Знайсці
27.02.2019 / 15:231РусŁacБел

Забытыя героі. Генерал-беларус Платон Лячыцкі

Пры канцы 1916 года, пасля таго, як канчаткова правалілася германская стратэгія хуткага пачарговага разгрому Францыі і Расіі, а стратэгічная ініцыятыва цалкам перайшла ў рукі Антанты, брытанская тытунёвая кампанія Wills’s Cigarettes пачала выпуск серыі картак з партрэтамі галоўных палкаводцаў і военачальнікаў Першай сусветнай вайны. Героямі гэтай серыі (50 чалавек) сталі імператары, каралі, а таксама фельдмаршалы і генералы саюзных армій, якія найбольш адзначыліся ў пераможных бітвах і аперацыях. Сярод іх быў і адзін беларус — генерал ад інфантэрыі Платон Лячыцкі. Пра гэта піша вайсковы гісторык Віталь Чырвінскі.

Партрэт генерала Платона Лячыцкага на картцы з серыі «Лідары саюзных армій», выдадзенай брытанскай тытунёвай кампаніяй Wills’s Cigarettes. На іншых картках з той жа серыі — французскі маршал Фердынанд Фош і англійскі кароль Георг V.

11 лістапада 1918 года. 5.10 раніцы. Французская правінцыя Пікардыя. У Камп’енскім лесе на станцыі Ратонд толькі што адбылася падзея, якую гадамі чакалі мільёны людзей. У чыгуначным штабным вагоне начальніка Генеральнага штаба Францыі Фердынанда Фоша германская дэлегацыя нарэшце паставіла свае подпісы пад гістарычным дакументам — пагадненнем аб замірэнні з краінамі Антанты. Праз шэсць гадзін сігнальшчык ля штабнога вагона пратрубіць сігнал «Спыніць агонь!», які перададуць па ўсім фронце. Баявыя дзеянні скончацца, а неба Парыжа 101 раз скаланецца ад артылерыйскіх залпаў салюту нацый. На наступны дзень цэнтральныя газеты ўсяго свету надрукуюць гэтую навіну на першых палосах. 100-гадовы юбілей заканчэння вайны — выдатная нагода, каб яшчэ раз прыгадаць пра беларусаў, якія ў ёй адзначыліся.

Нароўні з імператарамі і каралямі

Асоба нашага земляка, генерала Платона Лячыцкага была тады папулярная і ўнутры Расійскай імперыі. Пра ягоныя подзвігі можна без праблем знайсці згадкі на старонках тагачаснай прэсы, ды і ў іншых выданнях таксама.

Напрыканцы 1916 года ў Маскве вядомае выдавецтва Барыса Суворына выпусціла серыю паштовак «Героі Сусветнай вайны 1914 года». Грошы ад продажу (10 капеек за штуку) прызначаліся на дабрачынныя мэты: на ўтрыманне інвалідаў вайны, удоваў і сірот, а таксама на дапамогу сем’ям мабілізаваных у армію. Героямі паштовак (24 асобы) сталі генералы і адміралы краін Антанты, якія праявілі сябе ў першыя месяцы вайны. Партрэт генерала ад інфантэрыі Платона Аляксеевіча Лячыцкага тыражаваўся на прасторах Расійскай імперыі шматтысячнымі накладамі дзякуючы сетцы кніжных і газетных шапікаў на ўсіх чыгуначных станцыях Расіі (у свой час бацька Барыса Суворына атрымаў ад Міністэрства шляхоў зносін у арэнду больш за 500 чыгуначных шапікаў).

Паштоўкі з серыі «Героі Сусветнай вайны 1914 года». На адной з іх — генерал Платон Аляксеевіч Лячыцкі.

Але не толькі газеты і выдавецтвы цікавіліся героямі вайны. Гандлёвыя кампаніі, каб дасягнуць поспеху, павінны жыва рэагаваць на тэндэнцыі часу. Так адбылося і тут.

Адным з найбуйнейшых кандытарскіх прадпрыемстваў Расіі таго часу была фабрыка «А. І. Абрыкосава сыноў» (цяпер гэта канцэрн «Бабаеўскі»), яна насіла ганаровае званне «Пастаўшчык Двара Яго Імператарскай Вялікасці». У самы разгар вайны фабрыка выпусціла фірмовую серыю «Цукеркі Рускіх арлоў». У гэтым наборы адна з цукерачных абгортак была прысвечана «арлу» з Беларусі Платону Лячыцкаму.

Так выглядалі цукеркі з серыі «Цукеркі Рускіх арлоў».

Хто ж гэты чалавек, чыю асобу не маглі абмінуць ні расійскія, ні замежныя фабрыканты?

Мог стаць святаром, але выбраў лёс вайскоўца

Платон Лячыцкі нарадзіўся ў Гродзенскай губерні (дакладнае месца, на жаль, пакуль невядомае) 18 сакавіка 1856 года ў сям’і вясковага праваслаўнага святара Аляксея Мікалаевіча Лячыцкага і Соф’і з Крукоўскіх.

Тады ў модзе былі святарскія дынастыі, і лёс Платона Лячыцкага не мусіў быць выключэннем. Прынамсі, першыя крокі для атрымання духоўнай адукацыі ён зрабіў. Платон паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, пасля якой яго чакала пасвячэнне ў праваслаўныя святары. Але ў маладога Лячыцкага душа да святарства зусім не ляжала, затое прываблівала вайсковая справа. Таму ён у 1873 годзе ў 1-м жа класе перапыніў навучанне ў семінарыі, паехаў у Варшаву ды паступіў у пяхотнае юнкерскае вучылішча. Выпусціўшыся 27 красавіка 1880 года, малады афіцэр атрымаў выдатны шанц зрабіць бліскучую вайсковую кар’еру і атрымаць дваранскую годнасць.

Ад прапаршчыка да генерала

Першае дзесяцігоддзе службы прайшло ў родных мясцінах. Пасля выпуску з вучылішча ў чыне прапаршчыка Лячыцкі быў накіраваны ў 39-ы пяхотны рэзервовы кадравы батальён, які займаўся ўнутранай службай у паветах Гродзенскай губерні. З 1888 года ён служыў у Пінску, а затым у Брэст-Літоўскай крэпасці. Камандаваў ротай, батальёнам. Урэшце ў чыне капітана быў пераведзены ў 6-ы Усходнесібірскі лінейны батальён. Гэты перавод аказаўся лёсавызначальным. Амаль 20 гадоў жыцця Лячыцкага былі звязаныя з Усходняй Сібір’ю і Далёкім Усходам. Тут ён паспяхова скончыў афіцэрскую стралковую школу, а ў 1896 годзе атрымаў званне падпалкоўніка.

Кулямётная рота Расійскай імператарскай арміі. Першая сусветная вайна ў самым разгары.

Наступны этап біяграфіі пачаўся для Платона Лячыцкага ў 1898 годзе, калі яго накіравалі служыць у вядомую крэпасць Порт-Артур.

У 1900 годзе падпалкоўнік Лячыцкі ўдзельнічаў у падаўленні кітайскага «паўстання баксёраў», дзе змагаўся на чале асобнага атрада.

Баявыя заслугі падчас кітайскай кампаніі забяспечылі здольнаму афіцэру новы кар’ерны рост. Атрымаўшы чын палкоўніка, Лячыцкі пачаргова камандаваў 1-м Усходнесібірскім Яго Вялікасці палком і быў камендантам Мукдэна (цяпер кітайскі горад Шэньян) — тагачаснага апорнага пункта Расійскай імперыі ў Кітаі. А расійска-японскую вайну, якая пачалася ў лютым 1904 года, ён сустрэў камандзірам 24-га Усходнесібірскага стралковага палка.

Падчас гэтай вайны Лячыцкі заслужыў рэпутацыю найлепшага палкавога камандзіра расійскай арміі. У другой палове жніўня 1904 года на чале свайго палка ён біўся пад Ляаянем на паўночным усходзе Кітая, а затым стрымліваў атакі праціўніка падчас Мукдэнскай аперацыі, пакуль не атрымаў загад на адыход за раку Хуанхэ. За праяўленую ў гэтых баях мужнасць Лячыцкі быў узнагароджаны імянной Залатой зброяй і ордэнам Святога Георгія 4-й ступені. 12 мая 1905 года за баявыя заслугі Лячыцкаму прысвоена званне генерал-маёра, а ў кастрычніку 1908-га — генерал-лейтэнанта.

Трапіў у энцыклапедыю, сабраўся на пенсію

Генеральскія чыны адкрывалі дарогу да імклівага кар’ернага росту. Хутка Лячыцкі ўжо камандаваў стралковай і пяхотнай дывізіямі, а пасля і 18-м армейскім корпусам. У снежні 1910-га ён прыняў камандаванне над войскамі ўсёй Прыамурскай вайсковай акругі, будучы адначасова вайсковым наказным атаманам Амурскага і Усурыйскага казацкіх войскаў. 1913 год прынёс яму званне генерала ад інфантэрыі. Вышэй у тагачаснай вайсковай іерархіі быў толькі чын генерала-фельдмаршала, які надаваўся вельмі рэдка і толькі асабліва заслужаным военачальнікам або людзям, набліжаным да асобы імператара.

Вайсковая энцыклапедыя, якая выйшла напярэдадні Першай сусветнай вайны, характарызуе Лячыцкага так: «Цудоўна арыентуецца на ўсялякай мясцовасці, настойлівы ў ажыццяўленні прынятага рашэння, сваёй мужнасцю і спакоем у баі робіць чароўнае ўражанне на падпарадкаваныя яму войскі, якія вераць, што з ім заўсёды магчымая перамога».

Генерал Платон Лячыцкі. Здымак з ілюстраванага часопіса «Нива» ад 18 кастрычніка 1914 года.

У 1914 годзе генералу Платону Лячыцкаму было ўжо пад 60 гадоў, самы час быў думаць пра завяршэнне паспяховай вайсковай кар’еры і сыход на ганаровую пенсію. Але свет ужо стаяў на парозе новай вайны, аналагаў якой па маштабах дагэтуль не было.

Камандарм Першай сусветнай

Напярэдадні Вялікай вайны 58-гадовы генерал ад інфантэрыі Платон Лячыцкі вярнуўся на малую радзіму. Спачатку яго прызначылі камандаваць групай войскаў, накіраванай на дапамогу 4-й арміі. А праз тыдзень пасля таго, як Германія аб’явіла вайну Расіі, ён узначаліў 9-ю армію, якая павінна была наступаць з-пад Варшавы на Познань для ўварвання на тэрыторыю Германіі. Аднак планы змяніліся, і армія Лячыцкага была перакінута на правы фланг Паўднёва-Заходняга фронту. У пераможнай Галіцыйскай бітве Лячыцкі адбіў у праціўніка горад Сандомір (Польшча) і стварыў плацдарм на рацэ Сан для ўдару на Кракаў.

Крыж ордэна Святога Георгія на эфесе зброі, упрыгожаным брыльянтамі.

У верасні 1914 года за гэтыя заслугі Платон Лячыцкі быў уганараваны Георгіеўскай зброяй з брыльянтамі. У кастрычніку таго ж года за разгром аўстрыйскай 1-й арміі пры правядзенні Варшаўска-Івангародскай аперацыі ён быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 3-й ступені.

«Маленькі, сухі дзядок, увесь белы»

Не пакідала ваенная ўдача Лячыцкага і пазней. Летам 1916 года падчас Луцкага прарыву (пазней названага Брусілаўскім) армія пад ягоным камандаваннем у сустрэчным супрацьстаянні літаральна разарвала на дзве часткі моцную 7-ю аўстра-венгерскую армію, прасунуўшыся наперад на 50 км і ўзяўшы амаль 50 тысяч палонных. Лячыцкі штурмам узяў ператвораны ў жалезабетонную крэпасць горад Чарнаўцы, які аўстрыйцы называлі «другім Вердэнам». Пасля гэтага, узламаўшы ўвесь паўднёвы фланг аўстрыйскага фронту і пераследуючы праціўніка па Букавіне, армія Лячыцкага выйшла на аператыўную прастору. Увосень 1916 года на працягу двух месяцаў на яе плячах трымаўся цэлы фронт, расцягнуты з-за разгрому аўстрыйцамі небаяздольнай румынскай арміі аж на 320 км.

З таго часу захаваліся ўспаміны будучага ваеннага міністра Часовага ўрада Аляксандра Вярхоўскага, які ў 1916 годзе служыў у штабе 9-й арміі. Паводле яго, Платон Лячыцкі быў «маленькі, сухі дзядок, увесь белы, з вялікімі белымі вусамі».

Здымак Платона Лячыцкага ў французскім ілюстраваным тыднёвіку «Le Pays de France», які выходзіў у 1914—1917 гадах.

Ён адрозніваўся ад іншых расійскіх генералаў «вялікай сумленнасцю, ваенным чуццём і асцярожнасцю. Мала таго, ён па-свойму любіў салдат, вывучаў іх станоўчыя і адмоўныя рысы. Уся ягоная дзейнасць была падпарадкавана правілу: сем разоў адмерай і толькі потым адрэж. І трэба сказаць, што ў тых умовах, у якіх знаходзіліся войскі, пры тым відавочным нежаданні салдат ваяваць гэта была адзіная магчымая лінія. Ён з вялікай увагай сачыў за настроем байцоў і за тым, каб яны былі сытыя, апранутыя і абутыя… Ніколі не патрабаваў ад сваіх частак намаганняў, якія былі вышэйшыя за іх магчымасці».

Цікава, што ўлады Расійскай імперыі былі ў той час настолькі ўражаныя ваеннымі перамогамі і асабістымі якасцямі генерала Платона Лячыцкага, што нават узнагародзілі ягонага бацьку — звычайнага вясковага бацюшку. У 1916 годзе «ў якасці прызнання заслуг сына» яму ўручылі ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі пачалася «дэмакратызацыя» арміі, Платон Лячыцкі сышоў з камандавання. Ён быў залічаны ў распараджэнне ваеннага міністра Часовага ўрада, а 7 мая 1917 года выйшаў у адстаўку па хваробе «з мундзірам і пенсіяй».

У жорнах «чырвонага тэрору»

Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў генерал застаўся ў Петраградзе. У 1920 годзе, як і ягоны былы камандзір Аляксей Брусілаў, ён прыняў прапанову бальшавікоў пайсці на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію ў якасці «вайсковага спецыяліста». Пэўны час ён займаў пасаду інспектара пяхоты і кавалерыі Петраградскай вайсковай акругі, але доўга папрацаваць на карысць новай улады не паспеў. Як і тысячы іншых былых царскіх афіцэраў, Лячыцкі трапіў у жорны «чырвонага тэрору». У студзені 1921-га ён быў арыштаваны, утрымліваўся ў Таганскай турме Масквы. Захварэўшы, трапіў у турэмны шпіталь, дзе неўзабаве, 18 лютага, і памёр. Месца пахавання застаецца нам невядомым.

Віталь Чырвінскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930