Знайсці
08.11.2018 / 13:1574РусŁacБел

Таварыства аховы помнікаў бярэ вялікія грошы ад Зайдэса. Севярынец і Шапуцька катэгарычна супраць

Абаронца Курапатаў Ганна Шапуцька абураная, што Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры збіраецца ўзяць грошы ва ўласніка рэстарана «Паедзем, паядзім» Леаніда Зайдэса. На сустрэчу з бізнэсменам хадзіў прадстаўнік Таварыства Юрась Меляшкевіч.

Леанід Зайдэс. Фота bdg.by.

«Зайдэс прапанаваў ім грошы на мемарыял у Курапатах. У Юрася Меляшкевіча ёсць цэлая схема, ён ужо расказваў, на што будзе траціць грошы, што будзе рабіць. Наколькі я разумею, яны яшчэ не ўзялі. Таму я і працую на апярэджанне. Можа быць, яшчэ адумаюцца. Я доўга размаўляла з Меляшкевічам, Чахольскі [кіраўнік грамадскай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты — «НН»] размаўляў. Але ён стаіць на сваім, што робіць дабро для Курапатаў. А тое, што менавіта Зайдэс з’яўляецца тым чалавекам, які фактычна змяніў за свае грошы ахоўную зону, яго гэта не хвалюе», — кажа спадарыня Шапуцька.

Яна абураная тым фактам, што Меляшкевіч самастойна пайшоў на перамовы. «Ніхто яго не абіраў весці перамовы. Можна было б пра нешта казаць, калі б Зайдэс пайшоў на саступкі, каб вярнуў ахоўную зону, каб зачыніў рэстаран. Чалавек робіць зло, ён здзекуецца з памяці ахвяраў, але адначасова спрабуе абяліцца. І яшчэ спрабуе грамадскасць раскалоць гэтымі грашыма. Грошы тыя дабра ніколі не прынясуць, бо яны дадзеныя, каб уратаваць сваю скуру», — мяркуе актывістка.

Мы звярнуліся з просьбай аб каментары да Юрася Меляшкевіча. Ён мяркуе, што гаварыць пра закрыццё ўстановы не выпадае, таму важна дамаўляцца.

Юрась Меляшкевіч. Фота novychas.info.

«Я супраць раскулачвання, няважна пад якімі лозунгамі яно адбываецца. Мы сваю пазіцыю выказалі даўно, ніякіх сур’ёзных парушэнняў там няма.

І прытрымліваемся гэтага ўжо шмат гадоў. Калі абаронцы Курапатаў думаюць, што зараз Следчы камітэт ці КДБ завядуць крымінальную справу і забяруць гэты рэстаран, то значыць яны ведаюць больш, чым тое, што апублікавана.

Юрыдычных падставаў гаварыць пра закрыццё «Паедзем паядзім» не выпадае.

Нават калі яго забяруць у Зайдэса, то з’явяцца новыя ўласнікі. Доўга без справы гэты будынак стаяць не будзе. Мне незразумела, нашто гэтым займацца, калі ў нас шмат справаў менавіта ў мемарыяле?

На апошнія Дзяды прыйшло ўсяго 150 чалавек. Гэта значыць, трэба мяняць падыходы, рыторыку, метады дзеяння», — расказвае Меляшкевіч.

Ці сапраўды Таварыства аховы помнікаў бярэ грошы ва ўласнікаў рэстарана? «Мы робім усё адкрыта. У мяне была сустрэча з Леанідам Зайдэсам, дзе абмяркоўвалі сітуацыю з рэстаранам. Уласнік сказаў, што раней ён не адчуваў, што за месца Курапаты, цяпер схадзіў туды, зразумеў. Тады я прапанаваў, што мы можам зрабіць за грошы бізнэсмена для мемарыялу. Перш за ўсё гэта легалізацыя і пашпартызацыя крыжоў. Гэта будзе каштаваць 6 тысяч рублёў.

Грошы будуць пераводзіцца на рахунак не Таварыства аховы помнікаў, а іншай арганізацыі. Мы запланавалі правядзенне напрыканцы года круглых сталоў па тэматыцы рэпрэсій з удзелам прадстаўніком КДБ.

На 14 лістапада я разам з Антонам Астаповічам запісаўся на прыём да першага намесніка старшыні КДБ Ігара Сергіенкі, гаворка будзе весціся пра доступ да архіваў спецслужбаў. Мы плануем працаваць менавіта з уладамі.

Распрацоўка трох турыстычных маршрутаў па мясцінах, звязаных з масавымі рэпрэсіямі. Акрамя Курапатаў, там будуць Яма, Трасцянец, магчыма, Хатынь. Маршруты будуць зацверджаныя афіцыйна ў Міністэрстве спорту і турызму. Таксама распрацуем праграмы пра рэпрэсіі для школаў і ўніверсітэтаў. Апроч таго, гаворка вядзецца пра аднаўленне крыжоў у Курапатах. Зайдэс сказаў, што гатовы фінансаваць. На гэты момант ніякай спонсарскай дамовы не існуе».

Іншы абаронца Курапатаў Павел Севярынец назваў прыкладную суму, пра якую можа весціся гаворка. Гэта 20 тысяч беларускіх рублёў.

«У мяне даверу да Меляшкевіча і Астаповіча няма. І я не разумею, што яны там робяць. Гэта можа кепска скончыцца. Магчыма, легалізацыя ганебнага рэстарана. Будзе раскрутка ў прэсе, што Зайдэс даў 20 тысяч рублёў. Але гэта мала чым розніцца ад хабараў. Цяпер яны хочуць ураздроб ці гуртам купіць грамадскасць, грамадскую думку. Адшпілілі на гэта 20 тысяч. Не трэба ў іх браць грошы, трэба проста патрабаваць, каб яны сышлі», — адзначыў Севярынец.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930