Знайсці
26.11.2018 / 18:335РусŁacБел

«Ахова птушак Бацькаўшчыны» выпусціла першы мабільны вызначальнік птушак Беларусі

Вызначыць птушку, якая табе сустрэлася ў прыродзе, цяпер будзе лягчэй. АПБ выпусціла першы мабільны вызначальнік птушак Беларусі!

Амялушка. Фота Вольгі Гурскай

Калі пабачаная птушка добра табе запомнілася або ў цябе атрымалася яе сфатаграфаваць — адкрывай мабільны вызначальнік і абірай з прапанаваных відавочныя параметры: месца і сезон назірання, адносныя памеры птушкі, колеры апярэння і ног, форму, памеры і колер дзюбы. Праграма адфільтруе віды па гэтых характарыстыках, і з некалькіх здымкаў ты зможаш выбраць пабачаную птушку.

Мобильный определитель птиц от АПБ

Аплікацыя называецца «Ptushki — Определитель птиц Беларуси».

У спісе птушак 325 відаў, якіх можна сустрэць у нашай краіне. Спіс можна сартаваць па алфавіце (беларускім, рускім або лацінскім), а таксама па групах (атрадах): вераб’іныя асобна, гусі і качкі асобна і г.д.

Для кожнага віду даецца апісанне, розныя фота, запіс голасу, адзначаюцца асаблівасці: напрыклад, як адрозніць самца, самку і маладую птушку.

Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ:

Распрацоўка мабільнага дадатку — важная падзея для свету бёрдвочынгу ў Беларусі. Гэта першая версія, яшчэ зусім птушаня, і дзякуючы каментарам, прапановам і заўвагам карыстальнікаў мы плануем яго палепшыць і зрабіць максімальна зручным. Бёрдвочынг — выдатнае хобі для душы і цела — не паспееш азірнуцца, як прайшоў больш за 6 кіламетраў! Спадзяемся, цяпер назіраць за птушкамі будзе крыху прасцей — мабільны вызначальнік дапаможа, калі побач няма дасведчанага бёрдвочара або кнігі-вызначальніка.

Гэты мабільны дадатак унікальны для Беларусі, аналагаў яму няма. Ён створаны на базе электроннага вызначальніка florafauna.by, распрацаванага Вольгай Янчурэвіч і Віталём Сахвонам. Фота птушак для яго зрабілі Дзмітры Якубовіч, Аляксандр Вінчэўскі, Дзмітры Вінчэўскі, Аляксей Падалякін і Валер Юрко.

Стварыць мабільны вызначальнік дапамагла кампанія EPAM. Адметна, што каардынаваў распрацоўку вызначальніка выпускнік Акадэміі бёрдвочынгу пры АПБ.

Дзяніс Каргін, распрацоўшчык мабільнага дадатку, Senior Experience Designer EPAM:

Я не быў да гэтага бёрдвочарам, але падчас распрацоўкі скончыў Школу бёрдворчара-пачаткоўца і Акадэмію бёрдвочынгу, што мне значна дапамагло: я зразумеў больш, як гэта ўсё працуе, што патрэбна людзям падчас пошуку птушак, як робяцца назіранні за птушкамі. Падчас распрацоўкі аплікацыі я адкрыў для сябе самую цікавую, яркую птушку — мандарынку, здымак якой выкарыстоўваўся для прататыпаў. Самае цікавае ў вызначальніку для мяне — гэта гукі, бо з іх дапамогай можна прывабліваць птушак. Калі ў нас нарэшце атрымалася прывязаць гукі да аплікацыі, самым займальным было паслухаць птушак, і цяпер я чакаю наступнай вясны, каб паспрабаваць зрабіць гэта ўжывую.

Вызначальнік птушак можна бясплатна спампаваць у Play Market. Гэта адзін з першых рэлізаў мабільнага дадатку, таму цяпер асабліва важныя каментары і парады карыстальнікаў. А мы выказваем падзяку ўсім, хто спрычыніўся да таго, каб ён пабачыў свет.

Мабільны вызначальнік птушак Беларусі — частка ініцыятывы «Будзь здаровы з птушкамі!», якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

У межах ініцыятывы АПБ таксама правяла школы бёрдвочараў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, якія скончылі больш за 300 чалавек, выпусціла кнігу-вызначальнік птушак, запусціла анлайн-курс па асновах бёрдвочынгу «Птушкі горада».

Ахова птушак Бацькаўшчыны

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера