Знайсці
04.11.2018 / 14:4994РусŁacБел

Лукашэнка: Не трэба Польшчы ствараць лішнія базы, бо мы з расіянамі таксама будзем вымушаныя нешта размяшчаць

Падчас сустрэчы з жыхарамі гарадскога пасёлка Балбасава ў Аршанскім раёне Аляксандр Лукашэнка адзначыў выключна міралюбівую палітыку беларускай дзяржавы і народа, перадае БЕЛТА.

«Мы — мірныя людзі, не жадаем вайны. Мы не багатыя, але нікога не просім. Мы самі сваё шчасце заробім. Калі будзем варушыцца, мы ўсё зробім самі. Я ўжо сказаў, што дзясяткі і сотні гадоў перамоваў — гэта лепш за адзін дзень вайны. Не дай бог. Я ведаю па гэтых гарачых кропках. Для гэтага (мірнага жыцця. — Заўвага БелТА) мы павінны быць як адзінае цэлае, бачыць свае мэты, жыць так, як лічым патрэбным», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Нам чужога не трэба. У нас сярэдняя па еўрапейскіх мерках дзяржава. Мы ў самым цэнтры Еўропы і гэта цэнім», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, звярнуў увагу на транзітнае значэнне Беларусі. «Выступаючы перад прадстаўнікамі Захаду на Мюнхенскай канферэнцыі (сустрэча ў Мінску асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. — Заўвага БелТА), я ім казаў: шануйце Беларусь, не трэба супраць нас санкцыі ўводзіць. І нарката, і бандытызм, і ядзерныя элементы, і незаконная міграцыя — усё праз нас ідзе на Захад. Мы іх ловім, адлоўліваем за ўласны кошт», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Сёння нарэшце яны зразумелі, у чым вартасць гэтага кавалка зямлі ў цэнтры Еўропы. Не толькі яны. Амерыканцы вельмі далёка — таксама ацанілі. Я ўжо не кажу пра старэйшага брата (Расію. — Заўвага БелТА)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб беларускай знешнепалітычнай лініі, Лукашэнка падкрэсліў, што яна зыходзіць ад жыцця: «Я нічога не прыдумаў. З суседзямі трэба жыць добра, чаго нам з імі сварыцца».

У сувязі з гэтым ён згадаў аб прапановах пабудаваць у Польшчы амерыканскую вайсковую базу.

«Я міністру замежных спраў сказаў — ён выступаў у нас у Мінску: мы з вамі ваяваць не збіраемся. Таму не трэба ствараць дадатковыя базы. У адваротным выпадку мы з расіянамі павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаныя нешта размяшчаць, каб вам процідзейнічаць», — заявіў кіраўнік Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930