Знайсці
16.11.2018 / 12:53106РусŁacБел

Беларускіх дэпутатаў выкарысталі для прасоўвання думкі, што аб'яднанне з Расіяй непазбежнае

На заклік губернатара Бранскай вобласці ў гэтым горадзе днямі праходзіць «Канферэнцыя муніцыпальных дэпутатаў з сумежных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь». 

З Беларусі запрасілі толькі прадстаўнікоў лаяльных да ўлады партый, кшталту ЛДПБ і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а таксама дэпутатаў з райсаветаў і гарсаветаў абласных гарадоў.

Праграма звыклая для падобных форумаў: абмеркаванне праблемных момантаў у гандлі, бізнэсе і гэтак далей. 

Фота: брянский-рабочий.рф

Але расійская прэса падае інфармацыю пра сустрэчу ў спецыфічным ключы. Так, газета «Брянскій рабочій» пад загалоўкам «У Бранску гаварылі аб імкненні да аб'яднання братніх дзяржаў» паведамляе наступнае:

«Вынікам канферэнцыі муніцыпальных дэпутатаў з сумежных рэгіёнаў Беларусі і Расіі стала рэзалюцыя. […] У ёй знайшлося месца і задачы-максімум: пераходу ад фармата свабоднага саюза дзвюх незалежных краін, які мы маем на дадзены момант, да Саюзнай дзяржавы ў адзіночным ліку, з усімі знешнімі і структурнымі атрыбутамі, уласцівымі суверэннай дзяржаве. Такім чынам, замацавана галоўная ідэя — імкненне да аб'яднання цікава і расійскаму, і беларускаму боку». 

Гэтую ж думку развівае сайт урада Бранскай вобласці, дзе цытуецца старшыня камісіі парламенцкага сходу Беларусі і Расіі, расійскі сенатар Сяргей Калашнікаў: «Канферэнцыя сведчыць, што на ўзроўні народа, на ўзроўні шараговых людзей, ёсць вялізная прага да аб'яднання ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Яшчэ адзін важны момант — на сёння прынятая рэзалюцыя, і гэта пасыл і для нас, і для мяне як старшыні камісіі парламенцкага сходу, каб вынесці гэтыя пытанні на дзяржаўнае абмеркаванне», — сказаў Калашнікаў. 

Звяртае на сябе ўвагу і тое, што Калашнікаў робіць рэверансы ў бок асноўнага спікера і вядучага канферэнцыі — радыкальнага расійскага палітыка Сяргея Бабурына, які нядаўна ўтварыў беларуска-расійскі палітычны рух.

Сяргей Бабурын.

Чытайце: Арганізатар «Рускіх маршаў» стварыў у Беларусі палітычны рух: яго падтрымалі праваслаўная царква і «Румол»

Роля беларускіх гасцей у складанні рэзалюцыі была дэкаратыўная. Беларускія ўдзельнікі, да якіх мы дазваніліся, сцвярджаюць, што пунктаў аб аб'яднанні ў адну краіну там не было.

«Ніякіх такіх рэзалюцый я не падпісваў, нічога такога, — запэўніў «Нашу Ніву» старшыня Чавускага савета дэпутатаў Анатоль Мацюлін. — Там гаварылася пра тое, што трэба спрыяць развіццю адносін, паляпшаць іх, адаптаваць законы. Аб адмове ад суверэнітэту гаворкі не было».

Тое самае сцвярджае і Алег Гайдукевіч, які пасылаў дэлегатаў у Бранск ад сваёй партыі. 

«Нашыя прадстаўнікі не маглі пагадзіцца з такім тэкстам! Гэта немагчыма. Тэкст выступу ад нас узгадняўся асабіста са мной, там гаворка была пра іншае. Запрашэнне на гэтую канферэнцыю нам прыйшло ад губернатара Бранскай вобласці», — кажа Гайдукевіч. 

Васіль Задняпраны, лідар РППС, таксама сказаў нам, што такую фармулёўку вынікаў канферэнцыі бачыць першы раз. 

Такім чынам, выглядае, што беларускіх дэпутатаў звезлі ў Бранск акурат для таго, каб выкарыстаць іх прысутнасць. 

Звяртае ўвагу, што расійскія арганізатары канферэнцыі запрасілі на яе кіраўніка арганізацыі «Румол» Сяргея Лушча, хаця ён не дэпутат і не займае ў Беларусі афіцыйных пасад. 

Намеснік бранскага губернатара Сяргей Карабко (другі злева), Станіслаў Бышок (злева), Сяргей Бабурын (у цэнтры), Сяргей Лушч (справа). Апошнія трое — лідары палітычнага руху «Саюз», які ставіць мэтай уключэнне Беларусі ў склад Расіі. Фота: сайт урада Бранскай вобласці. 

Словы Сяргея Лушча аб «драйверах інтэграцыі» цытуюць бранскія выданні, а таксама сайт рэгіянальнага ўрада. 

Чытайце таксама: Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да Россотруднічества: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031