Знайсці
13.12.2018 / 09:19РусŁacБел

Жонка і яе каханак забілі мужа, а віну звалілі на алігатараў. Але праўда ўсплыла праз 17 гадоў

Тыповы фларыдскі алігатар, фота з Вікіпедыі

Жыхарку амерыканскага Талахасі (Фларыда) абвінавацілі ў змове з каханкам з мэтай забойства мужа, застрахаванага на 1,75 мільёна даляраў. Пра гэта паведамляе Associated Press.

У снежні 2000 года Майк Уільямс пайшоў паляваць качак і не вярнуўся. Буйнамаштабная пошукавая аперацыя была безвыніковай: не знайшлі ні зніклага паляўнічага, ні яго парэшткаў. У паліцыі заключылі, што ён выпаў з лодкі і патануў, а цела з'елі алігатары.

Па просьбе жонкі, Дэніз Уільямс, яго прызналі загінулым у выніку няшчаснага выпадку. Пасля гэтага ёй выплацілі 1,75 мільёна даляраў, на якія было застрахаванае яго жыццё. У 2005 годзе Уільямс выйшла замуж за лепшага сябра нябожчыка мужа — страхавога агента Браяна Вінчэстара. Праз сем гадоў яны рассталіся.

У 2016 годзе Вінчэстар напаў на Уільямс і на працягу гадзіны утрымліваў яе, пагражаючы пісталетам. Праз год ён прызнаў віну ў выкраданні чалавека і быў прысуджаны да турэмнага зняволення на 20 гадоў. На наступны дзень стала вядома, што знойдзеныя парэшткі зніклага 17 гадоў таму Майка Уільямса. Тэст ДНК пацвердзіў, што гэта менавіта ён.

Вінчэстар сцвярджае, што ён і Дэніз Уільямс былі палюбоўнікамі з 1997 года і разам вырашылі забіць яе мужа. Як страхавы агент, ён ведаў, што жыццё Майка застрахавана на буйную суму — адну з страховак прадаў ён сам.

На судзе Вінчэстар распавёў, што выштурхнуў Майка з лодкі, піша Tallahassee Democrat. Ён спадзяваўся, што цяжкія балотныя боты зацягнуць таго на дно, але паляўнічы ўчапіўся за пень і стаў клікаць на дапамогу. Тады страхавы агент застрэліў яго з ружжа, пагрузіў у аўтамабіль, адвёз у глухі тупік і закапаў.

У маі 2018 года Дэніз Уільямс арыштавалі і абвінавацілі ў забойстве першай ступені, змове з мэтай забойства і саўдзеле пасля забойства. Жанчына адмаўляе ўсе абвінавачванні. Яе адвакат выказаў здагадку, што Вінчэстар хлусіць аб яе ролі ў злачынстве, бо заключыў здзелку са следствам, якая дазволіла яму пазбегнуць абвінавачванняў у забойстве і больш суровага пакарання за выкраданне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера