Знайсці
12.12.2018 / 13:319РусŁacБел

Стала вядома пра яшчэ адно збіццё ў мастацкім каледжы: вучню зламалі скулу пасля ўрока беларускай мовы

Пасля гучнай гісторыі з бойкай двух студэнтаў Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.Кедышкі з Рэдакцыяй звязалася маці іншага вучня гэтай установы. Жанчына распавяла, што яе сыну, таксама першакурсніку, зламалі скулу проста на ўроку беларускай мовы.

Па словах жанчыны, інцыдэнт здарыўся 18 кастрычніка. Яе сын Дзяніс сядзеў за партай. Да хлопца падышоў іншы вучань, ударыў у твар. Скончылася ўсё бальніцай.

Прычым адбылося ўсё ў той жа групе, дзе вучыцца Дзмітры Ц., пацярпелы ў нядаўняй бойцы, якая трапіла на відэа.

Версія мамы такая: да яе сына ўвесь час чапляліся аднагрупнікі.

«Дзяніс быў сам па сабе. Да яго пастаянна чапляліся: не тую музыку слухаеш, не ў тыя гульні гуляеш… Сапраўдны булінг. Там амаль уся група — сапраўдныя гопнікі, — сцвярджае Маргарыта, мама пабітага студэнта. — А тая бойка адбылася на вачах выкладчыцы, яна ж і куратарка групы. І яна не хацела адпускаць майго сына з заняткаў пасля збіцця! У выніку той сышоў сам, дома бацька яго ўбачыў і павёз у бальніцу. Хлопчыку дыягнаставалі шматлікія пераломы сківічнай пазухі. 18 дзён ён ляжаў у бальніцы, хадзілі размовы нават, што давядзецца рабіць аперацыю, але абышлося».

Маці ўпэўненая, што каледж хацеў замяць справу. Але жанчына напісала заяву ў міліцыю, прычым і на хлопца, які ўдарыў яе сына, і на куратарку групы Жанну Васілевіч.

«Больш за ўсё мяне абурае, што выкладчык не панесла ніякага дысцыплінарнага пакарання. Калі яна заяўляе, што сын не захацеў з ёй гаварыць, бо непрыязна да яе ставіцца — гэта проста цырк», — злуецца маці.

Але справу завялі толькі на хлопца, які ўдарыў аднагрупніка. Збіццё кваліфікавалі як менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

«Наша Ніва» звязалася з некалькімі аднагрупнікамі пацярпелага хлопца. Тыя пацвярджаюць, што камунікацыя не складвалася.

«Ён быў сам па сабе, на сваёй хвалі. Дзіўны, на ўсіх уроках у тэлефоне сядзіць, гуляецца ў штосьці, на настаўнікаў не рэагаваў. Часам нават падручнікі не браў з сабою, толькі футбольны мячык, які ганяў сам на перапынках, — распавёў адзін са студэнтаў. — На заўвагі рэагаваў рэзка. Калі ў яго пыталіся аднагрупнікі, чаму ён не піша на занятках, адказ мог быць: «Адчапіцеся, кончаныя».

Іншы студэнт кажа, што ў той раз Дзяніса і «пакаралі за доўгі язык». Ён нібыта назваў аднагрупнікаў «убогімі ўёб***».

«Ён абразіў увесь клас. Адзін хлопец і даў яму ў галаву з кулака. Ну і ўсё», — кажа студэнт. Па яго словах, фармальна бойка адбылася не на ўроку, а на перапынку — праўда, на першай жа хвіліне, адразу пасля званка.

Куратарка групы Жанна Васілевіч адмовілася каментаваць гэты выпадак.

Маці пацярпелага хлопца ў выніку вырашыла забраць дакументы сына з каледжа.

«Ён там вучыцца не будзе, гэта дакладна», — кажа яна.

А хлопцу, які ўдарыў яе сына, цяпер пагражае крымінальная адказнасць.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930