Знайсці
17.11.2018 / 09:3647РусŁacБел

Як Украіна з нуля пабудавала рынак кінадубляжу

Калі наведаць кінатэатры ва ўсіх еўрапейскіх краінах (за выключэннем карлікавых), усе еўрапейскія краіны можна падзяліць на дзве вялікія групы і 1 маленькую:

  1. Краіны, дзе замежныя фільмы агучваюцца альбо цалкам дублююцца на нацыянальную мову (вялікія еўрапейскія краіны).
  2. Краіны, дзе дублююцца альбо голасам агучваюцца толькі дзіцячыя фільмы, а іншыя фільмы ідуць на мове арыгінала з перакладам у выглядзе субцітраў (краіны Паўночнай Еўропы, Балканы).
  3. Краіны, дзе фільмы ідуць з дубляжом і агучваннем не на нацыянальнай мове, а на мове іншай краіны.

У Еўропе толькі дзве дзяржавы належаць да трэцяй групы — Беларусь (дзе пануе расійскі дубляж) і Славакія (дзе фільмы паказваюць пераважна ў чэшскай агучцы).

Тыя нешматлікія фільмы, якія выходзяць з беларускай агучкай, — вынік самаадданай працы кампаніі «Кінаконг». Але беларускі дубляж праз абыякавасць дзяржавы, кінапракатчыкаў і тэлеканалаў — дробная кропля ў гіганцкім акіяне рускамоўнага дубляжу фільмаў.

Адсутнасць рынка беларускага дубляжу — гэта не толькі моўна-культурная праблема, якая робіць Беларусь культурнай калоніяй Расіі. Але і праблема эканамічная, бо праз адсутнасць уласнага рынка дубляжу Беларусь губляе як мінімум сотні працоўных месцаў (перакладчыкаў, акцёраў, тэхнічных спецыялістаў), а таксама аддае ўласны рынак (і грошы!) расійскім дыстрыб’ютарам, замест таго каб працаваць наўпрост з Галівудам. Дарэчы, хаця пераклад стужак і нятанны працэс, але на дзяржаву і грамадзян гэта ніяк не ўплывае — у краінах з уласным рынкам выдаткі на дубляж аплачваюць самі галівудскія студыі.

Мы ўжо звыкліся з тым, што дзяржаве абыякавы лёс беларускай мовы. Але чаму беларуская дзяржава не хоча стварыць беларускі рынак і даць працоўныя месцы беларускім культурным работнікам і дыстрыб’ютарскім кампаніям, увёўшы квоты на беларускую мову ў кінатэатрах, — загадка.

У 90-ыя і пачатку 2000-ых аналагічная сітуацыя была і ў нашай паўднёвай суседкі — Украіны. На тэлебачанні да канца 90-х, а ў кінатэатрах да 2006 года фільмы на ўкраінскую мову масава не дубляваліся. Усюды дамінавала расійская мова (нават у Цярнопалі і Львове), украінскай мовай агучваліся толькі адзінкавыя фільмы. Кожная такая агучка была рэдкай і ўнікальнай падзеяй (як зараз у Беларусі), а не звычайнай рэгулярнай з’явай.

Калі прыехаць у любы ўкраінскі горад, цяжка паверыць, што яшчэ не так даўно ніякага свайго масавага дубляжу ва Украіне не існавала. Куды б вы ні прыехалі, у рускамоўны Марыупаль і Харкаў, ці ўкраінамоўныя Цярнопаль і Львоў — амаль у кожным кінатэатры будзе ўкраінскі пераклад і не будзе рускага.

Украінскі дубляж стаў абсалютна звычайным атрыбутам для кожнага ўкраінца, што ходзіць у кіно, нават для рускамоўных жыхароў Усходняй Украіны. Вырасла цэлае пакаленне людзей, якія ў свядомым узросце не засталі фільмаў на рускай мове і выхоўваліся выключна на фільмах з украінскім перакладам.

Аднойчы я абмяркоўваў са сваім сябрам з Харкава фільмы пра супергерояў. Сябар у жыцці карыстаецца рускай мовай, але калі я сказаў яму пра фільм «Железный человек», ён не зразумеў, пра які фільм ідзе гаворка. І толькі праз 10 секунд ён дацяміў:

— Ааааа, ты про «Залізну Людыну» говоришь?

Як было раней?

Сітуацыя ва Украіне з дубляваннем фільмаў не адрознівалася ад беларускай. У савецкай Украіне на ўкраінскую мову дубляваліся толькі асобныя рускамоўныя фільмы ўкраінскай вытворчасці. Але ўкраінскі дубляж украінскіх фільмаў амаль ніколі не ішоў у пракат. Пра ўкраінскі дубляж замежных фільмаў ці хаця б фільмаў рэспублік СССР і гаворкі не было.

Афіша фільма «За двума зайцамі». Стужка першапачаткова была знятая на ўкраінскай мове, але ў пракат пусцілі рускую версію.

Савецкае кіраўніцтва зацята праводзіла палітыку так званай «інтэрнацыяналізацыі», у выніку якой мусіў з’явіцца адзіны «советский народ». Украінскай, беларускай і іншым мовам савецкіх рэспублік адводзілася другарадная роля. Гэта падвышала расійскую культуру і вяло да дэнацыяналізацыі савецкіх рэспублік, што падкрэслівала іх каланіяльны статус.

Не змянілася сітуацыя і ў першыя гады пасля распаду СССР. У кінатэатрах ажно да 2006 года фільмы паказваліся толькі па-руску, а вось тэлеканалы пачалі ўкраінізавацца яшчэ ў сярэдзіне 1990-ых.

Як усё пачыналася?

Першымі пачалі перакладаць замежныя фільмы і мульцікі на ўкраінскую мову прыватныя тэлеканалы.

Адным з піянераў быў тэлеканал ICTV, які пачаў перакладаць мульцікі і серыялы на ўкраінскую мову з 1995 года.

Гэты ж тэлеканал зрабіў агучку амерыканскага серыяла «Альф», які стаў сапраўды культавым сярод украінцаў, што гадаваліся ў сярэдзіне 90-ых.

Са з’яўленнем іншых прыватных тэлеканалаў украінская агучка фільмаў і серыялаў на тэлебачанні ўжо ў пачатку 2000-ых гадоў становіцца звычайнай і распаўсюджанай з’явай. А вось расійскія дыстрыб’ютары, якія паразітавалі на ўкраінскім кінарынку, нават і не думалі дубляваць фільмы ў кінатэатрах на ўкраінскую мову да 2006 года. Так магло б працягвацца і далей, але сваё цвёрдае слова сказала ўкраінская дзяржава.

Як украінская мова з’явілася ў кінатэатрах?

У 2005 годзе да ўлады ва Украіне прыйшоў Віктар Юшчанка. Адным з пунктаў перадвыбарнай праграмы Юшчанкі было ўзмацненне ролі ўкраінскай мовы ў грамадстве. Хаця Юшчанка цяпер лічыцца слабым палітыкам і прэзідэнтам, менавіта пры ім украінская мова істотна ўзмацніла свае пазіцыі.

У студзені 2006 года пры актыўнай падтрымцы віцэ-прэм’ера Украіны Вячаслава Кірыленкі ўрад Юрыя Еханурава выдаў пастанову, якая прадугледжвала, што з 1 верасня 2006 года фільмаў з украінскім дубляжом павінна быць не менш за 20%, з 1 студзеня 2007 — не менш за 50%, а з 1 ліпеня 2007 — не менш за 70%. Украінскія дыстрыб’ютары, якія працавалі наўпрост з галівудскімі студыямі, падтрымалі такую ініцыятыву. Яны нічога не гублялі, бо дубляж на ўкраінскую мову аплачвае галівудская студыя.

