Знайсці
03.12.2018 / 16:435РусŁacБел

Мясцовыя ўлады прапанавалі школам памерацца колькасцю членаў БРСМ. Але цяпер нібыта перадумалі

У «Нашу Ніву» прыйшоў зварот ад педагогаў Мінскай вобласці, у якім яны наракаюць на «бязладдзе, звязанае з прымусам вучняў старэйшых класаў уступаць у БРСМ».

Яны даслалі ксеракопію загада Мінаблвыканкама «Аб правядзенні абласнога конкурса «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» на лепшую арганізацыю работы ўстановы адукацыі, ўпраўлення адукацыі […]».

Сярод крытэрыяў, па якіх Мінаблвыканкам ацэньвае паспяховасць школы, ёсць доля сяброў БРПА (піянерская арганізацыя) і БРСМ у калектыве. 

«І педагогі, і бацькі, і вучні абураныя тымі аргументамі, з дапамогай якіх дзяцей прымушаюць уступаць у гэтую арганізацыю: зніжэнне адзнак, праблемы з паступленнем, пазбаўленне прэмій кіраўніцтва школ. Здавалася б, якім чынам паказчыкі работы школы як вучэбнай установы могуць залежаць ад адной асобна ўзятай грамадскай арганізацыі?», — рытарычна пытаюцца аўтары ліста. 

Загад выдадзены 5 лістапада. Што пра яго думаюць у Міністэрстве адукацыі? 

Як запэўніла «Нашу Ніву» прэс-сакратар ведамства Людміла Высоцкая, Мінадукацыі да гэтага дакумента не мае дачынення. 

«Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама, якое выдала загад, не падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі. Атрымліваецца, што ёсць дзве службы, якія курыруюць адукацыю: Міністэрства і ўпраўленне, якое падпарадкоўваецца абласным, раённым ці гарадскім уладам.

У нас была пастанова «Аб неўласцівых функцыях», ні пра які абавязак аб падпісцы на выданні, збор макулатуры, уступленне ў БРСМ з нашага боку гаворкі не ідзе.

Зрэшты, мы самі не заўсёды ў курсе, што спускаецца ў школы з упраўлення адукацыі, вам пытацца трэба не ў нас», — сказала Высоцкая. 

Падобны адказ нам далі і ў прэс-службе БРСМ: 

«З БРСМ не ўзгадняюцца загады ўпраўлення Мінаблвыканкама. Нагадваем, што БРСМ — гэта дабраахвотнае грамадскае аб'яднанне. Нашая прынцыповая пазіцыя наконт далучэння да нашых шэрагаў — выключна па ўласным жаданні», — адказалі ў арганізацыі. 

Дык а што тады кажуць у самім галоўным упраўленні па адукацыі Мінаблвыканкама? 

Нам адказала спецылістка па выхаваўчай рабоце — Таццяна Цвірко. 

«Дадзеныя састарэлыя. Нашым упраўленнем унесеныя змены ў загад і гэтыя паказчыкі — пад №9 — ужо не ўваходзяць у пералік крытэрыяў. Папраўка да загаду была падпісана 30 лістапада. Гэтага ўжо няма», — сказала яна. 

На пытанне, чаму няма і ці надоўга захаваюцца такія правілы, Таццяна Цвірко адказала так: «Гэта ўзважаная пазіцыя кіраўніцтва»

Таксама ва ўпраўленні адзначылі, што грашовымі прэміямі перамога ў гэтым конкурсе не адзначаецца — толькі дыпломамі. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930