Знайсці
16.11.2018 / 16:0840РусŁacБел

«Не ганьбі мяне». Дэкан не ўхваліў выхаду студэнткі з БРСМ АЎДЫЯ

Ілюстрацыйнае фота Сяргея Гудзіліна

Грамадзкі актывіст Крысьціян Шынкевіч апублікаваў аўдыязапіс размовы студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, як мяркуецца, з дэканам улікова-эканамічнага факультэту Ўладзімерам Беразоўскім. На аўдыя чуваць, як дэкан не ўхваляе намеру студэнткі выйсьці з шэрагаў праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Што адбылося?

Як стала вядома Свабодзе, студэнтка ўлікова-эканамічнага факультэту БДЭУ напісала заяву аб выхадзе з БРСМ праз рэлігійныя перакананьні.

Паводле яе, у факультэцкай ячэйцы БРСМ займацца заявай дзяўчыны адмовіліся. Сакратар ячэйкі (цяпер гэтую пасаду займае Яўген Грыцэнка. — РС), сказаў дзяўчыне, што яна мусіць падпісаць заяву ў намесьніка дэкана ці дэкана.

Дэкан не ўхваліў, намесьнік дэкана «гэтым не займаецца»

Свабода адшукала дзяўчыну з аўдыё, яна папрасіла не называць сябе, бо баіцца магчымых праблемаў ва ўнівэрсытэце. Кантакты дзяўчыны рэдакцыя мае.

Студэнка пайшла з заявай да намесьніка дэкана, але той накіраваў яе вышэй.

«Намесьнік дэкана, паглядзеўшы заяву, сказаў, што ён гэтым не займаецца, а зьвяртацца трэба да дэкана».

На пытаньне Свабоды, ці зьвярталіся да яго з заявамі аб выхадзе з БРСМ, намесьнік дэкана Андрэй Буеў адказаў, што «нічога ня ведае пра гэта».

Дэкан факультэту Ўладзімер Беразоўскі 15 лістапада сказаў дзяўчыне, што яму трэба падумаць, і прапанаваў пагутарыць «не ў такой абстаноўцы» ў панядзелак ці аўторак.

Беразоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што студэнтка да яго сапраўды зьвярталася. Але ня ведае, чаму яна прыйшла да яго, каб падпісаць заяву.

— А які гэта курс?

— Чацьвёрты.

— Чацьвёрты курс? Ня ганьбі мяне.

— У сэнсе?

— Скончыш спакойна, і пасьля…

— Ну я не магу цяпер у ім знаходзіцца.

— Што здарылася?

— З асабістых прычынаў.

— Што?

— З асабістых прычынаў.

— Яшчэ раз.

— З асабістых прычынаў.

— Ну ты можаш мне сказаць? Я бяз гэтага не магу прымаць рашэньне.

— Як? Я напісала: па сваім жаданьні, з асабістых прычынаў.

— Ну ты можаш праліць сьвятло? Не? Няхай ляжыць.

— Ну магу. Я зьяўляюся верніцай.

— Га?

— Я верніца.

— Калі ласка. Гэта не перашкаджае.

— У маім выпадку гэта перашкаджае.

— Ты ў гэтым упэўненая?

— Я ў гэтым упэўненая. Для мяне гэта сапраўды вельмі важна.

— Так, мне трэба з табой пагаварыць не ў такой абстаноўцы. Давай аднясем гэта на іншы тэрмін.

— Што значыць на іншы тэрмін?

— Заўтра ў мяне да сямі гадзін заняткі, давай у панядзелак-аўторак.

— Дык а чаму нельга цяпер?

— Я мушу падумаць.

— Вы мусіце падумаць?..

— Так! Заява колькі разглядаецца, ты ведаеш ці не?

— Не. — Добра, твая вера не перашкаджала тады, калі ты ўступала?

— На той момант не. Цяпер перашкаджае.

— Ну я павінен падумаць. Усё. Заява ўвогуле разглядаецца 15 дзён.

— Добра. Калі мне падысьці?

— Прыходзь у панядзелак.

Свабода папрасіла Ўладзімера Беразоўскага пракамэнтаваць сутнасьць размовы:

«Я хацеў бы даведацца, што адбылося. Я ж не адмовіў, а сказаў прыходзь у панядзелак», — патлумачыў дэкан

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031