Знайсці
19.11.2018 / 20:1723РусŁacБел

Расійскі генерал на чале Інтэрпала: магчымыя наступствы?

У сераду ў Інтэрпале абяруць новага кіраўніка. Найлепшыя шанцы заняць гэтую пасаду мае расійскі генерал-маёр паліцыі Аляксандр Пракапчук, піша bbc.com.

Украінскія МУС і праваабаронцы ўжо заявілі, што яго перамога ператворыць Інтэрпал у інструмент барацьбы Крамля з палітычнымі апанентамі за мяжой. Кіеў нават пагражае прыпыніць сяброўства. У Расіі ж такія папрокі назвалі чарговай праявай русафобіі.

Інтэрпал — інструмент міжнароднага супрацоўніцтва паліцыі розных краін, у тым ліку міжнароднага вышуку злачынцаў.

Да нядаўняга часу ўзначальваў кітаец Мэн Хунвэй. Але ў кастрычніку ён сышоў у адстаўку з-за расследавання, якое супраць яго ініцыявалі ў Кітаі.

21 лістапада Генеральная асамблея Інтэрпола ў Дубаі, мае абраць новага кіраўніка. Прэтэндэнтаў двое: расіянін Аляксандр Пракапчук, адзін з чатырох віцэ-прэзідэнтаў Інтэрпала, і яго калега Кім Ёнг Ян з Паўднёвай Карэі, які цяпер выконвае функцыі кіраўніка арганізацыі.

Брытанская газета Times са спасылкай на ўласныя крыніцы ва ўладзе напісала, што безумоўным фаварытам выбараў з'яўляецца расеец.

Прызначэнне 56-гадовага Пракапчука можа азначаць «істотную перамогу Крамля» — нягледзячы на тое што ў апошнія гады расейскі ўрад не раз крытыкавалі за злоўжыванне так званымі «чырвонымі ордарамі» — міжнароднымі запытамі ў Інтэрпал на затрыманне якой-небудзь асобы, якая знаходзіцца ў вышуку, дадалі брытанскія журналісты.

Аляксандр Пракапчук нарадзіўся ва Украіне, вучыўся ў Кіеве. Пасля пераехаў у Маскву. У 1990-я гады працаваў на многіх пасадах у расійскай падатковай сістэме, а ў 2000-х перайшоў у органы ўнутраных спраў.

У 2003 годзе прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін даў яму званне генерал-маёра міліцыі (пасля званне замянілі на «генерал-маёра паліцыі»).

Ад 2006 года Аляксандр Пракапчук працаваў намеснікам кіраўніка расійскага бюро Інтэрпала, а ў 2011 годзе ўзначаліў гэта бюро.

«Удзельнік баявых дзеянняў», — гаворыцца ў афіцыйнай біяграфіі Пракапчука. Праўда, у якіх менавіта баях ён удзельнічаў, не ўдакладняецца.

Ад 2014 года расіяніна выбралі ў выканкам Інтэрпала. А з 2016 Аляксандр Пракапчук стаў там віцэ-прэзідэнтам.

Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў назваў Пракапчука «ветэранам замежнай разведкі Расіі».

А дэпутат Антон Герашчанка дэталізаваў: Пракапчук працаваў у КГБ, а затым — у стратэгічнай выведцы РФ, дзе «займаўся шпіянажам супраць ЗША».

«Калі Пракапчук стане прэзідэнтам Інтэрпала, гэта дазволіць расейскаму рэжыму яшчэ больш пашырыць практыку выкарыстання «чырвоных ордараў» для абмежавання свабоды перамяшчэння і пераследу непажаданых, у інтарэсах адыёзнага рэжыму», — напісаў Арсен Аваков ў Facebook.

У Расіі такія абвінавачванні назвалі чарговай праявай русафобіі.

Прэзідэнта Інтэрпала выбірае генеральная асамблея арганізацыі — кандыдата павінна падтрымаць простая большасць дэлегатаў ад 192 краін-членаў (па адным голасе ад краіны).

Выбіраюць яго на чатыры гады.

Прэзідэнт старшынюе на пасяджэннях Генасамблеі і выканкама Інтэрпала і «накіроўвае абмеркаванне». Абодва згаданыя органы збіраюцца некалькі разоў на год і вырашаюць стратэгічныя пытанні. Штодзённым кіраваннем займаецца сакратарыят, які мае ўласнага кіраўніка.

Гэта значыць, прэзідэнт Інтэрпола адказны не за аператыўнае «ручное кіраванне» арганізацыяй, а хутчэй за прыняцце стратэгічных рашэнняў.

Зрэшты, менавіта ў гэтым і бачаць галоўную небяспеку праваабаронцы.

«Стратэгія працы арганізацыі будзе фарміравацца і вызначацца прадстаўніком краіны-агрэсара…», — гаворыцца ў заяве шэрагу ўкраінскіх праваабарончых арганізацый, да якой далучыліся і замежныя калегі.

Расею не раз абвінавачвалі ў тым, што яна спрабуе выкарыстоўваць «чырвоныя ордары» — фактычна міжнародны ордэр на арышт — для нейтралізацыі сваіх апанентаў, абмежавання іх у руху або экстрадыцыі.

Людзей, на якіх выпісаны «чырвоны ордар», могуць арыштаваць у любой краіне, якая з'яўляецца членам Інтэрпала, а іх банкаўскія рахункі могуць быць замарожаныя.

У згаданым артыкуле Times паказваецца, што менавіта ў гады працы Пракапчука ў расійскім МУС Інтэрпал атрымліваў шмат спрэчных «чырвоных ордараў» у дачыненні да людзей, якіх расейскія ўлады маглі пераследваць па палітычных матывах.

Авакаў прыгразіў: калі расіяніна ўсё ж абяруць прэзідэнтам Інтэрпала, Украіна «разгледзіць пытанне аб прыпыненні свайго сяброўства» там.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера