Знайсці
30.10.2018 / 11:0570РусŁacБел

Ідэолаг рускага нацыяналізму: Ключы ад Масквы ляжаць у Брэсце і Мінску

Адзін з ідэолагаў рускага нацыяналізму Ягор Халмагораў на чарнасоценным сайце «Царград» выпусціў чарговы матэрыял на беларускую тэматыку. Халмагораў лічыць, што з беларусаў спрабуюць зрабіць «палку, якая будзе спрабаваць затрымаць бег рускага кола».

Халмагораў у артыкуле крытыкуе публіцыстаў, якія заяўлялі пра тое, што Пуціну для вырашэння праблемы-2024 неабходна акупаваць Беларусь.

«Усё, што трэба зрабіць Пуціну ў 2024 годзе, калі краіна будзе развівацца хаця б з той жа дынамікай, — гэта сказаць: «Я застаюся»… Тэрмін улады Пуціна — гэта пытанне стасункаў яго і Бога, а не электаральны працэс»,

— піша рускі нацыяналіст.

У тым, што Беларусь і Расія да гэтага часу не аб'ядналіся, ён абвінавачвае нейкія «ліберальныя эліты». Халмагораў упэўнены, што Лукашэнка шчыра хацеў аб'яднання. Аднак замест гэтага яго нібыта пачалі карумпаваць эканамічнымі падачкамі, ствараць ілюзію так званага «Беларускага цуду».

«Аднак па меры выхаду Расіі з крызісу гэты «цуд» аказаўся пасткай — сёння ўзровень жыцця ў Беларусі жахліва нізкі ў параўнанні з Расіяй. Перасякаючы мяжу, вяртаешся на 10-15 гадоў назад. Знакамітыя «беларускія тавары» лёгка знаходзіш у Смаленску, Калузе, нават Новачаркаску, затое іх немагчыма знайсці ў Віцебску і Полацку, у якіх цяпер шмат вышыванак і партрэтаў вялікіх літоўскіх князёў. У невялікіх населеных пунктах кідаюцца ў вочы чэргі па прадукты», — малюе катастрафічную карціну Халмагораў.

Прычына беднасці Беларусі, на яго думку, у тым, што Беларусь як самастойная эканамічная адзінка існаваць не можа. Халмагораў сцвярджае, што ў складзе Рэчы Паспалітай у беларускіх землях была галеча, а вось увайшоўшы ў склад Расійскай Імперыі яны, нібыта, пачалі квітнець.

Халмагораў крытыкуе цяперашнюю беларускую гістарычную навуку, якая бачыць вытокі сучаснай Беларусі ў тым ліку ў Вялікім княстве Літоўскім. Ён піша, што Беларусь затопленая «ліцвінскай прапагандай», якая выклікае «вышыванізацыю» на ўсіх узроўнях. Беларускую мову рускі нацыяналіст называе «дзікай з'явай».

«З беларусаў спрабуюць зрабіць палку, якая хоць ненадоўга затрымае бег рускага кола»,

— піша Халмагораў.

На яго думку, Расія павінна дзейнічаць рашуча на беларускім напрамку. Чарнасоценец піша, што Расія павінна не толькі купляць лаяльнасць беларускіх уладаў, але і прапанаваць простым беларусам рост дабрабыту.

«Мяне неяк спыталі, што я магу прапанаваць «рэальнага» маладым беларусам у якасці аргумента на карысць Расіі, акрамя «замшэлай ідэі рускага свету», я не задумваючыся адказаў: «Хочаш айфон — будзь рускім». Беларусь без Расіі, тым больш у якасці часткі анты-Расіі, будзе гінуць і дэградаваць. Беларусь у якасці арганічнай часткі Расіі — гэта рэгіён эканамічнага росту і дабрабыту»,

— упэўнены чарнасоценец.

Ён мяркуе, што ніякай антырасійскай Беларусі Масква проста не дапусціць, таму што ў такім выпадку Расія проста перастане існаваць:

«Ключы ад Масквы ляжаць у Брэсце. Без пояса бяспекі, што там пачынаецца, Масква безабаронная».

ММ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера