Знайсці
05.11.2018 / 12:125РусŁacБел

У Бярозе над магілай Сапегаў аднавілі стэлу-помнік ФОТА

У Бярозе аднавілі стэлу-помнік над магілай, дзе пахаваныя парэшткі прадстаўнікоў роду Сапегаў, у тым ліку заснавальнік манастыра картэзіянцаў Казімір Леў Сапега. Пра гэта піша sb.by.

Манастырскі касцёл Святога Крыжа служыў пахавальняй для княскага роду. У 1869 годзе пры разборцы касцёла на цэглу парэшткі 17 прадстаўнікоў роду былі перанесены на размешчаныя паблізу ад манастырскіх сцен могілкі.

Думка пра аднаўленне стэлы над надмагіллем даўно не давала спакою бярозаўскаму краязнаўцу і журналісту Мікалаю Сінкевічу:

— Спачатку я хацеў зрабіць дошку з пералікам імёнаў і прымацаваць яе да помніка. Зрабілі эскіз, але справа не зрушылася. Некалькі гадоў таму падзяліўся сваімі думкамі з доктарам гісторыі мастацтваў Даротай Пірамідовіч з Польшчы. Нягледзячы на ўяўную прастату, падрыхтоўка да работ заняла каля трох гадоў. Дзякуючы Дароце Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ўключыла Бярозаўскую стэлу ў свае рэстаўрацыйныя планы. Рэстаўратар Анджэй Казбярук спецыяльна для нашай стэлы прывёз з Украіны вапну 20-гадовай вытрымкі, а таксама каменны шар, які ён выразаў з італьянскага мармуру, крыж выкаваў са старадаўняга металу. 

Вялікую дапамогу нам аказаў вядомы бярозаўскі спартсмен і турыст Васіль Новік, дырэктар СШ №1 Бярозы Мікалай Жуковіч дапамог са стылістыкай беларускага тэксту. Аднаўленне помніка заняло ў нас два месяцы.

Манастыр картэзіянцаў XVII стагоддзя — помнік архітэктуры барока і галоўная славутасць Бярозы. Ад кляштара засталася толькі брама і руіны.

Амаль восем гадоў сышло на тое, каб аднавіць уязную браму ў манастыры. Гэтая праца зробленая за бюджэтныя грошы. Брама манастыра сёння намаляваная на гербе горада.

Музейныя работнікі стварылі віртуальны музей манастыра. Інтэрнэт-карыстальнікі могуць прагуляцца па шасці залах віртуальнага музея.

Зараз дзякуючы энтузіястам ў Бярозе з'явіўся новы аб'ект, які не сорамна паказаць турыстам, — месца пахавання прадстаўнікоў знакамітага княскага роду.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера