Знайсці
05.12.2018 / 21:182РусŁacБел

У Мінску закрылася прыватная аўташкола «Сігнал», каля 100 курсантаў засталіся ні з чым

Як стала вядома «Нашай Ніве», каля 100 чалавек, якія займаліся ў прыватнай аўташколе «Сігнал», не змогуць у найбліжэйшы час атрымаць пасведчанні кіроўцы. Ды і вяртаць грошы за няскончанае навучанне — па 700 рублёў з чалавека — ім ніхто не збіраецца.

«Учора [4 снежня] у нас меўся быць занятак, а выкладчык тэорыі кажа: маўляў, нічога не будзе — учора школа была ліквідаваная. Вось вам паперы, падпішыце, што вы забралі свае медыцынскія даведкі. Вядома, людзі пачалі пытацца пра кампенсацыю грошай. Што сказаў выкладчык? «Уявіце, што вы замовілі ў краме на заўтра 50 бутэлек гарэлкі, а заплацілі сёння. Прыходзіце на наступны дзень — а крама закрылася. Вам вернуць грошы?». Ён сказаў, што шансаў вярнуць амаль няма. Маўляў, вось вам нумар ліквідатара, званіце яму і высвятляйце», — паведаміў «Нашай Ніве» чытач.

Прыватная аўташкола «Сігнал» была заснаваная ў 2005 годзе і мела сярэднія паказчыкі паспяховасці здадзеных экзаменаў. 

Што ў іх там нарабілася? 

У «Сігнале» прызнаюць, што працэс ліквідацыі запушчаны і заняткі больш не праводзяцца, маўляў, астатнія пытанні — да ліквідатараў. 

Ліквідуе «Сігнал» кампанія «Зэ Энд» (у перакладзе з англійскай мовы — «Канец»). 

Як патлумачыў юрысконсульт гэтай кампаніі, «Сігнал» ліквідуецца не па рашэнні суда, а па рашэнні ўласніка. 

«У гэтым выпадку рашэнне прыняў уласнік — яны не бачаць сэнсу ў далейшай дзейнасці. Вядома, людзей цікавіць, ці вернуць ім грошы. Ім трэба напісаць патрабаванне на імя ліквідатара з тлумачэннем, што за запазычанасць перад імі, прыкласці квіток аб аплаце. Згодна з законам за два месяцы будзе складзены спіс такіх асоб і арганізацый, перад якімі мае абавязкі «Сігнал». Будзе таксама ацэнены баланс прадпрыемства, ягоныя пасівы і актывы. І потым, згодна з чаргой, запазычанасць будзе пагашацца», — сказалі нам. 

Юрыст Сяргей Зікрацкі тлумачыць, што шансы вярнуць сродкі выглядаюць няпэўнымі. 

«Падчас ліквідацыі складаецца спіс крэдытораў і спіс маёмасці, з якой можна выплачваць кампенсацыю. Калі гэтай маёмасці не хопіць, то тады ўжо гэтая арганізацыя ідзе ў суд і абвяшчае сябе банкрутам.

Калі суд прыходзіць да высновы, што банкруцтва не наўмыснае, то тады нічога нікому не вернуць», — кажа Зікрацкі. 

«У законе ёсць паняцце «махлярства» — завалоданне чужой маёмасцю шляхам злаўжывання даверам. Калі кіраўніцтва фірмы заключала новыя ўгоды ўжо ведаючы, што не зможа іх выканаць, а толькі для таго, каб разлічыцца з часткай запазычанасцяў і на этапе падпісвання кантракту не мела намер яго выконваць, то гэта махлярства. Але калі такое і было, то гэта цяжка даказаць, з гэтым мусяць разбірацца адпаведныя органы», — падсумаваў юрыст. 

У самой аўташколе, дарэчы, нам сказалі, што «закон не прадугледжвае магчымасці спыніць навучанне і працягнуць яго ў іншым месцы». Выходзіць, што падманутым людзям трэба будзе пачынаць усё спачатку. 

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера