Знайсці
16.11.2018 / 10:4866РусŁacБел

Ганна Красуліна, якую высылаюць з краіны: Мае дзеці — беларусы. І гэта найлепшы доказ маёй беларускасці

9 лістапада прэс-сакратарцы АГП Ганне Красулінай нечакана патэлефанавалі з аддзела па грамадзянстве і міграцыі. Міліцыянты папрасілі яе заўтра ж з'явіцца да іх па пытанні наконт дазволу на жыхарства, які ў яе заканчваецца ў студзені 2019 года. Ганна з’яўляецца грамадзянкай Расіі, жыве ў Беларусі з 2002 года, і такі званок стаў для яе сюрпрызам: ніколі раней праблем з гэтай нагоды не ўзнікала.

Працяг гэтай гісторыі мы ўсе ведаем: у міліцыі ёй паведамілі, што збіраюцца выслаць з краіны ў «інтарэсах грамадскага парадку». Прычыны — удзел у апазіцыйных акцыях і безбілетны праезд у грамадскім транспарце.

Мы сустрэліся з Ганнай, каб распытаць, што яна збіраецца рабіць далей, чаму за 16 год у Беларусі не аформіла беларускае грамадзянства і ці будзе спрабаваць яго здабыць пасля цяперашніх падзей.

«НН»: На прэс-канферэнцыі вы казалі, што бацькі пакуль не ведаюць, што вас хочуць на год выслаць з краіны. Думаеце, ім не расказалі суседзі?

Ганна Красуліна: Мае бацькі жывуць пад Мінскам, у іх іншае прозвішча, таму наўрад ці нехта хутка суаднясе, што гэта ўсё здарылася менавіта з іх дачкой. А самі яны ў інтэрнэце не сядзяць: вось калі інфармацыя пра мяне трапіць на афіцыйнае тэлебачанне, тады яны пра ўсё дазнаюцца. Тым больш тыя ж РІА «Навіны» ўжо ўзялі сабе інфармацыю…

«НН»:Вы перавезлі маці і тату з Урала ў Беларусь у 2006 годзе, гэта была ваша ініцыятыва?

ГК: Мае бацькі на прыкладзе сваіх старых ведалі, як гэта, калі дзеці жывуць далёка. Карані маці, напрыклад, з Кубані — мае продкі з гэтага боку паходзяць ад запарожскіх казакаў, якіх Кацярына ІІ перавезла пасля падзення Запарожскай Сечы. Яе дзявочае прозвішча, дарэчы, Чыжэўская. Бацькам заўсёды было вельмі нязручна адведваць сваіх бацькоў праз вялікую адлегласць. А чым старэйшыя бацькі, тым часцей трэба да іх ездзіць. Мой старэйшы брат жыве ў Санкт-Пецярбургу, адтуль таксама дабірацца да Урала нязручна (амаль двое сутак з перасадкамі). Таму калі мы пачалі жыць у Мінску, бацькі самі папрасіліся бліжэй. Яны прадалі кватэру, і мы ім набылі сціплы, але свой дамок пад Мінскам, з садам. З братам, на жаль, мы маем кардынальна розныя погляды на палітычную сітуацыю і адносіны не падтрымліваем.

«НН»: А бацька ваш адкуль?

ГК: Першапачаткова яго сям’я жыла ў Варонежскай вобласці. Яго тата падчас вайны трапіў, як мільёны савецкіх грамадзян, у нямецкі палон, пасля як «здраднік» — у савецкі лагер. Мой бацька нарадзіўся ў 1942 годзе, і дзядуля нават не ведаў, што ў яго ёсць сын. Звестак ад дзеда не было. Але праз некалькі гадоў бабуля дазналася, што ён не загінуў і жыве ў ссылцы ў Бярэзніках у Пермскім краі. Тады ўжо ў роднай вёсцы бабулі з дзецьмі жыцця зусім не было: акрамя таго, што панаваў страшэнны голад, яны лічыліся сям’ёй ворага народа. Бацьку майго нават у піянеры не прынялі. Таму яны выправіліся да дзеда ў Бярэзнікі. А там бацька вучыўся, дарэчы, у той самай школе, дзе і Барыс Ельцын — але той быў трохі старэйшы.

Маці і тата пазнаёміліся, калі навучаліся ў Новасібірскім электратэхнічным інстытуце. Тады толькі-толькі з’яўляліся ЭВМ, і яны былі аднымі з першых інжынераў, якіх вучылі іх рамантаваць і абслугоўваць. На Урал, у гарадок Міас, яны трапілі ўжо па размеркаванні. Я нарадзілася ў вельмі інтэлігенцкім месцы: туды размяркоўвалі інжынераў з усяго Саюза, а побач, каля Ільменскага возера, штогод праводзіўся фестываль аўтарскай песні.

«НН»: Вы з мужам таксама ва ўніверсітэце ж пазнаёміліся…

ГК: Калі дакладней, у агульным інтэрнаце МДУ для гуманітарных факультэтаў: я вучылася на філолага, а ён стаў гісторыкам.

Ганна з мужам Яўгенам, фота з асабістага архіва.

«НН»: Бацькі пакуль не ведаюць пра вашу магчымую высылку, а дзеці як адрэагавалі на сумную навіну?

ГК: Яны ў мяне заўсёды гатовыя да нечага такога, бо ведаюць, дзе мы жывём, але з гэтай сітуацыі наўпрост рагаталі. Бо гэта ж рэальна анекдот!

У мяне сын — фізік, аспірант, добра валодае кітайскай і англійскай мовамі. Ён — лаўрэат дзяржаўных прэмій для таленавітай моладзі, не раз перамагаў у алімпіядах, быў трэнерам каманды Ліцэя БДУ. Дачка — будучы філолаг. Яны — адны з тых, хто, на мой погляд, створыць славу гэтай краіне, а тут іх маці высылаюць з Беларусі! І смешна і грэшна! Яны ж і самі будуць памятаць пра гэта ўсё жыццё і вакол расказваць — такія сучасныя дзеці ворага народа!

Я што — Лябедзька ці Статкевіч? Такі скандал зрабілі на роўным месцы!

«НН: Слухайце, ну, для некаторых і праца ў апазіцыйнай структуры — гэта ўжо значыць кляймо.

ГК: Калі казаць шчыра, то ў палітыку я ніколі не імкнулася. Калі мы толькі пераехалі ў Мінск з Масквы, нам далі блок у інтэрнаце — муж ужо працаваў выкладчыкам ва ўніверсітэце. У яго бацькоў была толькі маленькая двухпакаёўка, там не было дзе жыць. У інтэрнаце мы і пражылі да 2011 года, пакуль не пабудавалі кватэру: на той момант сыну ўжо споўнілася 17 год.

Я нармальна працавала ў прадстаўніцтве буйной замежнай кампаніі. Займалася іх сайтам, піярам, нават павінна была пайсці на павышэнне. Але ў 2006 годзе я была на Плошчы (у намётах мы не ночылі, але там прысутнічалі), дапамагала мужу вычытваць праграмы Аляксандра Мілінкевіча на коскі (асабіста ні з кім з палітыкаў я знаёмая не была), вяла смелы ЖЖ і вельмі захапляльна пра ўсё гэта распавядала на працы.

І раптам мяне вельмі рэзка звольнілі, літаральна за дзве гадзіны, і нават далі адчапныя — два заробкі, —абы я ўжо заўтра не прыходзіла на працу. Мяркуючы па ўсім, адзін з ахоўнікаў быў супрацоўнікам КДБ — распісаў мяне як апазіцыянерку.

Кажуць, у іх план і ім за гэта даюць зорачкі і ўсялякія бонусы. Мабыць, ад майго начальніка запатрабавалі пазбавіцца мяне. Карацей, мяне скарацілі. Пасля я спрабавала ўладкавацца ў кампанію МТС, мяне хацелі ўзяць, але нечакана адмовілі ў апошні момант. Я неяк ад усёй гэтай сітуацыі падвісла. А потым Аляксандр Дабравольскі паклікаў мяне пісаць у праект экспертбай.орг, і ўжо пазней, падчас кампаніі Яраслава Раманчука, мяне заўважыў Анатоль Лябедзька і запрасіў да сябе ў партыю.

То бок я сама нікуды не «лезла» асабліва.

Канечне, я падтрымлівала альтэрнатыўныя погляды, але ў актывісты не збіралася. Мяне, можна сказаць, выштурхнула туды жыццё.

«НН»: Чаму вы да гэтага часу не аформілі беларускае грамадзянства?

ГК: У 1992 годзе ў Маскве мяне на пешаходным пераходзе збіла машына (віна была ў тым ліку мая, таму з кіроўцам мы разышліся мірна). У мяне быў аскепкавы пералом тазасцегнавога сустава і костак таза. У той час аперацый з такімі праблемамі амаль не рабілі: я тры месяцы праляжала на выцяжцы ў адной маскоўскай бальніцы, пакуль не распачаўся некроз косткі. І мне пашанцавала патрапіць на аперацыю ў так званую «крамлёўку» на Мічурынскім праспекце: якраз тады Барыс Ельцын у межах кампаніі па барацьбе з прывілеямі дазволіў пускаць туды ўсіх ахвотных. У 1993-м мне ўсталявалі пратэз, недзе год я яшчэ назіралася ў бальніцы, і пасля мяне папярэдзілі, што прыйдзецца зрабіць паўторную аперацыю недзе праз 20 год, бо пратэз, вядома, мае ўласцівасць зношвацца.

У 2008 годзе я адчула першыя болі ў назе, пачала кульгаць. А ў 2012-м ўжо ледзь хадзіла, балела спіна: я нават працавала пераважна з дому.

Калі я пайшла тут на кансультацыю, высветлілася, што мала таго, што імпартныя пратэзы ў Беларусі платныя, дык сітуацыя яшчэ ўскладнілася тым, што з такімі пратэзамі, як у мяне, тут не працуюць. Пры паўторнай аперацыі гэта досыць істотна. Паўторная нашмат складанейшая, чым у першы раз. Таму лепш было б, каб яе рабілі тыя ж спецыяісты, што і ў 90-я. І мне пашанцавала: як былую пацыентку мяне пагадзіліся прыняць у той самай бальніцы. Яшчэ паўгода пасля аперацыі хадзіла з мыліцамі.

«НН»: Але нават калі адлічваць з моманту сканчэння рэабілітацыі, усё адно прайшло амаль пяць год…

ГК: Насамрэч, пытанне грамадзянства ў мяне стаяла і па партыйнай лініі, калі вырашалася, хто можа стаць новым лідарам. І я ганаруся тым, што старэйшыны абмяркоўвалі і маю кандыдатуру. Але калі я грамадзянка Расіі, то не магу быць афіцыйным сябрам партыі. Тады, дарэчы, многіх здзівіла, што ў мяне не беларускае грамадзянства: мяне вельмі складана западозрыць у сімпатыі да Расіі. Мы калектыўна вырашылі не ўздымаць гэта пытанне публічна, улічваючы досвед той жа Алены Танкачовай.

Увогуле, я баялася апынуцца нідзе: адмоўлюся ад расійскага грамадзянства, а беларускае мне не дадуць — праз «інтарэсы грамадскага парадку» — і што рабіць?

«НН»: Але якраз тое, што вы не грамадзянка Беларусі, многія ставяць вам у дакор: маўляў, як можа расіянка адстойваць інтарэсы беларускай апазіцыі.

ГК: Ведаеце, у 1991 годзе я трапіла на сустрэчу з Папам Рымскім Іаанам Паўлам ІІ: ва ўніверсітэце ўсім ахвотным прапанавалі з’ездзіць у Кракаў амаль за бесцань. Пяцёра чалавек з нашай групы ў Кракаве аддзяліліся і выправіліся ў самастойную вандроўку. Мы аблазілі ўвесь горад і натрапілі на ўкраінцаў. А ўжо тады здарыліся падзеі ў Баку, у Вільнюсе, калі расійскімі вайскоўцамі была пралітая кроў тых, хто імкнуўся да свабоды, імкнуўся выйсці са складу СССР. І нам тыя ўкраінцы сказалі: «Вы, рускія, і па Кіеве хутка паедзеце на танку». Я, канечне, з імі стала спрачацца: «Ды як, мы ж сябры!» І раптам украінец спыніўся і кажа: «Вось глядзі, вас пяцёра, а спрачаешся са мной толькі ты адна». Астатнія, выходзіць, былі згодныя.

Убачыўшы ў Кракаве іх касцёлы, я проста ў іх закахалася, хоць я і не рэлігійны чалавек. Я калі і ў Беларусі наведала Нясвіжскі і Мірскі замак, доўга стаяла каля іх з адкрытым ротам. Нам могуць казаць, што Расія і Беларусь — аднолькавыя, адно цэлае. Але гэта не так. Тут у народзе нашмат больш захавалася той культуры, што была, скажам так, да рэвалюцыі. Ды і наогул культуры, як высветлілася, былі вельмі розныя. І калі нешта дрэнна, я не баюся прызнаць гэта, хоць гэта і мая радзіма.

А калі нейкія тролі ў каментарах пішуць, што расіянка прыйшла адстойваць інтарэсы Расіі ў беларускай партыі — гэта проста смешна. У мяне дзеці — беларусы, як я магу працаваць супраць іх? Проста нарадзіўшы іх і выхоўваючы беларусамі, я ўжо ўклалася ў будучыню Беларусі. Больш надзейнага доказу адданасці інтарэсам краіны быць не можа.

Нехта можа лічыць, што мая дзейнасць «падрыўная», але падрыўная яна толькі для рэжыму Лукашэнкі, які, як вы бачыце, усё мацней каўбасіць перад выбарамі. Мая праца ў тым, каб даваць грамадзянам альтэрнатыўную інфармацыю: толькі маючы дадзеныя з розных крыніц, можна нешта аналізаваць і рабіць высновы, фарміраваць крытычнае мысленне і, урэшце, рабіць слушны выбар.

Дарэчы, дазвол на жыхарства не забараняе мне мець уласнае меркаванне і выказвацца на любыя тэмы, для мяне захоўваюцца ўсе свае базавыя правы чалавека. Я маю права абірацца, напрыклад, у мясцовыя саветы. Магу балатавацца на пасаду мэра Мінска — тады, калі ў нас будуць сапраўдныя выбары.

«НН»: Які ваш далейшы сцэнар?

ГК: Канечне, я буду абскарджваць рашэнне аб маёй высылцы ў судзе. Вось пасля размовы з вамі іду на кансультацыю з адвакатам. У Расіі мне няма да каго ехаць, там, канечне, жывуць, сябры, але ўявіце сабе, каб нехта прыехаў у чужую сям’ю, хоць і сяброўскую, і застаўся там на год? Немагчыма. Ды і не хочацца: калі кудысьці і з’язджаць пасля, то на Захад. Муж увогуле кажа, што калі я раптам паеду ў Расію, то мяне неўзабаве пасадзяць — таму што я і там пайду на Плошчу. Паўжартам, але…

Можа, паеду ва Украіну. Не ведаю пакуль.

Сумнае ў гэтай сітуацыі — гэта тое, што мне прыйдзецца пакінуць сваіх бацькоў. Яны ўжо ва ўзросце і хварэюць. У іх тут, акрамя мяне, нікога няма. Не ведаю, як яны пратрымаюцца гэты год. Скайп скайпам, але жывыя зносіны ён не заменіць.

«НН»: У будучыні вы б усё ж хацелі стаць грамадзянкай Беларусі ці цяпер ужо не?

ГК: Так. Вярнуся і падам на грамадзянства. Цікава, як яны тады будуць рэагаваць. Паглядзім.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фоты Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031