Знайсці
14.01.2019 / 17:193РусŁacБел

Раскрадзены арсенал. У Беларусі не засталося ніводнай гарматы з калекцыі Радзівілаў, хоць у яе ўваходзілі шэдэўры, кошт якіх нават цяжка ацаніць

Піша кандыдат гістарычных навук Мікола Волкаў.

Гармата «Хімера» на дзядзінцы Нясвіжскага замка, 1920—1930-я гады.

Адным з найбольш жаданых трафеяў у войнах мінулых стагоддзяў былі гарматы. Такія трафеі былі не толькі зброяй: паколькі на бронзавых ствалах, як правіла, знаходзіліся гербы і надпісы з імёнамі ды тытуламі замоўцаў, то авалоданне такой гарматай было натуральным сведчаннем здабытай перамогі. Некаторыя гарматы ўяўлялі сабой сапраўдныя шэдэўры ліцейнага мастацтва, што рабіла іх надзвычай прэстыжнай здабычай.

Артылерыйскі парк Нясвіжскай фартэцыі, які стварыў Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка на мяжы XVI—XVII стагоддзяў, налічваў каля 30 гармат. З іх 22 былі адлітыя на замову магната непасрэдна для новазбудаванай рэзідэнцыі.

Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Гравюра па партрэце Лукаса Кіліяна, 1638 год.

Найбольш каштоўныя гарматы былі выраблены ў людвісарні, якую ўзвялі на тэрыторыі Нясвіжскага замка, спецыяльна запрошаным нямецкім майстрам Германам Мольцфельтам. Яны адрозніваліся выдатным мастацкім аздабленнем і ідэйным напаўненнем. Гэта стала для іх і праклёнам, і выратаваннем. Цягам некалькіх стагоддзяў Нясвіжскі замак займалі варожыя войскі. У выніку многія з гармат былі страчаныя, аднак восем штэк, адлітых Германам Мольцфельтам, дзякуючы высокім мастацкім якасцям зберагліся да цяперашняга часу.

Першыя страты

Першыя гарматы Сіроткі пакінулі Нясвіжскі замак неўзабаве пасля яго смерці. У 1618 годзе рэзідэнцыю Радзівілаў наведаў каралевіч Уладзіслаў, які накіроўваўся ў выправу на Маскву, спадзеючыся здабыць сабе царскую карону. Ад Яна Юрыя Радзівіла, сына Сіроткі, ён атрымаў шчодры падарунак: найбольш магутныя гарматы з нясвіжскага арсенала «Св. Мікалай» і «Св. Крыштаф». Вядома, што ў жніўні 1618-га іх прывезлі пад Мажайск для аблогі гэтай крэпасці.

Да 1619 года дзве гарматы ліцця Мольцфельта — «Гідра» і «Мелюзіна» — былі перададзены ў Біржанскі замак, які належаў Радзівілам кальвінскай лініі. Першая з іх неўзабаве была вернута ў Нясвіж, а другая стала здабычай шведскай арміі, што захапіла замак у Біржах у 1625 годзе. Аблогай кіраваў кароль Густаў ІІ Адольф Ваза, які, ацаніўшы мастацкія якасці нясвіжскай гарматы, загадаў адправіць яе ў Стакгольм, дзе яна захоўваецца і сёння.

Гармата «Мелюзіна». Малюнак Філіпа Якаба Тэлота, XVIII стагоддзе. Фота Armémuseum (Стакгольм).

У час вайны 1654—1667 гадоў пагроза захопу навісла над самім Нясвіжскім замкам. Пры гэтым, як пісалі сучаснікі тых падзей, у выпадку захопу фартэцыі ў рукі непрыяцеля трапіла б «такая выдатная артылерыя» (у дакументах па-польску «tak zacna armata»). Верагодна, пад увагу браліся не толькі значная колькасць гармат, сабраных у гэты час у Нясвіжскім замку, але і іх каштоўнасць. Тым не менш, у гэтую вайну фартэцыя не была здабыта, а яе артылерыя засталася на месцы.

