Знайсці
11.12.2018 / 17:19РусŁacБел

У дзіцяці тэмпература: інструкцыя, як дзейнічаць — 18 пунктаў

Доктар-анестэзіёлаг Андрэй Вітушка па палічках раскладвае ўсю схему дзеянняў падчас сутыкнення з тэмпературай у дзяцей.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: woman.ru.

1. Высокая тэмпература сама па сабе — не хвароба, гэта фізіялагічная рэакцыя арганізма. 

2. Высокая тэмпература — гэта колькі? Ад 38°С, незалежна ад месца вымярэння.

3. Дзе лепш мераць тэмпературу? Найбольш надзейным спосабам вымярэння тэмпературы ў дзяцей лічыцца рэктальны (у прамой кішцы). Таксама тэмпературу можна мераць на скуры пад пахай, на лбе, у роце, у вонкавым вушным праходзе бескантактным спосабам. 

4. Рэкамендацыі па тым, дзе мераць тэмпературу, у розных краінах не супадаюць. Напрыклад, Амерыканская акадэмія педыятрыі для дзяцей да 3 месяцаў жыцця рэкамендуе выключна рэктальнае вымярэнне тэмпературы. У той жа час брытанскія лекары не рэкамендуюць аральны і рэктальны спосабы вымярэння тэмпературы.

Але ўсе салідарныя ў тым, што ртутныя тэрмометры не павінны больш ужывацца з-за патэнцыйнай небяспекі атручвання пры іх пашкоджанні.

5. Тэмпература цела ў дзяцей — дынамічны паказчык, яна меняецца ў залежнасці ад месца, спосабу вымярэння, узросту пацыента і часу сутак. Такім чынам, нармальная тэмпература — гэта не асобная лічба, а дыяпазон. Так, нармальнай рэктальнай тэмпературай лічыцца 36,6—38,0°С, аксілярнай 36,5—37,5°С, а ў вушным праходзе — 35,8—38,0°С. Чытайце таксама, што напісана ў інструкцыі для тэрмометра пра лічбы нармальнай тэмпературы.

6. Вышыня ўздыму тэмпературы не заўжды сведчыць пра цяжкасць захворвання. 

7. Высокая тэмпература, нават на працягу некалькіх гадзін, не наносіць шкоды фонава здаровым дзецям. 

8. Пры высокай тэмпературы важна добра паіць пацыента. У абязводжаных дзяцей тэмпература падымаецца вышэй, трымаецца даўжэй і лечыцца горш. 

9. Таксама важна адэкватна дзяцей апранаць. Два слаі вопраткі часта замінаюць належнай аддачы цяпла. 

10. Калі вы задумалі чымсьці абціраць дзіця для зніжэння тэмпературы, то рабіце гэта вадой пакаёвай тэмпературы, а не спіртам (ён усмоктваецца праз скуру).

11. Прымяненне жарапаніжальных прэпаратаў у фонава здаровых дзяцей апраўдана пры тэмпературы, вышэйшай за 39°С. Ва ўсялякім разе, раней за 38,5°С медыкаменты, як правіла, немэтазгодныя

12. Ёсць толькі 2 прэпараты для зніжэння тэмпературы ў дзяцей — Парацэтамол і Ібупрафен. Аспірын, Німесулід ды іншыя Дыклафенакі ў дзяцей не выкарыстоўваюцца з-за імавернасці пабочных эфектаў. 

13. Эфект ад прымянення жарапаніжальнага прэпарату ацэньваецца не раней, як праз 40 хвілін пасля прымянення.

14. Камбінаваныя прэпараты парацэтамолу з ібупрафенам не рэкамендаваныя для дзяцей. У іх недастатковая доза і аднаго, і другога кампаненту, а таксама няма пераканаўчых дадзеных пра тое, што іх прымяненне мае дадатковыя перавагі перад ужываннем парацэтамолу ці ібупрафену асобна. 

15. Доза жарапаніжальных прэпаратаў вылічваецца, сыходзячы з масы цела пацыента, а не ягонага ўзросту. Рэкамендацыі па мл прэпарату для дзяцей рознага ўзросту, якія прыводзяць інструкцыі, часта прымяняльныя толькі для сярэднестатыстычных дзяцей з сярэднестатыстычнай (па ўяўленні вытворцаў медыкаменту) вагой.

16. Жарапаніжальныя прэпараты не прымяняюцца прафілактычна — толькі па факце павышэння тэмпературы і неабходнасці. 

17. Не рэкамендуецца будзіць дзіця, каб даць яму жарапаніжальны прэпарат (гл. п. 7). 

18. Для вымярэння дозы медыкаментаў рэкамендуецца карыстацца адмысловымі меркамі, якія да іх прыкладаюцца, а не лічыць, што сталовая лыжка — гэта 15 мл любога рэчыва.

Андрэй Вітушка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера