Знайсці
20.11.2018 / 11:1016РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Помнік гарадавому vs помнік Дзяржынскаму

Мяне вельмі цікавіць, як самі замоўцы помніка гарадавому тлумачаць сабе колькасць «замахаў» на ягоны спакой. Бо нават вакол Ленінаў у Беларусі не кружляе столькі вандалаў, колькі ловяць ля мужчыны ў барадзе і з сабачкам.

З падлеткам, якога вымусілі прасіць прабачэння, атрымалася эфектна, не раўнуючы на рэп-батлах эпохі ўзлёту Oxxximiron. Але нехта, здаецца, крыху пераблытаў жанр. Цяжка пазбавіцца асацыяцый з Салтыковым-Шчадрыным. І той факт, што ўсе ці амаль усе культурныя людзі маўчаць, не азначае, што ніхто нічога не заўважыў ці ніхто нічога на гэты конт не падумаў.

Помнікі звычайна жывуць ціхім жыццём і вельмі рэдка выходзяць на разборкі з жывымі.

«Медны вершнік» у Пушкіна вырашае «наваляць» мелкаму чыноўніку Яўгену за тое, што той ускладае адказнасць за сваё гаротнае жыццё і няўдачы на цара Пятра. Здавалася б, ну што за драбяза для коннай статуі чалавека, які заснаваў горад і «прарубіў акно ў Еўропу». Але Пётр аказваецца вельмі крыўдлівым, гоніцца за Яўгенам па брукаванцы з уключанымі сірэнамі, а на раніцу цела блюзнера знаходзяць у нежывым стане.

Другі прыклад — статуя Камандора з п’есы Цірса дэ Маліны «Каменны госць». Вы ведаеце гэтую п’есу па лібрэта Ларэнца дэ Понтэ, якое Моцарт увасобіў у оперы «Дон Жуан». Там помнік — гэта ажылая ад рэўнасці і ярасці постаць мужа, да жонкі якога прыходзіць «бессаромны спакуснік» у масцы. У «Каменным госці» помнік — deus ex machina, апошні аплот справядлівасці. Без яго юрлівы хлус Дон Жуан будзе муціць з чужымі жонкамі бясконца.

Пры ўсіх адрозненнях у велічы, ступені крыўдлівасці і несправядлівасці, што прымусіла статуі «ажыць», абодва помнікі належаць жывым людзям. Некаму, хто рэальна існаваў і таму рэальна мог быць пакрыўджаны.

Іх абраза адносіцца да культуры памяці, да адносінаў з продкамі. Калі ты крыўдзіш мёртвых, напрыклад, будуючы рэстарацыю непадалёк ад месцаў масавых забойстваў, ты выклікаеш у жывых горыч за тое, што не шануеш нябожчыкаў. У выпадку з выявай гарадавога дзейнічаюць іншыя механізмы.

Беларускае сёння — ананімная пара. Героіка тут манапалізаваная ідэалагічнай вертыкаллю і, паколькі нашае афіцыйнае мінулае ўвесь час мяняецца, гарадское асяроддзе лічаць за лепшае трымаць як мага далей ад канкрэтных асоб ці гістарычных постацяў.

Бо, ведаеце, помнік Альгерду ў Віцебску — ён пры цане расійскага газу $128 за 1 тыс. куб. м — норм, а калі цану ўдасца знізіць да $80 — дык Альгерд ужо ахтунг.

Таму ў Беларусі з’явіўся новы тып гарадскіх аб’ектаў: скульптура, прысвечаная ананімнай сацыяльнай групе. Згадайма, напрыклад, «помнік турысту» ў Гродне ці «помнік кавалю» ў Брэсце. Не ўвасабляючы ніякіх канкрэтных подзвігаў ніякіх жывых асобаў, гэтыя помнікі не могуць «памыляцца». «Турыст» будзе ідэалагічна прыдатным і пры газе у $128, і пры перамовах аб асацыяцыі РБ з ЕС. А месца занятае, нешта вось стаіць, блішчыць пад сонцам, мінакі фатаграфуюцца, грошы патрачаныя недарэмна. Той факт, што такія скульптуры «выпраменьваюць» «нулявую» ідэалогію, відавочны для мяне, але не для тых, хто іх ставіць.

Той факт, што «выхаваўчая», «маралізатарская» іх функцыя тут не спрацоўвае, робіць усе гэтыя арт-аб’екты абсалютна дарэмнымі для краіны: яны сімулююць дыскурс, а не кажуць нешта істотнае.

З помнікам гарадавому сітуацыя яшчэ складанейшая. Бо, з аднаго боку, мы маем адну з такіх ананімных скульптур, якія ўвасабляюць не біяграфію, а прафесію. Як ужо было патлумачана, скульптура — у адрозненне ад помніка — не належыць культуры памяці. І таму не мае таго арэолу сакральнасці, які мае любы напамін пра памерлага чалавека, што некалі быў жывым. Нават калі скульптура зробленая майстрам пад натхненнем фотаздымка рэальнага гарадавога і ўвасабляе нейкія сапраўдныя рысы (кукарду, пагоны і г. д.), яна па сваім статусе не ёсць тоеснай жывому чалавеку, з прозвішчам, імем і датай смерці. З другога боку, гэта скульптура аб’яўленая «тварам міліцыі», то бок яе сімвалічнае існаванне ўскладняецца тым, што любая абраза гэтай скульптуры будзе ўспрымацца як абраза міліцыі. Крымінальная справа за пятлю на шыі, пратакол за поўху — простыя таму сведчанні.

Але ў адрозненне ад гарадскіх скульптур, сакральныя помнікі (каб стаць недатыкальнымі) мусяць быць адзначаныя дзвюма акалічнасцямі: адсутнасцю пярэчанняў з сімвалічным парадкам гарадскога ландшафту і яснасцю сімволікі.

Разбяромся з празрыстасцю сімволікі. Беларуская міліцыя вядзе сваю гісторыю ад бальшавікоў, ад 1917 года — і гэта быў яе свядомы выбар. Згадайма шырокае святкаванне стагоддзя існавання, сляды якога дагэтуль бачныя на плакатах у горадзе. Чын гарадавых з’явіўся ў царскай паліцыі ў 1863-м. Гарадавыя былі першымі ворагамі рэвалюцыянераў. Тых самых рэвалюцыянераў, што стварылі дзяржаву бальшавікоў. Дык як можа быць помнік гарадавому сімвалам беларускай міліцыі, створанай людзьмі, якія з гарадавымі варагавалі?

За кіламетр ад помніка гарадавому, на плошчы пры Доме ўрада, стаіць помнік Леніну. Сапраўдны помнік, не гарадская скульптура. Увасабленне жывога чалавека, які, як паведамляе нам зборнік «Апавяданні пра Леніна» Міхаіла Зошчанкі, аднойчы вельмі дасціпна абдурыў жандараў.

Усё жыццё Леніна было спачатку змаганнем з «гарадавымі», а потым старанным вынішчэннем царскай сістэмы, якая на «гарадавых» трымалася. У іншым баку, у скверы насупраць яшчэ аднаго сілавога ведамства, стаіць бюст Дзяржынскага. Заўважым: не Эраста Фандорына, а менавіта Ф. Дзяржынскага. Які з тым самым «гарадавым» знаходзіўся прыкладна ў тых жа стасунках, што і пушкінскі вершнік з небаракам Яўгенам. Дзяржынскі шмат разоў збягаў з-пад апекі «гарадавога», займаўся разгойдваннем парадку і шмат яшчэ якімі рэчамі, якія не спадабаліся б ні гарадавому, ні сабачку гарадавога.

Дык у якіх сімвалічных адносінах знаходзяцца гэтыя постаці? Ленін і гарадавы? Ленін — «заснавальнік» беларускай дзяржаўнасці? Ці яе заснавалі жандары і царская «ахранка»? Дзе ў гэтым усім Дзяржынскі?

Помнікі будуць паважаць не тады, калі за выспятак па іх можна будзе атрымаць арышт. Аснова павагі — разуменне ролі, адзначэнне смеласці. Ці хаця б спачуванне пакутам. Пераследам можна вымусіць толькі баяцца. Што не адно і тое ж. Зусім не адно і тое ж.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930