Знайсці
13.12.2018 / 09:24РусŁacБел

«Правінцыя ў нас у галаве», альбо «Соль зямлі» па-беларуску

Кампанія «Разам да справы» — плён сумесных высілкаў кампаніі «Будзьма беларусамі!» і цэнтра даследавання грамадскага меркавання SYMPA — гадамі ладзіць мерапрыемствы і ток-шоу у беларускіх рэгіёнах. Навошта? Ці патрэбна гэта нашым суайчыннікам па-за МКАДам? Ці ёсць плён?

Наста Дашкевіч.

На практыцы «Разам да справы» — гэта серыя ток-шоу, Кірмашоў праектаў, майстар-класаў і круглых сталоў у розных кутках нашай радзімы, якія праводзяць тэарэтыкі і практыкі, але заўсёды лідары ў сваёй галіне. Удзельнікі — мясцовыя жыхары і актывісты, якія хацелі б зрабіць нешта для свайго рэгіёна, часам не ведаючы, як.

Такім чынам, у выніку няспыннай дзейнасці кампаніі было падтрымана больш за 45 культурніцкіх праектаў, больш за два дзясяткі клубаў мясцовых ініцыятыў — па ўсёй Беларусі запалілася шмат новых агеньчыкаў, пакліканых свяціць свайму атачэнню, даючы сігнал: «Жыць і працаваць можна і трэба ТУТ».

Наста Дашкевіч далучылася да кампаніі прыкладна год таму, стаўшы рэгіянальным каардынатарам «Разам да справы» і паспеўшы накруціць за гэты час не адну тысячу кіламетраў у паездках па Беларусі:

«Правінцыя» — яна ў нас галаве, жыве сярод нашых тараканаў і стэрэатыпаў. Беларусь тым і файная, што вельмі розная і вялікая. Кожнае мястэчка вартае таго, каб змяняць яго да лепшага як у плане інфраструктуры, так і ў плане культурнай атмасферы. Больш за тое, нам, мінчукам, ёсць чаму павучыцца ў тых, хто з’ехаў за МКАД і не спадзяецца на «матолькапамагі», а бярэ і робіць. Чаго каштуе той жа фестываль SPRAVA ў Белай Царкве!..»

Канечне, бывае па-рознаму і праца з рэгіёнамі далёка не заўжды выглядае ідылічна. Гэта і адмены мерапрыемстваў, і насцярожанасць у мясцовых чыноўнікаў ды актывістаў, якія ўпершыню сутыкаюцца з тым, што нехта да іх хоча прыехаць, каб пагутарыць пра іх праблемы, планы, перспектывы.

«Тым не менш вельмі прыемна бачыць, як насцярожанасць змяняецца даверам, — працягвае Наста. — Няўпэўненасць мясцовага каардынатара на гатоўнасць да працы і фантан ідэяў, а адмены становяцца вельмі рэдкім выключэннем. То бок непрыемныя моманты заўжды былі і будуць, але галоўнае — гэта пазітыўная дынаміка. Урэшце, нас запрашаюць зноў і зноў — тады і адчуваеш, што робіш усё недарэмна».

На пару з «Будзьма беларусамі!» у кампаніі «Разам да справы» ўжо тры гады бярэ ўдзел і цэнтр SYMPA. Паводле акадэмічнага дырэктара апошняга, Дзмітрыя Маркушэўскага, яго структуры найперш цікава дзяліцца досведам, які маюць эксперты SYMPA ў галіне міжсектарнага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця.

«Дзяліцца — значыць распавядаць зацікаўленым людзям і арганізацыям, як грамадзяне, бізнес і ўлада могуць разам эфектыўна вырашаць задачы развіцця сваёй мясцовасці, — тлумачыць Зміцер. — Гэта задачы і культурніцкага профілю, і сацыяльна-эканамічнага. Мы прыводзім прыклады з розных краін, каб параўнаць і патлумачыць, як гэта робіцца ў свеце. Упэўнены, праз такую супрацу паляпшаецца жыццё людзей».

Кампанія «Разам да справы» робіць акцэнт менавіта на інклюзіўным развіцці. Чаму? Бо са сталіцы цяжка, калі наогул магчыма, убачыць усю разнастайнасць і глыбіню праблем, якія турбуюць людзей у нашых гарадах і мястэчках.

«Варта звярнуць увагу, — працягвае Зміцер, — што калі мы з калегамі ўдзельнічаем у абмеркаванні праблемаў у рэгіёнах, то дзелімся меркаваннямі, размаўляем, дыскутуем, як зрабіць найлепш. Важна размаўляць і прапаноўваць варыянты рашэнняў, але не павучаць, не ставіць задачы».

Паводле Дзмітрыя, неад’емнай часткай кампаніі стала Школа мэраў, слухачы і выпускнікі якой — патэнцыйныя і сапраўдныя лідары, якія атрымалі веды і навыкі, неабходныя для эфектыўнага і ўстойлівага тэрытарыяльнага развіцця. «Мы спадзяёмся, што яны працягнуць працу ў сваіх рэгіёнах у шчыльным партнёрстве з іншымі ўдзельнікамі кампаніі «Разам да справы», — рэзюмуе Маркушэўскі.

У скарбонцы кампаніі — культурніцкія фэсты і добраўпарадкаваныя грамадскія месцы, краязнаўчыя даследаванні і выданні, сфармаваныя суполкі мясцовых актывістаў-валанцёраў, якія робяць малыя і вялікія справы, наладжваюць гарызантальныя сувязі ў сваім рэгіёне. Важна, што ў далейшым канкрэтная мясцовая ініцыятыва можа працаваць ужо і без «Будзьма беларусамі!», і без SYMPA — цалкам аўтаномна. Галоўнае — прыехаць, падтрымаць, даць штуршок.

«Большасць нашых ток-шоў збірае так званую «соль зямлі», — падводзіць вынікі Наста Дашкевіч. — Гэта найбольш актыўныя і зацікаўленыя людзі рэгіёна. І калі яны збіраюцца разам, вынікі часам бываюць фантастычныя! А яшчэ гэта вельмі натхняе, калі бачыш школьніц 8-9 класаў з вёсачкі ў Магілёўскай вобласці, якія прэзентуюць праект «вёскі памяці»: віртуальна ажывіць вёску, якой даўно ўжо няма. І каб сябрукі-школьнікі, праязджаючы побач на роварах, маглі дакрануцца да спадчыны гэтай зямлі».

Сапраўды, калі ў Мінску праводзіцца безліч воркшопаў, майстар-класаў, фестываляў, чаму на іх не маюць права маладзёны з Пружанаў, Лунінца ці Докшыцаў? Няўжо ім не патрэбныя эксперты, парады, нефармальнае навучанне і падтрымка? Атрымліваецца, патрэбныя. І, зразумеўшы гэта, ты атрымліваеш яшчэ адзін ключык да пытання, як развіваць Беларусь комплексна, па-за ўтульнымі кавярнямі на Рэвалюцыйнай ці Зыбіцкай.

«Разам да справы» — гэта не «гаварыльня» з прыгожымі фотасправаздачамі, але рэальная праца, якая дае магчымасць прадстаўнікам нашых рэгіёнаў жыць не «чаркай-і-скваркай», а рабіць сваю маленькую радзіму лепшай і прыгажэйшай. Не стаяць перад пастаяннай дылемай пераезду з «дэпрэсіўнай правінцыі» ў вялікі горад, а рабіць свой маленькі дом больш камфортным і прывабным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930