Знайсці
25.11.2018 / 16:0952РусŁacБел

Кастусёў: Альтэрнатыва аўтарытарызму — нацыянальная дзяржава

24 лістапада Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння новым старшынёй Мінгарвыканкама Анатоля Сівака зрабіў шэраг заяваў, у тым ліку датычна маючай адбыцца выбарчай кампаніі.

Сярод іншага, Лукашэнка заявіў: «Мы павінны падысці да выбараў так, каб у розумах людзей нават не было альтэрнатывы».

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у каментары прэс-службе Партыі БНФ наступным чынам пракаментаваў гэтыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі:

— Гэтая заява, вядома, скандальная і паказальная. Зразумела, падчас выбарчай кампаніі мы будзем звяртаць увагу міжнародных назіральнікаў на тое, што Лукашэнка раздае органам мясцовай улады ўказанні датычна вядзення агітацыі на карысьць яго пераабрання.

Падобныя заявы будуць яскравым сведчаньнем таго, што сістэма мясцовых саветаў і выканкамаў насамрэч не ёсць рэальным мясцовым самакіраваннем, якое залежыць ад волі людзей, а ёсць тым, што называецца «вертыкаллю», гэта значыць — інструментам у руках адзінаасобнага кіраўніка, вінцікам у машыне аўтарытарызму.

Нам, беларусам, гэтая іх роля натуральна вядомая — мясцовае самакіраванне было знішчана Лукашэнкам ледзь не ў першую чаргу пасля прыходу да ўлады. Але падобнымі заявамі кіраўнік дзяржавы нагадвае і зьнешнім назіральнікам, якім чынам і пры дапамозе якіх людзей арганізуюцца выбары ў Беларусі. Натуральна, мы прыгадаем падобнага кшталту заявы ў той час, калі Менгарвыканкам будзе фарміраваць выбарчыя камісіі, са звыклай амаль нулявой прыстунасцю апазіцыі.

Але апроч таго, у гэтых заявах ёсьць і выразны ідэалагічны аспект. Лукашэнка кажа, што кандыдатаў на выбарах можа быць шмат, можа быць альтэрнатыва ў бюлетэнях — але альтэрнатывы не павінна быць у розумах людзей.

Гэта прынцыпова важна: для цяперашняй улады (дакладней, для людзей якія звыкліся што «улада — гэта мы») неістотна, што на выбарах будуць спрачацца кандыдаты на любы густ (мужчыны і жанчыны, бізнэсоўцы і казакі, лысыя і брунэты). Але

для іх істотна, каб людзі, абмяркоўваючы выгляд і персаналіі кандыдатаў, не задумваліся над тым, што ёсць сапраўдным палітычным выбарам. І я кажу зараз не пра нейкія праграмныя дэталі, якія звыклыя для выбараў у здаўна дэмакратычных краінах — я кажу пра каштоўнасны выбар.

Партыя БНФ увасабляе тую самую альтэрнатыву, супраць якой Лукашэнка дае інструкцыі новаму старшыні Менгарвыканкама. БНФ — за прававую дзяржаву, за дзяржаву дэмакратычную, дзе улада адказная перад людзьмі, дзе ўлада змяняецца на аснове адкрытай выбарчай канкурэнцыі. У такой сістэме барацьба з карупцыяй не ператвараецца ў цыркавую кампанію, калі праз два гады карупцыянеры прызначаюцца на новыя пасады. У такой сыстэме не народ баіцца ўлады, а ўлада баіцца народу — бо антынародная палітыка будзе немагчымая і будзе пакараная. Гэтая сыстэма ўлады служыць беларускаму народу, а не набліжаным да ўлады групоўкам ці асобам. Гэтая сістэма ўлады называецца нацыянальнай дзяржавай, дзе ўсё робіцца на карысць беларусаў. Гэта не проста праграмная, а сістэмная, каштоўнасная альтэрнатыва аўтарытарызму.

Альтэрнатыва цяперашняму неправавому, аўтарытарнаму рэжыму ў Беларусі — гэта беларуская нацыянальная дзяржава, дэмакратычная, прававая дзяржава, дзе ва ўмовах вольнай канкурэнцыі палітычных ідэалогіяў вызначаецца палітычны курс.

Менавіта ў нацыянальнай беларускай дзяржаве беларусы могуць рэалізаваць сабе як нацыя згодна са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Менавіта гэта ёсць альтэрнатывай цяперашняму аўтарытарызму — і менавіта гэта ўвасабляе Партыя БНФ у сваёй палітычнай праграме.

Менавіта дзеля гэтага Партыя БНФ вылучае кандыдатаў у часе выбарчых кампаніяў — каб людзі задумаліся над тым, што мусіць быць альтэрнатывай цяперашняй аўтарытарнай сістэме.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера