Знайсці
02.12.2018 / 16:221РусŁacБел

«Страты велізарныя». Мінск патрабуе ад Расіі вялікай кампенсацыі за «падатковы манеўр» з нафтай

pixabay.com

Беларусі будзе складана самой кампенсаваць падзенне прыбыткаў ад рэалізацыі падатковага манеўру ў нафтавай сферы ў Расіі. Пра гэта заявіў 29 лістапада намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец на форуме для замежных інвестараў BelarusCrossway'18. Відэазапіс размешчаны на ютуб-канале мерапрыемства, паведамляе Tut.by.

Беларусь і Расія абмяркоўваюць механізм кампенсацыі беларускаму боку падзення даходаў з-за пачатку рэалізацыі падатковага манеўру. Ён мяркуе, што ў 2019—2024 гадах вывазная пошліна на нафту ў Расіі, якую не выплачвае Беларусь пры імпарце вуглевадароднай сыравіны, знізіцца з 30 да 0%. Адначасова з гэтым будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў, што можа прывесці да павелічэння уваходнага кошту нафты для Беларусі.

За рашэннем дадзенага пытання пільна сочаць банкі, замежныя інвестары і фінансавыя інстытуты. На форуме BelarusCrossway'18 яны спрабавалі высветліць у кіраўнікоў Мінфіна Беларусі, якія існуюць сцэнары развіцця падзей. Раней аналітыкі расійскай кампаніі Vygon Consulting прыйшлі да высновы, што за шэсць гадоў рэалізацыі падатковага манеўру дадатковыя выдаткі Беларусі, звязаныя шмат у чым з павышэннем кошту расійскай нафты, складуць у эквіваленце каля 8 млрд даляраў.

— Самы негатыўны сцэнар — бакі не дамовіліся і разышліся па сваіх пакоях, мы пачынаем несці страты. Тады на працягу шасці гадоў глабальныя страты для Беларусі складуць каля 10 млрд даляраў, — адзначыў Белкавец.

— 3 млрд — выпадаючыя прыбыткі бюджэту [ад экспартных пошлін]. 6 млрд — пагаршэнне эканомікі двух нафтаперапрацоўчых заводаў. Але гэта калі нічога не мяняць. Такога не будзе. Будуць уводзіцца пэўныя кампенсацыйныя меры. Заводы не будуць перапрацоўваць усю нафту, якую можна. Істотна ўпадзе імпарт. Негатыўны ўплыў на эканоміку заводаў будзе мінімізаваны. Страты даходаў бюджэту будуць кампенсавацца ў асноўным за кошт скарачэння выдаткаў.

Намеснік міністра канстатаваў, што ў Мінфіна няма магчымасці нейкага вялікага манеўру па павелічэнні даходаў бюджэту. Ён нагадаў, што з 1 студзеня ўступіць у сілу новы Падатковы кодэкс, які ўводзіць мараторый на ўкараненне новых падаткаў або павелічэнне іх ставак на працягу трох гадоў.

— Мы таксама разумеем, што рост ставак не будзе прыводзіць да росту даходаў, бо частка бізнэсу сыдзе ў Смаленск або «шэрыя» зоны, — сказаў Андрэй Белкавец. — Увогуле, сітуацыя цяжкая. Крыніцы, якая б замясціла выпадаючыя прыбыткі ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў, цяпер папросту няма. Таму беларускі бок займае жорсткую пазіцыю ў перамовах з Расіяй.

Пры гэтым ён адзначыў, што Беларусь «знаходзіць разуменне з расійскага боку» і абмяркоўвае «механізм і каэфіцыент кампенсацыі».

Разглядаюцца два варыянты кампенсацыі:

Расія прапануе міжбюджэтны трансферт, а Беларусь, паводле слоў прэм'ер-міністра Сяргея Румаса, аддае перавагу «фіксацыі гэтай кампенсацыі ў цане атрыманай нафты». Першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў нядаўна заявіў, што Расія і Беларусь дамовіліся ў выпадку кампенсацыі страт ад падатковага манеўру зрабіць гэта шляхам міжбюджэтнага трансферту. Пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка канстатаваў, што «па нафтагазавых перамовах прасоўванне пакуль не вельмі вялікае». Бакі планавалі знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне на 15 снежня гэтага года.

Андрэй Белкавец таксама сказаў, што працэс ідзе няхутка, таму кампенсацыя ў бюджэт 2019 года не закладвалася. Раней беларускі Мінфін падлічыў, што страты казны ад рэалізацыі падатковага манеўру ў РФ у 2019 годзе складуць каля 300 млн даляраў пры цане на нафту 70 даляраў за бараль. Страты паўстануць з-за чаканага падаражэння нафты для Беларусі, зніжэння экспартных пошлін на нафтапрадукты і магчымага зніжэння ставак акцызаў на аўтамабільнае паліва ў Беларусі.

У цэлым, лічыць Андрэй Белкавец, дзеянні расійскага боку супярэчаць сутнасці стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, які меркаваў аб стварэнні адзінага рынку энерганосьбітаў.

«Калі адзін бок лічыць магчымым адстойваць толькі свае інтарэсы, а іншыя павінны з гэтым пагадзіцца, такога быць не павінна. У адваротным выпадку вернемся да пытання мэтазгоднасці знаходжання Беларусі ў такім саюзе», — сказаў намеснік міністра.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера