Знайсці
03.01.2019 / 17:474РусŁacБел

Адзін дзень з жыцця мінскага юрыста ў 1600 годзе

На аснове старадаўніх судовых кніг гісторык Вольга Бабкова аднавіла ўнутраны свет і штодзённыя клопаты мінчука XVI стагоддзя. 

Менскі замак, від зверху. 1941 год. Дамы ў правай частцы згарэлі пад нямецкімі бомбамі. Яшчэ выразна відаць старадаўняя структура валоў і цэнтральная вуліца Замкавая.

Дом, дзе разам са сваім бацькам жыў Тодар Непрывальніцкі, стаяў на Глухім завулку паблізу рэчкі Нямігі.

Зямля там была не вельмі зручная для жытла. Пляцы заліваліся вадой і падоўгу пуставалі. Таму жыхароў, якія вырашалі тут будавацца, вызвалялі амаль ад усіх гарадскіх падаткаў, акрамя аднаго — плаціць 12 грошаў на падтрымку ўмацаванняў Менскага замка. Побач з камянічкай Непрывальніцкіх стаялі драўляныя дамкі краўца і бальвера. Так у тыя часы называлі цырульніка-лекара — слова прынеслі італьянцы з атачэння каралевы Боны. А за рэчку праз кладкі можна было хадзіць на гасціну па кнігі да знаёмага Леўкі Рымлянда, а па цыбулю ды іншую раннюю зеляніну — да братоў Ахмета і Мустафы Мартузічаў (іх дамы стаялі там, дзе цяпер пачынаецца вуліца Камсамольская).

Непрывальніцкі і праўда, як казала ягонае прозвішча, жыў не пры вале. Затое працаваў у замку, які атачалі магутныя валы. Хлопец быў падпіскам Менскага гродскага суда — запісваў ды перапісваў у судовыя кнігі людскія скаргі і запаветы. Пісьму Тодар навучыўся ў школцы на вуліцы Казьмадзям’янаўскай, што злучала Стары і Новы рынкі ды імкнулася ўгару да ратушы. Ад Тодаравага дома да замка было як шапкай дакінуць — так усцешана казала бабця колькі гадоў таму. Цяпер жа яна спачывала на цвінтары пры брацкім шпітальным доме Казьма-Дзям’янаўскай царквы. Любая Тодарава бабця Юзэфа.

 П як праўнік. Літарка ў актавай кнізе — фота Вольгі Бабковай.

20.00

Цямнее ў Менску спакваля. Але калі ўжо зробіцца цёмна, дык хоць у ката вочы пазычай — без святла аніяк. Ніякіх ліхтароў тады не было.

Трэба запальваць лучыну, каб праглядзець ды прачытаць новую кнігу, што даў Леўка на пару дзён. Вялікі масянжовы ліхтар на шэсць свечак у святліцы бацька запальваць часта не дазваляў. Але, бывала, запальвалі, і тады на хмызах пад акном у прыцемках мільгацелі светлыя цені.

06.00

Раніцай з ракі мацней цягнула вільгаццю, а туман у цёплыя дні ахутваў суседнія дамы ды дрэвы. На другім беразе Нямігі былі бачныя толькі галовы цісавых і мышатых коней братоў Мартузічаў.

У ранішняй сырадойнай цішы добра чуваць зязюлю, якая падавала голас з няблізкага гаю. Пасля ўсё званчэй адгукаліся пеўні, быдла рагатае і нерагатае, сабакі, калёсы, званы, чалавечыя перазовы.

07.30

На раніцу добра выпіць яблычнага квасу, пад’есці рыбы, якую штодня прыносіў са Свіслачы бацька. Збіраючы ў палатняную торбу ежу на полудзень, перабіраючы ў прыцемку стос вуглястых (клінковых) сыроў пад навесам, перакуліў Тодар аднаго разу кошык маку, якога было там няпоўна ў палец, але ж шкоды нарабіў!

Змёў у двор разам з пяском ля парога, а рэшта пратачылася ў шчыліны падлогі. Тодар меў добры почырк, любіў маляваць на краях папераў і, ясная справа, меў добрае ўяўленне. Вось і ўявіў ён на імгненне, як неўзабаве падлога дома ды падворак прарастуць ды зацвітуць макавым цветам, як блізкае поле ля ўрочышча Сіняя лужа.

09.00

Дарога да канцылярыі недалёкая. Пры замкавым мосце часам трэба пастаяць, прапусціць падводы, вазы ды вершнікаў, што цугам едуць праз браму па розных справах. Хтосьці з іх, відаць, і па Тодараву душу ў замкавую канцылярыю.

Колькі людзей давядзецца пабачыць сённяшнім днём — аднаму Богу вядома. Няхай бы тая ранішняя малітва перад старым абразом бабці Юзэфы была пачутая, і дзень прайшоў без лаянкі і нараканняў. Пакуль затрымка ля брамы, можна пасядзець на траве, паўзірацца ў ваду, на рыбароў, што цягнуць свае нераты.

Учора, казалі, злавілі велічэзнага сама, у чэраве якога знайшлі скураны чаравік, грэбень і пярсцёнак з рубінам.

З боку Траецкай гары чуваць званы. Затор каля заезнай брамы доўжыцца ўжо з квадранц часу (чвэрцьгадзіны, кажам мы цяпер). Да берага далятае водгулле спрэчак. Там ужо змяшаліся людскія галасы з конскім гігатаннем, посвіст пугі, нават енкі белагаловых (так у часы Тодара называлі жанчын, бо яны насілі хусткі). А па небе тым часам плывуць такія аблокі! Раптоўная затрымка дазволіла назіраць такія карціны! Тут табе і чаўны пад ветразем, і мядзведзі, і пугач, што гняздуе на дубе ля дома, і скамарох Тамаш у каўпаку, і рабін Іцка з доўгім носам, і таямнічая рыба-кіт, якую пабачыў на малюнку ў Леўкавай кнізе… Затор тым часам рассмактаўся, і Тодар ускочыў, каб бегчы праз мост у замак, у судовую камору, дзе яго чакаў на стале стос папераў. Ускочыў, ды ледзь не пакінуў на траве палатняную торбу з сырам ды хлебам.

Жанчыны мыюць бялізну на Свіслачы пад замчышчам. Фота radzima.org.

09.30

Паўз замкавага вартаўніка, па драўляным насціле Замкавай вуліцы Тодар хутка крочыў па замку, мімаходзь запрыкмеціўшы прыбітую на ўваходнай браме копію новага баніцыйнага ліста. (Прыгавораны да баніцыі чалавек мусіў пакінуць краіну, страчваў грамадзянскія правы, але не гонар.)

Урэшце, пра ўсе навіны ён мусіць даведацца ў канцылярыі. Вунь дах камяніцы менскага ваяводы, дзе цяпер знаходзіцца канцылярыя, ужо бачны за другім паваротам. Але лепей павярнуць і абысці краем дом старосты, каб не патрапіць часам пад суворыя вочы, бо і так позніцца да сваіх папераў.

На ганку суда ўжо тоўпіўся навакольны люд. Гаманілі, махалі рукамі, аглядаліся. Хтосьці з іх відавочна чакаў на Тодара. Не паспеў ён дастаць са скрыні ды праверыць новыя пёры ды атрамант, як да стала ўжо падыходзіў густа аброслы валоссем дзядзька ў магерцы (валеная шапка без палёў). Цяжка дыхаючы, ён пачаў абцяжліва жаль свой апавядаць, просячы на Бог жывы даць рады ў ягонай справе. Мінулым днём, добра ўвечар, нейкія чужапанцы на корань выдзерлі зладзейскім звычаем чатыры раі з вульеў у Койданаўскім двары, а таксама ў кутку пушчы з дваццаці і двух дубоў мёд выдраўшы, уцяклі без следу. Былі ў дзядзькі на падазрэнні пэўныя ліхадзеі, але патуль-пакуль трэба было ўсё са словаў дбайна запісаць да кніг судовых для памяці, як артыкул ясна вучыць. Беручы сабе на помач Літоўскі Статут, Тодар старанна, пазбягаючы плюгавых ды просных дзядзькавых словаў пра зладзеяў, запісаў аповед у загадзя падрыхтаваныя сшытыя аркушы.

Наступныя наведнікі былі з вёскі Хатыні — Макей Матфеевіч, Іван Юрковіч, Фёдор Маханковіч, Супрон Пятровіч, Аўсей Левановіч — адныя ў лапцях, іншыя босыя. Дзядзькі крыкам крычалі, скардзіліся на цыганоў, галоту і неаселых, што праве на захадзе сонца без ведама гаспадароў скралі ды ўцягнулі немаведама куды каня, казу ды сані маляваныя, агульным коштам 18 з паловай коп грошаў, а таксама ручнікі тканыя, паясы ды хусты белагалоўскія. Тодар рыпеў пяром, запісваючы са слоў скаржнікаў усе іхнія страты ды крыўды.

Пасля быў жыд Марка, купец з Крупак, якога абрабавалі зладзеі на дабравольнай дарозе, на гасцінцы звыклым, выцягнуўшы з ягонай вазовай скрыні розныя тавары касматыя: сабалёў, рысяў, чорных лісаў, якія вёз на гандаль з Масковіі. Паказваў перацяты нос, абарваныя гузікі і пятліцы золата ніцянога з курты замшавай. Жыд роспачна апавядаў, што ледзь здароўе сваё ўнёс, бо ліхадзеі пагражалі са свету згладзіць, а смерць прыправіць.

Рыпеў пяром Тодар, ажно пяро трэснула. Другое са скрыні дастаў…

Гэтак пралятаў незаўважна ў гармідары, старанні ды пільнаванні цэлы Тодараў дзень у менскай судовай канцылярыі. Староста ўзяў яго, Тодара Непрывальніцкага, каб дапамагаў гродскаму пісару ўсё правільна і справядліва запісваць у судовыя кнігі, выдаваць пры патрэбе копіі і выпісы, не браць дароў ды быць сумленным. А яшчэ сачыць за замкáмі на вялікіх дубовых скрынях, дзе ляжалі ў прыцемку старыя судовыя кнігі. Тодар добра адпрацаваў узімку на лютаўскіх рочках (толькі холадна было ў канцылярыі, бо кафляная печ у ваяводавым доме папсавалася), і таму паклікаў яго цяпер староста і на чэрвеньскія рочкі (так называліся судовыя сесіі). Тодар быў гэтаму рады, і бацька ягоны таксама, бо прыносіў прыбытак у сям’ю. Абяцаў пад восень замовіць Тодару макавы жупан ды цёплы каўпак адамашкавы, падшыты лісой.

Магчыма, Тодар марыў пра падобны макавы жупан. Партрэт каралевіча Аляксандра Сабескага. Фота Wikimedia Commons.

16.00

У другой палове дня пасля полудня (добра, што паспеў з’есці сыру ды хлеба, але без гарачага, бо на карчму да Зэйды не хапіла часу) паклікалі на Юраўскую, у камянічку, што стаяла пад самай гарой. Пайшлі разам з іншымі ўраднікамі, бальверам ды спаведнікам да старога Язэпа Хмары, што ніяк не мог памерці, але ж паклікаў на складанне сваёй апошняй волі.

У доме было ціха і чыста. Жанчыны маўкліва пасунуліся ад ложка, дзе ляжаў нямоглы ўломны Язэп. «Хачу ўжо ў свой дамок, у сваю зямельку», — прашаптаў стары, а пасля прадыктаваў слабым голасам сваю волю, а Тодар, блізка седзячы ля старога, усё занатаваў:

У імя Божае, станься воля Твая Святая нада мною, грэшным. Амінь. Я, Тамаш Хмара, чыню яўна і азнаймую сім маім тастаментам кожнаму добраму, каму будзе патрэба таго ведаці альбо чтучы сей мой тэстамент слышаць, нынешнім і напотым будучым. Што ж я, Тамаш Хмара, лежачы па Божай волі на смяротнай пасцелі, за добрай памяці і зупольнага розуму напрод паляцаю Пану Богу душу сваю, а цела сваё адпісваю ў апеку жоне сваёй Дароце і сыну свайму Ленарту, якога ўзяў за сына мець, каторы мне, Тамашу, да жывата майго дахаваў і жану маю Дароту маець хаваці да жывата яе…

 

Беларускія судовыя пісары самавыражаліся ў росчырках пяра. Фота Вольгі Бабковай.

17.00

На вуліцы яшчэ ярка свяціла вечаровае сонца. Да нешпару было недалёка. Трэба было вяртацца ў канцылярыю. Ішлі пераважна моўчкі. Думалі кожны пра сваё. Тодар, прыкладам, пра макавы жупан ды пра новую кнігу, што возьме неўзабаве ў Леўкі.

Людзей каля дома ваяводы паменела. Тодар спарадкаваў паперы, навастрыў пёры на заўтра. Відаць, сёння не давядзецца працаваць пры свечках, як здаралася раней, але сыходзіць яшчэ рана. Спрабуючы новыя пёры, ён пачаў крэмзаць ды выводзіць на старых аркушах розныя фігуры, згадваючы аблокі ды знаёмыя абрысы. Вось насаты твар, падобны на тутэйшага аптэкара, вось таўстун з барадой, падобны на папа з Узнясенскага манастыра, а вось нямецкі пірог з грыбамі. Тодар падсунуў да сябе апошні спісаны аркуш, на якім ужо падсох атрамант, ды запісаў, рыхтуючы сябе да заўтрашняга дня: Тодар Непрывальніцкі ў тых кнігах дапісаў, бо дай здароўя, другіх пачаў, — і дамаляваў побач птушку.

Гэтак, пачаўшы ад ранку аж да нешпару, вечаровай малітвы, у замку менскім працаваў разам з іншымі нядаўні шкаляр Тодар. Даўшы руку на адстанне пісару, які сыходзіў апошнім, Тодар пакрочыў да дому. У прыцемках па дарозе шмат чаго запрыкмеціў, падзівіўся, абышоў, каб не ўступіць…

19.30

Пад’еўшы ды пагартаўшы Леўкаву кнігу, пайшоў са святліцы да сябе ў камору. Лежачы ў ложку разам з катом, раптам падумаў, гледзячы ў цёмную столь: «А куды я знікаю, калі заплюшчваю вочы і засынаю? І куды знікае гэта ўсё?»

Вольга Бабкова

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930