Знайсці
20.11.2018 / 20:14152РусŁacБел

«Cын нанёс мне 6 удараў нажом у спіну. За што?» У Мінску за замах на бацьку затрыманы школьнік

Два месяцы Дзмітрый Цімашкоў, якога шмат хто ведае як «Лільчынага тату», жыве ў іншай, страшнай рэальнасці. Мужчына кожны дзень шукае адказ на пытанне: чаму 14-гадовы С. спрабаваў яго забіць? Ён перачытвае запісы сына, пераглядае яго малюнкі, як следчы шукае ў дзіцячым пакоі найменшую зачэпку, якая дапаможа зразумець, у які момант у іх адносінах нешта пайшло не так. Псіхалагічна аповяд пра сітуацыю аказаўся настолькі цяжкім, што Зміцер не вытрымаў і заплакаў. Ён сапраўды прызнаецца: не ведае дакладна, ці зможа зноў жыць з сынам пад адным дахам, піша tut.by.

— Пачакайце хвіліну, трэба пакласці Лільку спаць, — Дзмітрый моцнымі рукамі падхоплівае дачку, якая клубочкам ляжыць на канапе ў кухні, і выносіць у іншы пакой. У прасторным памяшканні робіцца сумна. На сцяне — мноства медалёў з марафонаў. Дыпломы з розных гарадоў, краін. Запаветныя кіламетры Дзмітрый Цімашкоў бег, штурхаючы перад сабой калыску з дачкой Лількай, дзяўчынка не ўмее хадзіць, у яе дзіцячы цэрэбральны паралюш.

У пакоі сына ў куце стаіць ровар, акуратна ў шэраг выстаўленыя кнігі: Чэхаў, Фіцджэральд, Дзюма; на стале ляжыць білет у Нацыянальную бібліятэку, асадкі, алоўкі, гумка, падручнікі за 9 клас. Здаецца, падлетак выйшаў кудысьці на хвіліну і вось-вось вернецца. На самай справе пераступіць парог гэтай кватэры ён наўрад ці зможа ў бліжэйшыя гады: хлопец знаходзіцца ў ізалятары ў Жодзіне, яму выстаўлена абвінавачванне па арт. 14 арт.139 КК (Замах на забойства).

Паклаўшы Лільку спаць, Дзмітрый вяртаецца на кухню, упершыню за цэлы дзень заварвае сабе кавы, на гадзінніку 22.00. 

— Цяпер зусім мала сплю, — стомлена кажа мужчына.

Яшчэ да здарэння 24 верасня клопат пра дзяцей быў толькі на яго плячах: два гады таму Дзмітрый развёўся з жонкай, С. і Лілія засталіся жыць з бацькам. Цяпер жа, пасля нападу сына на бацьку, у Дзмітрыя не засталося вольнай хвіліны: сустрэчы з адвакатам, следчым, клопат пра дачку і праца ў якасці кіраўніка каманды «Крылы анёлаў».

— Вядома, наша сямейнае жыццё склалася не найлепшым чынам. Мы пражылі з жонкай 13 гадоў, думаю, яна не змагла змірыцца з дыягназам Лількі, але пачаліся праблемы, двойчы становішча нашай сям'і было прызнана сацыяльна небяспечным. Увогуле, жыць далей разам было невыносна, мы разышліся. Цяпер мама трошкі бярэ ўдзел у выхаванні дзяцей, калі трэба, можа з імі пасядзець. У асноўным, выхаваннем сына займаўся я, як мог. Не сцвярджаю, што я ідэальны выхавацель, усякае бывала, але нейкіх істотных прычын для нянавісці не было, — тлумачыць Зміцер Цімашкоў. 

«Я пачаў займацца рэабілітацыяй дачкі, на нейкі момант С. быў прадастаўлены сам сабе»

Свае адносіны з 14-гадовым сынам мужчына называе «спакойнымі, сямейнымі, нічога асаблівага». 

— У нас было цяжкое мужчынскае жыццё, якое мы паспяхова пераадольвалі, як мне здавалася, — робіць папраўку Зміцер. — Вядома, часам былі канфлікты, але ў каго іх няма ў падлеткавым веку? Ад самага нараджэння С. быў любімым дзіцем, ён ніколі не быў кінутым, напрыклад, у дзяцінстве праз увесь горад вазіў яго ў асаблівы дзіцячы сад, потым уладкаваў у адну з найлепшых гімназій Мінска, у сына была няня. Усё крута змянілася з нараджэннем Лількі: грошай не стала, змяніўся лад жыцця. Я пачаў займацца рэабілітацыяй дачкі, сышоў з бізнэсу, С. шмат у чым быў прадстаўлены сам сабе.

Фінансавыя праблемы былі істотнымі, але гэта не галоўнае, лічыць Зміцер. Яны жылі цікавым жыццём, мужчына пачаў бегаць марафоны, спортам спярша захапіўся і сын, хоць пазней цікавасць да прабежак страціў.

Дзмітрый Цімашкоў з дачкой падчас Мінскага паўмарафону ў 2015 годзе. Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY.

Хлопчык хадзіў у музычную школу, лета праводзіў у скаўцкім лагеры.

— Класны хлопец, — працягвае фатаграфію сына Зміцер.

Дома ў мужчын працавалі выразныя правілы, якія збоку здаюцца досыць строгімі: камп'ютарам можна карыстацца гадзіну ў дзень, а калі прыходзіш дадому, тэлефон кладзеш ў спецыяльную скрынку, дзе друкаванымі літарамі напісана «Месца для захоўвання тэлефонаў».

— Але калі вы думаеце, што я яго прэсаваў, адразу адкажу: «Не». Мы заўсёды дамаўляліся, — кажа Зміцер. — Гуляць у камп'ютарныя гульні можна гадзіну, але калі табе патрэбен кампутар для працы або творчасці, бяры хоць на дзень. Перыядычна цікавіўся ў знаёмых, як паводзяць сябе іх дзеці-падлеткі, яны адказвалі: «Падобным чынам». Значыць, прычын для турботы не было. 

Дзмітрый не адмаўляе, большую частку сваёй увагі ён аддае асаблівай дачцэ. Можна сказаць, апошнія гады жыве яе жыццём. Мужчына распрацаваў для дзяўчынкі ўнікальную праграму рэабілітацыі, двойчы вазіў яе на лячэнне ў ЗША, яны разам займаюцца спортам, разам бегаюць марафоны. А вось з сынам у апошні час, незадоўга да здарэння, было нялёгка: напружаныя адносіны, недаказанасць, крыўда. Дзмітрый Цімашкоў разумеў, пара б расставіць кропкі над i, скончыць бягучыя праекты, падрыхтоўку да Менскага паўмарафону, сесці і спакойна пагаварыць, зразумець, чаму апошнія месяцы такія няпростыя. Але не паспеў…

«Вельмі добра памятаю, як сын сказаў: «Я цябе ненавіджу»

24 верасня Дзімтрый і Лілія вярнуліся з Масквы пасля чарговага марафону, дома іх чакаў С. Мужчына ўспамінае, як у той дзень радасныя эмоцыі зашкальвалі, грандыёзнай навіной хацелася падзяліцца з блізкімі. Яны з Лількай прабеглі 42 кіламетры!

— Мяне парадавала, што ў той дзень сын быў у добрым настроі, мы пагутарылі крыху, я паказаў медаль, — успамінае Зміцер Цімашкоў.

Па ўспамінах мужчыны, ніякага падвоху з боку сына ён не адчуваў. Наадварот, душу грэла адна маленькая, але вельмі важная дэталь: С. хадзіў у школу ў куртцы бацькі.

— Чорт, гэта прыемна, — дадае Зміцер, упершыню за некалькі гадзін размовы ў яго на твары з'яўляецца ўсмешка.

Два гады таму Дзмітрый развёўся з жонкай, дзеці засталіся жыць з ім. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY.

А далей усё адбывалася хутка, нечакана, імгненна.

— Я нахіліўся завязаць шнуркі і раптам чую, як мне сын наносіць адзін удар, другі, трэці… Шэсць удараў нажом у спіну! За што?

Дзмітрый змаўкае, падбірае патрэбныя словы.

— Спачатку ўсё здавалася дурным жартам. Удары за спінай былі падобныя на балючыя электрычныя разрады. Я не падумаў адразу, што гэта нож, думаў, што сын проста дурэе. Шок … Паварочваюся і бачу сваё дзіця з абсалютна халоднымі вачыма, трымае нож у руцэ і глядзіць на мяне як паляўнічы. Пачалася барацьба. Калі шчыра, з цяжкасцю ўдалося забраць нож. Стала цяжка дыхаць, ад крыві майка прыліпла да спіны. Вельмі добра памятаю, як С. сказаў: «Я цябе ненавіджу». І гэта кажа дзіця, якога я так люблю? Я стаў крычаць: «Што ты нарабіў? Ты ж разбурыў ўвесь свет! Выклікай хуткую!». У выніку супрацоўнікі міліцыі прыехалі раней, чым брыгада лекараў. Калі ў кватэру ўвайшлі ўзброеныя хлопцы ў касках і спыталі, хто нападнік, С. спакойна адказаў: «Я той, хто нападаў».

«Тады баяўся сабе ў гэтым прызнацца, але цяпер магу сказаць адназначна: сын глядзеў на мяне з пагардай»

Школьніка павезлі ў аддзяленне міліцыі, а Змітра з нажавымі раненнямі ў бальніцу, адзін з удараў прыйшоўся ў лёгкае. Дзесяць дзён мужчына правёў у шпіталі. 

— Ні наркотыкаў, ні алкаголю ў крыві сына не выяўлена, — удакладняе мінчанін. 

Успамінаючы мінулае і аналізуючы адносіны ў сям'і, Зміцер Цімашкоў прыходзіць да высновы, што адносіны з сынам рэзка пагоршыліся ў траўні 2018 года. Тады ён, стваральнік каманды дзяцей з цяжкай інваліднасцю і аматараў бегу «Крылы анёлаў», з раніцы да ночы займаўся падрыхтоўкай масавага прабегу ў Лошыцкім парку. 

— Мала спаў, чым бліжэй было мерапрыемства, тым большае напружанне. Перад самым стартам патэлефанаваў былой цешчы, каб яна пасядзела з Лількай чатыры гадзiны. Пакуль адсутнічаў, у С. паднялася тэмпература, я прымчаўся, яго стан быў падобны да віруснай інфекцыі. Аказалася, гэта апендыцыт, які я не змог разгледзець. Ён лопнуў па дарозе ў бальніцу, і з таго самага моманту сын стаў вінаваціць мяне ў тым, што я яго ледзь не забіў. Спярша ўспрымаў гэтыя словы за жарт, але ён гаварыў сур'ёзна. Нешта надламалася. Сын перастаў успрымаць мае словы, крытыку, — працягвае распавядаць Дзмітрый Цімашкоў. 

Акрамя таго, з-за стану здароўя школьнік не змог паехаць падчас школьных вакацый на міжнародны злёт скаўтаў, пра які так доўга марыў.

— У верасні я ўжо быў заняты падрыхтоўкай да Менскага паўмарафону, нам удалося выцягнуць на прабег дзяцей-сірот з дома-інтэрната ў Навінках. Гэтага яшчэ ніхто не рабіў! - захоплена кажа Зміцер, і тэмбр голасу мяняецца, калі ён успамінае гутарку, якая адбылася з сынам адразу пасля спаборніцтваў.

— Ён стаў нейкім нахабным, як быццам я пустое месца. Тады баяўся сабе ў гэтым прызнацца, але цяпер магу сказаць адназначна — сын глядзеў на мяне з пагардай: «Ты не ўдзяляеш мне ўвагі!» Пачаліся больш вострыя канфлікты, у адным з іх з гарачкі разбіў тэлефон сына. Мне не падабаецца, калі правілы змяняюцца, ёсць жа дамоўленасці, і яны павінны выконвацца, — робіць акцэнт на гэтых словах Зміцер.

Ад 24 верасня С. знаходзіцца пад вартай, месяц ён правёў у Навінках, дзе эксперты высвятлялі яго псіхічны стан. За гэты час на хатні адрас Цімашковых з ізалятара прыйшло два лісты, і абодва прызначаліся маме.

«Як там тата?» — коратка і адным сказам пытаўся сын.

— Усе допыты С. праходзяць у прысутнасці яго мамы і адваката. Юнак не плача, шкадавання не выказвае, паводзіць сябе спакойна і працягвае заяўляць, што хацеў мяне забіць, не называючы пры гэтым якой-небудзь істотнай прычыны нянавісці, — распавядае TUT.BY Дзмітрый.

— Дзмітрый, калі б раптам С. зараз адпусцілі, што малаімаверна, вы б змаглі з ім зноў жыць пад адным дахам?

— Гэта адно з кучы пытанняў, якія сабе задаю, адказы мяняюцца два разы на дзень. Жаль чаргуецца з гневам, пакора са слязамі роспачы. Але галоўнае ў тым, што я не веру, быццам наша сямейная бязладзіца магла стаць прычынай такой нянавісці, што чалавек узяўся за нож. Тут ёсць яшчэ нейкая прыхаваная прычына, і я спадзяюся яе знайсці. Жыць ці не жыць пад адным дахам, залежыць ад таго, наколькі дакладна будзе высветленая ісціна ў тым, што здарылася.

Наперадзе ў 14-гадовага С. суд, дзе ён і яго бацька апынуцца па розныя бакі барыкад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930