Знайсці
22.11.2018 / 09:234РусŁacБел

«Неверагодны містар Фокс», оскараўскі «Хрусталь», «Фантастычныя істоты», «Догмэн»… Што на гэтых выхадных у кінатэатрах

Неверагодны містар Фокс / FantasticIncredibleMrFox (Уэс Андэрсан, 2009)

Фільмы Уэса Андэрсана падобныя да механізму рэтрагадзінніка, якія ён так часта з любоўю і пэўнай доляй фетышызму размяшчае ў кадры: усё сіметрычна, па-сучаснаму старамодна і кожная дэталь выконвае сваю задачу. Ягоная чорная камедыя пра прыгоды містара Фокса, ягонай сям'і і хеўры нечаканых сяброў — хіба не найлепшы ўзор такога падыходу, бо дзе, як не ў анімацыі, створаны сусвет можа настолькі дакладна адпавядаць аўтарскай задуме. Кожны трэці кадр мультфільма можна раздрукоўваць ды вешаць на сцяну, а афарызмы персанажаў — цытаваць у сацыяльных сетках. Нарэшце, хоць беларускамоўны дубляж зусім дарма спрабуюць часам выдаць за беларускае кіно, пачуць яго з вялікіх экранаў можна не настолькі часта, каб можна было раскідвацца магчымасцямі. 

Хрусталь (Дар'я Жук, 2018)

Ужо скандальнага адцення гісторыя з высоўваннем «Хрусталя» на «Оскар» — рэдкі ўзор злучэння шчырасці і маніпулятыўнасці. Такое ж малаімавернае спалучэнне адзначае і сам фільм — наіўная аматарка моднай электроннай музыкі хоча з'ехаць у краіну Свабоды (менавіта з вялікай літары, і мы пра гэта яшчэ не раз пачуем цягам стужкі), але перад тым мусіць прайсці правінцыйнае пекла, сустрэўшы дарогаю ўсе магчымыя стэрэатыпы з жыцця роднай постсавецкай краіны. Ажно ў самым пачатку даводзіцца трываць экспартныя танцы на фоне галоў камуністычных лідараў, а калі ў аўтобусе пачынае іграць «Спадчына» ў выкананні «Песняроў», ужо міжволі скрыгочаш зубамі. Вядома, рэжысёрка не настолькі просталінейная. Сцэнай з захопленымі тутэйшымі рэліквіямі турыстамі яна свядома каментуе ўласную пазіцыю, але далей фільм цягнецца па завядзёнцы, і цёмныя вяскоўцы толькі адцяняюць духоўную прыгажосць галоўнай гераіні.

І ўсё ж фільм варты ўвагі хаця б як найлепшая ілюстрацыя ідэі, што цымус сацрэалізму быў не ў сацыялістычнасці, а ў своеасаблівым стаўленні да рэальнасці і ролі мастацтва. Да таго ж, калі амерыканскія акадэмікі нейкім цудам вырашаць адзначыць беларускую працу, сорамна будзе аказацца адзіным, хто яшчэ не паглядзеў гэты гучны фільм. І дадатковая інтрыга: ці будзе на гэты раз паказаная фінальная сцэна з Чарнобыльскім шляхам?

Фантастычныя істоты: Злачынствы Грындэвальда / Fantastic Beasts: The Crimes of Grindelwald (Дэвід Ейтс, 2018)

Галоўная знаходка стужкі — абаяльны кітайскі цмок-кот і неба, якое выбухае абстрактным калейдаскопам, калі той вылятае з міністэрства чараўнікоў у Парыжы. Мала які доўгачаканы фільм лаялі так зацята: маўляў, невыразныя Джоні Дэп і Джуд Лоу, заблытаны сюжэт, а добрыя хіба што спецэфекты. Не пераймайцеся: прапускаць фільм варта толькі тым, хто дагэтуль не паспеў пазнаёміцца з франшызай і сапраўды можа разгубіцца. Роўлінг любіць сваіх персанажаў і хоча кожнаму падарыць колькі хвілінаў на авансцэне, і, хаця ў выніку добрая частка персанажаў аказваецца братамі, сёстрамі ці здраднікамі, галівудскаму кіно не шкодзіць невялікая прышчэпка Балівуда. Самае цікавае, праўда, верагодна, адбудзецца ў наступных стужках, калі паралель нецярпімасці Грындэвальда будзе канчаткова зарыфмаваная з уздымам Трэцяга рэйху, а магічныя дуэлі — з вайной звычайных людзей.

Халодная вайна / Zimna wojna (Павел Паўлікоўскі, 2018)

Новы польскі ўлюбёнец кінафестываляў і оскараўскіх акадэмікаў зняў палкую меладраму пра каханне Віктара, дырыжора і піяніста, і ягонай (паўналетняй, дзякуй богу) выхаванкі Зулы. Мужны і няголены Томаш Кот тут амаль не іграе — многія дзяўчаты мараць пра такіх вось строгіх, скупых на эмоцыі настаўнікаў, што ўмеюць павярнуць свой дасканалы профіль так, каб яго найбольш выразна падкрэслілі сонца і ўмелы аператар. Але хоць часцей за ўсё хваляць менавіта класічную манахромную карцінку, рэй у гэтай гісторыі вядзе музыка: ад аўтэнтычных фальклорных запісаў да выдатных эстрадных нумароў і пяшчотна-безнадзейных каляджазавых кампазіцый. Невыпадкова і заканчваецца фільм адной з кампазіцый Баха, нібыта напісаных, каб дапамагчы аднаму расійскаму дыпламату ў яго змаганні з бяссоннем, — так музыка далікатна падкрэслівае містычнасць падзеяў.

Догмэн / Dogman (Матэа Гаронэ, 2018)

Здаецца, паветра нязграбнага рымскага прыгарада незваротна атручана, і нават рахманы сабакавод падпрацоўвае продажам наркотыкаў. Марчэла любіць сваю дачку, удзельнічае ў сабачых спаборніцтвах, марыць пра падарожжа да якога-небудзь больш рамантычнага мора, але махавік прытчы ўжо запушчаны, і маленькаму чалавеку (акцёр нават сутуліцца, губляючыся ў шырокаэкранных панарамах) рана ці позна давядзецца адказаць на пытанне, хто тут сабака, а хто «мае права». У прадказальнасці выніку хочацца абвінаваціць толькі рэжысёра, затое персанаж настолькі жывы, што бачыш пасля ягоны твар у суседзях па пад'ездзе, у чарзе ў краме.

Рэтраспектыва найлепшай літоўскай анімацыі ў Музеі беларускага кіно 

Праграма дзеліцца на тры часткі: анімацыя для дзяцей (іх можна смела паказваць і малым, якіх вы не рызыкняце весці на фільм Андэрсана), для дарослых (з філасофскім ухілам) і падборка студэнцкіх і дэбютных мультфільмаў, па каторых можна ўбачыць, куды рухаецца анімацыяй суседняй краіны. Тут няма гучных імёнаў, затое паход у кіно можа стацца чымсьці напраўду нечаканым.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера