Знайсці
13.11.2018 / 17:417РусŁacБел

Беларускамоўны пасол, балетмайстар Купалаўскага: пяць фактаў пра новых прызначэнцаў Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада правёў кадравы дзень. Пра некаторых з новых постацяў можна пачытаць у нашым матэрыяле.

З Дамаска — у Будапешт

Аляксандр Панамароў. Фота facebook.com.

Не такі ўжо і часты выпадак. Аляксандр Панамароў ад 2014 года працаваў паслом Беларусі ў гарачай Сірыі. Звычайна ў такіх выпадках дыпламатаў вяртаюць назад на радзіму, а ўжо праз нейкі час выпісваюць новую замежную камандзіроўку. Панамароў жа адразу прызначаны паслом у Венгрыі.

Аляксандру Панамарову 43 гады, ён мінчук. Вучыўся ў Акадэміі кіравання (1996). Адразу па сканчэнні ВНУ трапіў у МЗС. Працаваў там ва ўпраўленні міжнароднай бяспекі і кантролі над узбраеннямі.

Першую замежную місію Панамарову даверылі ў 2007 годзе, калі ён з’ехаў дарадцам прадстаўніка Беларусі ў ААН у Жэневе. Па вяртанні зноў працаваў у тым самым упраўленні міжнароднай бяспекі пры МЗС. Апошнім месцам працы была Сірыя.

Лёгкай працу ў Сірыі ніяк не назавеш: у краіне вядзецца грамадзянская вайна, у якую ўцягнутыя многія краіны свету. У 2016, калі армія Асада вызваліла прыгарады Дамаска, Панамароў напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Вялікая палёгка для ўсіх, хто доўгія шэсць гадоў жыў у сталіцы пад пагрозай абстрэлаў». Мабыць, меў на ўвазе і сябе.

Арцём Панамароў у Сірыі. Фота vk.com.

Адметна, што частку допісаў у сацсетках Панамароў робіць па-беларуску. У дыпламата двое сыноў — Уладзімір і Арцём. Малодшы Арцём выстаўляе ў сваім акаўнце Укантакце шмат здымкаў з сірыйскіх гарадоў.

Сын намесніка кіраўніка Адміністрацыі

А вось новым паслом Беларусі ў Сірыі стаў Юрый Слука. Да апошняга часу ён узначальваў службу дзяржаўнага пратаколу пры МЗС.

Юрый — сын вядомага беларускага чыноўніка і выкладчыка Алега Слукі. Напрыканцы існавання СССР Алег Слука з’яўляўся дэканам факультэта журналістыкі БДУ. У 1995 стаў працаваць намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Ад 1997 быў намеснікам міністра адукацыі.

У МЗС Слука быў намеснікам начальніка консульскага ўпраўлення. Пазней — консулам Беларусі ва Украіне. Цяпер у яго першая самастойная місія.

У Міністэрстве культуры балетмайстар замест ідэолага

Наталля Карчэўская з Канстанцінам Міхаленкам. Фота facebook.com.

Мы ўжо пісалі, што скандальная Ірына Дрыга пакінула пасаду першага намесніка міністра культуры. Яе месца заняла Наталля Карчэўская.

Спадарыні Наталлі 44 гады, яна родам з Мінска. Скончыла Інстытут культуры, кандыдат мастацтвазнаўства. У родным універсітэце яна і працавала. Апошнім часам з’яўлялася першым прарэктарам. Да гэтага працавала дэканам факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. Навуковыя інтарэсы — гісторыя і тэорыя харэаграфічнага мастацтва.

Карчэўская з’яўляецца харэографам у многіх спектаклях Купалаўскага тэатра. Напрыклад, у «Дзвюх душах», «Местачковым кабарэ», «Лістапад. Андэрсен».

Сын Аляксей падпісаны ў сацыяльных сетках па-беларуску. Ён вучыцца ў Акадэміі музыкі. Цяпер яна ў стасунках з акцёрам Канстанцінам Міхаленкам, ён маладзейшы за яе. У пары ёсць сын Фёдар.

Канстанцін Міхаленка посціць у сацыяльных сетках такія вершы: «Ці плачу я, ці пяю, // Ці размаўляю з матуляю — // Песню сваю, мову сваю // Я да грудзей прытульваю».

Тры пасады за тры месяцы, праз Мінск у Пінск

Іван Рабкавец. Фота «Медыя-Палессе».

Старшынёй Пінскага райвыканкама стаў Іван Рабкавец. Пры гэтым ён застаецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. На парламенцкіх выбарах 2016 года яго зрабілі пераможцам па Пінскай сельскай акрузе з вынікам 77,1%.

Да свайго абрання ў парламент Рабкавец доўгі час займаў пасаду дырэктара Пінскага аўтобуснага парка. А літаральна 31 жніўня 2018 года Рабкаўца паставілі намеснікам міністра транспарту. Выходзіць, што на гэтай пасадзе ён прабыў усяго 2,5 месяца. А цягам апошніх трох месяцаў пабыў у трох розных крэслах.

Рабкаўцу 43 гады, ён родам з Лунінца. Скончыў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Гадуе дзвюх дачок.

Новыя першыя намеснікі ў эканоміцы і фінансах

Аляксандр Чарвякоў. Фота з сайта Міністэрства эканомікі.

Аляксандр Чарвякоў стаў першым намеснікам міністра эканомікі. Яму 52 гады, а родам з Бабінічаў Аршанскага раёна. Вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Да 2010 года з’яўляўся выкладчыкам у сваёй альма-матар.

У 2010 узначаліў Навукова-даследчыцкі эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі. У 2017 стаў намеснікам міністра. Чарвякоў, як і большасць цяперашніх супрацоўнікаў Мінэканомікі, мае рэпутацыю рыначніка. Пры гэтым ён шмат супрацоўнічае з незалежнымі эканамічнымі цэнтрамі.

Юрый Селіверстаў усё жыццё адпрацаваў у Міністэрстве фінансаў. Фота belta.by.

Юрый Селіверстаў заняў крэсла першага намесніка міністра фінансаў. Яму 40 гадоў, ён мінчук. Вучыўся ў Наргасе і Акадэміі кіравання. Адразу пасля вучобы трапіў на працу ў Міністэрства фінансаў. Узначальваў упраўленне бюджэтнай палітыкі ведамства. А 2015 — намеснік міністра. 

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031