Знайсці
15.01.2019 / 19:114РусŁacБел

Без цэнтра, без кіраўніцтва: як дзейнічала пасляваеннае антысавецкае падполле ў Беларусі

Хоць беларусы перад вайной не мелі ні ўласнай нацыянальнай дзяржавы, як палякі ці літоўцы, ні шматлюдных нацыянальных арганізацый, як украінцы, антысавецкае падполле ў Беларусі таксама было, піша даследчык таго перыяду Антон Рудак.

Сябры Саюза беларускай моладзі ў Паставах. Першы злева сядзіць Віктар Сікора, другі злева стаіць Аўген Жыхар.

Ад пасляваенных Украіны ці Літвы падпольныя арганізацыі, якія дзейнічалі ў Беларусі, адрозніваліся разнароднасцю. Тут былі групы беларускіх нацыяналістаў. Польскае падполле было актыўнае на тэрыторыях, дзе жыло шмат палякаў і каталікоў, а ўкраінскае — на Брэстчыне і Піншчыне. А яшчэ і проста групы асоб, якія мелі рахункі з савецкай уладай.

Польскае, літоўскае, эстонскае падполле абгрунтоўвала свае дзеянні вернасцю дзяржавам, якія былі захопленыя Савецкім Саюзам. Украінскае падполле мела яшчэ да вайны разгалінаваныя структуры на чале з харызматычнымі лідарамі.

Нічога гэтага ў Беларусі не было. Не было ўласнай дзяржавы — былі толькі мары пра яе. Таму, хоць партызанка — гэта заўсёды партызанка, са сваімі жорсткімі ўмовамі, калі галоўным робіцца выжыванне, — структура антысавецкага падполля была ў Беларусі не такой, як у суседніх краінах.

На нелегальным становішчы пасля адыходу немцаў аказаліся вельмі розныя катэгорыі людзей: былыя паліцыянты, супрацоўнікі акупацыйнай адміністрацыі, дэзерціры ад мабілізацыі ў Чырвоную Армію ды і ўвогуле любыя асобы, якія мелі праблемы з савецкімі законамі. Часам яны дзейнічалі паасобку, а часам аб’ядноўваліся ў групы, якія не мелі аніякай ідэалогіі. Але змагаліся беларусы і ў складзе арганізаваных партызанскіх частак — прытым не абавязкова беларускіх.

АК і УПА

Яшчэ з часоў нацысцкай акупацыі дзейнічала ў Заходняй Беларусі Армія Краёва — партызанскае войска польскай падпольнай дзяржавы, якое падпарадкоўвалася польскаму ўраду ў выгнанні, што з 1940 года знаходзіўся ў Лондане. На тэрыторыі Беларусі дзейнічалі чатыры акругі АК, у адпаведнасці з даваеннымі ваяводствамі: Наваградская, Палеская, Беластоцкая і Віленская (дзве апошнія — часткова).

Палеская акруга па стане на 1944 год налічвала каля чатырох тысяч партызан, Наваградская — каля васьмі, а агулам, на думку даследчыкаў, у складзе АК у Беларусі ваявалі каля 20 тысяч чалавек і яшчэ каля 40 тысяч удзельнічалі ў польскім падполлі. Пераважную большасць складалі мясцовыя жыхары, прытым частка з іх была праваслаўнаю, а каля 40% нават падавалі сваю нацыянальнасць як беларускую.

Тарас Бульба-Баравец, стваральнік і камандзір украінскай партызанкі на Палессі.

У 1945 годзе Армія Краёва была афіцыйна распушчаная, але яе жаўнеры працягвалі ўваходзіць у шэраг іншых арганізацый, якія прынята агулам называць постакаўскім падполлем (напрыклад, Рамуальд Райс Буры, адказны за знішчэнне мірнага беларускага насельніцтва на Беласточчыне ў 1946-м, на той час быў ужо афіцэрам не АК, а Нацыянальнага вайсковага аб’яднання).

На паўночным захадзе Беларусі дзе-нідзе дзейнічалі і літоўскія партызаны, хоць з’яўляліся яны тут эпізадычна, проста заходзілі, а колькасць іх была невялікай. Што і не дзіўна: пры фактычнай адсутнасці на гэтай тэрыторыі літоўскага насельніцтва літоўскім «лясным братам» не было тут на каго абаперціся.

На Заходнім Палессі ваявала супраць Саветаў Украінская паўстанцкая армія. Па стане на 1944 год яе атрады на тэрыторыі БССР налічвалі каля 15 тысяч чалавек. Можна меркаваць, што яшчэ прыкладна 30 тысяч чалавек на Брэстчыне і Піншчыне тым ці іншым чынам яе падтрымлівалі.

Хто такі Усевалад Родзька

Калі антысаветчыкі з ліку літоўцаў, палякаў ці ўкраінцаў часта мелі на выбар па некалькі падпольных арганізацый, да якіх яны маглі далучыцца паводле свайго густу і палітычных перакананняў, то беларусаў у змаганні супраць СССР проста не было каму аб’яднаць. Самую масавую нацыянальную арганізацыю, Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (120 тысяч чалавек), яшчэ ў 1927 годзе ліквідавалі палякі, а пасля Сталін фізічна знішчыў яе кіраўнікоў, якія ратаваліся ў Савецкім Саюзе.

Тыя ж беларускія арганізацыі, што ўзніклі пад акупацыяй, існавалі пад пільным кантролем немцаў, часта — перадусім для задавальнення іх патрэбаў. Беларуская народная самапомач у 1942 годзе налічвала каля 30 тысяч сяброў, Саюз беларускай моладзі ў 1944-м меў на тэрыторыі Беларусі каля 10 тысяч, у Беларускую краёвую абарону было мабілізавана каля 20 тысяч. Варта таксама памятаць, што гэтыя мноствы перасякаліся, а таксама — што далёка не ўсе ўдзельнікі гэтых арганізацый былі ідэйнымі. Беларусы ў большасці сваёй у калабарацыйныя структуры не рваліся.

Узброеная група Мікуліча. Ільянскі (цяпер Вілейскі) раён, 1952 год. Мяркуецца, што фота зрабіў Я. Філістовіч. Фота «Беларуская думка».

Беларускі антысавецкі рух пасля адыходу немцаў улетку 1944-га застаўся дэзарганізаваным і наогул пазбаўленым якой-кольвек структуры. Лідары пранямецкіх арганізацый і пераважная большасць іх актыву адступіла з немцамі і апынулася на Захадзе, а падпольных структураў яны не пакідалі. Часам у літаратуры згадваецца ў такой якасці Беларуская незалежніцкая партыя (БНП), якую спрабуюць прадставіць трэцяй сілай, што нібыта змагалася супраць нацыстаў і бальшавікоў адначасова. Але фактаў, якія б сведчылі на карысць такога меркавання, няма. Наконт канкрэтнага моманту заснавання арганізацыі з такой назвай яшчэ трываюць спрэчкі, але дакладна вядома, што прынамсі з канца 1942 года БНП кіраваў Усевалад Родзька, які быў афіцэрам абвера і бурмістрам Віцебска, а пазней — кіраўніком аддзела моладзі пры Беларускай цэнтральнай радзе і камандзірам батальёна Беларускай краёвай абароны.

Сын Сікоры

Віктар Сікора, сын вядомага беларускага агранома Івана Сікоры, сведчыў, што ў 1944 годзе Родзька вазіў сяброў БНП з ліку сяброў Саюза беларускай моладзі ў Паставах рэгістравацца і атрымліваць зброю ў аддзеле абвера ў Вільні (ён меў нумар палявой пошты 58779). Дарэчы, у СБМ навучэнцаў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі прымалі ў прымусовым парадку — Сікора сведчыць, што пяцярых хлопцаў, якія адмовіліся ўступаць, немцы арыштавалі, некуды вывезлі і след іх прапаў.

Улетку 1944-га, напярэдадні прыходу савецкіх войскаў, Віктар Сікора атрымаў ад Родзькі загад застацца ў родных мясцінах на Пастаўшчыне і арганізаваць антысавецкі партызанскі атрад. Сам Сікора быў узброены аўтаматам і трыма пісталетамі. Але арганізаваць групу яму ўдалося не адразу. Сікору мабілізавалі ў Чырвоную Армію, перад пагрозай арышту ён дэзерціраваў, дабраўся да родных мясцінаў і толькі тады стварыў атрад — з такіх самых дэзерціраў. Але ў выніку застаўся адзін і быў арыштаваны.

Такі ж самы загад аб арганізацыі атрадаў у савецкім тыле атрымалі яшчэ чацвёра чалавек, у тым ліку Алег Лапіцкі, старэйшы брат Расціслава, кіраўніка моладзевага падполля на Мядзельшчыне. Але ніякіх пэўных звестак пра існаванне такіх атрадаў няма. Сябры БНП пазней прыгадвалі, што Родзька, які ні дня не пражыў у Савецкім Саюзе, быў няздольны цвяроза ацаніць шанцы на поспех свайго праекта па арганізацыі ў паваеннай Беларусі руху супраціву.

Батальён «Дальвіц»: спроба № 2

Той самы аддзел абвера з нумарам палявой пошты 58779 пасля адступлення немцаў з Беларусі апынуўся ў Дальвіцы (цяпер — Калінінградская вобласць Расіі), дзе дзейнічаў як разведшкола для дыверсантаў-беларусаў. Школа была заканспіраваная пад будаўнічы лагер, у размовах між сабой курсанты называлі яе «беларускім спецыяльным батальёнам». Пасля падрыхтоўкі дыверсантаў перакідвалі ў Беларусь паветраным шляхам. Агулам былі здзейсненыя каля пяці дэсантаў — некалькі дробных груп па 1—3 чалавекі і адна вялікая — амаль 30 чалавек. Гэты атрад дэсантаваўся 17 лістапада 1944 года і мусіў зрабіцца ядром партызанскага руху, абрасці з часам новымі партызанамі. У склад групы нездарма набіралі былых жаўнераў наваградскага батальёна Барыса Рагулі, а дэсантавацца яны мусілі ў Налібоцкай пушчы, ля возера Кромань.

Анатоль Радзівонік Олех паходзіў з Ваўкавыска і быў праваслаўным. Да сваёй гібелі ў 1949 годзе ён заставаўся апошнім кіраўніком польскай партызанкі на Лідчыне.

Але ўсё пайшло не так:— хітры Рагуля ў апошні момант ляцець адмовіўся, яго замяніў Міхал Вітушка.

Вылет адбываўся ў кепскіх метэаўмовах, і самалёт не даляцеў да месца. Дэсантнікаў выкінулі пад Воранавам на Лідчыне, група расцерушылася, пасля дэсанту сабрацца разам яе сябры не здолелі і былі вымушаныя дзейнічаць малымі групамі па некалькі чалавек. Пераважная большасць дэсантнікаў была арыштаваная неўзабаве пасля прызямлення. Некаму, як Вітушку, удалося далучыцца да атрадаў Арміі Краёвай — але стварыць сваю, беларускую партызанку ім так і не ўдалося. Дэсанты спыніліся, бо разведшкола была вымушаная адступаць усё далей і далей на захад пад націскам Чырвонай Арміі.

У маі 1945-га курсанты былі раззброеныя чэшскімі партызанамі, хто-ніхто з іх спрабаваў прабрацца ў Беларусь. Усевалад Родзька быў арыштаваны ў Беластоку і ў 1946 годзе ў Мінску прысуджаны да расстрэлу. Ёсць звесткі, што прысуд быў заменены на шматгадовае зняволенне і пасля яго бачылі жывым у лагерах — пра гэта сведчыла ў размове з даследчыкам Сяргеем Яршом сястра жанчыны, якая была знаёмая з Родзькам у акупаваным Мінску, а пазней выпадкова сустрэла яго ў Сібіры. Калі праўда, што Родзьку захавалі жыццё, то гэта значыць, што ён «актыўна супрацоўнічаў са следствам», другога варыянту ў тыя часы быць не магло.

Аўген Жыхар, апошні партызан

Сярод пастаўскіх семінарыстаў, якія ўступілі ў СБМ, зрабіліся сябрамі БНП і прайшлі курс у дальвіцкай разведшколе, быў і Аўген Жыхар — той удзельнік паваеннай партызанкі, пра якога мы з дакладнасцю можам сказаць, што ён быў свядомым беларусам. Хутчэй за ўсё, Жыхар быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію недзе ў Еўропе, а пасля вярнуўся ў родныя мясціны, уцёк пры спробе арышту і перайшоў на нелегальнае становішча. Разам з атрадам, а пазней і ў адзіночку ён партызаніў ажно да 1955 года, калі быў забіты пры спробе затрымання.

Без цэнтра, без кіраўніцтва

Наогул, зброю ў тыя паваенныя гады мелі многія, і ў лесе хавалася нямала людзей, але далёка не ўсе ўжывалі зброю ў змаганні супраць улады. Калі ў 1951-м ЦРУ падрыхтавала і закінула на Вілейшчыну прадстаўніка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Янку Філістовіча, ён сустрэў у лесе ўзброеную групу людзей, якія з розных меркаванняў хаваліся ад савецкай улады.

Янка Філістовіч — эмісар Рады Беларускай народнай рэспублікі, дэсантаваны пад Вілейкай.

Для каго яшчэ з пасляваенных партызан антысавецкі супраціў быў змаганнем за незалежнасць Беларусі? Дакладных звестак няма, але, напрыклад, узброеная група былога актывіста Беларускай народнай самапомачы Івана Раманчука ініцыявала на Нясвіжчыне стварэнне моладзевага падполля Саюза змагання за незалежнасць Беларусі, якое было выкрыта ў 1949 годзе.

Янка Філістовіч — эмісар Рады Беларускай народнай рэспублікі, дэсантаваны пад Вілейкай. Фота «Беларуская думка».

Што дакладна вядома — нацыянальныя партызанскія і падпольныя групы не мелі адзінага кіраўніцтва.

Зерне негвалтоўнага супраціву

Варта адзначыць, што акрамя ўзброеных груп, узнікалі і палітычныя структуры.

Вядома, напрыклад, пра існаванне шматлікіх падпольных моладзевых арганізацый: Саюз беларускіх патрыётаў на Глыбоччыне, Саюз вызвалення Беларусі ў Навагрудку, «Чайка» на Слонімшчыне, Саюз змагання за незалежнасць Беларусі на Ляхавіччыне налічвалі ад 20 да 50 сяброў. Пералічаныя тут былі выкрытыя да 1950 года. Зрэшты, далёка не пра ўсе такія групы вядома і да сёння.

Гэтыя людзі вялі антысавецкую агітацыю, выступалі ў абарону сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнай культуры, за незалежнасць Беларусі. І ні на кім з іх няма крыві — яны не браліся за зброю. Лёс судзіў ім увайсці ў гісторыю як дзеячам негвалтоўнага супраціву, што мела важнае гістарычнае значэнне, бо кінуць ідэйны выклік таталітарнаму рэжыму на самым піку ягонай магутнасці могуць толькі сапраўды неардынарныя асобы. 

Антон Рудак

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера