Знайсці
01.12.2018 / 15:08РусŁacБел

«Прамень» ці «Смалявічы»? Матч жыцця і смерці ў апошнім туры чэмпіянату Беларусі па футболе

Разам з Букмекерскай канторай Марафон сочым за перадапошнім турам нашай вышэйшай лігі.

Здаецца, яшчэ ніколі чэмпіянат Беларусі па футболе не заканчваўся так позна — у першыя выходныя зімы. Гуляць пры мінус 10 будзе вельмі складана. А інтрыг застаецца яшчэ нямала.

Па гэты момант незразумела, як размяркуюцца медалі. З золатам БАТЭ ўсё ясна, а вось срэбра і бронза ўсё яшчэ пад пытаннем. На два камплекты прэтэндуюць тры каманды. Мабыць, «Віцебск» будзе лішніх, але ж розныя цуды бываюць.

Ну і, канечне, цэнтральным матчам будзе гульня «Праменя» і «Смалявічаў». Пераможца застаецца налета ў вышэйшай лізе, а прайграўшы — апусціцца ў ніжэйшы дывізіён. Стаўкі вельмі высокія.

Усе матчы заключнага тура адбудуцца ў адзін дзень і адзін час: 2 снежня а 14:00.

«Гомель» — «Віцебск»

  • Бабруйск, стадыён імя Аляксандра Пракапенкі

«Віцебск» правёў цудоўны сезон, але да медалёў можа не дабрацца. Фота vk.com.

«Гомель» вырашыў не дужа песціць сваіх прыхільнікаў і перанёс апошнюю гульню года ў іншую вобласць. Справа ў тым, што кіраўніцтва каманды не хоча траціць шмат грошай на падагрэў стадыёна «Цэнтральны». У мінулым туры «рысі» захавалі прапіску ў эліце. Яны гераічна адстаялі нулявую нічыю ў гасцях з брэсцкім «Дынама».

«Віцебск» на дадзены момант знаходзіцца на чацвёртым радку. Ад другога адставанне два пункты, а трэцяга — адзін. Тэарэтычныя шанцы на медалі, вядома, захоўваюцца, але на практыцы зрабіць гэта будзе амаль нерэальна. Без сумневаў, што «Віцебск» зробіць усё магчымае ад іх саміх, толькі яны самі разумеюць, што гэтага можа быць вельмі мала.

Прагноз «НН»: перамога «Віцебска».

«Гарадзея» — «Слуцк»

  • Стадыён «Гарадзея»

«Гарадзея» злавіла крыху кураж напрыканцы першынства. Каманда правяла некалькі вельмі якасных і запамінальных матчаў. Гэта дазволіла падняцца на дзявяты радок. Выступленне каманды можна прызнаць цалкам здавальняючым. Цікава, ці сыдзе ў міжсезонні з каманды сербскі галеадор Боян Дубайіч, які так палюбіўся мясцовай публіцы.

Пра праблемы «Слуцка» ўжо і пісаць асабліва не хочацца. У каманды восем паразаў запар. Мабыць, адзіныя думкі пра тое, каб гэты кашмар хутчэй скончыўся і пачалася падрыхтоўка да новага сезону. Ні ў выпадку паражэння, ні ў выпадку перамогі «Слуцк» не зрушыцца з такога прыемнага для сябе восьмага месца. Тыповая гульня сераднякоў табліцы.

Прагноз «НН»: перамога «Гарадзеі».

«Іслач» — «Дняпро»

  • Мінск, стадыён ФК «Мінск»

Аляксандр Паўлаў — лідар «Дняпра». Магілёў развітваецца з элітай. Фота vk.com.

«Іслач» у такое халоднае надвор’е прапануе гледачам матча гарбату і печыва, каб ужо зусім не было сумна і холадна назіраць за футболам. «Ваўкі» ўжо гуляюць на трансферным рынку, падпісаўшы некалькі маладых гульцоў. Ніхто не ведае, ці змогуць яны загуляць на высокім узроўні, але каманда Жукоўскага дае ім добрыя шанцы.

«Дняпро» развітаецца з вышэйшай лігай прынамсі на год. Хаця досвед бабруйскай «Белшыны» ці наваполацкага «Нафтана» сведчыць, што развітанне можа зацягнуцца на куды большы тэрмін. Вышэйшай лігі ў Магілёўскай вобласці налета не будзе. Хаця ў свой час і «Дняпро», і «Белшына» станавіліся нават чэмпіёнамі Беларусі. Дарэчы, у эліту вярнуўся яшчэ адзін чэмпіён — мазырская «Славія».

Прагноз «НН»: перамога «Іслачы».

«Прамень» — «Смалявічы»

  • Мінск, САК «Алімпійскі»

На дадзены момант менавіта «Прамень» знаходзіцца ў зоне вылету, але назваць каманду аўтсайдэрам у дадзенай сустрэчы язык не паварочваць. «Прамень» як тыгр біўся з БАТЭ, і выйграваў да самых апошніх хвілін, каманда пасыпалася толькі ў кампенсаваны час. «Прамень» дае вышэйшай лізе крыху больш за «Смалявічы», таму іх вылету хочацца меней.

У пачатку восені «Смалявічы» сенсацыйна ўзялі ды перамаглі брэсцкае «Дынама», а пасля гэтага ў каманды як адрэзала. На жаль, стаць сапраўды любімым клубам нават у сваім горадзе ў «Смалявічаў» не атрымалася. Маладых гульцоў каманда таксама не выхоўвае. Заскочылі на год у эліту і можна вяртацца назад у больш звыклы першы дывізіён.

Прагноз «НН»: перамога «Праменя».

«Нёман» — «Дынама» (Брэст)

  • Гродна, ЦСК «Нёман»

Славуты ў мінулым шатландскі футбаліст Гордан Стракан правёў майстар-клас у Брэсце. Фота vk.com.

Для «Нёмана» матч мае прынцыповае значэнне. І нават не праз турнірныя баталіі, а праз эпапею з пераходам у брэсцкі клуб таленавітага гродзенскага паўабаронцы Савіцкага. БФФ абавязаў «Дынама» сплаціць «Нёману» кампенсацыю за гульца, але клуб з берагоў Буга ўпарта не жадае гэтага рабіць. А грошы гродзенцам вельмі б нават не перашкодзілі перад пачаткам наступнага сезона.

Кіраўнік брэсцкага «Дынама» сказаў на гэтым тыдні, што бюджэт каманды сёлета складаў 5 мільёнаў даляраў. Вельмі прыстойныя грошы, за якія «Дынама» падпісала многіх айчынных зорак. Таму шостае месца інакш як правалам для каманды разглядаць не выпадае. На наступны год, мабыць, набудуюць новых напалеонаўскіх планаў, але дзе гарантыя, што яны зноў не стануць пшыкам?

Прагноз «НН»: «Нёман» не саступіць.

«Тарпеда-БелАЗ» — БАТЭ

  • Жодзіна, стадыён «Тарпеда»

Напрыканцы сезона «Тарпеда» дэманстравала той футбол, з якім можна было б смела пачынаць наступны чэмпіянат. Але рэаліі нашага першынства такія, што ў каманд часта змяняюцца выканаўцы. І механізм пачынае даваць збоі. Здавалася, каб тураў было хаця б на пяць болей, то Жодзіна ўраганам бы ўваравалася ў тройку, а так даводзіцца задаволіцца пятым месцам.

БАТЭ правёў вельмі якасны і запамінальны матч у гэты чацвер супраць венгерскага «Відзі» ў Лізе Еўропы. Цяпер усе думкі каманды пра хуткі выезд у Грэцыю да ПАОКа. Там БАТЭ пры пэўным раскладах можа задаволіць нават нічыя. А тым часам стала вядома, што цэнтральны абаронца каманды Неманья Мілунавіч прыняў рашэнне перайсці на радзіму ў «Црвену Звезду».

Прагноз «НН»: «Тарпеда-БелАЗ» не саступіць.

«Тарпеда» — «Дынама» (Мінск)

  • Мінск, стадыён «Дынама»

«Тарпеда» захавала прапіску ў эліце. Фота vk.com.

«Тарпеда» і «Іслач» у апошнім туры не маглі падзяліць між сабой стадыён ФК «Мінск». У выніку перамагла ўсё ж «Іслач». «Чорна-белых» жа адправілі на «Дынама». Арэнду стадыёна, а гэта 9 тысяч рублёў, каманды падзеляць папалам. Уключылі на «Дынама» нават ацяпленне, праўда, не прызнаюцца, колькі ж гэта будзе каштаваць для каманд.

Мабыць, «Дынама», калі нічога экстраардынарнага не здарыцца, давядзецца задаволіцца бронзавымі медалямі. Гэта быў цяжкі год для мінчукоў. Чаго варты хаця б славуты выезд у Піцер да «Зеніта», так што нават такімі ўзнагародамі можна ганарыцца. Тым часам, клуб пакінуў серб Ураш Нікаліч, ён перабраўся ў сонечны Ізраіль.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Шахцёр» — «Мінск»

  • Салігорск, стадыён «Будаўнік»

Пры родных заўзятарах у семіградусны мароз «Шахцёр» павінен заваяваць срэбраныя медалі чэмпіянату. Мабыць, каманда павінна застацца задаволеная такім вынікам. Бо ў пачатку сезона здавалася, што Салігорск можа ўвогуле аказацца ў сярэдзіне табліцы. Абаронца каманды Сяргей Балановіч кажа, што налета «гарнякі» будуць біцца толькі за золата.

Для «Мінска» ж гэта быў звычайны роўны сезон. Ужо звыклае месца ў ніжняй палове турнірнай табліцы. Пры гэтым каманда традыцыйна змагла запаліць парачку яркі маладых зорачак. Правяла некалькі яркіх і запамінальных матчаў. У «Мінска» маецца свой твар і гульнявы почырк. Мабыць, нейкая падобная карціна будзе і па сканчэнні наступнага чэмпіянату.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах, а таксама падумайце над апошняй магчымасцю схадзіць на стадыён у гэтым годзе! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930