Знайсці
14.02.2019 / 10:001РусŁacБел

Любімыя колеры могуць сказаць пра яе многае: колер сцягна напалоханай німфы

Улюбёнымі колерамі ХVIII стагоддзя былі ружовы і блакітны. У вопратцы, у інтэр’ерах, у мастацтве выкарыстоўваўся ўвесь спектр адценняў, а наймаднейшым было адценне з гуллівай назвай «колер сцягна напалоханай німфы» — далікатна-ружовы з дамешкам вохры.

Вільям Бугро. «Німфы і сатыр». 1873 год.

Ружовы і пастэльныя адценні іншых колераў сталі асновай стылю ракако, які ўзнік у Францыі ў XVIII стагоддзі, напярэдадні Французскай рэвалюцыі. Прыкметы ракако — банцікі, стужачкі, завіткі, гіганцкія прычоскі, адбеленыя твары і мушкі над вуснамі. І як мага больш золата ва ўборы. У паводзінах — капрызнасць, раскоша, вясёлая прыгажосць. Мусова — амаладжэнне: нават 60-гадовыя жанчыны павінны былі прыкідвацца 20-гадовымі дзяўчаткамі, прывязваць да грудзей планшэткі (шыкоўныя формы тады не віталіся, у модзе былі дзіцячыя пляскатыя грудзі і танюткая талія). Мужчынам, зрэшты, таксама даставалася: бегаць па лузе за матылькамі ў высокім парыку ды ружовых панчохах разам з 60-гадовай німфай з птушыным гняздом на галаве…

Пра німфаў

Арыстакраты нібы адчувалі, што хутка страцяць усе выгоды, і так баяліся гэта асэнсаваць, што ратаваліся эскапізмам. Сюжэты і галоўная ідэя эпохі ракако — ідылія, уцёкі ад рэальнасці, вечная маладосць, бесклапотнае шчасце. Заканамерна галоўным сімвалам гэтага часу сталі німфы — жаночыя боствы, якія жылі ў гарах, лясах, крыніцах, марскіх водах вясёлым і бесклапотным жыццём. Вечна маладыя і амаль бессмяротныя.

Калі ў Францыі XVIII стагоддзя выводзілі новы сорт ружы, то ўнікальнае адценне гулліва называлі «сцягном напалоханай німфы»: голыя пругкія сцёгны німфаў эратычна ружавеюць, калі тыя ўцякаюць ад нахабнага сатыра. Забаўна, што саджанцы гэтых унікальных ружаў французы прывезлі з Крыма. Вось якая зямля насамрэч спарадзіла гэты дзівосны колер.

Цяжка сказаць, колер з’явіўся менавіта як абазначэнне афарбоўкі новага сорта ружы ці наадварот — называючы ружу, батанікі зафіксавалі ў навуцы модны французскі колер.

У любым разе, трэба дадаць, што следам за колерам сцягна напалоханай німфы французы прыдумалі колер сцягна ўсхваляванай німфы — cuisse de nymphe emue (вызначыць яго адценне можа хіба толькі рэдкі знаўца), а да таго ж і проста колер сцягна німфы — так бы мовіць, у штатнай сітуацыі.

Колер сцягна напалоханай німфы можна ўбачыць і ў элементах гардэробу на партрэце сям’і Прозараў аўтарства віленскага мэтра Францішка Смуглевіча. 1789 год.

Але не ўсё з тымі німфінымі сцёгнамі было так пастаральна-соладка.

Французы не былі б французамі, каб не надалі пафаснай назве іранічнага значэння: німфамі ў тагачасным грамадстве называлі прастытутак.

Пра тое, ад чаго залежаў колер іх сцёгнаў, можна паразважаць.

 

Амур на парозе рэвалюцыі

Колер сцягна напалоханай німфы, пішуць у адных мемуарах, стаў галоўным колерам Еўропы эпохі ракако. У той жа час для пазнейшых аўтараў ён — сімвал празмернасці, усеагульнай безгустоўнасці, якая часта папярэднічае крызісу культуры і сацыяльным узбурэнням. Гэта веставала і ракако ў Францыі.

Французская арыстакратыя захапілася завіткамі, стужачкамі, фліртам і нібы адгарадзілася гэтым ад усіх прыкмет набліжэння катастрофы. Іншыя краіны Еўропы не з такім запалам, але таксама пераймалі французскую моду. Хоць былі і людзі, каго ўсё тое раздражняла.

«Эпоха сапсаванага густу», — казаў Дэні Дзідро.

«Ужо ніхто не шукае славы, а толькі забавы», — перажываў Вальтэр.

Ружы на карцінах Івана Хруцкага надзвычайна нагадваюць легендарны сорт «сцягно напалоханай німфы». «Ружы і плады», 1839.

Набліжалася развязка. Супермодны сярод арыстакратаў колер сцягна напалоханай німфы насамрэч быў колерам перадрэвалюцыйнага адчаю.

Ці далятаў гэты адчай французскай арыстакратыі да нашых зямель? Відаць, так. Калі ў Францыі пікам цікавасці да новага колеру была другая палова XVIII стагоддзя, то на нашых землях — першая палова ХІХ-га.

Мода трошкі зачапіла Рэч Паспалітую, але найбольш — Расійскую Імперыю. Гэта адзіная, апроч Францыі, краіна, дзе колер сцягна напалоханай німфы прыжыўся і трапіў людзям на язык. Моду на французскае тут не змагла выкараніць нават нянавісць да Напалеона. І адценне, і назва распаўсюдзіліся з часоў імператара Паўла І (1796—1801). Тады Расія закупляла ў Францыі ружовую фарбу для афарбоўкі тканіны, з якой шылі падкладку для афіцэрскіх мундзіраў.

Модны колер выкарыстоўвалі і ў інтэр’ерах. Блізкае адценне — на карціне Івана Хруцкага з выявай пакоя ў яго сядзібе Захарнічы. 1855 год.

Піск французскай моды — колер сцягна напалоханай німфы — замацаваўся ў культуры. Леў Талстой пакпіў з героя «Вайны і міра», дурнаватага Іпаліта Курагіна: на вечар у Ганны Паўлаўны Шэрэр той апрануў цёмна-зялёны фрак і панталоны колеру сцягна напалоханай німфы. Праз паўстагоддзя пасля Талстога з колеру іранізавалі Ільф і Пятроў.

Паўліна Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера