Знайсці
04.12.2018 / 15:4816РусŁacБел

На Шклоўшчыне распрацоўваецца маршрут, звязаны з жыццём і дзейнасцю Лукашэнкі

president.gov.by

У Шклове распрацоўваецца маршрут, звязаны з жыццём і дзейнасцю першага прэзідэнта Беларусі, піша Звязда.

Маршрут «Малая радзіма» існуе ў Шклове не першы год, але цяпер ён удасканальваецца і пашыраецца. Тут яшчэ знаходзяцца пад уражаннем ад здымак кліпа Алены Ланской «Куточак Беларусі». Але дом — школа — крыніца — гэта яшчэ не ўсё, што тут могуць паказаць. У аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама адзначаюць, што колькасць тых, хто жадае паглядзець, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва і пачатак працоўнай дзейнасці кіраўніка краіны, расце. Зараз вось не спыняецца паломніцтва да Трафімавай крыніцы, якую добраўпарадкаваў яшчэ дзед прэзідэнта. У дзень тут бывае некалькі дзясяткаў чалавек. І гэта не ўлічваючы афіцыйных дэлегацый. Прычым не толькі з Беларусі, а з розных краін і часцей за ўсё Расіі.

Алеся Купцова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкама дзеліцца напрацоўкамі:

— Пачынацца наш маршрут будзе са Шклова — гісторыка-краязнаўчага музея, дзе ёсць выстаўка, прысвечаная дзейнасці першага прэзідэнта. Потым наведваем шклоўскую школу № 1, дзе Аляксандр Рыгоравіч пэўны час узначальваў камсамольскую пярвічку і дзе пасля вучыліся двое яго сыноў. Дарэчы, праз тры гады школа адзначыць сваё 100-годдзе. Александрыя — радзіма прэзідэнта, тут, адпаведна, самы запатрабаваны аб'ект — школа, дзе ён вучыўся. І — Трафімава крыніца, якая побач з аграгарадком.

Дом, дзе жыў маленькі Лукашэнка, не захаваўся. Ён быў знесены, але праз пэўны час на гэтым месцы пабудавалі іншы дом, падобны на папярэдні. Гэта прыватная маёмасць, закрытая для наведвальнікаў. Убачыць яго можна толькі ў кліпе Алены Ланской — здымкі праходзілі менавіта ў ім. А яшчэ ў школе — тым самым будынку, дзе вучыўся будучы кіраўнік дзяржавы.

Зараз там музей, а побач знаходзіцца сучасная двухпавярховая школа. Трафімава крыніца апошнім часам таксама змянілася да непазнавальнасці — гэта цэлы комплекс пабудоў, прыгожа аформлены ландшафт. Сёлета ў яе добраўпарадкаванні падчас суботніка прымаў удзел і сам прэзідэнт. Гэтую крыніцу наведвалі Уладзімір Пуцін і прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў. Яны вельмі высока ацанілі якасць вады. Зараз мы прапрацоўваем яшчэ адзін аб'ект, дзе пачыналася працоўная дзейнасць будучага прэзідэнта, кажа А.Купцова.

«Звязда» дадае, школа ў Александрыі — адзін з самых папулярных аб'ектаў. Тут працуе свой гісторыка-краязнаўчы музей.

— Сёлета нас наведала каля шасці тысяч чалавек, — расказвае дырэктар школы Аляксандр Бобрыкаў. — Для параўнання: летась было 4,5 тысячы. Кожны тыдзень прыходзіць каля 200—300 чалавек. Экскурсіі праводзяць нашы навучэнцы, але людзі прыязджаюць нават у выхадныя дні. І тады я падмяняю школьнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930