Знайсці
21.11.2018 / 16:457РусŁacБел

У Егіпце знікла 30-гадовая беларуска. Маці і сябры падазраюць эзатэрыкаў

Фота з акаўнта Ульяны Ягадніцынай у Фэйсбуку.

У Егіпце знікла 30-гадовая грамадзянка Беларусі Ульяна Ягадніцына. 9 лістапада дзяўчына пайшла ў краму і перастала выходзіць на сувязь. Былы муж Ульяны, егіпцянін Айман, заявіў у паліцыю пра знікненне, піша Еўрарадыё.

Ульяна разышлася з мужам у мінулым годзе, але захавала з Айманам добрыя стасункі. Іх 5-гадовы сын, хаця і застаўся з маці, часта бавіў час з татам і бабуляй. Што праўда, адносіны не былі бясхмарнымі: улетку Айман не даў Ульяне дазвол на выезд у Беларусь — непакоіўся, што дзяўчына можа застацца з сынам на радзіме.

«Апошняе паведамленне ад Ульяны было 9 лістапада, —распавядае Еўрарадыё маці дзяўчыны Алена Ягадніцына— Дагэтуль мы рэгулярна стэлефаноўваліся, яна вельмі клапацілася, каб я не хвалявалася. Ранкам 9 лістапада дачка напісала пра планы на дзень, а ў абед паведамленняў ужо не было. Цяпер яе шукае паліцыя Егіпта, пра сітуацыю ведае амбасада [Беларусі ў Егіпце. — Еўрарадыё]. Але ў паліцыі нічога не кажуць».

Звузіла кола стасункаў, кватэру аплаціла да лістапада

З Беларусі Ульяна з’ехала сем гадоў таму, скончыўшы лінгвістычны ўніверсітэт. У Егіпце яна працавала перакладчыцай, арганізоўвала канцэрты, працавала на радыё і ў рэкламным агенцтве, займалася дызайнам. На старонках Ульяны ў сацсетках шмат пазітыўных фота з сынам і сябрамі.

Фота з асабістага архіва Ульяны.

Пра сябе дзяўчына піша, што займаецца самаразвіццём, цікавіцца псіхалогіяй і літаратурай. Ульяна валодае арабскай і англійскай мовамі.

«Ульяна разумная і камунікатыўная дзяўчына, яна цікавілася эзатэрыкай, — працягвае Алена. — Магчыма, на яе быў аказаны ціск. Я вельмі шмат думала ўвесь гэты час: магчыма, яна кудысьці з’ехала. Яна працавала на радыё, якое вяшчала на Ізраіль, была агентам розных мадэлей. Карацей, вяла актыўны лад жыцця. А ў апошні час — дзіўная рэч — дачка чамусьці вельмі звузіла кола стасункаў з людзьмі».

За дачку жанчына пачала непакоіцца ў сярэдзіне кастрычніка. У размовах Ульяна падавалася сумнай, казала пра дэпрэсію, а ў апошні час захапілася творчасцю амерыканскага доктара і пісьменніка індыйскага паходжання Дзіпака Чопра.

Дзіпак Чопра — аўтар шматлікіх кніг на духоўныя, рэлігійныя тэмы, прапагандыст «альтэрнатыўнай медыцыны», якога навукоўцы лічаць шарлатанам. У 1998 годзе яму прысудзілі Шнобелеўскую прэмію за унікальную інтэрпрэтацыю квантавай фізікі ў дачыненні да здароўя, свабоды і імкнення да эканамічнага дабрабыту. Крытыкі Дзіпака Чопры кажуць, што яго падыход адварочвае людзей ад эфектыўнага лячэння, і што ён толькі што дарыць пацыентам ілжывую надзею.

«Я таксама пачала чытаць гэтага аўтара, — працягвае маці Ульяны. — Шчыра кажучы, мне стала не па сабе ад такой літаратуры. Магчыма, яго творы аказалі ўплыў на дачку. Пасля знікнення я аналізавала паводзіны дачкі. Нават асобную табліцу яе дзеянняў у кастрычніку і лістападзе зрабіла. Напрыклад, мне яна казала, што забрала сына ад свякрухі, хаця на самой справе дзіця было ў бабулі. Ульяна пачала хлусіць».

Табліца маці Ульяны.

Паліцыя выключыла версіі самагубства ці няшчаснага выпадку — цела дзяўчыны не знойдзенае. Апошні раз Ульяну бачылі каля супермаркета ў Каіры, дзе яна трапіла на камеру відэаназірання. Камп’ютар і адзін з тэлефонаў беларускі забрала паліцыя. Гаспадар кватэры, якую яна здымала, кажа, што яна аплаціла арэнду толькі за кастрычнік.

«Былога мужа правярае паліцыя»

Цяпер пяцігадовы сын Ульяны жыве ў сям’і бацькі. Маці Ульяны не верыць у датычнасць Аймана да знікнення дачкі:

«Я да яго вельмі добра стаўлюся, нягледзечы на развод. Праз перакладчык мы размаўляем. Яго сям’я і да мяне паважліва ставіцца. Мужа я не падазраю, я яго ведаю. Паліцыя правярае цяпер Аймана, але ў яго няма матыву нешта зрабіць з Ульянай».

Пасля разводу паміж Ульянай і Айманам адбыўся канфлікт: беларуска збіралася прыехаць да маці ў Жодзіна разам з сынам, але былы муж не дазволіў ім разам выехаць за межы Егіпта, таму некаторыя сябры дзяўчыны падазраюць, што былы муж мае дачыненне да яе знікнення. Іншыя падзяляюць меркаванні маці Ульяны:

«Мы пазнаёміліся [з Ульянай] у 2013 годзе, — распавядае Еўрарадыё Наталля, беларуска, якая жыве ў Каіры. — Сустракаліся, перапісваліся. Потым нашы дзеці пасябравалі, у мяне дачцэ пяць гадоў, у яе — сыну. Ульяна вельмі актыўны чалавек. Апошнія гады яна працавала ў медыйнай сферы. У яе былі розныя знаёмствы, сустрэчы. Актыўнае жыццё не падабалася яе егіпецкаму мужу. Версіі знікнення могуць быць розныя: падазроныя знаёмыя, якія цікавіліся жанчынай славянскай знешнасці, побач Сірыя, дзе гандлююць людзьмі, органамі».

У адной з апошніх размоў з сяброўкай Ульяна прызнавалася, што адносіны з былым мужам змяняюцца да лепшага. Увосень яны разам павялі сына ў першы клас, потым размаўлялі ў кафэ.

«Ініцыятарам разводу была Ульяна, — працягвае Наталля. — У яе былі планы на кар’еру, шмат працы. Хацела быць больш чым проста хатняй гаспадыняй, а муж патрабаваў, каб сачыла за домам, за парадкам. Пачаліся рознагалоссі. Аймана я асабіста ведаю, ён не мог з Ульянай, нешта зрабіць. Цалкам адэкватны, нармальны чалавек. Дарэмна яго падазраюць».  

Наталля таксама звярнула ўвагу, што ў апошнія месяцы паводзіны Ульяны змяніліся. Яна замкнулася, не хацела нават тэлефанаваць знаёмым. Але кажа, што на самагубства Ульяна ніколі б не адважылася.

«Даводзіцца хлусіць сыну, што маці на працы»

Вядома, што межы Егіпта Ульяна не пакідала.

«Паліцыя гэта праверыла, — распавядае Наталля— Не ведаю, што адбылося. У краіне цяпер няпростая сітуацыя з эканомікай. У арабскім свеце шмат падману. Рознае магло быць, а славянка-замежніца — гэта заўсёды салодкі кавалачак. Улічваючы, што ў яе быў няпросты жыццёвы перыяд, гэтым нехта мог скарыстацца».

У размове з Еўрарадыё Айман распавёў, што кожны дзень ходзіць у паліцыю. Асабістых версій, што адбылося з Ульянай, у мужчыны няма, але змены ў паводзінах дзяўчыны ў апошні час ён таксама заўважыў.

«Я не медык, каб казаць, была дэпрэсія ці не, — коратка адказаў грамадзянін Егіпта. — Сын цяпер жыве са мной. Яму прыходзіцца хлусіць, што маці на працы».

«Ёсць адчуванне, што яна спланавала сваё знікненне»

Тэлефон Ульяны Ягадніцынай адключаны. У здымнай кватэры паліцыя некалькі разоў праводзіла вобшук, але што шукалі і ці знайшлі што-небудзь, родным не паведамляюць. Акрамя супрацоўнікаў, пошукамі дзяўчыны таксама займаюцца мясцовыя валанцёры.

«Пра знікненне я даведалася ад беларускага консульства 11 лістапада, — кажа Еўрарадыё валанцёрка Ірада. — Я жыву ў Егіпце ўжо 13 гадоў. Калі нешта здараецца, дык мяне падключаюць да праблемы. З Ульянай я асабіста не знаёмая. Канкрэтных версій, што адбылося, на жаль, няма, але ёсць адчуванне, што яна спланавала сваё знікненне».

Валанцёрка тлумачыць, што за паўтара месяца да знікнення Ульяна кінула працу, спыніла грамадскае жыццё. Перад знікненнем яна пакінула сына ў сям’і былога мужа.

«За два тыдні да знікнення яна аддала дзіця свякрові, —працягвае Ірада— Ульяна толькі тэлефанавала сыну, хаця жыве ў дзесяці мінутах пешшу ад іх дома. І гэта дзіўна, бо Ульяна добрая маці, і шмат увагі сыну аддавала. Я перагаварыла з добрай сотняй яе знаёмых, але няма ніводнай зачэпкі. Усе кажуць: «Мы даўно з ёй не мелі зносін»».

Ці магла Ульяна трапіць у рэлігійную секту? Такіх звестак у валанцёраў няма. Яны тлумачаць, што ў Егіпце гэтая дзейнасць старанна кантралюецца і спыняецца службамі дзяржбяспекі. Знаёмыя і былыя калегі Ульяны кажуць пра дзяўчыну толькі добрыя словы.

«Кажуць, што была актыўным і вясёлым чалавекам, — распавядае валанцёрка. — Я была дома, дзе цяпер жыве сын. Мы толькі пазнаёміліся, нічога даведацца не атрымалася. Бачна, што былы муж вельмі перажывае. У сям’і таксама няма версій, што магло здарыцца».

Амбасада Беларусі ў Егіпце ведае пра знікненне Ульяны Ягадніцынай, консул трымае сітуацыю на кантролі і па меры магчымасцяў садзейнічае паліцыі Каіра ў пошуках.

euroradio.fm

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930