Знайсці
10.02.2019 / 23:40РусŁacБел

Дарагія рэчы: вагі з дзедавай крамы

Кемлівыя і гаспадарлівыя беларускія сяляне рэдка калі выкідаюць даўно не патрэбныя ў штодзённым ужытку рэчы. Звычайна яны ашчадна складваюць іх на бязмежных гарышчах. Бо хто ведае: а раптам надыдзе тая часіна, калі менавіта гэтая даўно непатрэбная рэч якраз і спатрэбіцца… Вось і сярод нашых вясковых скарбаў захоўваецца адна незвычайная рэч, сапраўдная сямейная рэліквія, расказвае Павел Булаты.

Гаворка ідзе пра бязмен старасвецкай канструкцыі. Такімі ў побыце даўно ўжо не карыстаюцца. Але яго незвычайны выгляд быў цалкам натуральным для нашых продкаў. Канструкцыя не складаная. Гэта стрыжань, на адным канцы якога замацавана процівага ў выглядзе конуса, а на другім канцы змяшчаецца кручок, да якога падвешваецца груз альбо чаша. На стрыжань надзетая пятля. Каб нешта ўзважыць на гэтым бязмене, трэба пачапіць на кручок груз і, трымаючы вагі за пятлю, рухаць яе, пакуль не будзе дасягнутая раўнавага. На стрыжні нанесеная шкала вымярэння, пры гэтым значэнне масы пазначанае не лічбамі, а кропкамі. Вымяраецца ж вага ў… фунтах! Так, не ў звыклых кілях, а ў фунтах. Гэтая мера вагі панавала на вясковых абшарах Заходняй Беларусі да пачатку 1960-х… На нашым бязмене рыскі адпавядаюць фунту, 1 1/2 фунта, 2 фунтам — і гэтак да 20 фунтаў (1 фунт — гэта 409,5 гр.).

Менавіта бязменамі такой канструкцыі карысталіся і сто гадоў таму, і дзвесце, і ў часы Скарыны! На гравюры «Ісус Навін вядзе людзей Ізраілевых праз Іардан» у выданні Францыска Скарыны мы бачым тоўсты канец такога самага бязмена, які тырчыць са складак адзення барадатага чалавека. Канструкцыя прылады амаль не змянілася. І толькі адносна нядаўна на змену такім бязменам прыйшлі звыклыя нам вагі.

Выява бязмена на гравюры «Ісус Навін вядзе людзей Ізраілевых праз Іардан» у выданні Францыска Скарыны

Адкуль такая прылада ўзялася ў звычайнай вясковай хаце? Бо бязмен — атрыбут купцоў, рэч гандлёвага ўжытку. Справа ў тым, што ён належаў нашаму прадзеду, які амаль 20 гадоў быў прадаўцом у вясковай краме.

Наш прадзед Грыц Антось Вікенцьевіч нарадзіўся на Каляды ў 1917 годзе, часы, калі недалёка ад нашай вёскі Мацылёўшчына (зараз у Нясвіжскім раёне) застыў фронт Першай сусветнай, а ў сялянскіх хатах стаяў табарам 16-ы Ровенскі полк расійскай арміі… Спачатку жыў на ўласным хутары, хадзіў у польскую школу. Маладым пабраўся шлюбам, нарадзіліся трое дзетак. У ліпені 1944-га быў прызваны ў войска і ваяваў у артылерыі на 1-м Беларускім фронце. У час баёў на Одэры адбіў восем контратак і быў узнагароджаны медалём «За адвагу», хоць ні яго, ні іншых медалёў ніколі не насіў і пра вайну не распавядаў.

Вярнуўшыся з вайны, Антось прадаў сваю хату на хутары і перабраўся ў жончыну, у самым цэнтры вёскі. Жонка хутка памерла, і ён застаўся адзін з дзецьмі. Але неўзабаве ўзяў за жонку нашу прабабулю, якая прыходзілася яму кумой. Яна таксама засталася адна з маленькай дачкой — нашай бабуляй, — бо муж яе памёр ад сухотаў, абцяжараных атрыманымі на вайне ранамі. Хоць Антось нам не крэўны, але родным стаў, і інакш як дзед Антось мы яго не называлі. Пасля шлюбу ён перавёз з хутара хату прабабулі, паставіў яе насупраць сваёй старой і там жыў, трымаючы гаспадарку да самай смерці ў 1997 годзе…

Вайна добра-такі адбілася на здароўі дзеда Антося: па вяртанні ў яго аднялі палову левай нагі. З таго часу ўсю дарогу ён клыпаў на драўляным завостраным пратэзе. Без нагі ён не мог пайсці на якую фізічную працу ў калгас, які па вайне з’явіўся ў нашай вёсцы. Гэта вызначыла яго лёс — дзед Антось стаў загадчыкам вясковай крамы.

Грыц Антось Вікенцьевіч, фота ў поўны рост з драўляным пратэзам.

 Магазін (не крама, а менавіта так заўжды тут называлі ўстанову гандлю) з’явіўся ў Мацылёўшчыне адразу пасля вайны, бо раней, калі ўсе жылі на хутарах, мелі ўсё сваё, і магазін той быў не надта патрэбны. Калі чаго не хапала, ездзілі ў Сноў, там было мястэчка. Спачатку магазін быў у самым пачатку вёскі ў Проньчынай хаце і «магазыншчыкам» быў некалькі гадоў Міхаль Булаты, таксама былы франтавік. Але ён, як ажаніўся, з’ехаў у Баранавічы. Ад яго справы пераняў Грыц Антось.

Асабліва кандыдатаў на гэтую працу ў вёсцы не было, бо тут трэба і справаздачу напісаць, і разлічыцца, і па тавар з’ездзіць. Раней у краму не прывозілі ўсё неабходнае, як зараз, трэба было прадаўцу самому паехаць і прывезці добры тавар. Тут і прыдаўся для гэтай справы аднаногі і адукаваны Антось.

Танцы каля магазіна, 1950-я.

Пэўны час магазін заставаўся ў Проньчынай хаце, але яна была малая. Тады магазін перанеслі ў большую хату, дзе жыў млынар Паўло. Яна была якраз насупраць старой Антосевай хаты. Але там было яму гандляваць нязручна, і ўрэшце магазін ён перанёс у сваю хату (якая засталася ад першай жонкі). Ад дарогі павесілі адмысловую шыльду. Так амаль на 20 гадоў вясковы магазін атабарыўся на адным месцы.

План вёскі Мацылёўшчына (Нясвіжскі р-н).

Сама хата была невялікаю, дзялілася на дзве часткі. У адной Антось да паўторнай жаніцьбы жыў з дзецьмі, у другой частцы — каморы — быў магазін. Часам і ў жылой хаце і калідоры стаялі бочкі, скрыні з таварам. У каморы быў зладжаны прылавак, там вёўся гандаль, ляжалі тавары, на бэльках вісела вэнджаная камса. Яна хоць і была смачнаю, але вяскоўцы не надта яе набывалі, браў толькі адзін прыезджы расіянін. Прадаваўся там у асноўным бытавы тавар, бо прадукты тады ў кожнага былі свае, і ў магазіне іх ніхто б ніколі не купляў.

Па тавар дзед Антось ездзіў на базу ў Нясвіж, бывала што і ў Клецк. Але быў у яго дзяржаўнай гандлярскай дзейнасці і элемент асабістай камерцыі. У Снове ладзіліся сельскія кірмашы, куды з’язджаліся на торг сяляне з навакольных вёсак. Там, у ларках, Антось набываў тавары і перапрадаваў з наварам у сваёй краме. Справы ішлі добра! З прадуктаў былі цукеркі, халва, прадаваліся ўпрыгожанні — пацеркі ды завушніцы. У магазіне можна было абмяняць яйкі на які тавар ці грошы. Але найбольшы даход давала гарэлка. Сам Антось казаў:

«Гэта Саветы навучылі нас піць і спяваць. Раней як было? Рабілі ўсе на сваёй гаспадарцы ад сонца да сонца. Часу не было на тое. А цяпер што…»

Прадаваў ён гарэлку і ўдзень, і ўначы. Бывала, прыедуць, а ехалі адусюль, пагрукаюць — «Антось, адкрывай!» — і ён устае, ідзе ў магазін (бо што тут перайсці праз сені!) і адпускае гарэлку, а бывае, і вып’е разам з кім.

А для вясковай моладзі магазін быў, як тут казалі, апораю — месцам баўлення часу. Уздоўж глухой сцяны, якая выходзіла да дарогі, стаяла лаўка. Там збіраліся, ладзілі танцы. Дзяўчаты запрашалі музыкаў і скакалі, спявалі. Яно добра каля магазіна: тут хлопцы і бутэльку возьмуць, і яйкі на цукеркі памяняюць, каб дзяўчат пачаставаць. Усю дарогу там збіралася вясковая моладзь.

Дзед Антось прапрацаваў у магазіне да сярэдзіны 1960-х. Скончылася ўсё рэвізіяй, якая налічыла вялікую нястачу. Бо па вясковай завядзёнцы шмат што давалася напавер, і па «вэксалях» аддавалі вяскоўцы не заўжды. Так і назбіралася за шмат гадоў. Каб разлічыцца з дзяржаваю, Антось пазычыў грошы ў сваячкі.

А потым сабраў машыну яблык, завёз іх у Маскву і прадаў. Так і разлічыўся.

За гады працы вобраз магазіна і прадаўца добра замацаваўся ў народнай памяці. Хоць даўно ўжо няма ні той хаты, дзе была крама, ні самога дзеда Антося, пра былое ў вёсцы памятаюць добра. А мы захоўваем каштоўны сямейны артэфакт — старасвецкі фунтовы бязмен незвычайнай канструкцыі.

Павел Булаты

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера