Знайсці
26.10.2018 / 09:526РусŁacБел

Мядзёлка, Марціновіч, Міцкевіч, Радзівіл — найлепшыя выданні кастрычніка ў «Акадэмкнізе»

Кнігарня «Акадэмічная кніга» прапануе падборку выданняў, якія карысталіся найбольшай папулярнасцю ў кастрычніку. 

Віктар Марціновіч. Ноч

Новая кніга Віктара Марціновіча падаецца як рукапіс невядомага аўтара,

што быў набыты Сацішам Сівачарыярам у бенгальскага крамніка за літр чыстай вады, пасму прадзіва і пару амаль не ношаных сланцаў. Рукапіс, спісаны незразумелымі кірылічнымі пісьмёнамі, быў дбайна перакладзены аўтарам знаходкі на англійскую мову. Беларускі пісьменнік падрыхтаваў пераклад для выдання на радзіме з разлікам на шырокае кола чытачоў.

 

Багуслаў Радзівіл: Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага

Гістарычны раман вядомай украінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай, прысвечаны юнацтву і маладым гадам знакамітага прадстаўніка магутнага магнацкага роду з ВКЛ.

Аўтарка, абапіраючыся на дакументы эпохі, стварае шырокае палатно бурлівага жыцця Багуслава Радзівіла. Ён увайшоў у гісторыю не толькі як таленавіты палітык і дыпламат, але і праславіўся подзвігамі на амурным полі, скарыўшы сэрца не адной прыгажуні…

 

 

Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве

«Шляхецкая гісторыя з 1811 і 1812 гг. у дванаццаці кнігах вершаў» прапануецца ў перакладзе на беларускую Пятра Бітэля з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча. 

«Пан Тадэвуш» — адзін з найвядомейшых твораў Адама Міцкевіча, у якім аўтар увасобіў вобраз Літвы з 1811 і 1812 гг. падчас свайго знаходжання ў выгнанні. Ён злучыў розныя тэмы: светлы вобраз любоўных прыгод маладога Тадэвуша, гісторыю спрэчак шляхты за маёнтак і, нарэшце, гісторыю падзення, пакаяння і рэабілітацыі Яцка Сапліцы.

 

Сцежкамі жыцця. Паўліна Мядзёлка

У выданні ўпершыню пад адной вокладкай друкуюцца нецэнзураваныя ўспаміны дзяячкі беларускага адраджэння.

Яе біяграфія была звязаная з многімі гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся ў Беларусі ў XX ст., а сярод яе знаёмых былі Купала, Цётка, Бядуля, Езавітаў, браты Луцкевічы… «Сцежкі жыцця» вядуць у беларускія мястэчкі, дарэвалюцыйную Вільню, Пецярбург, па шляхах бежанства, турмаў і высылкі. Гэтая кніга — пра знакавыя гістарычныя падзеі і пра неверагодныя жыццёвыя выпрабаванні самой Паўліны Мядзёлкі.

Гэтыя ды іншыя выданні можна знайсці ў «Акадэмічнай кнізе» (пр.Незалежнасці, 72) або замовіць на сайце кнігарні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера