Знайсці
04.11.2018 / 18:4756РусŁacБел

Машына часу. Нашчадкі радзімічаў

Яны прыйшлі на гэтую зямлю тысячу трыста гадоў таму. Далі імёны яе рэкам і пушчам, далі імёны паселішчам, з якіх выраслі нашы гарады, далі аснову нашай мове. Яны пакінулі нам — нас, у нашых жылах бруіць іх кроў. Пакінулі свае гарадзішчы на азёрных выспах, свае некропалі ў лясах, свае свяцілішчы і сваіх багоў, да якіх мы апелюем штодня, самі пра тое не здагадваючыся. Крывічы, дрыгавічы, радзімічы — з іх вырас беларускі народ.

Чытайце таксама:

Падарожжа ў краіну крывічоў

Дрыгавічы: правал у памяці

У праекце «Нашай Нівы» «Машына часу» мы шукаем сляды тых плямёнаў у сённяшняй Беларусі. І гэтым разам выпраўляемся на Пасожжа, да радзімічаў.

Дапаможа нам у паездках «Ford у Беларусі».

Радзімічаў летапісы ўспамінаюць усяго пару разоў. Кіеўскі храніст то прыгадваў іх паганскую дзікасць, то фіксаваў іх перадачу ў падпарадкаванне таму ці іншаму князю.

Уласную актыўнасць радзімічаў і спробу паўплываць на свой лёс «Аповесць мінулых гадоў» фіксуе толькі раз.

Гаворка пра бітву на рацэ Пішчане. У 984 годзе радзімічы спрабавалі адстаяць незалежнасць, але ваявода кіеўскага князя Уладзіміра разбіў іх і абклаў данінай.


Воўчы Хвост

Мы ведаем легенду пра падпарадкаванне крывічоў са спаленнем Полацка, забойствам Рагвалода і гвалтоўным шлюбам Рагнеды. Скарэннем радзімічаў займаўся Воўчы Хвост, ваявода князя Уладзіміра. На Пішчане яго дружына разбіла радзіміцкае апалчэнне, гэта нават увайшло ў прыслоўе-дражнілку: «Пішчанцы воўчага хваста баяцца». Не выключана, што Воўчы Хвост сам яе выдумаў, бо быў востры на язык. Летапіс успамінае, як перад іншай бітвай Воўчы Хвост троліў праціўнікаў-наўгародцаў: «Гэй, цесляры, вось паставім вас харомы нам будаваць».

Пасля землі радзімічаў адыходзілі то чарнігаўскім, то смаленскім князям, яшчэ некалькі сот год былі буфернай зонай між вялікімі княствамі Літоўскім і Маскоўскім. Потым былі казаччына і шведскае нашэсце.

Але імя радзімічаў не забытае. У Гомелі на набярэжнай стаіць помнік радзімічу, ёсць ансамбль народнай песні «Радзімічы» пры раённым доме культуры, а на аўтарамонтным заводзе робяць аўтобусы «Радзіміч».

За месца той бітвы на Пішчане спрачаюцца гомельскія і магілёўскія гісторыкі. Першыя кажуць, што летапісец меў на ўвазе сучасную раку Пясошанька на поўдзень ад Гомеля, другія паказваюць на Пясчанку пад Слаўгарадам. Мы вырашылі праехаць землямі радзімічаў — ад аднаго месца бітвы да другога.

Паўднёвы горад Гомель

На прыгажосць Сажа, галоўнай радзіміцкай ракі, мы часам забываемся, зачараваныя Дняпром, Дзвіной ды Нёманам. Яшчэ на Сажы стаіць другі па велічыні беларускі горад — Гомель, што адзін змяшчае пяць працэнтаў насельніцтва краіны.

Калі залатой восенню захочацца каштанава-лістотных кіеўскіх уражанняў — вам сюды.

Гомель здаўна быў мацней звязаны з Кіевам і Чарнігавам, чым з Полацкам ці Горадняй.

(Чарнігаў гомельцы дагэтуль жартам называюць «наш кірмаш».) Гомельскія паркі і надрэчныя кручы, яго архітэктура і сам стыль жыцця паўднёвыя.

Чалавек на гэтых высокіх берагах з’явіўся ў незапамятныя часы: падчас земляных працаў у наваколлі гомельскага замчышча знайшлі костку шарсцістага насарога з слядамі чалавечай апрацоўкі. Тыя насарогі, нагадаем, вымерлі разам з мамантамі.

Помнік радзімічу ў Гомелі.

У часы радзімічаў, тысячу год таму, Гомель быў адзіным на іх тэрыторыі выяўным гарадскім пасяленнем. Месца абранае настолькі ўдала, што замак на высокай кручы пры ўпадзенні ў Сож ручая Гамяюк быў перашкодай для заваёўнікаў да XVIII стагоддзя. Хоць Гомель ніколі не меў каменных сценаў — толькі драўляныя, абмазаныя глінай.

