Знайсці
04.12.2018 / 14:5014РусŁacБел

Школьніку, які кінуўся з нажом на тату, чужыя людзі нанялі адваката, а цяпер шукаюць кампрамат на сям'ю — падрабязнасці

24 верасня 14-гадовы мінскі хлопец С. кінуўся на свайго бацьку Дзмітрыя з нажом. Ён паспеў нанесці некалькі ўдараў у спіну, пасля чаго бацька здолеў забраць нож у сына. Затым бацьку забрала хуткая, сына — міліцыя.

Дзмітрый з сынам. Фота з блога Цімашкова.

Тады гэтая гісторыя прайшла міма СМІ, а ўсплыла толькі ў канцы лістапада, калі Дзмітрый Цімашкоў — пацярпелы бацька хлопца — напісаў пра здарэнне ў сваім блогу. Цімашкоў вядомы як «Лільчын тата» — ён бегае марафоны разам з дачкой, хворай на ДЦП, вядзе блог пра жыццё і праблемы сям’і з інвалідам.

Чытайце: «Cын нанёс мне 6 удараў нажом у спіну. За што?» У Мінску за замах на бацьку затрыманы школьнік

Пра свае ўражанні Цімашкоў-старэйшы не толькі напісаў у блогу. Ён даў падрабязнае інтэрв’ю tut.by, у якім прызнаў:

так, большасць увагі ў яго сям’і атрымлівала хворая дачка, а апошнім часам адносіны з сынам сталі напружанымі. Праз хваробу дачкі жыццё сям’і і так было няпростым — не заўсёды хапала грошай, амаль увесь час сам Дзмітрый займаўся дачкой, у дадатак яго былая жонка раней мела праблемы з алкаголем…

Як кажа сам Дзмітрый, незадоўга да трагедыі сын пачаў глядзець на бацьку з пагардай, у іх пачаліся сваркі і канфлікты. Апошнім канфліктам і стаў напад з нажом.

«З цяжкасцю ўдалося забраць нож. Стала цяжка дыхаць, ад крыві майка прыліпла да спіны. Вельмі добра памятаю, як сын сказаў: «Я цябе ненавіджу», — узгадаў бацька.

Але гэтую гісторыю падхапілі не толькі СМІ. У сацсетках арганізаваўся сапраўдны рух у падтрымку хлопчыка. Праўда, арганізаваны даволі дзіўна. І паціху кампанія «за С.» пачала ператварацца ў кампанію супраць яго бацькі.

Пачалося ўсё з былой радыёвядучай Таццяны Мартынавай. Яна апублікавала ў фэйсбуку допіс, прысвечаны нападу С. на бацьку. Проста так нянавісць да бацькі не нараджаецца, рабіла лагічную выснову Мартынава.

Таццяна Мартынава. Фота з Фэйсбука.

Затым у каментах да паста пачаўся ледзьве не флэшмоб у падтрымку хлопчыка. Чытачы і сябры Мартынавай — у асноўным жанчыны — вырашылі, што С. варта ратаваць. Пастанавілі пачаць збор грошай на картку новай сяброўкі Мартынавай — Алены Красоўскай. Здавалася б, добрая справа. Але рэалізацыя яе выклікала пытанні.

Алёна Красоўская

Пасля нападу на бацьку С. нанялі адваката — дамову заключыла Вольга, маці хлопца. С. правёў месяц у Навінках, куды яго паклалі на экспертызу. Эксперты вырашылі, што хлопец усведамляў свае дзеянні. Затым падлетка змясцілі ў СІЗА ў Жодзіне.

А ў канцы лістапада Вольга даведалася, што ў сына з’явіўся яшчэ адзін адвакат, Максім Агееў. Нанялі яго ці то паплечнікі Мартынавай і Красоўскай, ці то сама Алена Красоўская (так, па законе старонняя асоба можа наняць адваката, і адмовіцца ад яго паслуг можа толькі сам хлопчык, а не яго бацькі). Прычым, у каментарах да допісаў Мартынавай жанчыны доўга раіліся, ці варта ўвогуле паведамляць маці хлопца пра ідэю з новым адвакатам.

Дарэчы, сам Агееў паведаміў «Нашай Ніве», што з Вольгай, маці хлопчыка, ён размаўляў і даволі шмат. На пытанні, хто яго наняў, адказваць адмовіўся.

Пасля Вольга пацвердзіла, што першапачаткова сапраўды Агееў размаўляў з ёй. «Але што ён плануе рабіць, пра што размаўляе з сынам, якая ў яго стратэгія па абароне — адвакат мне нічога не кажа», — тлумачыць свае прэтэнзіі жанчына.

А Таццяна Мартынава напісала яшчэ некалькі допісаў, прысвечанай гісторыі Цімашковых. У каментах да іх разгарнулася кампанія «салідарнасці».

Пачыналася ўсё з нататак аб адсутнасці цёплых рэчаў, падручнікаў і падтрымкі адваката. Прычым ніхто дакладна не ведаў, што дакладна адбываецца з С., бо кантактаваць з бацькам «група падтрымкі» не хацела, а маці хлопца спачатку сама вырашыла не выходзіць на сувязь з валанцёрамі.

(Цімашковы, у сваю чаргу кажуць, што сын дасылаў ім з СІЗА лісты, дзе пералічваў усё патрэбнае. Маці пасля перадала С. усе рэчы, якія ён прасіў).

Узнікла пытанне і з падручнікамі, якія «актывісты» перадалі С. Гэта тыя кнігі, якія спачатку сам пацярпелы бацька вярнуў школе, бо ані ён, ані завуч, не ведалі, як дзейнічаць у сітуацыі.

«Дзякуючы маім допісам ёсць грошы, якіх мама сабе дазволіць не магла, у хлопчыка добры адвакат і падручнікі з працоўнымі сшыткамі», — кажа Мартынава, якая ставіць сітуацыю ў свае заслугі. Але прызнаецца — яе не асабліва цікавяць нюансы таго, як да яе паплечнікаў трапілі тыя падручнікі.

Бацькі С. толькі паціскаюць плячыма — яны не разумеюць, што адбываецца і навошта. Ані Мартынаву, ані Красоўскую ніхто з бацькоў раней не ведаў.

«Упершыню я сустрэла гэтых актывістаў пад СІЗА, прыкладна тыдзень таму. Яны перадавалі перадачу С. Мы пагаварылі, мне падалося, што яны адэкватныя. Я сказала, што ніякі бок займаць не буду, ані іх, ані мужа, для мяне гэта няважна, для мяне галоўнае — сын. Здавалася, яны зразумелі. А пасля пачалі шукаць нейкі бруд, вельмі актыўна ліць яго», — кажа Вольга.

Паступова вір каментаў пад допісамі Мартынавай закруціўся ад дапамогі хлопчыку ў зусім іншы бок. І неабыякавыя жанчыны сапраўды пачалі шукаць любы бруд, звязаны з імём пацярпелага бацькі. Прычым, хіба не асноўнай крыніцай кампрамату стаў блог Дзмітрыя Цімашкова.

Запісы чатырох-, пяцігадовай даўніны пачалі выкарыстоўвацца як аргументы віны мужчыны — маўляў, глядзіце, ён піша, што ўдарыў сына. Глядзіце, ён пасадзіў сына граць на баяне ў парку і збіраць грошы для хворай Лілі. Забараняў карыстацца мабільнікам.

Цімашкоў тлумачыць гэтыя абвінавачванні спакойна. Кажа, што допісы ў блогу — гэта, перш за ўсё, дзённік, белетрыстыка, а не пакрокавая фіксацыя сапраўдных падзей. А гісторыя з ударам — не факт, што і была. Мог пляснуць сына, але тое, каб сапраўды накінуўся, пачаў лупіць… — малаверагодна, сцвярджае мужчына.

Па-першае, там была вельмі стрэсавая сямейная сітуацыя. А па-другое, той допіс у блогу мог быць заменай рэальнаму ўдару, кажа Дзмітры. Маўляў, выкажаш — і табе не трэба гэтага рабіць.

«А абмежаванне карыстання тэлефонам — гэта, у першую чаргу, клопат пра сына, каб ён не псаваў вочы, гуляючы на маленькім экране. Правіла класці тэлефон у скрынку было. Але ж яно зусім не заўсёды выконвалася. Ды і што мне было рабіць, калі ён, напрыклад, мне хаміў? Так, я забіраў тэлефон на суткі. Гэта быў хіба не адзіны мой рычаг уплыву. А што мне было рабіць, не мог жа я ўзяць рэмень і біць сына, — распавядае Дзмітры Цімашкоў. — Мяне хочуць зрабіць строгім тыранам, але ж усё зусім не так».

Да таго ж, Цімашкоў кажа, што ўжо супакоіўся, асэнсаваў сітуацыю. І цяпер гатовы прыняць сына і вельмі хоча, каб ён вярнуўся дадому.

Яго былая жонка пацвярджае:

«Дзмітрый хоча, каб С. выйшаў. Ён думае, як вызваліць сына, а не як яго пасадзіць».

Але «неабыякавыя грамадзяне» на чале з Мартынавай працягваюць актыўна шукаць інфармацыю пра Цімашкова-старэйшага. Спрабавалі звязацца з былым цесцем Цімашкова (вядома, што у мужчын напружаныя адносіны), з яго першай жонкай. Тая, дарэчы, не захацела гаварыць з актывістамі.

«Яны грукаліся ў сацсетках да мяне, да маёй маці, шукалі, як можна пагаварыць з маім бацькам. Але мы іх праігнаравалі», — кажа Ірына, першая жонка Дзмітрыя.

«Мартынаўцы» абяцаюць, калі прыйдзе час, прад’явіць грамадскасці доказы здзекаў бацькі з сына. Па словах актывістак, яны нават правялі журналісцкае раследаванне, праўда, вынікі яго пакуль не агучваюць.

Імя Дзмітрыя Цімашкова скланяецца ў каментах на розныя лады. Даходзіць да абсурду. Ужо нейкі «астрапсіхолаг» Азалія Аліева пачынае «аналізаваць карту нараджэння Цімашкова» і вырашае, што нічога дзіўнага — гэта проста «яркі прыклад таго, калі ў карце ў чалавека на мужчынскія планеты ёсць аспекты планет, якія ёсць ўцёкі ад рэальнасці».

Але навошта гэта ўсё робіцца? І робіцца такім чынам? Ці спроба патапіць бацьку — гэта дапамога яго сыну, на думку актывістак? 

«А Вы лічыце, што закапаць хлопчыка і зрабіць з таты — героя і пакутніка — гэта правільна? За ўчынкі непаўналетніх дзяцей нясуць адказнасць іх бацькі. Хлопчык не вінаваты ў тым, што нарадзіўся здаровым, — кажа Мартынава. — Я прачытала артыкул на tut.by і проста задала свае пытанні тым, хто яго пісаў. Тое, што здарылася далей, ад мяне ўжо асабліва не залежала».

На іншыя пытанні жанчына адказвае даволі абцякальна. Маўляў, усё, што яе хвалюе, гэта лёс хлопчыка.

«Я сама журналіст і ўмею чытаць паміж радкоў. І гэтаксама аналізаваць урыўкі інфармацыі і знаходзіць тое, што спрабуюць схаваць. Шукаць, каму выгадна зрабіць падлетка монстрам, а тату — бязгрэшнай ахвярай дзіцячага гвалту. Гісторыя вельмі каламутная, хлопчыка канчаткова топяць ўладныя людзі. Навошта?» — задаецца пытаннем Мартынава. Праўда, назваць імёны тых «уладных людзей» яна адмаўляецца.

Але чаму актывістам не аб’яднацца з бацькамі замест гэтай вайны ў сацсетках?

«Там няма з кім аб'ядноўвацца і, больш за тое, гэта юрыдычна немагчыма, — кажа Таццяна Мартынава. — Хоць ў мамы ёсць мой тэлефон, мы сустракаліся і яна ведае, што заўсёды можа разлічваць на маю дапамогу і падтрымку.

І хлопчыка ніхто не дзеліць. Усё, чым мы маглі дапамагчы на гэтым этапе, ужо зроблена».

Вольга, маці С., не разумее, чаму «група падтрымкі» ўпарта не хоча дзейнічаць праз яе.

«Я не разумею іх пазіцыю і падыход. Да таго ж, я шчыра баюся, каб яны не нарабілі бяды. Нават тыя лісты, якія яны заклікаюць пісаць С.… Так, падтрымка гэта добра, але я вельмі баюся, каб мой сын не пачаў апраўдваць сябе і свой учынак. Яму ўсяго толькі 14 гадоў, і грамадскае меркаванне можа паўплываць на яго. Калі яго пачнуць пераконваць, што ён не вінаваты ў сваім учынку — ці правільна гэта? — кажа Вольга. — А што тычыцца бруду… У жыцці любога чалавека няцяжка ўбачыць брыдкасці ці прыдумаць іх. Канфлікты бываюць у любой сям’і. Але я дакладна ведаю — нічога сур’ёзнага на Дзмітрыя яны не знойдуць, бо гэтага проста няма».

А сам Дзмітрый Цімашкоў сабраў скрыны каментаў пад допісамі Таццяны Мартынавай, пайшоў у міліцыю і напісаў заяву аб паклёпе.

Ніхто не збіраецца ідэалізаваць Цімашкова. Так, можа быць, мужчына нарабіў памылак. За што і расплачваецца — увесь гэты час, пачынаючы з вераснёўскай ночы, калі яго сын узяў у рукі нож. І будзе расплачвацца яшчэ доўга, гледзячы па ўсім.

Але трохі здзіўляе ў гэтай гісторыі яшчэ і тое, што самі актывісткі — персанажы з біяграфіяй. Мартынава вядомая мутнай гісторыяй разводу са спеваком Тарыелам Майсурадзэ. Красоўская — персанаж шырока вядомы ў вузкіх колах, яна лічыць сябе праваабаронцай і нібыта ўзначальвае цэлую праваабарончую арганізацыю «Рэгіён 119». Праўда, тая арганізацыя не мае аніякіх кантактаў, сайтаў, суполак у сацсетках ці яшчэ якіх-небудзь прыкметаў жыцця (сама Красоўская на пытанні пра гэта адказвала ў духу — «каму трэба, той ведае»). Таксама Красоўская нярэдка рабіла дзіўнаватыя для праваабаронцы заявы — напрыклад, адмаўляла наяўнасць у Беларусі палітвязняў ці выказвалася ў падтрымку смяротнага пакарання.

Знайсці сумнеўныя моманты можна ў любой біяграфіі. 

І не варта забываць, што быць кепскім бацькам — бяда, але не злачынства. Злачынства — ўдарыць чалавека нажом.

А пакуль што 14-гадовы падлетак, які сядзіць за кратамі, выглядае нейкім сцягам, які суполка фэйсбучных каментатараў упарта выдзірае з рук бацькоў.

Так, жанчыны ўжо сабралі для падлетка каля 800 рублёў, і стараюцца, каб збор быў празрыстым. Але, можа, усё ж ранавата аб’яўляць сябе маральнымі аўтарытэтамі?

Увогуле, істэрычная падтрымка С. і кампанія супраць яго бацькі пацвярджае старое правіла — сябраваць супраць кагосьці заўсёды прасцей. І шкада, што неабыякавыя і энергічныя людзі вырашылі выкарыстаць сваю энергію вось такім шляхам.

Усё ж, мы, можа быць, да чагосьці не дараслі, калі бяда не аб’ядноўвае нас, а падзяляе, калі першая рэакцыя — не дыялог, а срач у каментах і цкаванне.

Аб’ядноўвае нас, як бачым, усё яшчэ нянавісць. Аб’ядноўвае моцна, лепш за што іншае. У гэтым канкрэтным выпадку — нянавісць, якую выпусціў з рук 14-гадовы хлопчык, і якую з радасцю падхапілі незнаёмыя яму дарослыя людзі.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера