Знайсці
16.02.2019 / 21:391РусŁacБел

Шэсць валют на адзін горад: чым разлічваліся мінчукі пад нямецкай акупацыяй 1918 года

Расказвае кандыдат гістарычных навук Юлія Латушкова.

1918 год быў годам заключэння Брэсцкага міру і абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта быў пераломны год на шляху беларусаў да сваёй дзяржаўнасці. А для Мінска гэта быў першы год у статусе сталіцы.

Але час перамен (жыць у які, як вядома, праклён яшчэ з часоў старажытнага Кітая) настаў для яго жыхароў раней — у канцы лета 1915 года, калі Мінск раптам стаў прыфрантавым горадам. Хваля ўцекачоў, вайскоўцы і «земгусары» (супрацоўнікі ўстаноў, звязаных з дапамогай фронту) — увесь гэты стракаты натоўп з’явіўся на вуліцах. Мінск нечакана разбух амаль у тры разы. Разам з новымі жыхарамі прыйшлі чужыя звычкі, кватэрны і паліўны крызіс, нястача харчавання і заразныя хваробы.

Высокі рынак у Мінску (гэта на месцы цяперашняй плошчы Свабоды). 1918 год. Фота з архіваў Музея Вялікай айчыннай вайны.

Грукнулі сенцы — завіталі немцы

Канец лютага 1918 года прынёс Мінску новую, германскую ўладу і новых часовых жыхароў — кайзераўскія войскі. Першая хваля акупацыі, нямецкая, цягнулася крыху менш за 10 месяцаў (з 21 лютага да 10 снежня 1918 года). Насельніцтва Мінска ведала пра нямецкае наступленне і разумела, што горад вось­вось будзе заняты. Стаўленне да немцаў было супярэчлівае. Нехта марыў пра вызваленне з­пад бальшавікоў, нехта баяўся чужынцаў. Савецкія арганізацыі выехалі за некалькі дзён да прыходу немцаў. З сабой яны вывезлі касы эвакуяваных устаноў. Грашовае пытанне на доўгі час зрабілася галаўным болем гарадской адміністрацыі і гараджан.

 

«Мікалаеўкі», «думкі», «керанкі»: 1917­ы

У лютым 1917­га ў краіне адбылася рэвалюцыя. Новаму ўраду патрэбна было шмат грошай, а іх катастрафічна не хапала. Менавіта ў гэты час рост цэнаў пачаў перавышаць рост папяровай грашовай масы. Часовы ўрад значна павялічыў эмісію, але дзяржава фізічна не паспявала друкаваць грошы — не хапала магутнасці папяровых і паліграфічных фабрык. Грошы патрэбны былі на працяг вайны, на дадатковыя выплаты работнікам, на сацыяльныя праекты… У гэтых умовах Часовы ўрад друкаваў грошы старой сістэмы: «мікалаеўскія», ці «царскія» (крэдытных білетаў узору 1898—1912 гадоў), і папяровыя сурагаты разліковай манеты. Таксама з’явіліся і новыя грошы — «думскія», ці «думкі». У красавіку 1917 года быў падрыхтаваны праект купюры 1000 рублёў, а праз некалькі месяцаў — 250­рублёвай банкноты. Гэтыя грошы («думкі») былі досыць вялікага памеру і выкананыя на высокім паліграфічным і мастацкім узроўні, што патрабавала значных эмісійных выдаткаў.

«Царскія» грошы эмісіі 1899 года наміналам 50 рублёў. Фота з архіваў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

У кастрычніку 1917­га прымаецца рашэнне аб эмісіі грошай больш простага ўзору, танных у друку — казначэйскіх знакаў наміналам 20 і 40 рублёў («керанак»). Будучы малога памеру (5,5 на 4,5 см), яны выпускаліся ў абарачэнне лістамі па 40 штук. Набываючы тавар, магчыма было разлічыцца як цэлым лістом, так і адрэзаць неабходную колькасць знакаў. Прытым нават за адзін знак у 20 рублёў напрыканцы восені 1917­га можна было няблага паабедаць.

Неразрэзаны ліст «керанак» наміналам 20 рублёў. Фота з архіваў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.

Менавіта эмісіі Часовага ўрада сталі прычынай узнікнення новай з’явы на грашовым рынку былой Расійскай Імперыі — паралельнага абарачэння валют. З пункту гледжання ўлад і фінансавых інстытуцый усе грашовыя выпускі (і «царскія», і папяровыя сурагаты 1915 года, і «думкі», і «керанкі») былі роўныя і з’яўляліся законным плацежным сродкам. Але насельніцтва хутка прызнала адзінай паўнавартаснай валютай «мікалаеўскія» грошы, крыху менш цаніліся «думкі». Найбольш распаўсюджаныя «керанкі», у якіх атрымлівалі заработную плату рабочыя і служачыя, аказаліся ў ролі аўтсайдараў і каштавалі значна менш за намінал.

Калі нямецкія войскі прыйшлі ў Мінск, горад цалкам расплачваўся грашыма, што выпускаліся ў Савецкай Расіі (сувязь з ёй і прыток «рускіх грошай» не спыняліся і падчас акупацыі).

Савецкі ўрад зняў усе эмісійныя абмежаванні і працягнуў друк «мікалаеўскіх», «думскіх» і «керанскіх» грошай, дадаўшы да іх велізарную колькасць разнастайных грашовых сурагатаў. Уласна сваіх грошай савецкая ўлада да 1919 года не друкавала.

Нямецкія маркі, ост­рублі, ост­маркі

Разам з немцамі ў Мінск прыйшлі новыя грошы — імперскія нямецкія маркі і так званыя ост­рублі спецыяльна для акупаваных тэрыторый (эмісію якіх з 1916 года ажыццяўляў Усходні банк для гандлю і прамысловасці ў Познані). Мясцовае насельніцтва сустрэла нямецкія грошы насцярожана, калі не сказаць варожа. У камендатуру паступалі скаргі на тое, што гандляры зусім не прымаюць нямецкіх грошай ці прымаюць іх па нізкім курсе. Восенню 1918­-га да іншых валют у горадзе дадаліся яшчэ і ост­маркі, якія выпускаліся ў Коўне.

Ост-рубель наміналам 3 рублі. Фота Wikimedia Commons.

Паступова ў Мінску склалася своеасаблівая грашовая сістэма, якая, з нязначнымі зменамі, праіснавала да канца лістапада 1918­га. У яе склад уваходзілі некалькі расійскіх валют (рублі «царскія» ўзору 1898—1912 гадоў), «думскія» (250 і 1 000 рублёў узору 1917 года), «керанскія» (20 і 40 рублёў узору 1917 года), нямецкія маркі і акупацыйныя («ост») рублі, а пазней ост­маркі. Складаная сістэма. Але нямецкая адміністрацыя лічыла грашовую сітуацыю ў Мінску не сістэмай, а хаосам.

Спробы ўпарадкавання

Непаразуменні з курсамі прымусілі прадстаўнікоў Мінскай гарадской управы, біржавога таварыства і банкаў у сакавіку сабраць дэлегацыю і звярнуцца да нямецкіх уладаў з пытаннем пра курс рубля. Увагу звярталі на тое, што раней і «царскія», і «керанскія» рублі каштавалі аднолькава. А курс 1 марка 25 пфенігаў за царскі рубель і 1 марку за рубель «керанскі» прывёў да шэрагу непаразуменняў, махінацый і павышэння таварных цэн на 20%.

Жыхары Мінска вызначаліся моцнай дзелавой жылкай. Хутка шмат хто зразумеў, што на нетрывалых курсах валют магчыма зарабіць. Горад кінуўся ў прыватныя грашовыя махінацыі. Амаль кожная крама мела свой курс валют. Нетрывалымі былі і афіцыйныя каціроўкі: праглядаючы прэсу таго часу, можна бачыць, што ў пачатку сакавіка за «царскі» рубель давалі 1 марку 35 пфенігаў, у сярэдзіне красавіка 1 марку 25 пфенігаў, а ў ліпені «мікалаеўскі» рубель і марка ішлі ўжо па адзіным курсе.

Зразумела, што фінансавым і фіскальным установам усё гэта зусім не падабалася. У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва захавалася нервовая перапіска Гарадской управы, Казённай палаты і Губернскага казначэйства. Казначэйства прымала акупацыйныя рублі па курсе 1 рубель 60 капеек і германскую марку па 80 капеек, тады як управа лічыла іх за 2 рублі (осты) і 1 рубель (маркі).

Абменнікі і боны

Германскія ўлады пайшлі па шляху ўтварэння і рэарганізацыі сеткі крэдытна­фінансавых і фіскальных устаноў, якія павінны былі рэгуляваць курсы валют. У Мінску адкрыўся шэраг акупацыйных мяняльных кантор. Па адрасе Саборная плошча, д. 4 — гэта цяперашняя плошча Свабоды — распачало працу аддзяленне Усходняй пазыковай касы; працягвалі дзейнічаць і мясцовыя фіскальныя ўстановы. Але справа ў іх не пайшла.

Неўзабаве акупацыйныя ўлады далі распараджэнне: усе грашовыя сумы з казначэйства і Казённай палаты (у тым ліку падаткі) перадаваліся ў акупацыйны банк і пакідалі горад.

Цалкам пустая каса прымусіла мясцовую адміністрацыю Мінска звярнуцца да ідэі выпуску мясцовых грошай — бонаў губернскага земства і горада. Але германская адміністрацыя была супраць, і Мінск так і не набыў уласных грошай.

«Царскі» ў цане і без цара

Між тым абарачэнне кожнай з наяўных у Мінску валют мела свае асаблівасці. Асноўнымі фігурамі сярод грошай у горадзе сталі «царскі» і «ост»­рубель.

«Царскі» рубель лічыўся найбольш моцным, хоць ні Расійскай Імперыі, ні імператарскага ўрада, ні нават Дзяржаўнага банка ўжо не існавала.

За гэтымі грашыма стаяў прывід золата — золатаманетнага стандарту і трывалага, спакойнага жыцця. З лютага да ліпеня 1918 года «царскі» рубель быў асноўнай плацежнай адзінкай у Мінску. У царскіх рублях вызначалася цана тавараў. Менавіта «мікалаеўскія» ў першую чаргу знікалі з абарачэння — іх хавалі на чорны дзень.

Разлічвайцеся нямецкімі!

У пачатку чэрвеня 1918­-га нечакана абмен усіх відаў расійскіх грошай («царскіх», «думскіх», «керанак») быў спынены. Афіцыйнае тлумачэнне: падзенне курса рубля, вялізная эмісія ў Савецкай Расіі і моцны прыток грошай у Мінск (які стаў буйным транзітным цэнтрам паміж акупаванымі і савецкімі тэрыторыямі). Наступным распараджэннем акупацыйных улад усе тавары ў Мінску павінны былі прадавацца толькі за маркі ці ост­рублі. Пагадненні ў расійскіх грошах лічыліся скасаванымі. За адмову прыняць імперскія маркі ці ост­рублі, за разлікі іншымі грашовымі адзінкамі мінчукам пагражаў штраф ці турэмнае зняволенне да года.

Нямецкая марка эмісіі 1910 года наміналам 100 марак.

З пачатку ліпеня ўсе падаткі павінны былі выплачвацца ў акупацыйных рублях. З іх жа мусіў складацца бюджэт Мінска. Рублі «царскі», «думскі» і нямецкая марка разлічваліся 1 да 1 і каштавалі 50 акупацыйных капеек. «Керанскі» рубель лічыўся за 80 капеек «царскіх».

«Рускія» не здаюцца

Тым не менш на практыцы значную ролю ў грашовым абарачэнні ў горадзе працягвалі адыгрываць «думскія» і нават «керанскія» рублі. З падняццем курса «керанак» на чвэрць мінскія газеты звязваюць значны рост цэн на хлеб у пачатку лістапада 1918 года. Частка жыхароў працягвала атрымліваць заробкі менавіта ў «керанках». Больш за тое, у сярэдзіне лістапада служачыя ўстаноў, што атрымлівалі заробак у «остах», звярнуліся да адміністрацыі з просьбай выплачваць яго ў «керанках», бо сяляне, якія прадавалі прадукты харчавання, не прымалі ост­рублёў.

Ішлі апошнія месяцы нямецкай улады, і насельніцтва ўсё часцей адмаўлялася прымаць акупацыйныя грошы. У другой палове лістапада 1918 года губернскае земства ўзняло пытанне пра пераход на расійскую валюту, парытэт ост­рубля і маркі, неабходнасць адмены прымусовага курса ост­рубля, які фактычна не прызнаваўся насельніцтвам. У выніку з канца восені ўсе падаткі і зборы збіраліся ў расійскіх рублях. Абавязковае вылічэнне і выплата падаткаў у ост­рублях былі скасаваныя, але ост­рублі працягвалі прымацца.

Такім чынам, ні цалкам перавесці падатковую сістэму на акупацыйныя рублі, ні захаваць прымусовы курс, ні трымаць вызначаныя курсы іншых валют нямецкія ўлады і фінансавыя ўстановы аказаліся няздольнымі. Мінчукі, як і жыхары вясковых ваколіц, упарта трымаліся за «рускія» грошы (грошы зрынутых урадаў!) і лічылі іх зусім па іншых каціроўках.

Пасля адыходу германскай арміі і ўсталявання савецкай адміністрацыі, згодна з пастановай Мінскага ваенна­рэвалюцыйнага камітэта сярэдзіны снежня 1918 года, ост­марка лічылася за 50 капеек, а ост­рубель ішоў за 1 рускі рубель. Да польскай акупацыі, новых выпрабаванняў і новых грошай заставалася амаль 9 месяцаў…

Юлія Латушкова

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031