубеж. Хоць так бывае, што самыя непрыступныя крэпасці прыходзіцца здаваць. Асабліва, калі няма іншага выйсця»,

— піша расійскі журналіст.

ММ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера