Даслаць навіну
Знайсці
12.11.2018 / 11:42 13

«Хлопец — гэта адно, а лепш усё самім умець рабіць». Няпростае жыццё жанчын-гарманістак. Аздзяцічы, Барысаўскі раён

У сям’і Антона Дзівіна, героя Другой сусветнай вайны, радавога, што атрымаў Ордэн Чырвонай Зоркі, гадаваліся шасцёра хлопцаў і дзяўчат. Але менавіта дачцэ Марыі ён аддаў гармонік, з якім вярнуўся з вайны. Спадар Дзівін, быццам, ведаў, што Марыю трэба рыхтаваць да няпростага жыцця…

Павялічыць выяву

Дачка Марыя трымае ў руках партрэт бацькі Антона Дзівіна.

Пра Марыю Антонаўну Івановіч (дзявочае прозвішча — Дзівіна) на Барысаўшчыне загаварылі яшчэ ў пачатку 90-х, калі яе старэйшая дачка Наталля прыйшла працаваць у сельскі клуб культурным работнікам. Менавіта яна амаль што сілай пачала выганяць сціплую маці на раённыя спаборніцтвы музыкаў, адкуль яна стабільна прывозіла граматы і прызавыя месцы. На раёне яна была ледзь не адзінай жанчынай-гарманісткай: у тыя часы права на ўладанне інструментам неяк па змоўчванні даставалася мужчынам. Вобраз вясёлага вясковага гарманіста ў характарнай кепцы моцна адклаўся ў галовах савецкага пакалення: згадайце таго ж Цімафея Дудзіна з фільма Ігара Саўчанкі, напрыклад.

Павялічыць выяву

Марыя з адным з першых гармонікаў. Каштавалі інструменты не танна, таму адзін гармонік Марыі прывёз з Казахстана старэйшы брат. Новы пазней набыў муж дачкі, а грошы на яго сабраў на заробках у Сібіры. Апошні ж прэзентавалі валанцёры з барысаўскага цэнтра творчасці.

Як і многія гарманісты той пары, Марыя Антонаўна была самавучкай. Расказвае, што бацька вярнуўся з вайны з раненнем і за свой любімы інструмент больш і не ўзяўся: балелі рукі і ногі. А яна часцей за астатніх братоў і сясцёр брала інструмент у рукі ў вольны час.

 — Ад няма чаго рабіць — трынькай, і наўчылася! — смяецца Марыя Івановіч.

Бацькі расказвалі, што, калі вырашалі, як назваць дачку, да іх у хату завітала старая бабуля Марыя Кажарская, таксама гарманістка. Яна сказала: «Калі твая будзе Маруська, будзе, як і я, граць». «Таму вось я і граю, што Марыя», — тлумачыць гаспадыня.

Калі жанчына бярэ ў рукі гармонік, то адразу неяк расквітае. 

 — Гармошка у мяне — уууу! Дзеўкі, зараз я вам як дам! — падміргвае яна.

Дачка Наталля расказвае, што менавіта музыка і гармонік заўсёды ратавалі іх нават у самыя цяжкія часы.

«Калі што якое гора ці шчасце — іншыя, бывае, збяруцца і п’юць, а мы з дзяцінства спявалі. Бацька прыйдзе пасля працы, да маці сядзе і таксама ёй «Жди меня, моя Маруся, чаще шли приветы…».

«Машыны машыны»

Гора ў жыцці Марыі хапіла з лішкам. Па пашпарце жанчыне ў снежні будзе 79, але яна і яе сваякі ўпэўненыя: яна старэйшая, проста ўзрост запісалі няправільна. Мяркуюць, што Антонаўна нарадзілася недзе ў 1935-м: жанчына памятае ўсе падзеі вайны, што, на іх погляд, зусім малая дзяўчынка не змагла б засвоіць. Памятае, як пры адступленні немцы рабавалі ўсё на сваім шляху, а яны з маці хаваліся ў жыце. Як спалілі суседнюю вёску Маталыга за тое, што нехта з мясцовых застрэліў фашыста. Як вярнуўся паранены бацька і як памёр…

Марыя Івановіч скончыла 7 класаў. Марыла вучыцца далей, але стала шкада маці, якая цягнула ўсіх дзяцей на сабе. Так дзяўчына, будучы зусім юнай, стала падпрацоўваць у калгаснай брыгадзе. Па суботах жа грала на вяселлях ці на праводзінах у армію.

 — Кожную суботу мне выходнага не было! Наробішся, а там на вяселле граць ці на хрэсьбіны прыглосяць. І швэндала Маня вось так і па сваёй вёсцы, і па суседніх, — расказвае Марыя Івановіч.

Павялічыць выяву

Марыя Івановіч у сябе дома з дачкой Наталляй.

Вяселлі тады гулялі мінімум тры дні: спачатку паралельна на радзіме нявесты і жаніха. Потым «дружкі» апошняга прыязджалі да будучай жонкі свайго сябра, дзе іх чакалі пачастункі. Пасля нявесту забіралі і вязлі за стол да бацькоў жаніха. Гарманістка увесь гэты час ездзіла з імі, па коле выконваючы самыя папулярныя замовы: польку, «Барыню» з лявоніхай, вальс ды розныя «брахлівыя» (гэта так тут называюць частушкі).

Не з меншым размахам гулялі і ўласнае вяселле Івановічаў: Марыя выйшла за мясцовага хлопца Васіля. Усё было як мае быць: белая сукенка, вянок з кветак і гулянні, якія расцягнуліся на тыдзень. Бяда, памёр Васіль рана. Марыя думае, што віной таму быў аміяк, які ў вялікіх дозах дадавалі ва ўгнаенні.

Павялічыць выяву

Марыя з мужам.

— Васіль рабіў трактарыстам, кожны дзень уносіў і ўносіў гэтыя ўгнаенні. Як прыйдзе дадому смярдзючы — я яго ў калідоры раздзену дагала, каб дзяцей не патравіў, і ў хату ўпіхну. Адзежу другую даю, чыстую. А сама ў парашок бруднае, хутчэй. Дзе тады машыны калі б былі? Вой! Усё рукамі!

Калі галавы сям’і не стала, іх дочкам было год, 6, 11 і 13 год адпаведна. Цікава, што Івановічы марылі пра з'яўленне на свет сабе ў памочнікі па гаспадарцы хлопца, але, калі нарадзілася чацвёртая дзяўчынка Света, і ў бальніцы іншая парадзіха, якая, наадварот, хацела сабе дзяўчынку, прапанавала абмяняцца дзецьмі, Марыя катэгарычна адмовіла: «Як тая толькі ні плакала, ні ўмаляла! Але я ёй сказала: «Не, дарагая, сваё дзіця я нікому ніколі не аддам!».

Павялічыць выяву

Чатыры дачкі Марыі Івановіч. Усіх іх яна нараджала дома (калі на свет з'явілася Наталля, у хаце нават не было яшчэ падлогі), толькі Святлану пасля родаў забралі ў бальніцу. Што характэрна, амаль усе ўнукі Марыі таксама жаночага роду: сярод нашчадкаў толькі адзін хлопчык, самы малодшы.

Каб пракарміць дачок, Марыя Антонаўна бралася за любую працу. Рабіла паштаркай, нанялася пасвіць кароў. Згадала ўсе бацькоўскія ўрокі: як касіць, як араць, секчы дровы… Па гаспадарцы ўпраўлялася не толькі дома, але дапамагала іншым жанчынам, якія таксама засталіся без мужчынскіх рук.

 — Дзеўкі! Хлопец — гэта адно, а лепш усё самім умець рабіць, — дае жанчына параду.

Яна і сваіх дачок навучыла ўсяму, што ўмела. «МАшыны машЫны» (гэта перакладаецца як вельмі працавітыя).

Павялічыць выяву

Марыя на фоне серванта, які яна набыла за першы заробак, калі пасвіла кароў.

Свая модная вуліца Кастрычніцкая

Аздзяцiцкія землі багатыя гісторыяй і падзеямі. Тут і гарадзішча, і курганы. У свой час працавала ў гэтых мясцінах і суконная вытворчасць, і майстэрня па вырабу скур.

Сёння ж вёска славіцца культурнай дзейнасцю. У школе працуе свой музей, а ў клубе збіраюцца не толькі на сучасныя дыскатэкі, але і на фальклорныя вечарыны, дзе за галоўных — удзельнікі калектыву «Лаўнічанка». Ну і, канечне, нікуды без гармонікаў, баянаў і акардэонаў. У гонар музыкаў у Аздзяцічах нават з’явіўся драўляны помнік.

Павялічыць выяву

Помнік гарманісту у вёсцы.

Яшчэ адным месцам збору ўсіх вяскоўцаў выступае лаўка каля дома Марыі Івановіч.

Павялічыць выяву

Месца прыцягнення ў Аздзяцічах: лаўка на вуліцы Кастрычніцкай.

Наталля Савіна, дачка Марыі Івановіч, рабіла ў клубе з 1987 года, цяпер выйшла на пенсію, але па звычцы ўсё роўна арганізоўвае для суседзяў святы.

Павялічыць выяву

Павялічыць выяву

Калі Наталля працавала ў клубе, то прыдумала «Кнігу рэкордаў добрых спраў», у якую траплялі ўсе жыхары, якія дзяліліся з ёй старымі побытавымі рэчамі для музея: качалкамі, прасамі, начоўкамі, біянкамі для масла і інш.

Павялічыць выяву

Жанчына нават каля свайго дома зрабіла міні-музей.

«Я інтэрнэтам не валодаю, таму заўсёды ўсе сцэнарыі сама раблю. Год 7 на скрыжаванні каля мамінага дома святкавалі Купалле. А гэтым летам новая культработніца нічога не зрабіла. Людзі па звычцы прыйшлі на Кастрычніцкую, а тут — пуста. Прыйшлося браць сітуацыю ў свае рукі і наспех свята ладзіць», — расказвае Наталля і дзеліцца галоўнай марай: крыху падзарабіць і набыць сабе першы камп’ютар, каб навучыцца карыстацца «Аднакласнікамі» і збіраць тых, з кім разам вучылася, на вечары сустрэч.

Яе пенсія складае крыху больш за 200 рублёў. Адкладаць з гэтай сумы на ноўтбук цяжкавата, дапамагчы няма каму: муж 25 гадоў таму павесіўся, маці сама атрымлівае крыху больш за 300. Таму Наталля часова пайшла падпрацоўваць вартаўніком у школу.

Павялічыць выяву

Павялічыць выяву

Тут у кожнай жанчыны, гісторыю якой ні капні, цяжкі лёс. Большасць засталася без бацькоў і мужыкоў. І ў моманты найбольшага адчаю ўсе яны збіраюцца разам і спяваюць.

Нядаўна у Аздзяцічах валанцёры з Барысаўскага цэнтра творчасці зладзілі вечар танцаў.

«Шмат танцавальных суполак цяпер ствараюцца жанчынамі. Жанчыны бяруць у рукі гармонікі, каб вечарынкі адбываліся і традыцыя працягвалася. Ці не дзіўна? Тыя, каторыя ніколі ў гэтай традыцыі не мелі афіцыйнага права граць публічна, бо музыка лічылася выключна мужчынскім заняткам», — было напісана ў анонсе сустрэчы. Мужчынам з гармонікамі ўваход быў забаронены. Але іх амаль што і не было на мерапрыемстве. Культура і праца тут сёння жаночага роду.

Кацярына Карпіцкая, фота Волі Афіцэравай

0
Нэсэ Галя воду / адказаць
13.11.2018 / 12:22
Спасибо, хорошо аж до слез ....
2
каралюх / адказаць
13.11.2018 / 14:54
Да уж...хто першы ўстае таго і тапкі ((( красці тэмы не мяхі цягаць
0
Мамаша я / адказаць
14.11.2018 / 10:34
каралюх, слухайце, ну ўжо распавядзіце, што здарылася? Хто і ў каго, і што скраў? А то нешта з каментаў незразумела. А па самому матэрыялу - цудоўна. Пра жыццё як яно ёсць. Дзякуй кабетам з артыкулу за тое, што яны ёсць і што яны робяць.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2017 2018 2019
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31