Знайсці
14.11.2018 / 21:3912РусŁacБел

Віктар Марціновіч: І спасылка на архіў, які не адкрываецца

З лёсавызначальных для нашай культуры людзей, якія пайшлі з жыцця ў гэтым годзе, на Нябёсах можна было б рэкрутаваць новую, ідэальную, Беларусь. Міхал Анемпадыстаў, Аляксандр Кулінковіч, Алесь Ліпай. Вось, раптоўна і нечакана, — Уладзіслаў Ахроменка.

У гісторыі літаратуры XX стагоддзя ёсць тэрмін «génération perdue», «страчаная генерацыя». Тэрмін датычыць пісьменнікаў (Хэмінгуэй, Рэмарк, Фіцджэральд і г. д.), якія распавядалі пра людзей, што страцілі сябе ў перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі. Прызваўшыся ў 1914-м у 18 гадоў, яны выйшлі з вайны скалечанымі, каб пражыць непатрэбнае і хуткабежнае жыццё і праз 20 гадоў загінуць на франтах Другой сусветнай. Пры ўсім трагізме еўрапейскіх лёсаў першай паловы XX стагоддзя, нашая «страчаная генерацыя» — нешта ў сваім трагізме сувымернае.

Пісьменнікі беларускай génération perdue — тыя, чый росквіт у беларускай літаратуры прыпаў на другую палову 1990-х і ўсе нулявыя. Я не кажу тут пра Уладзіміра Арлова ці Уладзіміра Някляева: абодва паспелі спазнаць сапраўдную славу, калі ў канцы 1980-х —пачатку 1990-х цікавасць да беларускага слова ўзрасла, творы на беларускай мове выходзілі велізарнымі накладамі і чыталіся масава.

Нашая пісьменніцкая génération perdue не пісала пра «страчаных людзей». Яна сама мела страчаныя лёсы. Да яе адносяцца творцы, чые першыя крокі прыпалі на перыяд, калі кандыдаты ад БНФ не трапілі ў Верхоўны Савет, калі з Дома ўрада здымалі Пагоню, у непахіснасць якой яны — дзеці перабудовы — верылі не раўнуючы цяпер чалец БРСМ, што верыць у заўсёднасць чырвона-зялёнага сцяга.

Яны крычалі нам свае творы паўтара дзесяцігоддзя, і мы іх не чулі ці амаль не чулі. Да моманту, калі ў сярэдзіне 2010-х вакол беларускай літаратуры зноўку пачаўся варушняк (што было непазбежна, бо само існаванне дзяржаўнасці прадугледжвае патрэбу ў літаратуры, на якую б абапіралася ідэнтычнасць) — дык вось, да моманту, калі краіна займела патрэбу ў іх творах, большасць з дзеячаў génération perdue смяротна стамілася, адціснутая ад усеагульнай увагі спінамі гледачоў канцэртаў Паліны Смолавай.

Уладзіслаў Ігаравіч Ахроменка — адзін з такіх людзей. Калі я быў студэнтам другога курса БДУ, мне ў рукі трапіла кніжачка ў шэрай папяровай вокладцы, «Здані і пачвары Беларусі». У той момант беларуская літаратура была для мяне чымсьці нуднаватым з савецкай школьнай праграмы: лапці, калгасы, вайна і паезд з дзядзькам у Вільню па касу як кульмінацыя твора. Так, былі яшчэ гістарычныя дэтэктывы — і неблагія, але тады, рускамоўным патлатым студыёзусам, я цікавіўся больш Барысам Грабеншчыковым, чым гісторыяй уласнай краіны.

Дык вось. Я прыйшоў дадому і праглынуў гэтую кніжку за вечар. Гэта было нешта неверагоднае. Там распавядалася пра камсамолак-тапельніц, пра прывіды трактарыстаў ды іншую хтонь, якая, можа, і не бачная воку, але ў любым цёмным кутку Мінска адчуваецца вельмі выразна. «Здані і пачвары» выявіліся нечым паміж страшнымі гісторыямі, якія мы распавядалі адно аднаму пасля адбою ў піянерлагеры, песняй Летава пра позні «савок» і жорсткай сатырай на наваколле з папулярнай тады газеты «Свабода». Нічога падобнага ў той момант я не чытаў — ні ў беларускай літаратуры, ні ў сусветнай (цяпер вынайдзены «Зданямі» жанр вельмі папулярны сярод капіістаў). Ад «Завальні» Баршчэўскага тое адрознівалася падкрэсленай, выразнай несур’ёзнасцю. І ўсё ж твор казаў пра галоўнае: не ўсё на нашай з вамі зямельцы можна патлумачыць логікай і мовай міліцэйскіх пратаколаў.

Канечне, я зацікавіўся аўтарам. На вокладцы значылася: «Францішак Хлус, Марцін Юр». Канечне, ні ў бібліятэках, ні ў кнігарнях ні пра якіх Хлусоў з Юрамі не ведалі. І вось праз шмат, шмат гадоў на адной з вечарын у кнігарні «Логвінаў» (у месцы, якое шмат у якіх сэнсах можа назваць сімвалам génération perdue) да мяне падышоў калега, у страшным выразе твару якога я адразу пазнаў вялікага пісьменніка. Ён сунуў мне ў руку адкрытую чацверыну крымскага каньяку (піць яго задоўга да 2014 года не было ахтунгам). І калі мы выкаўталі пляхар, павёў мяне на ганак. Тут цалкам прадказальна з ягонага палітона з’явілася яшчэ адна чацверына, і я, не прызвычаены да такога allegro, ветліва адмовіўся. Уладзіслаў, скруціўшы бутэльцы карак, дэманстратыўна паставіў яе на падваконне. За тры крокі ад нас перамінаўся патруль у пагонах: мы яўна нарываліся на адміністрацыйную адказнасць. «Давайце пойдзем унутр», — прапанаваў я свайму новаму сябру. І тут ён, здаецца, зрабіўся на 10 сантыметраў вышэйшым.

Прапанова «схавацца», каб піць каньяк у «сваёй краіне», яго пакрыўдзіла. Такія вось яны былі, прадстаўнікі génération perdue, што яшчэ памяталі, як машыны з мігалкамі ласкава катаюцца па асфальце праспекта Скарыны. Да мовы міліцэйскіх пратаколаў гэты выпадак не дайшоў: мабыць, маладых патрульных спужаў прыгаданы страшны выраз твару жывога класіка.

Калі мы ўжо развітваліся, я прыгадаў пра тую папяровую кніжачку з 1990-х. І запытаўся, ці не ведае Уладзіслаў, хто такі Франак Хлус. «Дык гэта ж я і ёсць, — паціснуў плячыма ён. — А Юр — гэта Клімковіч».

Пасля гэтай сустрэчы я выступаў на прэзентацыі Ахроменкавай «Тэорыі змовы», якая ўразіла добра загартаванай беларускай мовай, смяяўся з гісторыяў з «Музаў і свінняў». Усе Ахроменкавы кнігі імкнуліся прэч з мадэрнісцкага гета, у свет, у якім віравала сапраўднае жыццё. Гэта як адна з гісторый, якую ён распавёў, пакуль мы пілі тую чацверыну: на задворках аднаго з маскоўскіх рынкаў у першай палове 1990-х стаяў «Мерсэдэс», дзе ветліва чакаў кліентаў вельмі вузкі спецыяліст: замоўны кілер Ашот. Імёны ахвяраў ён збіраў у малюсенькі блакнот, насупраць ужо выкананых «заказаў» пісаў адно слова: «УЖЭ».

Што Ахроменка рабіў апошнія гады? Разам з Максімам Клімковічам падрыхтаваў выдатную інсцэніроўку «Дзвюх душаў» Гарэцкага, якая ідзе цяпер у Купалаўскім. Працаваў у архівах НКУС і КДБ у Польшчы і Украіне, рыхтуючы, выглядае, наймацнейшы нон-фікшн пра самыя цікавыя нябачнасці ў нашай найноўшай гісторыі.

Што засталося? Артыкул на Вікіпедыі: «работаў у вострасюжэтных, камерцыйна запатрабаваных жанрах» (WTF?!), «дэбютаваў у часопісе «Бярозка» (быццам гэта важна!!!). Шорт-ліст прэміі «Гліняны Вялес» (2013), лонг-ліст Гедройца (2013). Усё.

А, так! Яшчэ ёсць актыўная спасылка на творы: «Навелы У. Ахроменкі на makpaper.com». Але архіў з «навеламі» не адкрыўся.

Бывай, дружа. Ты не дачакаўся заслужанай славы. Ты распавядаў са сцэны захапляльныя гісторыі пра юрлівых анёлаў і добразычлівых дэманес, пра львоўскіх барыг і дуракаватых чэкістаў, але там, у цемры залы, нікога не было. Усе фаловілі Акуніна. Аднак я спадзяюся, што тыя, хто дачакаўся намёкаў на адраджэнне — як датычныя да génération perdue, так і маладзейшыя, — не дадуць забыцца ні на «Зданяў», ні на пошукі Дзіды Лангіна з «Тэорыі».

Кніга жывая, пакуль яе чытаюць.

Віктар Марціновіч, Budzma

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031