Знайсці
10.11.2018 / 15:1476РусŁacБел

Група студэнтаў прапанавала «самазабіцца» філасофскаму аддзяленню БДУ. Дэканат: «Гэта звычайнае рэтраградства»

У інтэрнэце з’явіўся незвычайны ананімны ліст студэнтаў «Аб стане філасофскай веды ў адукацыйнай сістэме БДУ». У ім навучэнцы гавораць аб застоі на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. Яны прапануюць ці рэфармаваць яго, ці ліквідаваць. «Здзейсніць акадэмічнае самагубства», як называюць гэта аўтары ліста.

«Здзек з філасофіі»: у інтэрнэце з’явіўся рэзка крытычны ТЭКСТ пра стан вывучэння філасофіі ў БДУ

Фота Волі Афіцэравай.

Акадэмічнае самагубства

«Святкаванне 100-годдзя ВЛКСМ маладымі людзьмі ў сімволіцы той даўняй дзяржавы; славянскія каштоўнасці, што прапагандуюцца кіраўніком дзяржавы, які дае права прымяняць фізічны гвалт да дзяцей і жанчын; наяўнасць на пасадзе міністра адукацыі чалавека з адкрытымі камуністычнымі поглядамі; кіраванне галоўным ВНУ краіны рэктарам, зусім з ім не звязаным, а адзіным філасофскім факультэтам — дэканам, які ніколі не навучаўся на гэтым факультэце, павышэнне аплаты за навучанне і павелічэнне колькасці праверак пры пагаршэнні арганізацыі і якасці адукацыі — усё гэта падобна на сюр, але гэта рэальны кантэкст, у якім трэба разглядаць сапраўдны дакумент», — пішацца ў пачатку ліста.

Але галоўнай мэтай яны называюць спыненне гвалту «з філасофіі і яе апошнімі прадстаўнікамі ў акадэмічным асяродку Беларусі».

Чаму зварот ананімны? Студэнты лічаць, што ўнутрыўніверсітэцкія парадкі не дазваляюць весці адкрыты дыялог.

«Планавае складанне навучальнага раскладу з боку адміністрацыі пры мінімальным, прыстасавальніцкім характары ўдзелу ў ім выкладчыкаў спараджае немагчымасць для іх прадставіць свой прадмет у той форме і змесце, які яны лічаць патрэбным і неабходным», — адзначаецца ў дакуменце.

«Прадмет філасофіі мала таго, што не займае належнага яму палажэння ні ў дзяржаве, ні ва ўніверсітэце, дык яшчэ і застаецца рэдукаваным да ўзроўню шараговай, модульнай, дысцыпліны». Пры гэтым адзначаецца, што ёсць вялікая колькасць прадметаў «дзеля птушачкі».

«У БДУ філасофія стала спецыяльнасцю, якая мае аднолькавы стыль праверкі і выкладання як з прыродазнаўчымі, так і з тэхнічнымі спецыяльнасцямі, што забівае ўсякую магчымасць для яе стаць хоць бы ў патэнцыі крытычнай, асуджанай вечна выпрабоўваць неразуменне як у самой сабе, так і ў вонкавым поглядзе», — адзначаюць аўтары.

«Адсутнасць свабоды пры вывучэнні ў філасофіі ператварае яе не ў акадэмічную дысцыпліну, але ў зборнік афарызмаў. Насамрэч гэта не філосафы, а абмежаваныя рабы грамадства і чужога меркавання, якія ў найлепшым выпадку ўмеюць добра гаварыць і ківаць галавой, нават калі не просяць — занадта моцны рэфлекс вонкавага і ўнутранага прыняцця».

«Чыталі па ролях Віні-Пуха»

Фота Волі Афіцэравай.

«Нашай Ніве» ўдалося паразмаўляць з адным з аўтараў ліста. Ён растлумачыў, што сталася прычынай напісання дакумента. «Усе мы разумеем праблемы. Напрыклад, ролю студэнтаў у ВНУ, іх пасіўнасць у жыцці ўніверсітэта. Але ніхто не хоча нічога рабіць. Калі б гэта зварот быў не ананімным, то з намі нават бы ніхто не пачаў размаўляць», — упэўнены студэнт БДУ.

«Калі параўнаць праграму філасофскага факультэта БДУ з аналагічным у МГУ [Маскоўскім дзяржаўным універсітэце], то што мы ўбачым? У МГУ на курсе маецца шэсць прадметаў па філасофіі, каб ахапіць іх у поўнай меры. У нас жа дванаццаць прадметаў. У выніку выходзіць, што на АБЖ [асновы бяспекі жыццядзейнасці — прадмет аб правілах бяспекі, які ніхто не ўспрымае ўсур'ёз] гадзін набіраецца не меней, чым на «Гісторыю філасофіі». Праз такую колькасць прадметаў няма часу чытаць самі творы. На дзяржаўных экзаменах жа патрабуюць толькі тое, што запісана ў навучальна-метадычным комплексе».

Пры гэтым, па словах аўтара маніфеста, на многія прадметы проста не хапае часу. Ён прывёў прыклад эстэтыкі, якая вывучаецца ўсяго адзін семестр: «Гэтага мала для чалавека, які не мае базы ў гісторыі мастацтва».

Студэнт крытыкуе рэйтынгавую сістэму, якую ўвёў новы рэктар БДУ Андрэй Кароль: «Праз гэта выкладчыкі вымушаныя слухаць усіх студэнтаў, у тым ліку якім няма чаго сказаць. Даходзіла да таго, што на адным з прадметаў мы проста чыталі «Віні-Пуха» па ролях, за што потым атрымлівалі залікі.

Студэнты не могуць уплываць на выбар прадметаў. Калі мы паставілі гэтае пытанне, то нам далі выбар між адным курсам, які толькі называўся па-рознаму. Мы абіралі між курсам «Філасофія глабалізацыі» і «Усход. Захад. Расія». Гэта абсурд у крайняй ступені.

Калісьці нам вельмі спадабаўся курс «Лацінскай мовы», мы хадзілі ў дэканат з просьбай працягнуць яго. На што нам адказалі, што, калі мы не асвоілі прадмет у вызначаны праграмай тэрмін, то будзе пакараны выкладчык».

Пасля таго, як ліст быў надрукаваны ў інтэрнэце, студэнтаў сабралі на агульны сход. «Добра, што сабраліся, але ніякіх высноваў зроблена не было. Нам расказвалі, што тут усё па сусветных стандартах, што ніхто закрываць факультэт не будзе. Маўляў, нават размоваў такіх няма, хаця пра гэта чуваць пастаянна. Мы дабіліся таго, каб быў дыялог».

Аўтар маніфеста кажа, што выкладчыкі не сталі ў падтрымку студэнтаў, што стварылі гэты ліст: «Ніякіх правоў яны не маюць, менш за студэнтаў, абіраць тэмы яны не могуць. Многім проста падабаецца чытаць лекцыі з Вікіпедыі».

Студэнты не выключаюць, што для іх гэта можа скончыцца выключэннем з ВНУ.

Дэканат ФФСН: «Звычайнае рэтраградства»

Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Вадзім Гігін. Скрын з ont.by.

Нам удалося ўзяць каментар аб гэтай сітуацыі ў дэканаце ФФСН БДУ. Прыводзім яго цалкам.

«Стаўленне да ліста дваістае. З аднаго боку, крытычнасць, у тым ліку і да навучальнага працэсу, дзеянняў кіраўніцтва, выкладчыкаў, студэнтаў можна толькі вітаць. З крытыкі і сумневаў пачынаецца любы навуковы пошук, крытычная рэфлексія з'яўляецца неад'емным атрыбутам філасофскага мыслення. З другога боку, гняце ананімнасць дадзенага паслання, якое прэтэндуе на нейкі маніфест. У нашай традыцыі ананімкі лічацца дурным учынкам, уласцівым слабым людзям, інструментам звядзення рахункаў.

Аднак філасофіі і навуцы ўласцівая не толькі крытыка, але і пэўная парадаксальнасць мыслення. Як ні здасца дзіўным, мы збольшага рады з'яўленню гэтага ліста, паколькі можам распавесці грамадскасці пра тое, як развіваецца філасофская адукацыя.

Пачатак істотных змен звязаны са стварэннем Беларускага філасофскага таварыства і правядзеннем Першага беларускага філасофскага кангрэсу ў 2017 годзе. Гэтыя значныя падзеі актывізавалі дыскусію аб формах і метадах выкладання філасофіі.

Адукацыя — сфера кансерватыўная, любыя змены ў ёй рыхтуюцца працяглы перыяд.

У прыватнасці, была падвергнутая крытыцы модульная сістэма выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Міністэрства адукацыі пайшло на сустрэчу, была сфарміравана рабочая група, у якую ўвайшлі таксама некалькі вядомых навукоўцаў-філосафаў. У выніку распрацаваны праект новай канцэпцыі выкладання сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у ВНУ. У пачатку гэтага навучальнага года на ФФСН было прынята рашэнне правесці серыю метадычных семінараў з удзелам прафесарска-выкладчыцкага складу, аспірантаў, студэнтаў, магістрантаў, а таксама спецыялістаў з іншых навучальных устаноў і навуковых устаноў. Мэта — выпрацаваць аптымальную сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне філасофіі. Першы такі семінар адбыўся 25 кастрычніка 2018 года, другі (у пашыраным складзе з запрашэннем студэнтаў, аспірантаў, магістрантаў) — 31 кастрычніка 2018 года.

У выніку было прынята рашэнне стварыць працоўную групу з ліку выкладчыкаў, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў для распрацоўкі новага варыянту вучэбнага плана. Таксама мяркуецца змяніць парадак праходжання практыкі, падрыхтаваць новую магістарскую праграму, а ў доўгатэрміновым плане — некалькі змяніць кваліфікацыю, якая прысвойваецца па выніках атрымання першай ступені вышэйшай адукацыі. Гэта планавая, скрупулёзная праца. Асабліва падкрэслім, што семінары праходзілі ў адкрытай дыскусійнай форме, аднак не было выказана ніякіх радыкальных прапаноў, якія сустракаюцца ў ананімным лісце.

І вось што дзіўна: літаральна на наступны дзень пасля правядзення першага семінара ў сацыяльных сетках з'яўляецца ананімны ліст, а пасля другога — зварот у некаторыя СМІ. Аўтары прапануюць скасаваць выкладанне філасофіі і прэтэндуюць тым самым на нейкае наватарства, рэвалюцыйнасць ўласных поглядаў. Але ідэя не новая. Нагадаем хоць бы крылаты выраз міністра асветы Расійскай імперыі князя Шырынскага-Шыхматава: «Карысць філасофіі не даказаная, а шкода ад яе магчымая». Так за паказным наватарствам аўтараў ліста хаваецца элементарнае рэтраградства. Каму гэта выгадна і для чаго? Ведаюць толькі самі ананімныя аўтары.

У якасці гістарычнай даведкі. Падрыхтоўка спецыялістаў-філосафаў у БДУ зноў была адкрыта ў 1966 годзе, з тых часоў ажыццяўляецца бесперапынна. За гэты час выпушчана больш за 2200 чалавек, якія цяпер працуюць на ўсіх кантынентах. Сярод іх — акадэмікі, дактары і кандыдаты навук, вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, журналісты, бізнэсмены.

Што тычыцца некаторых асобных прэтэнзій. Выкладанне курсаў па выбары ажыццяўляецца на падставе нарматыўных дакументаў Міністэрства адукацыі. Для студэнтаў першай ступені атрымання вышэйшай адукацыі прадугледжаны выбар двух спецыялізаваных модуляў, рэкамендаваных факультэтам. У пералік уключаюцца прапановы ўсіх кафедраў, якія забяспечваюць выкладанне сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Выбар ажыццяўляецца самімі студэнтамі. Пры гэтым улічваецца колькасць групы. Летась па просьбе студэнтаў філасофскага аддзялення была дадаткова ўведзена новая вучэбная дысцыпліна «Моўнае развіццё асобы». Зыходзячы з пажаданняў студэнтаў, былі распрацаваны і ўкаранёныя ў навучальны працэс новыя спецмодулі «Медыяфіласофія» і «Канфлікталогія».

У пэўным сэнсе нам зразумелыя інтэнцыі аўтараў ліста, некаторыя з іх сугучныя з тэматыкай дыскусіі ў прафесійнай супольнасці. Аднак ход абмеркавання паказаў, што ў сваіх радыкальных поглядах яны не карыстаюцца падтрымкай ні ў выкладчыкаў, ні ў студэнцкім асяроддзі.

Варта таксама нагадаць, што філасофія — рацыянальна-тэарэтычны тып светапогляду, асаблівая форма духоўнага спасціжэння рэчаіснасці, накіраваная на выпрацоўку адзінай сістэмы ведаў аб свеце, чалавеку і формах іх узаемасувязі. А гэта прадугледжвае творчы падыход, карпатлівую, плённую працу як выкладчыкаў, так і саміх студэнтаў. Менавіта на гэта і накіравана вучэбная праграма па спецыяльнасці «Філасофія» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце», — гаворыцца ў адказе дэканата ФФСН, які яны даслалі ў рэдакцыю «НН».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930