Знайсці
16.12.2018 / 20:494РусŁacБел

Пасол Брытаніі выказалася пра сцяг ЛГБТ, удзел у фінансаванні Закона аб хатнім гвалце і ўспрыманні Беларусі ў хаўрусе з Расіяй

Фіёна Гіб ужо тры гады прадстаўляе Брытанію ў Беларусі. Пры ёй традыцыйна ціхае (як і ўсе астатнія) пасольства трапіла ў скандал з МУС, спрычынілася да некаторых важных для грамадства праектаў і пачало часцей з'яўляцца ў СМІ. 

Спадарыня пасол Фіёна Гіб выказалася для «Нашай Нівы» па некаторых актуальных пытаннях. 

«Наша Ніва»: Як вы ўспрымаеце «справу БелТА»?

Фіёна Гіб: Я не буду каментаваць сам змест абвінавачванняў: гэтую гісторыю з паролямі і ўсё астатняе, бо некаторыя рэчы мне няясныя. Але і нам, і Еўрасаюзу агулам рэакцыя ўладаў падалася празмернай. Менавіта таму некаторыя дыпламаты выказалі падтрымку, у тым ліку наведваннем пацярпелых рэдакцый.

Для нас гэтая справа — узор таго, як улады аказваюць ціск на медыя.

Нам незразумела, чаму дзяржава, калі яна хоча ведаць думку народа, не дае медыя нармальна функцыянаваць. Калі вам хочацца ведаць больш — не стварайце перашкод.

І існуе мноства прыкладаў пераследу медыя, пытанне свабоды медыя не сыходзіць з парадку дня ў перамовах з Еўрасаюзам.

Я ведаю, што крымінальныя абвінавачванні былі знятыя з многіх, але тыя людзі атрымалі вялізныя штрафы, што таксама выглядае празмерным. Што датычыць Марыны Золатавай, то я пакуль не магу расказаць пра магчымыя рэакцыі на яе прысуд — давайце пачакаем, чым усё скончыцца.

«Наша Ніва»: Чаму пасольства Брытаніі вывесіла ЛГБТ-сцяг? Што вы думаеце наконт рэакцыі МУС?

Фіёна Гіб: Брытанскі ўрад заахвочвае ўсе пасольствы па ўсім свеце вывешваць у гэты дзень гэты сцяг. Гэта адбылося ў чацвёрты раз, я заўважу, а не ўпершыню. Мы не прасоўваем ЛГБТ, мы, хутчэй, павышаем абазнанасць людзей: маўляў, такія ёсць сярод нас. Мы супраць дыскрымінацыі, і рэакцыя МУС сведчыць, што дыскрымінацыя ў Беларусі ўсё ж ёсць.

Але я не хачу сварыцца з МУС, існуе вялікая колькасць праблем, якія патрабуюць сумеснай работы: гандаль людзьмі, абарона дзяцей, закон аб хатнім гвалце і гэтак далей.

Ёсць нейкія пытанні са сцягам, але мы супрацоўнічаем. Прыклад такой работы: стварэнне праекта закона «Аб хатнім гвалце».

«Наша Ніва»: Выглядае, што гэты закон не будзе прыняты, бо абсечаны на самым версе — асабіста Лукашэнкам.

Фіёна Гіб: Я была расчараваная, калі прэзідэнт зрабіў заяву аб непатрэбнасці такога закона. Я не разумею, навошта ён гэта сказаў. Каб зразумець, напэўна, трэба было б з ім сустрэцца. Але маем што маем, і даводзіцца шукаць іншыя спосабы, як дасягнуць пастаўленай мэты.

Але пры падрыхтоўцы была зроблена вялікая работа, і гэтыя напрацоўкі, напэўна, будуць выкарыстоўвацца для дапаўнення існуючых законаў. Мы фінансавалі работу над гэтым праектам (гаворка пра фінансаванне экспертнай падтрымкі і кансультацый праз ЮНФПА).

 

«Наша Ніва»: Што зменіцца ў палітыцы Брытаніі да Беларусі пасля Брэксіту?

Фіёна Гіб: Брэксіт не ўплывае на адносіны Беларусі і Брытаніі. Што да адносін, то цешыць, што мы абмяняліся афіцыйнымі візітамі — гэта тое, чаго не адбывалася ўжо шмат год. Адносіны развіваюцца.

Але, у любым разе, выдаваць візы ў Беларусі мы не будзем. Гэтае пытанне вырашае іншае ведамства, аналаг Міністэрства ўнутраных спраў у Беларусі. Іх палітыка ў тым, каб скараціць колькасць візавых супрацоўнікаў ва ўсім свеце і стварыць кластары ў пэўных рэгіёнах свету.

Беларусам робяць візы ў Варшаве, гэта працэс, які можна зрабіць анлайн. Варшаўскі офіс выдае для беларусаў прыкладна 11 тысяч віз у год.

«Наша Ніва»: Як Беларусь успрымаецца з Брытаніі — гэта поўны сатэліт Расіі, незалежны гулец ці нешта сярэдняе?

Фіёна Гіб: Мы разумеем, што адносіны з Расіяй важныя Беларусі: у вас культурныя, гістарычныя, эканамічныя сувязі. Мы паважаем гэта, і перад Беларуссю не стаіць выбар між Расіяй і Захадам. Але мы таксама не думаем катэгорыямі «сваёй сферы ўплыву», куды Беларусь, напрыклад, змяшчае Расія. Мы не разумеем самога паняцця «сферы ўплыву». Мы паважаем сяброўства між краінамі да таго моманту, пакуль адна з іх паважае непарушнасць і суверэнітэт другой. І мы бачым, як Расія праявіла гэтую павагу ў сяброўстве з Украінай.

Мне здаецца, што Беларусь знаходзіцца ў цяжкім становішчы, яна залежыць ад Расіі эканамічна і энэргетычна. Гэта дае Расіі рычагі ўплыву на вашу краіну, што не заўсёды карысна ва ўспрыманні Беларусі на міжнароднай арэне.

Нашая палітыка ў дачыненні Беларусі — падтрымліваць яе незалежнасць і суверэнітэт. І мне здаецца, што Беларусі трэба хутчэй рухацца ў пытаннях рэфармавання эканомікі і інстытутаў.

Так, можна сказаць, што і ў нас не ўсё ідэальна, але чаго не адняць — дык гэта таго, што ў Брытаніі паспяховая эканоміка.

І тыя ж незалежныя медыя, з якіх мы пачыналі, — яны развіваюць грамадства, разнявольваюць яго. А свабоднае грамадства больш крэатыўнае, гэта спрыяе развіццю. Свабоднае грамадства мае надзею на будучыню. Адстутнасць надзеі — гэта тое, з чым я сутыкаюся ў размовах з мноствам беларусаў.

«Наша Ніва»: Беларусы вывучаюць англійскую мову 11 гадоў у школе, потым яшчэ ва ўніверсітэце. Але агульны ўзровень валодання мовай усё адно нізкі. У чым тут праблема?

Фіёна Гіб: Калі гаворка пра методыкі, то думаю, калі б Міністэрства адукацыі хацела нешта змяніць, яны б да нас звярнуліся. Аднак, каб добра гаварыць, трэба мець практыку. І брытанскія школьнікі таксама вучаць замежныя мовы, але я не думаю, што яны на іх добра гавораць, калі не браць спецыялізаваныя ўніверсітэты.

Але я ведаю, што Брытанскі савет праводзіць работу ў Беларусі — да канца лютага ў трох універсітэтах запрацуюць цэнтры англійскай мовы і культуры.

«Наша Ніва»: Чаму б брытанцы маглі павучыцца ў беларусаў?

Фіёна Гіб: Брытанцы ў адносінах трохі згубілі культуру добрых манераў, а беларусы вельмі ветлівыя і ставяцца з павагай. Гэта бачаць па прыездзе многія замежнікі, адчуваюць атмасферу бяспекі.

nn.by, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930