Знайсці
15.11.2018 / 10:18111РусŁacБел

Каталіцкі святар: Хрысціянін не павінен уступаць у БРСМ

«Ці магу я ўступіць у БРСМ? Чаму некаторыя гэта лічаць няправільным?» З такім пытаннем часам звяртаецца да святароў моладзь. Адказ дае кс. Андрэй Радзевіч, піша catholic.by.

Пытанне гэта сёння вельмі актуальнае і хвалюе многіх беларускіх юнакоў і дзяўчат.

Напачатку трэба сказаць, што Касцёл не выказваўся афіцыйна пра моладзевую арганізацыю БРСМ і што афіцыйнай забароны ўступаць у яе няма.

Хоць варта ўзгадаць і пра прынцып, што не ўсё тое, што не забаронена, абавязкова дазволена. Мне вельмі падабаецца другая частка пытання, дзе хутчэй сцвярджаецца, што прыналежнасць да гэтай арганізацыі для хрысціяніна няправільная. Бо тут мы кажам не столькі пра забарону Касцёлам, колькі пра разуменне самім чалавекам, чаму не трэба ўступаць у такую арганізацыю.

Я лічу, што дзіцячыя і моладзевыя арганізацыі павінны быць. Паколькі ў добрай арганізацыі, якая пабудавана на станоўчых прынцыпах, малады чалавек мае шанц большага развіцця, самарэалізацыі, выхавання ў сабе многіх добрых рысаў. Аднак паўстае пытанне, ці кожная арганізацыя добрая і ці кожная служыць духоўнаму і маральнаму ўзрастанню чалавека.

Калі мы кажам пра БРСМ, то трэба ясна адзначыць, што гэтая арганізацыя, зрэшты, як напісана ў яе статуце, з’яўляецца спадкаемцай Ленінскага камуністычнага саюза моладзі — камсамолу.

У сваю чаргу камсамол будаваўся на камуністычных, а значыць антырэлігійных прынцыпах. У самім статуце камсамолу згадвалася, што кожны, хто належыць да гэтай арганізацыі, мае абавязак «рашуча змагацца з любымі праявамі буржуазнай ідэалогіі, рэлігійнымі забабонамі і іншымі чужымі сацыялістычнаму ладу жыцця поглядамі і звычаямі».

Тут трэба сказаць, што Каталіцкі Касцёл з першай хвіліны існавання камунізму ясна выказаўся супраць яго ідэй. Ужо ў 1846 г. папа Пій ІХ у энцыкліцы Qui pluribus асудзіў камуністычную дактрыну, назваўшы яе агіднай. Потым Папа Леў XIII у энцыкліцы 1878 г. Quo apostolici muneris акрэсліў ідэалогію камунізму як «смяротную заразу, якая агортвае ўнутраныя органы чалавечага грамадства і вядзе яго да канчатковага крызісу».

Рашучае асуджэнне камуністычнай ідэалогіі было сфармулявана ў выдадзенай у 1937 г. энцыкліцы папы Пія XI Divini Redemptors. Пантыфікат Пія XI — гэта час бязлітаснай барацьбы камуністычнага таталітарызму з Каталіцкім Касцёлам. У розных краінах з рознай моцай вялася барацьба з каталіцтвам. Так было і ў Беларусі. Папа Пій ХІІ таксама адназначна асудзіў камунізм у сваіх дакументах ад энцыклікі Orientales omnes Ecclesias (1945) да энцыклікі Ad Apostolorum Principis (1958) i энцыклікі Meminisse iuvat (1958), лічачы камуністычны атэізм найвялікшай пагрозай для Каталіцкага Касцёла.

Гледзячы на гісторыю, мы сцвярджаем, што камунізм мае на сваім сумленні велізарную колькасць чалавечых ахвяраў, якіх трэба лічыць у дзясятках мільёнаў. Камуністычныя кіраўнікі імкнуліся да рэалізацыі сваіх мэтаў, не зважаючы на чалавечае жыццё. Галоўнай з ідэй камунізму была барацьба з рэлігіяй. Гэтая сістэма знішчыла шмат святыняў і забіла шмат духоўных і свецкіх вернікаў. Ва ўсё гэта быў умяшаны таксама камсамол. Гэта камсамольцы часта пасылаліся нішчыць святыні, а нават забіваць духавенства.

Памятаю, як яшчэ падчас працы ў Гродне я быў запрошаны на такія сустрэчы, дзе ўдзельнічалі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы і прадстаўнікі арганізацыі БРСМ і піянераў. Была магчымасць задаваць пытанні. І праваслаўны святар запытаў прадстаўніка БРСМ аб статуце гэтай арганізацыі, яе мэтах і метадах дзейнасці і тым, чым яна адрозніваецца ад камсамолу. Прадстаўнік БРСМ адказаў, што ў гэтай арганізацыі мэты іншыя, чым у камсамола, аднак метады працы падобныя. І тады святар сказаў, што ў адной з парафій камсамольцы ў свой час забілі бацюшку лапатамі, а БРСМ пакінуў тыя самыя метады.

Усё гэта паказвае, што камсамол быў антыхрысціянскай, бязбожнай і атэістычнай арганізацыяй.

Калі БРСМ — спадкаемца камсамола, то веруючы чалавек не павінен уступаць у арганізацыю, якая мае такую гісторыю і такі фундамент.

З жалем назіраю, калі ў кастрычніку гэтага года ў некаторых месцах былі плакаты з камсамольскім значком з Леніным і надпісам «Это наша с тобой история». Так, гэта гісторыя, але ж гісторыя, у якой няма чым ганарыцца. Адно безумоўна: на гнілым фундаменце не пабудуеш добры будынак.

На фундаменце камсамолу не пабудуеш сёння добрую моладзевую арганізацыю. Калі мы сапраўды клапоцімся пра моладзь, то патрэбна парваць з бязбожным камсамолам, асудзіць крывавы камуністычны тэрор і пачаць будаваць штосьці новае: арганізацыю, якая будзе выхоўваць моладзь любіць сваю Айчыну, любіць сваю зямлю, яе мову, культуру і традыцыі.

catholic.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031