Знайсці
03.02.2019 / 18:37РусŁacБел

Беларуская старонка ісламскай рэвалюцыі

У пачатку 80-х Мінск стаў адной з галоўных баз, на якіх іранскія камуністы рыхтаваліся да рэваншу. Як гэта было, пішуць доктар паліталогіі Сяргей Богдан і кандыдат гістарычных навук Анжаліка Пабеданосцава Кая.

Іранцаў у Мінску пасялілі на тагачаснай ускраіне, на Паўднёвым Захадзе, у інтэрнаце на праспекце Любімава, 4. Фота Yandex.by/maps.

У 1979 годзе Ісламская рэвалюцыя ў Іране вынесла на вяршыню ўлады ісламскае духавенства, аяталу Хамейні. Спачатку быў зрынуты шах. Пасля пачаліся чысткі ворагаў новай улады. Рэпрэсіі па чарзе абрынуліся на манархістаў, нацыяналістаў, левых ісламістаў.

Аятала Хамейні вяртаецца ў Іран пасля 14-гадовай высылкі. 1 лютага 1979 года. Фота Wikimedia Commons.

Дайшлі рукі і да камуністаў, якія атрымлівалі грошы ад Савецкага Саюза.

Новыя ўлады лічылі марксісцка-ленінскую Іранскую народную партыю («Тудэ») сур’ёзнай пагрозай, гатовай зрынуць ісламістаў пры першай зручнай нагодзе. («Тудэ» на фарсі значыць народ, масы.) А шанцы ўзяць уладу ў камуністаў сапраўды былі. У іранскай кампартыі ў той час было нямала прыхільнікаў у войску, дзяржаўным апараце і сярод інтэлігенцыі. Нават іранскім флотам у 1980—1983 гадах камандаваў камуніст Бахрам Афзалі.

Асноўны ўдар па іх быў нанесены ўзімку 1983-га. Тысячы былі арыштаваныя. Але некаторым пашчасціла ўцячы ў суседні СССР.

Напагатове ў БССР

Уцекачы прабіраліся ў савецкі Азербайджан. У ліпені 1983-га савецкае кіраўніцтва вырашае перавезці членаў партыі «Тудэ» далей ад мяжы, у Мінск.

Такое рашэнне было незвычайным. Дагэтуль палітэмігранты з Ірана заўжды размяшчаліся ў культурна ім бліжэйшых савецкіх рэспубліках Закаўказзя і Сярэдняй Азіі. У Беларусі не было ні інфраструктуры, ні кадраў для прыняцця такой колькасці эмігрантаў. Але Масква хацела надзейней схаваць іранцаў: шукаць іх у Мінску ніхто б не дадумаўся. Саветы хацелі выкарыстаць іранскіх камуністаў для чырвонага рэваншу ў Тэгеране, чакалі, што хамейністы (іх пагардліва называлі «муламі» ды клерыкаламі) уладу не ўтрымаюць.

І вось у верасні 1983 года спецыяльнымі начнымі рэйсамі прыблізна дзвесце іранскіх камуністаў пераехалі ў беларускую сталіцу. Тут іх усіх пасялілі ў адзін новапабудаваны 12-павярховы дом па адрасе праспект Любімава, 4. Гасцям забаранілі прызнавацца, што яны іранцы, а загадалі называцца афганцамі. На другі ж дзень кіраўнік групы Акбар Шандармані, стары іранскі палітвязень, сабраў усіх паплечнікаў і абвясціў, што ніхто з іх не можа ні дасылаць лістоў, ні тэлефанаваць за мяжу. Гэта будзе лічыцца «здрадай».

Цёмны і страшны Мінск

Знаходжанне ў БССР зусім не натхняла іранскіх камуністаў. Вось як гэта апісвае адзін з іх, Шыва Фарахмандрад, у сваёй нядаўна выдадзенай кнізе ўспамінаў на персідскай мове: «Першы раз, калі мы пайшлі шпацыраваць па горадзе — а гэта быў першы савецкі горад, які мы пабачылі, — у параўнанні з поўнымі крамаў вуліцамі Тэгерана галоўная цэнтральная вуліца Мінска выглядала вусцішнай і страшнай прасторай.

Шырокія вуліцы, мала машын, вялізныя будынкі, мала вітрын, дый тыя цёмныя і неўпрыгожаныя, на тратуарах мноства людзей, яны ішлі моўчкі, бязгучна і спыняліся на лініі пешаходнага перахода, чакаючы, пакуль дарожны міліцыянт дазволіць перайсці. Больш за ўсё душу гняло маўчанне на вуліцы. У першыя гадзіны я нават баяўся гучна размаўляць са спадарожнікамі. Мы не ведалі дарогі, а калі спрабавалі распытаць пра дарогу, амаль ніхто не спыняўся. А хто спыняўся, той не ведаў ні англійскай, ані нямецкай моў».

Шыва Фарахмандрад сёння. Фота Shahrvand.com.

Няпроста, піша той самы аўтар, было наладзіць жыццё ў Мінску.

«У магазінах усюды ўсё аднолькавае, садавіны і гародніны няма, усё няякаснае (скажам, туалетнае мыла расплывалася ў бясформенную масу пасля таго, як яго адзін раз намочыш), побытавых і патрэбных рэчаў не знойдзеш — нават нажніц, кухонных нажоў і шчыпчыкаў для пазногцяў, швейных машынак і халадзільнікаў у сталіцы «еўрапейскай» краіны таксама не знойдзеш. Затое ў магазінах усё завалена нікому не патрэбнымі прыладамі тыпу тэніснай ракеткі для выбівання дываноў ды палавікоў. Гэтых выбівачак то колькі хочаш — з пластмасы, дрэва, алюмінію — ва ўсіх вялікіх крамах. Гэта ніяк не адпавядала нашым чаканням ад раю «рэальнага сацыялізму» і агаломшвала нас».

Іранцы шчыра дзівіліся і спрабавалі знайсці прычыны такога становішча. «Я па сваім глупстве меркаваў, што, мусіць, нажніцы лічацца «сродкам вытворчасці», а «сродкі вытворчасці» ў сацыялістычным грамадстве знаходзяцца ў распараджэнні дзяржавы. Пакуль мы здабылі патрэбныя для жыцця рэчы, прайшло некалькі месяцаў».

Так выглядаў Мінск пачатку 1980-х. Вуліца Інтэрнацыянальная. Цяпер у гэтых дамах месцяцца кавярні, рэстараны, турыстычныя агенцтвы. Злева цяпер стаіць Палац Рэспублікі. Фота Wikimedia Commons.

На матэрыяльныя цяжкасці накладаліся і маральныя сумневы, бо кідаліся ў вочы праявы відавочнай няроўнасці. Шыва Фарахмандрад згадвае, як ён у 1986 годзе трапіў у бальніцу і апынуўся ў палаце на дзесяць ложкаў у мінскім шпіталі №4, дзе дактары на яго не звярталі ўвагі.

Пасля ўмяшання з боку партыйнага начальства і мясцовай улады яго імгненна перавялі ў двухмесную палату і перагледзелі курс лячэння, прызначылі мноства новых лекаў і працэдур. «Дзівосы! Атрымліваецца, тут, у грамадстве «роўнасці і братэрства», таксама быў блат і дактары па-рознаму ставіліся да розных людзей! Я рады, што цягам усяго майго знаходжання там маё сумленне ніколі не было абцяжарана гэткімі прывілеямі, апрача таго адзінага разу».

Далучыцца да рабочага класа

Іранскае партыйнае кіраўніцтва і савецкія ўлады імкнуліся трымаць іранскіх камуністаў далей ад беларусаў. Мэта гэтага была відавочная — не даваць партыйным кадрам пускаць карані на новым месцы, трымаць іх напагатове, каб пры нагодзе адразу адправіць у Тэгеран рабіць там новую рэвалюцыю, сацыялістычную.

Іранцам у Мінску не давалі ні працаваць па спецыяльнасці, ні вучыцца. Пасля заканчэння 4-месячных курсаў рускай мовы беларускі Чырвоны Крыж перастаў выплачваць ім дапамогу. Іранскім камуністам, большасць з якіх была высокаадукаванымі спецыялістамі, загадалі выбраць для сябе занятак са спісу спецыяльнасцяў, дасланага гарадскімі ўладамі. Большасць прапанаваных работ былі цяжкімі і нізкакваліфікаванымі: падсобныя рабочыя, праца на цагельнях, землякопства, чыстка каналізацыі, некаторыя заводскія рабочыя спецыяльнасці.

Хамід Сафары, адзін з членаў тройкі, якая кіравала партыяй «Тудэ» ў той момант, тлумачыў сваім мінскім таварышам, што іхнія нягоды маюць глыбокі філасофскі сэнс: «Праблема нашай партыі палягала ў тым, што ў ёй было мала рабочых, а абсалютную большасць складалі інтэлігенты. Цяпер мы маем найлепшую магчымасць, каб чальцы партыі ўліліся тут у рабочы клас і «апралетарыліся», а некалі ў будучыні далучыліся да іранскага рабочага класа». Пры гэтым партыйцы не мелі права вучыцца ў беларускіх ВНУ, а тых, хто туды самастойна паступіў, неўзабаве адлічылі.

Аўтарам нарыса вядомы выпадак, калі дыпламаваны інжынер-механік тры гады, у 1983—1986 гадах, адпрацаваў пры станку звычайным рабочым на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праз пару гадоў пасля пераезду з БССР у Швецыю ён ізноў пайшоў працаваць інжынерам.

У выніку такога жыцця ўжо праз некалькі месяцаў адзін з іранцаў выкінуўся з дзясятага паверха, трое спрабавалі зрабіць сабе смерць, а двое апынуліся ў псіхіятрычнай лякарні. Яшчэ ў некалькіх пачаліся псіхічныя праблемы. Адзін колішні студэнт пакутаваў ад маніі пераследу з боку КГБ. Яму падавалася, што ён — Ленін, які вярнуўся з Фінляндыі, каб ізноў зрабіць рэвалюцыю ў гэтай краіне.

Іран сёння. Фота: Mansoreh, shutterstock.com.

Першыя гады адзіным выйсцем для іранцаў было памяняць Савецкую Беларусь на Афганістан. Іранскіх камуністаў ахвотна працаўладкоўвалі афганскія камуністычныя ўлады, бо яны куды лепш за савецкіх дарадцаў разбіраліся ў рэчаіснасці блізкай ім краіны і не мелі там моўных бар’ераў (найбольш распаўсюджаныя ў Афганістане мовы пушту і дары блізкія да персідскай).

Чужая бацькаўшчына

Неўзабаве пасля прыходу Гарбачова Масква страціла ўсялякую цікавасць да іранскай кампартыі і надумалася зблізіцца з ісламісцкім кіраўніцтвам Ірана. Членам партыі «Тудэ» нічога не заставалася, як перабрацца на Захад, што яны і пачалі рабіць ужо ў 1986 годзе. У Беларусі застаўся добра калі тузін з тых дзвюх сотняў, што прыбылі ў 1983-м.

Беларуская старонка іранскай рэвалюцыі была трагедыяй страчаных надзей. Спадзеючыся на савецкае кіраўніцтва, іранскія камуністы збіраліся «са шчытом» вярнуцца на радзіму, але іх проста выкарысталі і падманулі.

Сяргей Богдан, Анжаліка Пабеданосцава Кая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930