Выпрабаванні Паўночнай вайны

Фатальнай для Нясвіжскага замка стала Вялікая Паўночная вайна. 20 мая 1706 года да фартэцыі падышла шведская армія на чале з Карлам ХІІ. Слабы гарнізон, якому далі ўсяго паўгадзіны на роздум, капітуляваў. Кароль застаўся ў Нясвіжы на тры дні і меў магчымасць асабіста агледзець захоплены замак і яго артылерыю.

Нясвіжскі замак. Гравюра Тамаша Макоўскага, пачатак XVII стагоддзя.

Земляныя валы было загадана зраўняць з зямлёй, мураваныя канструкцыі — узарваць, а палацы — спаліць. Нясвіжскі адміністратар Ежы Таўрыловіч, які назіраў за гэтым, лічыў, што шведы знішчылі і ўсю артылерыю. Аднак ён памыляўся. Захопнікі пашкодзілі цяжкія бронзавыя гарматы, якія было немагчыма транспартаваць, а жалезныя, што не ўяўлялі каштоўнасці, затапілі. У сваю чаргу, лёгкія бронзавыя гарматы Карл ХІІ загадаў забраць з сабой, каб пасля пераправіць іх у Швецыю для дэманстрацыі сваіх перамог.

Аднак далёка вывезці нясвіжскія гарматы шведы не змаглі. Атрад, якому была даручана іх перавозка, меў на мэце як мага хутчэй злучыцца з асноўнымі шведскімі сіламі, якія ўжо выступілі на Валынь, таму накіраваўся туды найкарацейшай дарогай праз мястэчка Лахва.

Але шведы не ўлічылі складанасць пераправы цераз Прыпяць і былі вымушаныя проста затапіць трафейныя гарматы.

Толькі ў 1717 годзе Таўрыловіч даведаўся пра затопленую ў Лахве артылерыю. Неўзабаве з вады былі паднятыя і вернутыя ў Нясвіж 11 гармат і 2 марціры. Так, дзякуючы збегу абставін, найбольш каштоўныя гарматы перажылі вайну, у якой і шведскія, і расійскія войскі мэтанакіравана «чысцілі» арсеналы фартэцый Вялікага Княства.

За часамі Пане Каханку

Да сярэдзіны XVIII стагоддзя баяздольнасць радзівілаўскай прыватнай міліцыі і артылерыі значна ўзрасла. Таму тагачасны нясвіжскі ардынат Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку вырашыў у 1764-м і ў 1768-м выступіць супраць прарасійскай партыі, якая кіравала дзяржавай.

Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку, 1767 год. Пасля смерці бацькі ў 1762 годзе Караль Станіслаў стаў уласнікам вялікай спадчыны і адначасова галавой усяго роду Радзівілаў. Гэта дало яму магчымасць рэалізаваць свае амбіцыі і пазмагацца за першае месца на палітычнай арэне Рэчы Паспалітай з магутнай партыяй Чартарыйскіх, якую падтрымлівала Расія. Не выклікае сумнення, што амбіцыі магната нават сягалі манаршага тытула.

У выніку супраць яго двойчы скіроўваліся моцныя расійскія карпусы, якія займалі Нясвіжскі замак. У першым выпадку абышлося без стратаў для нясвіжскай артылерыі, і падавалася, што і ў другі раз расійскія войскі не крануць маёмасць Пане Каханку. Але на пачатку 1771 года сітуацыя карэнным чынам змянілася, і расійскае камандаванне вырашыла знішчыць альбо вывезці ўсё ўзбраенне. Гэта было выклікана бескампраміснай пазіцыяй Радзівіла, які не хацеў ісці на супрацоўніцтва з Расійскай імперыяй. У студзені 1771-га са Слуцка ў Нясвіж былі дастаўленыя 52 гарматы і 3 марціры. Неўзабаве 41 слуцкая гармата разам з 26 нясвіжскімі былі вывезены з замка і знішчаны. На пачатку красавіка яшчэ 11 слуцкіх і 10 нясвіжскіх гармат адправілі ў Свержань, дзе іх пабілі на кавалкі і прадалі. «Чыстка» нясвіжскага арсенала працягвалася да 1775 года. Камендант замка Юзаф Сабескі, назіраючы гэта, пісаў: «Масква забірае ўсё, што толькі можна вывезці, пакідаюць толькі сцены».

Паводле Сабескага, пасля сыходу расійскіх жаўнераў у 1775 годзе ў замку засталася толькі адна скураная гармата. Апошняя з’яўлялася своеасаблівым рарытэтам, непрыдатным для выкарыстання. Гарматы са скуры выраблялі ў XVII стагоддзі шведы, але пазней ад гэтага эксперыментальнага віду зброі адмовіліся.

Аднак не ўсе нясвіжскія гарматы былі знішчаныя, бо найбольш каштоўныя, у тым ліку 7 мольцфельтаўскіх, Пане Каханку перад ад’ездам загадаў схаваць. Ёсць падставы меркаваць, што іх закапалі недзе ў самім замку.

Практыка хавання скарбаў у падзямеллях і лёхах часта практыкавалася ўладальнікамі Нясвіжскага замка, калі фартэцыі пагражала небяспека.

Пра тое, што Радзівіл нешта прыхаваў, расійскаму камандаванню было вядома. Таму вясной 1771-га, калі пачалося рабаванне замка, расійскія жаўнеры ў пошуках скарбаў сталі старанна вывучаць і капаць скляпы, лёхі і равы вакол замка. Аднак ім не ўдалося нічога знайсці. Надзея адшукаць скарбы Пане Каханку адрадзілася ў маі 1773-га, калі нейкі Штамберк, што служыў падафіцэрам у корпусе артылерыі Радзівіла, прызнаўся, што ведае, дзе схаваныя гарматы. Па яго арыенціроўцы спачатку капалі ля капліцы, а пасля перад тыльнай брамай, якая вяла да грэблі. Нарэшце ў Нясвіж быў прыведзены сам Штамберк, які зноў капаў ля капліцы. Але пошукі былі безвыніковыя, і ў хуткім часе іх спынілі. Пасля вяртання Нясвіжскага замка Пане Каханку ў 1777 годзе схаваныя гарматы разам з іншымі скарбамі былі выцягнутыя са сховішчаў, а ў 1784-м іх паказвалі каралю Станіславу Аўгусту, які наведаў радзівілаўскую сталіцу. Дзе і як хаваў свае скарбы Радзівіл, застаецца таямніцай.

Хованкі і знаходкі

Апошнім акордам ваеннай гісторыі Нясвіжскага замка стала аблога фартэцыі ў 1792 годзе, калі ў Рэч Паспалітую былі ўвайшлі расійскія войскі, каб перашкодзіць рэформам Чатырохгадовага сойма. 15 чэрвеня фартэцыя была заблакавана і ў хуткім часе здалася. За чатыры тыдні да пачатку аблогі Мацей Радзівіл загадаў пабіць лафеты і пахаваць гарматы. Камендант замка Дамінік Дзядзерка сцвярджаў, што перад здачай замка было схавана 66 ствалоў. Паводле іншых дадзеных, у замку ў гэты час магло быць сабрана больш за 80 гармат. Пры гэтым вядома, што расійскія жаўнеры захапілі ў Нясвіжы толькі 47 гармат. Такім чынам, значная частка гармат не трапіла ў рукі захопнікаў.

Цёмнай старонкай у гісторыі Нясвіжскага замка і яго артылерыі застаюцца падзеі 1812 года. Тагачасны ўладальнік замка Дамінік Радзівіл у вайне Францыі з Расіяй выступіў на баку Напалеона, а пасля быў вымушаны адступіць разам з французамі, пакінуўшы Нясвіжскі замак на рабаванне расійскаму войску. Праўда, перад гэтым, як і ў папярэднія часы, гарматы разам з іншымі каштоўнасцямі, верагодна, былі схаваныя. На жаль, ніякіх канкрэтных звестак пра гэта мы не маем. Не ведалі пра гэта і сучаснікі тых падзей. Таму нечаканасцю стала знаходка ў 1819 годзе ў адным з падзямелляў замка закапаных гармат. Усяго з зямлі былі выцягнутыя 32 лёгкія гарматы. Цяжка сказаць, калі гэтыя гарматы былі прыхаваныя — гэта магло адбыцца ў 1792-м ці ў 1812-м. Што цікава, сярод знойдзеных гармат не было сямі мольцфельтаўскіх, якія немаведама як, але перажылі гэтыя складаныя часы. Без адказу застаецца і інтрыгоўнае пытанне: ці ўсе гарматы, схаваныя ў 1792-м і 1812-м, былі знойдзены?..

Цікавостка для гасцей

Да 1834 года ў Нясвіжы знаходзіліся 42 гарматы, ці дакладней гарматныя ствалы, якія ляжалі без лафетаў і пакорліва чакалі вырашэння свайго лёсу. Яны былі падзеленыя на дзве групы. Палова з іх — найбольш старажытныя і прыгожыя — былі прызнаныя ўласнасцю Радзівілаў і знаходзіліся ў Нясвіжскім замку. Усе гэтыя гарматы засталіся на месцы да пачатку Першай сусветнай вайны. Больш за тое, дакладна можна сцвярджаць, што 15 з іх захаваліся да цяперашняга часу. Ад адпраўкі ў плавільныя печы іх уратавалі высокія мастацкія якасці і гістарычная каштоўнасць. Яшчэ 21 гармата з Нясвіжскага замка была прызнана ўласнасцю «манаршага скарбу», і да 1841 года іх пусцілі на пераплаўку.

Тым часам слава пра нясвіжскія гарматы пачала шырыцца па краі. Адным з першых, хто напісаў пра іх для шырокай публікі, быў Уладзіслаў Сыракомля. У сваёй кнізе, выдадзенай у 1853 годзе, ён адзначыў: «Шкада, што не ўдалося аздобіць кнігу малюнкамі гэтых найпрыгажэйшых гармат, якія смела можна назваць выдатнымі творамі мастацтва».

Зрабілі ўражанне гарматы і на жонку Антонія Вільгельма Радзівіла Марыю Дароту дэ Кастэлян, якая ўпершыню наведала замак у 1865 годзе. Яна пісала: «Замкавая капліца была майстэрняй цесляроў. Яны працавалі сярод разбітых алтароў і слынных гармат, занадта цяжкіх, каб іх мог хто-небудзь прыўлашчыць». У далейшым, верагодна, з ініцыятывы маладой гаспадыні паўстала першая ідэя экспанавання гармат. Меркавалася прыбудаваць вялікі ганак да паўднёвага корпуса палаца, у аздабленні якога выкарыстаць 10—12 ствалоў старажытных гармат.

У 1886-м Нясвіжскі замак прымаў нямецкага кронпрынца Вільгельма. У сваіх успамінах госць згадвае пра гарматы, якія яму прадэманстравалі: «Гэтыя ствалы маюць не толькі вялікую каштоўнасць як вырабы з бронзы, але і дэманструюць высокі ўзровень ліцейнага мастацтва і ў такой колькасці наўрад ці прадстаўленыя ў якім-небудзь музеі артылерыі».

Нямецкі кронпрынц Вільгельм на паляванні на мядзведзя ў ваколіцах Нясвіжа, 1886 год. Фота «Kaiser Wilhem II. Aus meinem leben 1859-1888»

Кронпрынц парэкамендаваў «паставіць іх вертыкальна вылетам угару як слупы для даху альтанкі, якую можна размясціць на вялікім, пазбаўленым аздаблення дзядзінцы замка». Але Антоній Вільгельм Радзівіл абмежаваўся тым, што выклаў гарматы ля ганка паўднёвага корпуса.

Праект разбудовы ганка паўднёвага корпуса, другая палова ХІХ стагоддзя. Фота НГАБ.

У Расію і назад

Пераломным момантам у гісторыі нясвіжскай калекцыі гармат стала Першая сусветная вайна. Магутнае нямецкае наступленне ў 1915 годзе вымусіла расійскую армію адыходзіць на ўсход, што суправаджалася маштабнай эвакуацыяй каштоўнасцей. Абавязковаму вывазу ў Расію падлягалі ў тым ліку вырабы з бронзы, якая з’яўлялася важнай сыравінай для ваеннай прамысловасці. Таму ўсе гарматы былі вывезеныя з Нясвіжскага замка.

У глыбіні Расіі гарматы перажылі вайну, у адрозненне ад вялікай колькасці царкоўных і касцельных званоў, якія ў большасці пусцілі на пераплаўку. Мірная дамова, заключаная ў 1921 годзе паміж савецкай Расіяй і Польшчай, стварыла юрыдычныя падставы для вяртання артылерыі ў Нясвіж, які апынуўся ў межах новаўтворанай польскай дзяржавы. Неўзабаве, у 1922-м, Польшчы былі перададзены 24 гарматы, якія належалі Радзівілам. З-за неспакойнай міжнароднай абстаноўкі і вялікай верагоднасці аднаўлення вайны артэфакты вырашылі адразу не перадаваць у памежны Нясвіж і змясцілі на дзядзінцы Каралеўскага замка ў Варшаве.

Акрамя таго, тагачасны нясвіжскі ардынат Альбрэхт Радзівіл за вяртанне гармат павінен быў выплаціць дзяржаўнаму скарбу 15% ад іх кошту. Пазней яму была зроблена зніжка да 7,5%, але і гэтая сума была завялікай для ўладальніка Нясвіжскага замка. У выніку замест грошай ён перадаў дзяржаве чатыры гарматы, а астатнія 20 урэшце былі адпраўленыя ў Нясвіж. Найбольш каштоўныя з іх атрымалі простыя драўляныя лафеты і былі выстаўленыя на замкавым дзядзінцы.

Развітанне з радзімай

У Нясвіжы гарматы прабылі нядоўга. У верасні 1939-га горад занялі савецкія войскі. Радзівілы былі вымушаныя пакінуць сваю рэзідэнцыю, а новыя гаспадары пачалі дзяліць іх скарбы. У 1940 годзе ўсе гарматы перадалі Дзяржаўнаму гістарычнаму музею ў Менску.

Неўзабаве пачалася новая вайна, і сталіцу БССР занялі немцы. У 1942 годзе акупаваны Менск наведаў вядомы аўстрыйскі зброязнаўца Бруна Томас, і найбольшую ўвагу яго прыцягнулі якраз нясвіжскія гарматы. Ён пісаў, што нямецкія ваенныя ўлады ўжо два разы збіраліся адправіць іх на пераплаўку, а адзінай магчымасцю іх уратаваць быў вываз у Нямеччыну. Супраць гэтай ідэі выступіла кіраўніцтва Генеральнай акругі Беларусь, якое жадала пакінуць гарматы ў Менску ў якасці сведчання «нямецкага культурнага ўплыву на ўсходзе». Тым не менш яны былі вывезеныя і ў чэрвені 1943-га перададзеныя берлінскаму цэйхгаўзу (арсеналу), у якім знаходзіўся музей узбраення.

Гарматы «Цэрбер» і «Вінаград» ля будынка Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Менску. Фота Бруна Томаса, 1942 год.

Як пазначана ў акце прыёмкі, у Берлін было прывезена 17 гарматных ствалоў. Але і тут нясвіжскія гарматы не затрымаліся надоўга. Пры гэтым падчас адной з апошніх бамбардзіровак саюзнай авіяцыяй нямецкай сталіцы цэйхгаўз зазнаў значныя разбурэнні, а многія яго экспанаты, у тым ліку і нясвіжскія гарматы, былі пашкоджаныя. Сляды мінулай вайны і цяпер выразна бачныя на іх ствалах.

Пасля ўзяцця Берліна савецкімі войскамі і ўсталявання новай улады радзівілаўская артылерыя не засталася па-за ўвагай савецкіх спецыялістаў, якіх прыслалі для пошуку каштоўнасцей, вывезеных з тэрыторыі СССР. Гарматы былі выцягнутыя з развалаў цэйхгаўза і адпраўленыя ў артылерыйскі музей Ленінграда.

Варта адзначыць, што нясвіжскай калекцыі зноў пашанцавала, бо многія іншыя гарматы берлінскага цэйхгаўза пайшлі на пераплаўку. Аднак і ў Ленінградзе нясвіжскія гарматы доўга не затрымаліся. Ужо ў 1948 годзе савецкі ўрад перадаў большасць з іх Польшчы. У паўночнай сталіцы Расіі пакінулі толькі дзве, а ўсе астатнія гарматы трапілі ў Музей польскага войска ў Варшаве. Такім быў доўгі і пакручасты шлях выдатнай па сваіх мастацкіх якасцях і гістарычнай каштоўнасці калекцыі гармат з Нясвіжскага замка, якія на цяперашні час раскіданыя па музеях Польшчы (Музей польскага войска ў Варшаве), Расіі (Музей артылерыі ў Санкт-Пецярбургу), Украіны (Львоўскі гістарычны музей) і Швецыі (Музеі арміі ў Стакгольме).

Казённая частка гарматы «Хімера», пашкоджаная ў час бамбардіравання берлінскага цэйхгаўза. Фота Міколы Волкава.

Зусім нядаўна арыгінальная жалезная гармата з’явілася і ў самім замку Радзівілаў у Нясвіжы. Яе знайшлі ў 2007 годзе падчас правядзення рэстаўрацыйных работ у замкавым рове. Жалезная, канца XVII стагоддзя. Такая, у адрозненне ад прыгожай бронзавай, мела яўна практычнае прызначэнне. Цяпер яна ў пастаяннай экспазіцыі мясцовага музея. А не так даўно для яго былі выраблены таксама копіі дзвюх мольцфельтаўскіх гармат, што знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу.

* * *

Больш падрабязна пра радзівілаўскі арсенал можна прачытаць у захапляльнай кнізе Міколы Волкава «Артылерыя Нясвіжскага замка». Кніга ў шыкоўнай мяккай вокладцы насычана каляровымі фотаздымкамі і ілюстрацыямі, большасць з якіх публікуецца ўпершыню. Яе можна набыць у інтэрнэт-кнігарні Januskevic.by, а таксама ў асноўных кнігарнях на тэрыторыі ўсёй краіны.

* * *

Людвісары — майстры, што рабілі гарматы

Ліцейшчыкаў у нас называлі людвісарамі (ад ням. Rotgiesser — «ліцейшчык», майстар, які працуе з бронзай), ці гісэрамі (ад ням. giessen — «ліць»). Першапачаткова яны былі вандроўнымі рамеснікамі і не мелі сталых майстэрняў. З другой паловы XV стагоддзя, калі тэхналогія вырабу ствалоў ускладнілася, з’явілася практыка заснавання пастаянных ліцейных майстэрняў.

Такія майстэрні называліся людвісарні, ці гісэрні. Іх засноўвалі ў найбольш зручных з эканамічнага і ваенна-лагістычнага пункту гледжання месцах.

Людвісарні ў той час былі двух тыпаў. Першы — вялікія прадпрыемствы, якія паўставалі з ініцыятывы дзяржавы. Такія, як віленская людвісарня сярэдзіны XVI стагоддзя, арганізаваная на загад Жыгімонта ІІ Аўгуста, каб забяспечваць артылерыяй памежныя замкі ВКЛ. Другі — майстэрні асобных ліцейшчыкаў, якія працавалі на замову прыватных асоб. Людвісараў маглі наймаць на працяглы час. Тады яны ставілі свае варштаты ў горадзе, для якога замаўляліся гарматы альбо званы. Добры прыклад — немец Герман Мольцфельт, для якога Мікалай Радзівіл Сіротка загадаў узвесці майстэрню ў самім Нясвіжскім замку. Аднак у большасці выпадкаў Радзівілы замаўлялі гарматы ў людвісараў, якія мелі свае варштаты ў вялікіх гарадах (Гданьск, Вільня і іншых).

У Еўропе прадпрыемствы такога кшталту да сярэдзіны XVII стагоддзя мелі часовы характар і паступова занепадалі са змяншэннем цікавасці з боку дзяржаўных структур. З сярэдзіны XVII стагоддзя з умацаваннем цэнтральнай улады ў еўрапейскіх краінах пачалі стварацца вялікія мануфактуры па вытворчасці зброі, якія працавалі на сталай аснове і выконвалі дзяржаўныя замовы на забеспячэнне ўзбраеннем вялікіх рэгулярных армій. У Рэчы Паспалітай з прычыны адсутнасці абсалютысцкіх тэндэнцый армія заставалася нешматлікай, а справа вытворчасці зброі захоўвалася ў руках асобных рамеснікаў ажно да канца Рэчы Паспалітай.

Мікола Волкаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930