Знайсці
18.12.2018 / 20:3621РусŁacБел

Зянон Пазьняк. Нізка вершаў

У літаратурным альманаху беларусаў замежжа «Беларус» з'явіліся новыя вершы Зянона Пазняка. Прапануем некаторыя з іх вашай увазе.

Белы ветразь

Калі я галодны,
Бяз дому і грошай
Самотна сядзеў на беразе,
Абсыпаным лісьцем асеньнім,
Ды глядзеў на халодныя хвалі,
На заходняе сонца,
На чырвань нябёс,
Усплыў зь небакраю
На кромцы вады
Белы ветразь
І зьнік у вячэрняй смузе. 

2017

Рэчы

У адзіноце і глухмені
Адчыняецца сутнасьць
Малых рэчаў.
Праз іх пазнаецца
Вялікі сэнс.
Не бяры іх з сабой адтуль.
Больш нічога табе ня скажуць.

2017

На беразе

Калі я стаяў
на беразе акіяну,
Міма прайшла жанчына
Зь дзіцём на руках.
I шчасьлівая ўсьмешка.

2017

Воблакі белыя

Некалі я йшоў —
Воблакі белыя.
Глянуў — аж яблыня зацьвіла.
Я так усьцешыўся…
Тады,
даўно,
у Беларусі. 

Заходнія промні

Ад’ехалі госьці мае.
Стала ціха ў доме пустым.
Заходнія промні на белай сьцяне.
Пад ветрам
Калышацца бэз.

2017

Пераход праз ручай

А рэчка Матруна — чыстая,
Нібы неба вясной.
Па каменьні журліцца струмень.
Пераход на той бок.
Жвавыя рыбкі
сплываюць пад шум.

2017

Усё проста

Калі ёсьць каханьне
і жанчына,
Ня будзе жыцьцё
бяз сэнсу.

2017

Рыбка

Прыгожы дзень вясеньні.
Сьпявае на бярозе шпак.
Сонца ўзышло.
І клопатаў няма
У мяне маладога.
Эх, пайду на Гаўю,
Налаўлю я рыбкі харошай,
Шчупакоў ды платвы,
Ды верхаводак серабрыстых.
А вечарам за сталом
Патэльня гарачая.
Гледзячы ў вакно
На захад ружовы,
Маці гаворыць:
— От, файная рыбка, сынок,
Ты налавіў.

2017

***

(3 цыклу «Над акіянам»)

Над акіянам
месяц сьветлалікі.
Яго магічная краса.
Не мая гэта радзіма.

2018

Час слабіны

У час сумненьняў і маркоты,
Калі музыка іграе
I здаецца — усё мінула,
Нават сонца не ўзышло,
Там, далёка-далёка,
За воблакамі.
За вадой,
За сінім лесам
Бацькаўшчына мая…
Толькі мілая Бацькаўшчына мая
Застаецца.

2017

Альманах «Беларус» (2018)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера