Знайсці
17.12.2018 / 14:4312РусŁacБел

Вясковец з-пад Нясвіжа павесіўся на шнурках ад ботаў у міліцэйскай машыне? Падрабязнасці шакуючай гісторыі

У Нясвіжы адбыўся надзвычайны выпадак — вясковец быў знойдзены ў міліцэйскай машыне павешаным на шнурках ад ботаў. Першым пра гэта паведаміў блогер Nexta ў сваім тэлеграм-канале.

«Наша Ніва» высветліла падрабязнасці гісторыі. Міліцыя сцвярджае, што гэта было самагубства. Сваякі загінулага ўпэўненыя, што тое дакладна быў не суіцыд.

Загінулага звалі Сяргей Абрамовіч. Яму было 48 гадоў.

Сяргей Абрамовіч.

Мужчына жыў у вёсцы Слаўкава (гэта некалькі кіламетраў ад Нясвіжа) разам з састарэлым бацькам. Бацька і выклікаў міліцыю на сына ў той вечар.

Адбылося ўсё яшчэ 29 лістапада.

Сяргей Абрамовіч працаваў, па словах бацькі, «у прыватнікаў, лес валіў». З жонкай даўно разышоўся. Часам выпіваў, быў закадзіраваны.

«У той вечар Сяргей з сябрам ездзіў да свайго начальніка, той разлічыўся з імі гарэлкай. Тыя дзве бутэлькі Сяргей выпіў з тым жа сябрам.

Пасля прыйшоў дадому, пасварыўся з татам. Тата ціхенька выклікаў міліцыю», — расказвае Іна, сястра Сяргея. У той вечар яна якраз прыехала да бацькі.

«Прыехала міліцыя, два чалавекі: лейтэнант і прапаршчык. Сяргея забралі», — узгадвае Віктар Абрамовіч, бацька.

Гэта было па абедзе, кажа мужчына, прыкладна паміж 16 і 17 гадзінамі.

А пазней увечары да бацькі прыехалі следчыя і паведамілі: да аддзялення сына не давезлі. Маўляў, павесіўся прама ў міліцэйскай машыне на шнурках ад ботаў. Цела аглядзелі і павезлі адразу ў морг.

Бацька не надта верыць у суіцыд.

«Як можна павесіцца ў машыне? Дый я бачыў цела — мы яго забралі 14 снежня. Не было слядоў на шыі, — сцвярджае Віктар Абрамовіч. — Нехта са следчых прагаварыўся, што сын учыніў бойку ў машыне па дарозе ў аддзяленне».

Не верыць у суіцыд і сястра Сяргея.

«Прыехала машына, новы «УАЗ Патрыёт». Брата забралі. Але павезлі не ў Нясвіж, а ў бок Юшавічаў. Паехалі праз сёлы — нібыта там хацелі праверыць нейкага мужыка, які быў на ўліку.

А на скрыжаванні каля вёскі Пагулянка мой брат раптам аказаўся мёртвым», — кажа Іна.

Жанчына задаецца пытаннямі: ці мусілі абодва міліцыянты выходзіць з машыны? Як і чаму яе брата пакінулі аднаго? Ці не было ў машыне відэарэгістратара? Калі быў, то чаму ёй нічога не кажуць пра гэта?

«У меня ёсць дакументы з морга, копія. Там стаіць: «Прычына смерці высвятляецца».

Мой другі брат, малодшы, загінуў даўно. Ён сапраўды павесіўся. Я бачыла, як выглядае чалавек, які засіліўся. Ён быў сіні, і ў пасведчанні аб смерці тады адразу напісалі «асфіксія», — кажа Іна. — А Сяргея мне не дазволілі адзяваць. Сказалі, што твар пабіты, трэба накласці грым, усё самі зробяць. Адзявалі яго ў моргу. Ці былі сляды збіцця на целе, я не бачыла. Але на шыі не было слядоў.

Ды і знаёмы міліцыянт мне казаў: павесіцца ў машыне амаль нерэальна».

Па словах бацькі, нехта з мясцовых бачыў, як стаіць міліцэйскі «ўазік», каля яго знаходзіліся два міліцыянты, а на зямлі ляжала цела. Бацька мяркуе, што сын мог пачаць бойку, якая скончылася забойствам, можа, і выпадковым, — але тое не быў суіцыд.

Сястра таксама ўпэўненая, што Сяргей памёр не сам, а цяпер міліцыянты «прыкрываюць сваіх»

Цела Сяргея Абрамовіча аддалі хутка. 29 лістапада ён загінуў, 30 цела ўжо аддалі сваякам. 1 снежня Сяргея пахавалі.

Міліцыя паведаміла «Радыё Свабода», што гэта быў суіцыд.

«Гаворка ідзе пра суіцыд, а не пра забойства. Вышуковы аддзел Нясвіжскага раёна праводзіць праверку. Унутраная праверка ў нас таксама праводзіцца, яна на стадыі завяршэння. Але інфармацыя пра забойства трактуецца няправільна. Мы адразу гэта трактавалі як суіцыд», — сказаў карэспандэнту Свабоды прадстаўнік Мінскай абласной міліцыі Яўген Сачак.

Сястра загінулага Сяргея Абрамовіча кажа, што адзін з тых, хто забіраў яе брата, — міліцыянт з суседняй вёскі Яўгені Додзь.

«Наша Ніва» звязалася з міліцыянтам, але Додзь адмовіўся ад каментароў.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930