А вось прадстаўніцтвы расійскіх дыстрыб’ютараў ва Украіне, якія завозілі ўжо гатовы расійскі дубляж з Расіі, былі катэгарычна супраць. Іх аргументы былі банальныя і стандартныя:

  • нібыта ўкраінская мова бедная і нераспрацаваная,
  • нібыта ва Украіне няма добрых перакладчыкаў, студый і тэхнічных спецыялістаў для перакладу фільмаў,
  • нібыта людзі ў буйных гарадах Цэнтральнай і Усходняй Украіны проста перастануць хадзіць у кіно і будуць глядзець пірацкія рускія пераклады (большая частка касавых збораў кінатэатраў прыходзілася якраз на Цэнтральную і Усходнюю Украіну), што абваліць рынак,
  • нібыта дубляж на ўкраінскую мову дарагі і ён запаволіць выхад фільмаў у кінатэатры,
  • нібыта ва Украіне немагчыма выпускаць дыскі з украінскім дубляжом.

Час паказаў, што ніводны з гэтых аргументаў не быў вартым — гэта было не больш чым жаданне расійскіх дыстрыб’ютараў не губляць украінскі рынак, перамяшанае з імперскім поглядам на ўкраінскую мову як на «бедный язык, на котором нельзя создать нічего велікого».

Адметна, што расійскіх дыстрыб’ютараў падтрымалі прарасійскія партыі ва Украіне, якія пад выглядам абароны рускамоўнага насельніцтва займаліся рэтрансляцыяй тэзісаў расійскай прапаганды.

У першыя месяцы пасля з’яўлення фільмаў на ўкраінскай ва Усходняй Украіне людзі сапраўды аддавалі перавагу расійскай версіі, бо яна была для іх больш звычнай.

«У нас не той рэгіён, дзе можна паказваць фільмы на ўкраінскай мове. Гэта можна было ўбачыць на прыкладзе фільма «Піраты Карыбскага мора», у нас ён ішоў у рускім перакладзе, але гледачы ўсё роўна перапытвалі, таму што чулі аб украінскай версіі. Мы іх запэўнівалі — пераклад рускі, тады яны казалі, добра, давайце нам квіткі. Таму на ўкраінскай мове ніхто глядзець фільм не хацеў»

— сказала ў каментары «Радіо Свобода» адміністратарка аднаго з кінатэатраў у Мікалаеве ў 2007 годзе.

Але ўжо пасля некалькіх фільмаў і мультфільмаў украінскі дубляж пачаў перамагаць у канкурэнтнай барацьбе, нават на ўсходзе Украіны. Калі гледачы пачулі ўкраінскі дубляж, яны са здзіўленнем выявілі, што ён лепшы за рускі.

Галоўным тварам (дакладней, голасам) украінскага дубляжу стаў Алекса Неграбецкі, які спачатку дубляваў тэлесерыялы для тэлебачання (у тым ліку культавага «Альфа»), а потым стаў дубляваць і фільмы для кінатэатраў.

Трэба аддаць належнае ўкраінскім акцёрам і перакладчыкам — яны здолелі стварыць унікальны, ні да чаго не падобны прадукт. Яны не проста перакладалі фільм (як гэта звычайна робіцца ў Расіі), але цалкам адаптавалі яго пад украінскія рэаліі.

Напрыклад, у расійскім «Гары Потэры» ўсе героі гавораць аднолькавай мовай. А ва ўкраінскай версіі героі гавораць рознымі дыялектамі, як гэта было ў англійскім арыгінале.

Некаторыя героі фільмаў гавораць голасам Януковіча, некаторыя гавораць галіцкім ці лемкаўскім дыялектам, некаторыя каларытным адэскім суржыкам.

У фільмах з украінскім дубляжом можна сустрэць лакальныя ўкраінскія жарты і мемы: пра Траешчыну (раён у Кіеве, аналаг мінскіх Шабаноў), пра мясцовых зорак, адсылкі да ўкраінскіх палітыкаў і гістарычных персанажаў, выкананне народных украінскіх песень і выкарыстанне аўтэнтычнай украінскай лаянкі («трясця їх матері», «щоб тебе шляк трафив» і іншыя).

Украінскі пераклад заваяваў сэрцы ўкраінцаў, у тым ліку жыхароў буйных гарадоў Усходняй Украіны (якія былі русіфікаваныя нават у большай ступені, чым Беларусь).

Адбілася гэта і на касавых зборах — з украінскім дубляжом кінатэатры і дыстрыб’ютары сталі зарабляць больш.

Калі ў 2006 годзе толькі каля 20% кінасеансаў былі ўкраінскімі, у 2007 годзе ўкраінскі дубляж стаў больш распаўсюджаным, але па-сапраўднаму масава фільмы сталі выходзіць з украінскім дубляжом толькі ў 2008 годзе.

У першыя месяцы 2008 года, калі фільмы пачалі паказваць выключна на ўкраінскай мове, прыбыткі кінатэатраў узраслі на 24% у параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года.

У канцы 2007 года Канстытуцыйны суд Украіны пацвердзіў, што ўсе замежныя фільмы павінны дублявацца, агучвацца ці быць з субцітрамі на дзяржаўнай мове.

У пачатку 2008 года Міністэрства культуры забараніла выдаваць дзяржаўнае пасведчанне на распаўсюджванне фільмаў, якія не маюць украінскай агучкі ці субцітраў.

Гэта выклікала пратэст з боку расійскіх дыстрыб’ютараў і некаторых кінатэатраў на ўсходзе Украіны, і яны абвясцілі страйк у пачатку 2008 года. Але ніякіх вынікаў гэта не прынесла — украінскія гледачы не падтрымалі расійскіх пракатчыкаў і абралі фільмы з украінскім дубляжом.

Адзіным рэгіёнам Украіны, дзе законы пра абавязковы дубляж фільмаў на ўкраінскую мову ніколі як след не выконваліся, быў Крым. Нягледзячы на законы, у Крыме было амаль немагчыма знайсці фільмы з украінскай агучкай, і ўлады ўвесь час глядзелі на гэта скрозь пальцы.

У 2010 годзе ўкраінскія ўлады стварылі яшчэ адзін стымул — яны вызвалілі ад ПДВ пракат фільмаў, дубляваных на ўкраінскую мову, а таксама вызвалілі ад ПДВ сам працэс агучвання і дублявання фільмаў.

Але ў гэтым жа годзе да ўлады прыйшла прарасійская Партыя рэгіёнаў, якая паставіла далейшы лёс украінскага дубляжу пад пытанне.

Спроба рэваншу

У 2010 годзе прэзідэнтам Украіны стаў Віктар Януковіч, а прэм’ерам — Мікалай Азараў з Партыі рэгіёнаў. Адразу ж ключавыя фігуры з прарасійскай партыі выступілі за скасаванне абавязковага дублявання фільмаў на ўкраінскую мову. Асабліва актыўным праціўнікам украінскай мовы і кінатэатрах быў міністр адукацыі Дзмітрый Табачнік, які дагэтуль лічыцца адным з галоўных русіфікатараў Украіны часоў незалежнасці. Табачнік пайшоў на адкрытую хлусню — сцвярджаў, што нібыта дубляж украінскай мовай скараціў прыбыткі дыстрыб’ютараў і кінатэатраў нават у Львове (хаця дыстрыб’ютары і кінатэатры выкрывалі гэтую ману — іх даходы ад украінскай мовы толькі раслі).

У 2010 годзе кабінет міністраў, што кантраляваўся Партыяй рэгіёнаў, скасаваў абавязковы дубляж фільмаў украінскай мовай — дастаткова было толькі мець украінскія субцітры. Здавалася б, здарылася катастрофа, і праз гульні прарасійскіх палітыкаў, якія лабіравалі інтарэсы расійскіх пракатчыкаў, украінская мова магла знікнуць з экранаў кінатэатраў. Але насуперак волі прарасійскіх палітыкаў, гэтага не адбылося. Хаця ў 2010—2011 доля ўкраінскага дубляжу неістотна скарацілася, украінская мова пачала пазней адваёўваць свае пазіцыі.

Вось як змянялася доля фільмаў, агучаных украінскай мовай з 2009 па 2017 год.

Дзяржава пазбавіла дыстрыб’ютараў стымулу перакладаць стужкі на ўкраінскую мову, але гледачы і дыстрыб’ютары працягвалі абіраць менавіта ўкраінскую мову ў фільмах.

Уласнік найбуйнейшай украінскай дыстрыб’ютарскай кампаніі B&H Багдан Батрух у 2010 годзе сказаў:

— Думаю, усе тыя палітыкі, якія кажуць аб дубляванні, не разумеюць, пра што кажуць. На самой справе колькасць гледачоў у кінатэатрах расце, прычым менавіта дзякуючы таму, што дубляванне ідзе на ўкраінскай мове. Яны могуць забараніць паказваць фільмы на ўкраінскай мове, але гэта быў бы чарговы Эмскі ўказ [указ расійскага цара Аляксандра II, які забараняў украінскую мову — заўв. НН]… Што б яны ні рабілі, украінская мова будзе ў кіно. Таму наведвальнасць кінатэатраў і водгукі, якія мы маем ад гледачоў, расстаўляюць усе кропкі над «і». Яны не разумеюць аднаго, што і ў Луганску, і ў Данецку — усюды ва Украіне — людзі хочуць глядзець фільмы на ўкраінскай мове. Яны нам — дыстрыб'ютарам — прапануюць выбіраць… Дык мы ўжо выбралі! Мы будзем дубляваць фільмы выключна на ўкраінскай, бо так хочуць украінскія гледачы.

Ці ўсё так добра з дубляжом ва Украіне?

Нягледзячы на тое, што ва Украіне ажыццяўляецца масавая агучка фільмаў і серыялаў на дзяржаўнай мове (для кінатэатраў і тэлебачання), у Расіі фільмы агучваюцца ў большай колькасці. Некаторыя фільмы і серыялы ва Украіне масава не паказваліся, іх прафесійная агучка на ўкраінскую мову не ажыццяўлялася, таму раней у некаторых выпадках украінцам даводзілася ўсё ж карыстацца расійскім варыянтам.

Але ва Украіне пачалі з’яўляцца ў вялікай колькасці аматарскія некамерцыйныя студыі (UkrDub, FanVoxUA, MelodicVoiceStudio, НеЗупиняйПродакшн і іншыя), якія агучваюць тыя фільмы, да якіх не дабраліся вялікія камерцыйныя студыі і тэлеканалы.

Сярод іншых вызначаецца сайт hurtom.com, які збірае грошы на агучванне. Прынцып яго работы просты. Людзі галасуюць за фільм ці серыял, які б яны хацелі пабачыць на ўкраінскай мове. hurtom.com перадае гэтыя грошы студыі, якая агучвае фільм ці серыял, які потым выстаўляецца ў вольны доступ на торэнт-трэкер Toloka.to. На гэтым торэнт-трэкеры можна знайсці не толькі фільмы, агучаныя пры падтрымцы hurtom.com, але і вялікую колькасць фільмаў з прафесійным перакладам.

Адметна, што аматарскія студыі агучкі з’явіліся ва Украіне пазней, чым масавы дубляж фільмаў для кінатэатраў. Гэта толькі пацвярджае, што без дзяржаўнай волі і прымусу ўласны пракатны рынак і масавы дубляж на нацыянальную мову немагчымыя.

У ідэале аматарскія студыі павінны дапаўняць дзяржаву і вялікія студыі, а не замяняць іх. Гэта справядліва як для Украіны, так і для Беларусі.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031