Асабліва імпэтна за яго змагаліся ў XVII стагоддзі, калі гетман Хмяльніцкі падняў Украіну. Казацкія атрады разліваліся па Палессі, і Гомель быў ключавым пунктам экспансіі на землі ВКЛ.

У ручаі Гамяюк жывуць лебедзі. Лётаць не могуць: крылы падрэзаныя. Ёсць нават адзін чорны.

Любая вайна дзеліць: не было на Гомельшчыне ні адзінадушнай падтрымкі казацкага руху, ні ўсенароднай барацьбы з казакамі. Гомельскія мяшчане то адчынялі ім брамы, то насмерць стаялі супраць іх на сценах, пры гарадской артылерыі. Казакі палкоўніка Галавацкага ў 1648-м у Гомелі забілі 2000 яўрэяў і 600 «ляхаў» — гэта значыць мясцовых каталікоў. Праз некалькі гадоў у лісце каралю гетман ВКЛ Януш Радзівіл аналагічна пісаў пра абарону Гомеля: «Нашы ўсіх мяшчан павыразалі».


Капітан Мантгомеры і пачуццё рытму

У 1651-м Гомельскі замак баранілі ад казакоў нямецкія і венгерскія наёмнікі пад загадам капітана Мантгомеры, шатландца. Вытрымаўшы два дзясяткі лютых штурмаў, гарнізон чакаў падмогі. Казакі, таксама знясіленыя, вырашылі абхітрыць абаронцаў. Раніцай, у тумане, яны ўдарылі перад брамай у нямецкія барабаны. Узрадаваныя немцы з крыкам «Нашы!» пабеглі адчыняць, але чуйнае вуха Мантгомеры злавіла неадпаведнасць рытму ў барабанным грукаце… Пасля гэтага, як казаў герой Стывенсана, загаварылі ружжы.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Гомель трапіў у склад Расійскай імперыі і імператрыца Кацярына ІІ падаравала яго графу Пятру Румянцаву «для ўзвесялення».

Граф Пятро Румянцаў. Ф. Шубін, са збораў Нацыянальнага мастацкага музея.

Новы гаспадар засыпаў шчодра палітыя крывёй замкавыя рвы, знёс умацаванні, а на іх месцы збудаваў пышны палац.

Перад палацам стаіць помнік малодшаму Румянцаву — Мікалаю, які памёр бяздзетным, а яго брат прадаў усе ўладанні дзяржаве, бо меў пільную патрэбу ў грошах. Адсюль і злавесная легенда пра палац: той, хто ў ім паселіцца, ужо не будзе мець дзяцей.

Румянцаў прыдумаў арыгінальны спосаб перамагчы гарадское самакіраванне, яшчэ досыць моцнае ў тыя часы: ён ператварыў слаўны вольналюбівы Гомель у… мястэчка, а побач збудаваў нібыта новы горад Навабеліцу.

Цяпер гэта проста Навабеліцкі раён Гомеля. Але з тых часоў Гомель мае два гербы: уласна гомельскі крыж на чырвоным шчыце і навабеліцкую рысь, якая трывала замацавалася ў свядомасці гамельчукоў.

Рысі ў Гомелі не водзяцца, а вось вавёрак процьма.

Рысь трапіла нават у човен прашчура-радзіміча, помнік якому стаіць на набярэжнай Сажа, пад палацам, недалёка ад пешаходнага моста.

Ён мае нядобрую славу мясцовага моста Мірабо, хоць гэта і перабольшанне, кажа гомельскі актывіст і краязнаўца Яўген Меркіс. Калі хтосьці і сапраўды збіраецца звесці рахункі з жыццём, скокнуўшы з моста ў Сож, з будыначка епархіі, які тут побач, клічуць мітрапаліта Гомельскага Стэфана. І ўладыка адгаворвае чалавека ад неабдуманага кроку.


Як выглядалі радзімічы

«Пра выяўныя антрапалагічныя адметнасці цяжка казаць, — адзначае археолаг з Магілёва Аляксей Аўласовіч. — Бывалі сярод іх высокія на той час людзі: знаходзілі шкілеты і 1,9 метра. Жанчыны былі ростам 1,5—1,6 метра, амаль як цяпер. Жылі тады людзі нядоўга — трыццаць год гэта быў вельмі сталы для іх век. Радзімічы-мужчыны любілі насіць пярсцёнкі-пячаткі, прамянёвыя фібулы-зашпілкі з трохкутнай аздобай — «воўчым зубам». Жанчыны ўпрыгожвалі сябе падвескамі — нагруднымі падвескамі-рыбкамі, ажурнымі, змеепадобнымі… І, вядома, сяміпялёсткавымі скроневымі кольцамі».

Румянцавы і Паскевічы, насуперак уяўленням многіх, не сваякі. Гомель з палацам выкупіў у дзяржавы імперскі палкаводзец і асабісты сябар імператара Іван Паскевіч пасля таго, як выгас род Румянцавых. Паскевіч пашырыў палац, прыбудаваў да яго вежу, у якой уладкаваў свой працоўны кабінет.

Гарадскія легенды Гомеля захавалі памяць пра ўдаву апошняга Паскевіча, княгіню Ірыну. Пасля рэвалюцыі яна аддала ўсе свае маёнткі савецкай уладзе і мірна дажыла век у драўлянай хацінцы. «Вось тут, на суседняй вуліцы», — махае Яўген рукой у бок сілікатна-блокавых гмахаў. Мы стаім на вуліцы Парыжскай камуны, дзе захаваўся фрагмент унікальнай драўлянай забудовы пачатку ХХ стагоддзя.

Фішка Гомеля: супастаўны па велічыні з некаторымі суседскімі сталіцамі, ён мае ў цэнтры масіў аднапавярховай драўлянай забудовы. Арнаменты разьбы пераклікаюцца з узорамі на ручніках, а ў багацці аздаблення вакон, паддашкаў, кутоў ёсць штосьці візантыйскае.

Яўген Меркіс паказвае аканіцы незвычайнай канструкцыі: складныя.

«Галоўны вораг нашай драўлянай забудовы — інвестыцыі, — сумна жартуе Яўген. — Як толькі ў людзей з’яўляюцца грошы — дом закатваецца ў сайдынг, ставяцца пластыкавыя вокны».

Але ёсць спосаб захаваць адметны гомельскі стыль: «Можна звезці ўнікальныя будынкі разам, сфарміраваць цэлую вуліцу.

Але каб гэта быў не скансэн, не музей пад адкрытым небам, а жывы квартал. Размясціць там кавярні, культурныя пляцоўкі, цэнтры рамёстваў».

Драўляная забудова чакае вырашэння свайго лёсу.

Гомельскі стыль: традыцыйныя арнаменты выкарыстоўваюць у аздабленні вуліц.

Але на ўнікальны квартал трэба сродкі, а гарадская ўлада пакуль мае іншыя неадкладныя праекты: напрыклад, мяняць новы асфальт на плошчы Леніна ці будаваць на беразе Сажа туалет за 750 тысяч даляраў — гэтую дзіва-будоўлю паказваюць гасцям гамельчукі.

Пясошанька

«Ну як вы гэта сабе ўяўляеце — кіеўскі ваявода Воўчы Хвост прайшоў праз усе землі радзімічаў, і толькі пасля яны наважыліся біцца? Канечне яны сустракалі яго тут — на мяжы сваіх тэрыторый», — з запалам кажа навуковы супрацоўнiк Веткаўскага музея стараабраднiцтва i беларускiх традыцый Андрэй Скідан, які ўзяўся паказаць нам месца бітвы на Пішчане.

Пясошанька сёння — гэта выпрастаная меліярацыяй рачулка між асушаных тарфянікаў і кукурузных палёў, пры вёсцы Пясочная Буда. Ясна, што ніякіх слядоў бітвы тысячагадовай даўніны не захавалася.

«Ды якая там была бітва — думаю, пяцьдзясят чалавек з аднаго боку, пяцьдзясят з другога…» — кажа Андрэй. Між тым, на сучасных могілках у Пясочнай Будзе ёсць падазроны правал — нібыта колісь было пахавана многа людзей. Ці не пабітыя ваяры?

Але гэта гіпатэтычна, а вось старадаўнія аброчныя крыжы на могілках ХХІ стагоддзя — рэальнасць. Перавязаныя ручнікамі, збітыя з брусоў-пятнаццатак а дзе і з бярвення, фарбаваныя ў «царкоўны» сіні колер… Гэта Палессе.


Аброчныя крыжы

Ставілі не на магілах. Гэта былі своеасаблівыя вясковыя ахвярнікі. «Аброк» — значыць «зарок», «клятва». На аброчныя крыжы навязвалі ручнікі, як ахвяру Богу, з просьбамі пра здароўе, поспех у нейкай справе, канец вайны ці засухі. Звычай быў пашыраны на Палессі, найлепей яго зафіксаваў даследчык Міхась Раманюк у манаграфіі «Беларускія народныя крыжы».

Каб трапіць у Пясочную Буду, трэба ехаць з Гомеля на поўдзень, дарогай, што ідзе паралельна вялікай кіеўскай шашы. Гэта, паводле меркавання археолага Алега Макушнікава, і ёсць той старадаўні шлях «у радзімічы», якім ішлі з Кіева заваёўнікі.


Як жылі радзімічы

Можа, яны будавалі хаты кшталту гэтых? За Пясошанькай, у вёсцы Хутаранка, захаваўся старадаўні будынак, зроблены «закотам» — шчыт забіты не дошкамі, а рублены з бярвення. Сцены з дрэва-векаўшчыны: самой хаце лёгка будзе гадоў сто, ды тым хвоям, якія пайшлі на яго будаўніцтва, яшчэ столькі ж — сведкі ледзь не шведскіх войнаў.

Жытло радзіміцкага часу цяжка рэканструяваць. Як патлумачыў археолаг Аляксей Аўласовіч, пры культурным слоі глыбінёй да 60 сантыметраў дрэва ў нашым клімаце не захоўваецца, яго разбураюць вільгаць і мароз. Сляды жытла радзімічаў знаходзілі ў Чавусах, але толькі сляды, без магчымасці вызначыць канструкцыю.


Скроневыя кольцы радзімічаў

Па гэтых жаночых упрыгожаннях археолагі вызначаюць, да якога племені адносіліся іх гаспадыні. Радзімічанкі насілі сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы. Ні ў якога іншага племені такіх не было! Аляксей Аўласовіч лічыць, што моду на падвескі з «прамянямі» славяне падхапілі ў Візантыі яшчэ падчас сваіх бадзянняў ад Паноніі да Дону. З часам мода змянялася, вар’іравалася колькасць прамянёў, спрашчалася тэхналогія вытворчасці.

 

Скроневыя кольцы з курганоў Рагачоўскага раёна. 

Калі глядзець з вышыні спадарожнікавай мапы на стратэгічны аэрадром між Кантакузаўкай і Зябраўкай, месцы для бамбардзіроўшчыкаў нагадваюць прамяні на радзіміцкіх скроневых кольцах,

жартуе Яўген Меркіс.

Звышсакрэтны аб’ект савецкіх часоў цяпер не выкарыстоўваецца па прызначэнні. Тут ладзяцца аўташоу, моладзь прыязджае падрыфтаваць. Мы таксама не змаглі адмовіць сабе ў такім задавальненні.

Пахаванне стралы

Копію вежы гомельскага палаца нечакана сустракаем на папяровай фабрыцы ў Добрушы. Не дзіва: фабрыку таксама заклалі ў часы графаў Паскевічаў. Праўда, тут вежа воданапорная, а не жылая. 

Кожны беларускі савецкі школьнік ведаў горад Добруш як радзіму вучнёўскіх сшыткаў. У ХІХ стагоддзі гэта быў адзін з самых прагрэсіўных прамысловых гарадоў. Нават першую ў Беларусі электрастанцыю збудавалі не ў Мінску, а менавіта ў Добрушы, каб забяспечваць папяровую фабрыку энергіяй. І Добруш быў таксама першым месцам у Расійскай Імперыі, дзе для рабочых быў уведзены 8-гадзінны працоўны дзень і сацыяльнае страхаванне.

Між тым у наваколлі, хай сабе на ўзроўні клубных калектываў, дагэтуль захоўваецца старадаўні звычай пахавання стралы.

Я пушчу стралу па ўсяму сялу, 
Да й уздоўж сяла ў канец вуліцы. 
Як уб’е страла добра моладца…

Святочная працэсія з жанчын, спяваючы, ішла праз усю вёску, да ўскрайку поля. Там «стралу» — нейкі прадмет або грошы — урачыста «хавалі».

Мяркуючы па тым, што адным з варыянтаў «стралы» была саламяная лялька, тысячы гадоў таму на яе месцы мог быць чалавек, прынесены ў ахвяру багам урадлівасці на сыходзе вясны:

Дзе матка плачэ — там рэчка цячэ,
Дзе сястра плачэ — там каладзязі, 
Дзе дзеткі плачуць — ручайкі бягуць.

Абрад збярогся толькі на радзіміцкіх землях — у Задняпроўі, на расійскай Браншчыне да Старадуба ды на поўначы Украіны.

Дагэтуль жыве на Веткаўшчыне, у наваколлі Неглюбкі, і традыцыя народнага ткацтва. Ручнік, вытканы на кроснах, у залежнасці ад складанасці, каштуе ад 50 да 200 рублёў.

Ці доўга яго ткаць? «Аброчныя ручнікі ткалі за суткі, — расказвае Андрэй Скідан. — Але гэта рэкорд».

Брыткая піла

Стаіш пасярод сённяшняй Веткі, пустой, як усе беларускія райцэнтры, і не верыцца, што калісьці яна была вядомая ад Румыніі да Сібіры, ад Балтыкі да Адэсы. Напамінам пра тыя часы хіба веткаўская Красная плошча, названая на ўзор маскоўскай.

Андрэй Скідан кажа, што на ручніках Веткаўшчыны ў музеі можна пабачыць арнаменты, якія захаваліся ад бронзавага веку.

Ветку на беразе Сажа, насупраць старажытнага паселішча Хальч, заснавалі стараверы. У часы караля Яна Сабескага яны, гнаныя з Маскоўскай дзяржавы, папрасіліся ў Рэч Паспалітую.

Стараверы не былі змрочнымі замкнёнымі сектантамі, адарванымі ад рэчаіснасці, якімі іх часам уяўляюць.

Яны выкарыстоўвалі сваю згуртаванасць, дружнасць: былі падрадчыкамі, будаўнікамі, плытагонамі, збіваліся ў брыгады адыходнікаў, гандлявалі. Да сёння па стараверскіх вёсках Гомельшчыны захаваліся цагляныя будынкі іх прыватных крамаў.

Падпадалі стараверы і пад павевы часу. Сярод іх трапляліся нават тэрарысты-анархісты — усяму наваколлю ўчудзіліся экспрапрыяцыі, якія ладзілі ў 1917-м браты Малеевы з Веткі. Нямала старавераў далучылася да рэвалюцыйнага руху. Са старавераў паходзіў, напрыклад, бальшавік-партызан Мінай Шмыроў.

Доўга жывучы разам з беларусамі, стараверы пераймалі мову. «Паташак» — гэта «паддашак», але «брыткая» піла — не брыдкая, а вельмі вострая, ад слоў «як брытва».

Беларусы называлі старавераў «маскалі» (гэта не было крыўдна), тыя ў адказ — «хахлы» ці «мазепы», у гонар украінскага гетмана, што перайшоў у Паўночнай вайне на бок шведскага караля Карла ХІІ. Стараверы ж падтрымлівалі расійскага цара Пятра, хоць яго бацька і выгнаў іх з родных мясцін.

Стараверскія супольнасці, як і ўсе іншыя, распыліла ХХ стагоддзе. Напамінам пра іх — драўляная Ільінская царква ў Гомелі.

Гэтае месца наведваў яшчэ салдат удачы Ямелька Пугачоў. Існуе нават версія, што менавіта веткаўскія старцы скрэатывілі яму ідэю назвацца Пятром ІІІ, узяць уладу і вярнуць старыя парадкі.

Неглюбскі кут

Галоўныя пісьменнікі Гомельскага краю — Мележ і Шамякін. Галоўны паэт — Сыс.

Ластаўка, ластаўка
Даўно не лётала
Павуціну крылом не ткала
Правым ля Неглюбкі, левым ля Моталя…

Неглюбскі кут — усходні край Беларусі. Ён нават быў тэрыторыяй дзяржавы Хмяльніцкага і адносіўся да Старадубскага казацкага палка.

Царква Святога Міколы ў Неглюбцы.

У Лядах пад Неглюбкай завітваем да спадарыні Веры. Крэпкая хата, пастаўленая бацькамі, двор па-старому падзелены паветкай-стрэшкай на чысты і гаспадарчы.

У цэнтральнай і паўночнай Беларусі радзей сустрэнеш старыя планіроўкі: фатограф і даследчык Палесся Дзяніс Раманюк лічыць, што захаванню старыны «паспрыяў» Чарнобыль, прыцішыўшы тут прагрэс і чалавечую актыўнасць. 

У хаце спадарыні Веры парадак, чысціня, чырвоныя куты ў абодвух пакоях з раскошнымі ручнікамі.

Сама гаспадыня інтэлігентная непаказной інтэлігентнасцю простых людзей. А перад хатай на лаве сядзіць апухлы мужык у кампаніі двух гэткіх самых апойкаў. Як жанчынам удаецца супрацьстаяць дэградацыі, калі сто год тут усё рабілася для яе поспеху?

Панцырны баярын Грамыка

Памежнай службы ў Сярэднявеччы не існавала. Усходнюю мяжу ВКЛ вартавалі панцырныя баяры. Гэта быў сацыяльны слой накшталт казакоў: вольныя людзі, збяднелая шляхта ды сяляне, якім за службу давалі зямлю ды вызвалялі ад падаткаў. У наваколлі многа такіх «шляхецкіх» вёсак. Напрыклад, Грамыкі.

Адсюль быў родам Андрэй Грамыка, культавы міністр замежных справаў СССР.

На Захадзе яго называлі «Містэр Не»: ён, цалкам у шляхецкіх традыцыях, дваццаць разоў накладаў «вета» ад імя СССР на рашэнні Рады бяспекі ААН. Грамыка узначаліў МЗС у 1957-м і кіраваў ім да 1985-га — праз Карыбскі крызіс, Чэхаславакію 1968-га і Афганістан 1979-га. Гэта Грамыка прапанаваў рэфарматара Гарбачова на пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС і сам тры апошнія гады жыцця займаў пасаду фармальнага кіраўніка СССР.

Пасля Чарнобыля на вёску Грамыкі легла радыяцыйная пляма. Яе знеслі і закапалі. Рэшткі праглынула палеская сельва.

Праз асфальт прабіваюцца маладыя дрэўцы, стаяць бетонныя шкілеты нейкіх будынкаў. Нечапаным застаўся толькі абеліск памяці землякоў, што загінулі ў Другую сусветную — у іх ліку два родныя браты Андрэя Грамыкі.

Сам Грамыка памёр у 1989-м, заспеўшы яшчэ трагедыю родных мясцін.

Курганы між качулак

Як і ад дрыгавічоў, ад радзімічаў не пазаставалася выяўных тапонімаў. Але Свяцілавічы, яшчэ адна панцырна-баярская вёска, у сваёй назве можа захоўваць памяць пра падзеі радзіміцкіх часоў.

Побач з ёй, на Серыкавай гары, што дамінуе над усім наваколлем, было старажытнае свяцілішча. На самым версе пляцоўка аточаная валам, на якой цяпер сучасныя могілкі.

З аднаго боку плыве Бесядзь, а з другога раскінуліся курганныя палі радзімічаў.

Яны цяпер амаль знішчаныя: пару курганоў можна заўважыць у ляску каля самай вяршыні.

Разрытая магіла: курган над Бесяддзю, разрабаваны «чорнымі капальнікамі».

Яшчэ некалькі дзівам захаваліся ў полі, проста сярод восеньскіх качулак саломы…

Яны стаяць за некалькі сот метраў ад вяршыні гары — можна меркаваць, якую плошчу раней займаў некропаль.


Пахавальныя скрынкі

У радзімічаў да прыняцця хрысціянства быў незвычайны пахавальны абрад, адзначае археолаг Аляксей Аўласовіч. Яны спальвалі нябожчыкаў, а гаршчок з парэшткамі ставілі ў спецыяльную скрынку. Пахавальныя скрынкі рабілі з дрэва, памерам 1,2 х 0,8 метра, 30—40 см у вышыню. Скрынку змяшчалі ў кургане, збоку, пакідаючы адну сценку адкрытай. Яе завальвалі каменем. Выхад абавязкова быў арыентаваны ўверх або ўніз па цячэнні бліжэйшай ракі. Такія пахаванні знаходзілі ў Круглянскім, Быхаўскім, Чэрыкаўскім, Слаўгарадскім раёнах. Ёсць версія, што яны былі сямейнымі. Ні крывічоў, ні дрыгавічоў так не хавалі. Падобны абрад быў у вяцічаў. Яшчэ так хавалі сваіх памерлых славяне, што жылі на Доне. Іх частка пад ціскам стэпавых народаў магла ў ІХ стагоддзі міграваць на Пасожжа, лічыць Аўласовіч.

Бесядзь каля Свяцілавіч… 

…і свяцілішча нядаўніх часоў.

Шчупак у святой крыніцы

«На наступных раскрэсах — налева», — так Андрэй Скідан кіруе нас на дарогу да вёскі Будзішча. Гэта дзясятак кіламетраў па зыбучым пяску праз лес, дзе двум не раз'ехацца. Тут жывых сем двароў і святая крыніца з аброчнымі крыжамі.

Вялікага паломніцтва да яе няма, але, бачна, паднаўляюць: паставілі свежы зруб. Вады ў ім недзе па пояс, бачна, як на дне кіпяць, выкідаючы пясок, халодныя ключы. Напіцца вады можна з пачэпленых на ланцугі металічных кубкаў. У купелі стаіць шчупачок-падлетак: заплыў, відаць, з Каўпіты, памежнай беларуска-расійскай ракі, у якую крынічка ўпадае.

Святое суседзіць з жыццёвым: з купелі вада перацякае у наступны зруб з кладкамі, у якім ужо можна праць бялізну.

Пры самай абалоні Каўпіты стаіць хата 90-гадовай Ніны Цярэнцеўны.

Хоць ходзіць бабуля з двума кульбамі, на двары ў яе парадак, і нават вада ў хату праведзеная: з маці жыве «пакуль не жанаты» сын.

Лёс крайняй жыхаркі Беларусі характэрны для стагоддзя, якое яна пражыла: дзед меў сталыпінскі хутар на расійскай тэрыторыі — мусіў уцячы ад раскулачвання аж у Беласток. Маці забілі немцы. Сама ўратавалася, бо цётка забрала яе. «Мама была з Расіі, — удакладняе спадарыня Ніна, ківаючы за Каўпіту. — Але гаварылі там як мы, па-беларуску».

Чачэрск

Чачэрск згадваецца ў летапісах сярод радзіміцкіх гарадцоў. Той старажытны «Чычэрск» стаяў на урвішчы над Сажом, у сярэднявеччы ён вытрымліваў татарскія і маскоўскія аблогі. Сучаснай планіроўкай горад абавязаны расійскаму генералу Чарнышову, якому Кацярына ІІ, як Гомель Румянцаву, яго падаравала.

Чачэрская ратуша — візітоўка горада.

За часамі Чарнышова знеслі замкавыя ўмацаванні, геаметрычна распланавалі вуліцы, у цэнтры паставілі ратушу, якая і сёння — візітоўка Чачэрска. Хоць ратуша была проста для прыгажосці: ніякага самакіравання ў Чачэрску на той час ужо не было.

Цяпер на замчышчы выдатны стары парк. А на спуску да Сажа, у які пасля выкрыцця культу асобы ўкінулі помнік Сталіну, стаіць трансформер пластыкавага амфітэатра, да якога ідзе лесвіца з круглымі ліхтарамі. Умеючы, любы краявід можна сапсаваць.

Прачыстая — абаронца міру

Яшчэ адна старажытная традыцыя, што дагэтуль жыве ў радзіміцкіх землях — «Свяча».

Гэта не свечка, а найперш абраз. Ён належыць не асобнай сям'і, а ўсёй супольнасці — вуліцы, вёсцы, часам нейкай групе людзей. «Бывалі раней свечы ўдоўскія, кабечыя, дзявоцкія, — расказвае Ганна Серыкава, захавальніца свячы вёскі Матнявічы.

— Нашу Свячу пасля вайны зрабілі. Гэта ікона — Прачыстая, захавальніца міру. Каб вайны болей не было…»

Свяча мусіць год стаяць у хаце, пасля яе пераносяць у наступную. Адбывалася гэта, расказвае спадарыня Ганна, увосень, на Прачыстую. Перанос свячы быў падзеяй для цэлай вёскі: гаспадары, да якіх пераходзіла святыня, рыхтавалі пачастунак, ставілі сталы для гасцей і «асобны столік для Свячы», пасылалі дзяцей запрашаць суседзяў. Частаваліся, спявалі. Цяпер традыцыя спынілася: «Чатыры гады ўжо Свяча ў мяне, ніхто не хоча браць…»

«Ёсць розныя версіі, адкуль паходзіць звычай, — кажа Андрэй Скідан. — Магчыма, гэта перажытак старадаўняга пакланення хатняму агню. А мо яна ідзе ад традыцыі праваслаўных брацтваў, якія і на вёсцы былі».

Ва ўдоўскай хаце спадарыні Ганны звяртае на сябе ўвагу незвычайна аздобленая рамка для фота. «Гэта мужык мне зрабіў на дзень нараджэння — звабіў мяне ў Чачэрск ехаць фатаграфавацца. А я яму хусцінку вышыла. Ён яе захаваў, не абціраўся ёй». Спадарыня Ганна нясе з шафы святыню з філасофскім чатырохрадкоўем пра каханне.

Шчаслівы шлюб спадарыні Ганны адбыўся праз нялюдскія сталінскія законы. Яе будучы муж яшчэ дзецюком сеў на тры гады ў турму за торбу калгаснага жыта, якога не браў. Пасля турмы на год у войска забралі. «Я ж маладзейшая за яго многа. Каб не гэта ўсё — ён раней ажаніўся б, вакол яго дзеўкі круціліся. Адна ў войска праваджала, з другой гуляў, як на пабыўку прыязджаў. Але як вярнуўся ды першы раз прыйшоў на танцы, там мы і пазнаёміліся…» Знаёмства было як у песні. Двойчы хлопец, трымаючы за руку, пытаў дзяўчыну: «Чыя ты?» і двойчы яна яму адказвала: «Я бацькава-матчына». І толькі на трэці раз сказала, хто яна і як завецца. Яны сябравалі два гады, пасля пабраліся.

«Як ён памёр, я тры гады нічога не хацела, нідзе не бывала. Ён такі харошы быў, не піў, не курыў, любіў мяне, называў ласкава, — на вачах спадарыні Ганны блішчаць слёзы.

Крывічы-адміністратары і іх наложніцы

На поўнач ад Матнявіч, за Кармой, малой радзімай Івана Шамякіна, пад самым Слаўгарадам цячэ другая магчымая Пішчана. Рэчка цяпер называецца Пясчанка.

Мост цераз Пясчанку ў вёсцы Шаламы. 

Якія ж доказы ёсць у магілёўскіх гісторыкаў на карысць таго, што бітва была тут? «На Пясчанцы, недалёка ад вёскі Шаламы мы знайшлі пахаванні двух дружыннікаў з крэмацыяй — значыць, яны былі паганцамі. І далёка не шараговымі. Адзін меў добры паясны набор, там была нават манета, дырхем. Побач з яго прахам пабілі аж сем гаршкоў. Чым больш маёмасці «давалі» з сабой нябожчыку на той свет, тым вышэйшы быў яго статус. Адзін з тых гаршкоў можна датаваць апошняй чвэрцю Х стагоддзя. Але з 988 пачалася хрысціянізацыя, спальваць памерлых перасталі. Значыць, пахаванне можна датаваць прамежкам між 975 і 988. Сюды якраз і трапляе 984-ы — год бітвы на Пішчане», — разважае Аляксей Аўласовіч.

У вёсцы Усохі, на поўнач ад Слаўгарада, знайшлі камень з трызубам — знакам кіеўскіх князёў. Магчыма, лічыць археолаг, колісь гэта быў межавы знак, які з’явіўся пасля скарэння радзімічаў.

І яшчэ адзін момант. У наваколлі Шаламоў раскапалі курган, у якім былі пахаваныя дзве жанчыны-крывічанкі: «Там былі характэрныя крывіцкія скроневыя кольцы. Гэта выключана, каб іх насіла радзімічанка». Адна з іх была язычніцай (цела спалілі), а другая ўжо хрысціянкай — гэта дазваляе датаваць пахаванні гадамі, блізкімі да хрысціянізацыі.

Археолаг мяркуе, што ў кургане маглі быць пахаваныя жанчыны крывіцкіх воінаў, прысланых Кіевам кантраляваць нядаўна падпарадкаваных радзімічаў: «Дружыннікі-крывічы ўдзельнічалі ў вайсковых паходах як падданыя Кіева і былі адміністратарамі на заваяваных землях. Магчыма, што разам з крывіцкімі дружыннікамі на радзіміцкай зямлі маглі апынуцца жонкі ці наложніцы з племя крывічоў».

У памяць пра тую крывіцкую каланізацыю засталіся вёскі Стары і Новы Крыўск пад Гомелем.

Шаламы

Пытаем дарогі на Шаламы ў вясковага дзядзькі, што сваёй прыватнай кабылай Люськай вязе каменне ў лазню.

Ведае ён і раку: «Пясчанка? Каля Папоўкі мосцік ёсць, там яна цячэ. Цяпер яе выпрасталі, асушылі ўсё кругом, а раней такія зараснікі былі — ваўкі вадзіліся! …А курганы раней стаялі і ў Слаўгарадзе самім, там шведы праходзілі». Паўсюдна старажытныя пахаванні продкаў народ лічыць магіламі заваёўнікаў.

У Шаламах, на старой вуліцы, што ідзе да ракі, небагата жылых двароў, большасць дамоў дачныя, але ёсць газ. Бачна, што вёска старажытная: стаіць на ўзгорку над поймай узятай у шлюз Пясчанкі.

Магчыма, тут на сотні гадоў наперад вырашыўся лёс усяго радзіміцкага краю.

На другім беразе ракі людзі капаюць бульбу. Канечне, ніякіх паданняў пра далёкія часы не захавалася. Ведаюць толькі пра радзімічаў — з школьных падручнікаў, ды пра курганы ў наваколлі — «невядома кім і калі насыпаныя».

Развітанне з радзімічамі

Пераехаўшы ў Быхаве Дняпро, трапляем у вёску Студзёнка. Тут мы развітаемся з радзімічамі. Гэта самы заходні пункт, дзе былі знойдзеныя іх сляды.

Сялібы прывольна раскіданыя па ўзгорках, на якіх людзі селяцца не адну тысячу гадоў.

Радзімічы спяць у курганах у недалёкім лесе. Найстарэйшыя курганы — яшчэ паганскія, з пахавальнымі скрынкамі, а апошнія датуюцца XIII стагоддзем.

Летась тут працавалі археолагі, а адзін курган, відаць, гледзячы на іх, раскапаў барсук, уладкаваўшы сабе нару ў сухім пяску.

У апошніх па часе курганах ужо амаль няма характэрных для радзімічаў адзнак. Хрысціянства, тагачасная глабалізацыя, уніфікавала іх культуру. Цяпер радзімічы — ледзь прыкметная праслойка, з якой, аднак, жывіцца незвычайная і разнастайная культура беларускага Пасожжа.

ТАА «Аўтацэнтр «Атлант-М Баравая», УНП 691786523

Андрэй Скурко, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера